Шматлікія сябры выбарчых штабоў незалежных кандыдатаў у прэзідэнты былі затрыманыя супрацоўнікамі КДБ. Сярод іх - сябра выбарчага штабу Уладзіміра Някляева Аляксандр Фядута.
Яго жонка Марына пакуль не ведае, дзе знаходзіцца яе муж. Вядома ёй толькі, што ён затрыманы на трое сутак.
Пра гэтае ёй паведамілі па тэлефоне супрацоўнікі КДБ.
- У 6.15 патэлефанавалі і сказалі, што ён затрыманы да выяснення ўсіх абставін. Паведамілі дзе, прыходзіць можна, лекі трэба перадаць. Камсамольская, 30. Ніякіх абвінавачванняў яму не прад'яўлялі.
Марына Фядута расказала таксама, што па-ранейшаму невядома месца знаходжання кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева, якога ўчора супрацоўнікі міліцыі забралі са шпіталя.
- Я тэлефанавала ўжо раніцай, і ноччу званілі. Вольга жонка, не ведае, дзе ён, Уладзімір. І адвакат яго шукае, пакуль безвынікова. Вольга была зачыненая, яе закрылі ў суседняй палаце. Яна не бачыла падрабязнасці, як выносілі Уладзіміра. Толькі бачыла, што яго забралі. Зараз яна шукае, дзе яго ўтрымліваюць.
Уладзімір Някляеў учора вечарам быў збіты у час паходу на Плошчу. Непрытомнага яго перавезлі ў шпіталь, адкуль уначы забрала яго ў невядомае месца міліцыя.