Позва ў суд – у дзень народзінаў, а назаўтра – штраф

Позва ў суд – у дзень народзінаў, а назаўтра – штраф


Найстарэйшаму віцебскаму апазіцыянеру Барысу Хамайду прысуджаны штраф памерам 810 рублёў.

Суддзя Юрый Урбан прызнаў яго вінаватым у парушэнні артыкула 23.34 КоАП – за акцыю, прысвечаную памяці Кастуся Каліноўскага. Разбор адміністрацыйнай справы праходзіў у судзе Чыгуначнага раёну, і гэта была ўжо другая спроба асудзіць Барыса Хамайду. Яго ўжо выклікалі на працэс 12 снежня мінулага году, але суддзя Алена Цыганкова спыніла судовы разгляд, вярнуўшы дакументы на дапрацоўку.

Пратакол пра адміністрацыйнае парушэнне перапісалі, але не знайшлі іншага часу, каб уручыць, кажа Барыс Хамайда:

– Учора быў дзень маіх народзінаў, і зранку мне патэлефанавалі: “Мы хочам вам пратакол уручыць”. Прыехалі, я атрымаў пратакол, яго перапісалі… І потым, калі мне тэлефанавалі сябры, каб павіншаваць, я казаў: “Вы ўжо спазніліся, першымі былі міліцыянты”.

У новым пратаколе быў працытаваны змест плакату, з якім Барыс Хамайда выйшаў у цэнтр Віцебску 22 лістапада – пра тое, што ў Вільні адбываецца перапахаванне Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў – удзельнікаў паўстання 1863-64 гадоў.

Апазіцыянер не адмаўляў свайго ўчынку, распавёў і пра бел-чырвона-белы сцяг, які трымаў у руках. А вось міліцыя не прадставіла аніякіх доказаў нібыта здзейсненага правапарушэння, падкрэслівае апазіцыянер:

– Акрамя майго прызнання асабістага, што я насамрэч там стаяў, іншых доказаў не было. Ні запісаў з камер відэаназірання, ні дакладнага часу яны не ўказалі, і сведак, як я зразумеў, у іх таксама няма. Яны толькі ў якасці доказаў паказалі нейкі там матэрыял на партале Tut.by.

Інтэрв’ю журналістам гэтага парталу Барыс Хамайда не даваў, Tut.by размясціў перадрукоўку матэрыялу з іншага выдання. Апазіцыянер папярэдзіў, што абвінавачанне не пацверджана ў судзе, і ўсё адказнасць за прынятае рашэнне суддзя Юрый Урбан прымае на ўласнае сумленне. Той абвясціў пастанову, ніколькі не задумваючыся: аштрафаваць Барыса Хамайду на 30 базавых велічынь.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя