|
|
“Галіяфы” падрыхтавалі літпраграму на Менскі кніжны кірмаш
6 лютага ў Менску пачынае сваю працу 20-ы юбілейны кніжны кірмаш. Традыцыйна ён пройдзе ў Нацыянальным выставачным цэнтры “БелЭкспо”. Упершыню ў Менскім кніжным кірмашы возьме ўдзел сталічнае выдавецтва «Галіяфы», якое спецыялізуецца на сучаснай беларускай літаратуры.
Як кажа дырэктар выдавецтва Зміцер Вішнёў, «Галіяфы» падрыхтавалі цэлую мастацкую праграму, падзеі якой будуць адбывацца каля выдавецкага стэнда.
- Гэта ўжо 20-ы Менскі кніжны кірмаш. Зазвычай на яго з'язджаюцца выдаўцы з родных краінаў. І вось упершыню выдавецтва «Галіяфы» будзе браць удзел у падобным мерапрыемстве. З гэтай нагоды было прынята рашэнне зрабіць літаратурную праграму цягам усіх дзён на кірмашы.
Як паведаміў Зміцер Вішнёў, ля стэнда выдавецтва «Галіяфы» будуць адбывацца прэзентацыі кніг, аўтограф-сесіі і нават пройдзе выстава адной карціны вядомага беларускага мастака Алеся Родзіна. Ля стэнда "Галіяфаў" выступяць такія вядомыя беларускія пісьменнікі як Анатоль Вярцінскі, Андрэй Федарэнка, Алена Брава, Юры Станкевіч, Пятро Васючэнка і іншыя. Праца Менскага кніжнага кірмаша працягнецца 5 дзён да 10 лютага.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя.