|
|
Мікола Купава: “Аднаўленьнем базыліянскага кляштара ўлады Оршы й Віцебскай вобласьці могуць паставіць сябе ў шэраг адраджэнцаў”. Беларускі мастак Мікола Купава пачынае адважную грамадзкую акцыю. Ён прапануе адбудаваць Базыліянскі кляштар у Воршы, а дзеля гэтага прадае свае карціны. Мастак ўжо накіраваў ліст у віцебскую абласную адміністрацыю з просьбай, каб дзяржава ўзяла на сябе аднаўленьне ўнікальнага помніка архітэктуры XVIII стагодзьдзя.
Мікола Купава прапануе закансэрваваць будынак кляштара, які хутка разбураецца, а затым аднавіць яго разам з царквой Апекі Маці Божай, разбуранай сорак гадоў таму. Архітэктурны ансамбаль мае велізарнае культурнае значэньне для Воршы і ўсёй Беларусі, кажуць спэцыялісты. Гэта быў першы кляштар, пабудаваны ў 1774 годзе ўніяцкім ордэнам базыліянаў на беларускіх землях. Царква Апекі Маці Божай была выдатным узорам віленскага барока, яе вежы й купал надавалі сілуэту Воршы ўзьнёслы й завершаны выгляд. У жніўні 1969 году царкву разбурылі. Гэта адбылося на вачах у мастака Міколы Купавы.
М. Купава: На маіх юных вачах гэты ўнікальны помнік віленскага барока разьбівалі чыгуннай “бабай”. Ён абсалютна не пацярпеў падчас вайны, як і вялікая частка помнікаў Воршы. Яны былі зьнішчаныя ў пяцідзесятыя-сямідзесятыя гады.
Восем гадоў таму будынак кляштара, які застаўся пасьля разбурэньня царквы, плянавалі рэстаўраваць, і дзеля гэтага зьнялі дах. Рэстаўрацыя так і не пачалася, а помнік пачаў хутка разбурацца. Напаўзьнішчаны кляштар перадалі праваслаўнай абшчыне, але грошай на аднаўленьне помніка ў яе няма. Таму, лічыць Мікола Купава, як гараджане, так і дзяржаўныя ўлады павінны ўзяць на сябе ініцыятыву па аднаўленьні сьвятыні. Адбудовай колішняга сымбалю гораду кіраўніцтва Воршы й Віцебскай вобласьці ўпіша сябе ў гісторыю, перакананы мастак.
М. Купава: Першая задача – элемэнтарна накрыць будынак. Але я стаўлю перад уладамі больш маштабную і нетрадыцыйную задачу – аднавіць архітэктурны ансамбаль поўнасьцю. Цяпер не савецкія часы. Мы бачым, што ў Магілёве аднавілі ратушу, шмат помнікаў аднавілі ў Віцебску. Час нам падказвае, што такія пытаньні перад уладамі мы можам ставіць. Яны не адказваюць за камуністычнае мінулае. Наадварот, аднаўленьнем помнікаў архітэктуры яны могуць паставіць сябе ў шэраг адраджэнцаў.
Доктар архітэктуры Вадзім Гліньнік падтрымлівае ідэю рэстаўрацыі будынку базыліянскага кляштара, аднак да ідэі адбудовы страчанай царквы Апекі Маці Божай ён ставіцца значна больш асьцярожна.
В. Гліньнік: Трэба разумець самае важнае: культурныя рэсурсы належаць да прынцыпова неаднаўляльных. Гэта не вада й не паветра. Будучы аднойчы страчанымі, яны ўжо ніколі ня могуць быць адноўленыя. Адбудова – гэта сучасная будаўніцтва, якое можа больш ці менш да формы страчанага аб’екта. Справа ў тым, што гістарычны аб’ект – гэта дакумэнт, які нясе ў сабе зьвесткі аб культурнай гісторыі мінулых часоў. Яго грунтоўнымі й асноўнымі якасьцямі не валодаюць копіі – як бы якасна яны ні былі зробленыя.
Адноўлены кляштар і царква стануць сапраўдным гонарам жыхароў Воршы – перакананы мастак-манумэнталіст Алесь Пушкін. Пры гэтым ён ня бачыць нічога дрэннага ў ідэі адбудовы разбуранай сьвятыні з нуля. Добра, калі храм захоча адбудаваць Праваслаўная царква для культавых мэтаў. Калі храмаў дастаткова – то дакладную копію царквы Апекі Маці Божай можа пабудаваць для сьвецкіх мэтаў гарадзкая адміністрацыя. Будынак будзе адначасова захоўваць гістарычную памяць і служыць сучасным патрэбам горада, перакананы Алесь Пушкін.
А. Пушкін: Калі храмаў сапраўды дастаткова, то гарвыканкам можа вырашыць пабудаваць дакладную копію царквы, а ў ёй разьмесьціць цэнтар дзіцячай творчасьці ці канцэртную залю – што мы й бачым на прыкладзе царквы Сьвятога Духа ў Верхнім горадзе ў Менску. Цудоўная рэч!
Мастак Мікола Купава гатовы прадаць шэраг сваіх карцінаў і накіраваць 65% грошай ад іх на адбудову кляштара базыліянаў. Дзеля гэтай дабрачыннай мэты на Віцебшчыне, магчыма, правядуць шэраг мастацкіх выставаў ды іншых артыстычных акцыяў.
Аляксандар Папко