Юзаф Мацкевіч - першы антыкамуніст ІІ Рэчы Паспалітай

Юзаф Мацкевіч - першы антыкамуніст ІІ Рэчы Паспалітай


28 гадоў таму ня стала пісьменьніка, дзеяча, абаронцы правоў беларусаў у міжваеннай Польшчы Юзафа Мацкевіча.
 
28 гадоў таму памёр Юзаф Мацкевіч, выбітны польскі пісьменьнік, адкрыўца праўды пра трагедыю ў Катыні й абаронца беларусаў у ІІ Рэчы Паспалітай. У знак пратэсту супраць палітыкі Польшчы на гэтак званых Крэсах Мацкевіч пакінуў каталіцызм і прыняў праваслаўе.

Мацкевіч у сёньняшняй Польшчы не адыгрывае вялікай ролі як пісьменьнік і дзяяч. Ён застаецца такім жа дысыдэнтам, як і ў 30-40-ыя.

Ён быў антыкамуністам, радыкалам. Але ў яго быў цьвярозы погляд на Польшчу 1920–ых гадоў. У 1938 годзе ў знак пратэсту супраць асіміляцыйнай палітыкі на Крэсах ён прыняў праваслаўе.

Юзаф Мацкевіч y 1938 годзе выдаў "Бунт тваняў". Гэта былі ягоныя рэпартажы зь Віленшчыны, сабраныя ў падарожжах на аўтобусе й на конным вазку па дарогах Беларусі. Асаблівую ўвагу заслугоўвае сэрыя рэпартажаў з нарачанскага краю пра бунт мясцовых рыбакоў супраць нацыяналізацыі Нарачы й навакольных азёраў. Ён цудоўна размаўляў па-беларуску й гэта адлюстравана ў яго кнігах. Працуючы ў віленскай газэце “Слова” ён шмат увагі надзяляў беларускім справам.

Ён напісаў больш за 20 кніг. Самыя папулярныя зь іх - «Дарога ў нікуды» й «Ня трэба гучна гаварыць». Яны разам утвараюць эпас канца Вялікага Княства Літоўскага ці ягоных рэштак, якія дажылі да 1939 году, канец Вільні як шматнацыянальнага гораду. Гэта карціна жыцьця пры савецкай уладзе з чэрвеня 1940 да чэрвеня 1941 г.г., да нападу Нямеччыны на свайго папярэдняга хаўрусьніка, і пры нямецкай уладзе. Апошнія разьдзелы другога раману даюць карціну Варшавы 1944 году, дзе ён апыніўся тады як уцякач зь Вільні.

Дарэчы, пасьля прыходу савецкіх войскаў уцёк у Коўна. У лістападзе, пасьля таго як Вільню занялі летувісы, ён вярнуўсяі выдаваў “Газэту Цодзенну”. У траўні 1940 летувіскі ўрад пазбавіў яго права публікаваць. Калі праз пару месяцаў Вільню занялі саветы, то ён працаваў дрывасекам і фурманам. І такая схема паводзінаў паўтаралася да канца жыцьця.

У 1943 годзе са згоды камандаваньня АК прыняў запрашэньне немцаў у складзе міжнароднай дэлегацыі наведаць Катынь, каб ўласнымі вачыма пабачыць парэшткі забітых польскіх афіцэраў. Калі вярнуўся, склаў кіраўніцтву падпольля падрабязныя сведчаньні. Ён ня меў сумненьня, што забойства польскіх афіцэраў зьдзейсьнілі саветы.

Ён пісаў пра забойства габрэяў у віленскіх Панарах, асуджальна пісаў пра тое, як заходнія саюзьнікі выдалі сталіну данскіх казакоў, якія змагаліся супраць Чырвонай арміі. Іх разам з сем’ямі выслалі на сьмерць у СССР.

Мацкевіча яшчэ ў 1943 годзе хацелі забіць. Зрабіць гэта Масква плянавала рукамі Арміі Краёвай. Але Сяргей Пясэцкі –іншы вядомы польскі пісьменьнік, - амовіўся выконваць гэты загад.
Яго абвінавачвалі ў калябарацыі зь немцамі, але вельмі хутка гэтыя абсурдныя абвінавачаньні былі зьнятыя. Пазьней, калі пабачыла сьвет інтэрвію зь ім “Я бачыў на ўласныя вочы” пра падзеі ў Катыні, дзе ён апісаў месца расстрэлу польскіх афіцэраў, сьмяротны прысуд на яго выдала Польская рабочая партыя.

У 1974 годзе амэрыканскі ўнівэрсытэт у Канзасе вылучыў Мацкевіча на Нобэлеўскую ўзнагароду. Узнагароды ён не атрымаў. Зрэшты, ён ня раз і сам адмаўляўся ад іншых узнагародаў. Адной зь іх была прэмія Гэрбэрта ад часопісу “Культура”. Мацкевічу не падабаліся дробныя скандальчыкі ў асяродзьдзі польскай эміграцыйнай дыяспары.
На пытаньні пра сябе Мацкевіч адказваў: “Прафэсія - пісьменнік. Нацыянальнасць - антыкамуніст. Погляды - контррэвалюцыянер. Месца нараджэньня - Усходняя Эўропа”. Яшчэ больш вядомае яго выказваньне пра тое, што “цікавая толькі праўда”.

дг

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё