Ад парафіяльных праглядаў да міжнароднага фестывалю

Ад парафіяльных праглядаў да міжнароднага фестывалю


Пачалі з парафіяльных праглядаў, сталі міжнародным фестывалем. Ужо ў васямнаццаты раз у Тэрэспалі пройдзе Міжнародны фестываль усходнеславянскіх калядак. У мерапрыемстве возьме ўдзел трыццаць хораў ды калектываў, у тым ліку з Беларусі, Польшчы ды Украіны. Пра фестываль з дырэктаркай Гарадскога асяродка культуры ў Тэрэспалі Аннай Петрусік размаўляе Радэк Дамброўскі.

РР: У суботу і нядзелю Тэрэспаль стане сталіцай усходнеславянскай каляднай песні ў Сярэне-Усходняй Еўропе?

Анна Петрусік: Думаю, што часткова можна так сказаць. На наш фестываль – і гэта яго адметная рыса – прыязджаюць гурты з самых розных асяроддзяў. Гэта не толькі парафіяльныя гурты, але і акадэмічныя, гурты асяродкаў культуры, гурты, заснаваныя рознымі аб'яднаннямі і таварыствамі. У звязку з тым рэпертуар, які будзе прадстаўлены, вельмі разнастайны. Калядкі ў выкананні розных гуртоў з'яўляюцца адметнымі, непаўторнымі. І гэта, на маю думку, бяспрэчнае багацце такога фестывалю.

РР: Аматарскія калектывы, у тым ліку дзіцячыя, разам з прафесійнымі на адной сцэне?! Як стваралася праграма, паводле якіх прынцыпаў?

Анна Петрусік: Стараемся выбіраць розны матэрыял, якія прэзентаваў бы самыя розныя асяроддзі. І гэтым перш за ўсё кіруемся. Мы стараемся кожны год зрабіць фестываль больш цікавым дзякуючы ўдзелу новых гуртаў. Ёсць парафіяльныя гурты, дзіцячыя, моладзевыя, гурты дарослых, якія прадстаўляюць розныя прафесійныя і непрафесійныя асяроддзі.

РР: А як можна патрапіць на ваш фестываль? Вы самастойна шукаеце гэтыя калектывы ці яны дасылаюць да вас свае заяўкі, дыскі?

Анна Петрусік: Гэтыя дзве формы набору існуюць. Гурты ўжо ведаюць наш фестываль, бо ён праходзіць ўжо 17-ы год, таму распазнавальны. Гурты самі выказваюць жаданне ўзяць удзел у фестывалі, але ёсць і такія гурты, якіх мы запрашаем і чакаем іх удзелу ў нашым фестывалі.

РР: Магчыма, гэта пытанне хутчэй для выступоўцаў, але запытаю ў вас. Гэта гонар выступіць на Міжнародным фестывалі ўсходнеславянскіх калядак у Тэрэспалі?

Анна Петрусік: Думаю, што так. Тым больш што многія гурты замежныя. Але сама атмасфера фестывалю вельмі цікавая, прыемная і дае магчымасці для наладжвання новых кантактаў, што таксама важная рэч. Гэта заўсёды шмат людзей, прыязныя адносіны паміж людзьмі. Адчуваецца вось гэты ўзаемны абмен.

РР: Менавіта. Бо ваш фестываль не мае формы конкурсу. Гэта прагляд, у якім публіка вызначае, што ім найбольш спадабалася.

Анна Петрусік: Спачатку фестываль меў форму конкурсу, але пасля і цяпер – не. Раней было журы, якое давала ацэнку гуртам і выбірала лепшых. Пазней дайшло да ўзнагародны ад публікі. Пошукі задавальняючай формы фестывалю працягваліся. Дайшло да Гран-пры. Але зараз ужо некалькі гадоў фестываль не мае конкурснай формы і прызначаны толькі для праслухоўвання. Магчыма, праз нейкі час будзе вернута ўзнагарода Гран-пры праз прафесійнае журы.

РР: Бачу ў сёлетняй праграме большасць выступоўцаў з Польшчы, Беларусі, Украіны. Ці можна сказаць, што гэта аснова праграмы?

Анна Петрусік: Без гуртоў гэтых трох краін наш фестываль не меў бы такога клімату і не быў бы такім фестывалем, якім мы яго хочам бачыць.

Пачатак фестывалю – заўтра (у суботу) ў 15 гадзін у Гарадскім асяродку культуры ў Тэрэспалі. Сёлета ў праграме сем хораў і калектываў з Беларусі ды два беларускія калектывы з Падляшша. Праграма фестывалю на сайце www.mokterespol.com.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Гутарыў Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя