Міра Лукша: На жаль, беларускамоўныя кнігі не заўважаюцца журы прэміі Казанэцкага

Міра Лукша: На жаль, беларускамоўныя кнігі не заўважаюцца журы прэміі Казанэцкага


Роўна месяц застаецца да ўручэння літаратурнай узнагароды прэзідэнта горада Беластока імя Веслава Казанэцкага. Сярод сёлетніх намінантаў на прэмію польскамоўны зборнік вершаў “Biały stok” беларускай паэткі з Беласточчыны, супрацоўніцы тыднёвіка беларусаў у Польшчы "Ніва" Міры Лукшы.

Сёння ў Цэнтры імя Людвіка Замэнгофа ў Беластоку адбываецца сустрэча з беларускай паэткай. Як адзначае сама Міра Лукша, крыўдна, што капітула конкурсу заўважае толькі польскамоўныя кнігі беларускіх аўтараў з Беласточчыны, як гэта было летась з узнагародай для перакладзенай на польскую мову кнігі Міхася Андрасюка “Белы конь”.

Міра Лукша:

- Як быццам бы ўбачылі нас – Міхася ці мяне. Толькі тады, калі ўбачылі, што кніжкі выйшлі на польскай мове, быццам бы для польскага чытача. Ні кожны хоча гэта бачыць, як шматкультурнасць заганяецца ў рэзерват, у запаведнік. Даць вам лапці, паскачам, пакажам нейкі фальклёр і хопіць.

Сёлета на ўзнагароду акрамя зборніка вершаў Міры Лукшы намінаваныя таксама зборнікі паэзіі Дарыюша Адамоўскага ды Войцеха Рашкоўскага. Проза прадстаўленна выданнямі Кшыштафа Гедройця ды Тадэвуша Слабадзянка. Дваццаць другую ўзнагароду імя Веслава Казанэцкага прэзідэнт горада Беласток уручыць 1 сакавіка.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя.


Цалкам размова з Мірай Лукшай у далучаным гукавым файле

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя