У Польшчы назвалі 5 кніг году

У Польшчы назвалі 5 кніг году


Пераможцаў абіралі ў намінацыях: польская проза, гісторыя, рэпартаж, эсэ й рэлігія.
 
У Польшчы выбралі найлепшыя кнігі 2012 году. Сьпіс ужо 11 год называе "Magazyn Literacki Książki". Гэта пяць кніг у намінацыях: польская проза, гісторыя, рэпартаж, эсэ й рэлігія.

У намінацыі “Польская проза” перамагла кніга “Дом пад Лютняй” Казімежа Орлася. У кнізе аўтар апісвае жыцьцё мазурскай вёскі, дзе пасьля вайны знайшлі свой дом украінцы, палякі, нямецкамоўныя палякі. Орлась паказвае, як у цяжкія часы людзі кіраваліся ва ўзаменых стасунках не паняткамі - народ альбо рэлігія, а простай сумленнасьцю.

Анна Зарэмба-Міхальска зь “Літаратурнага выдавецтва”, якое выдала кнігу, падкрэсьлівае, што на кніжным рынку ў Польшчы пануе вялізарная канкурэнцыя, таму такая ўзнагарода мае вельмі вялікае значэньне.

Анна Зарэмба-Міхальска: Кніга году – гэта вялікае адзначэньне. Кніжак на нашым рынку процьма. Увесь час узьнікаюць новыя й новыя выдавецтвы, кнігі пра ўсё й ні пра што. І калі сярод гэтага выбіраецца кніга году – то гэта важна.

“Пакт Рыбэнтроп-Молатаў” Пятра Зыховіча перамагла ў гістарычнай намінацыі. Прэм’ера гэтай кнігі выклікала вялікі скандал у Польшчы. Аўтар кнігі даказвае, што калі б у 1939 годзе Польшча пагадзілася на саюз зь гітлераўскай Нямеччынай і разам з нацыстамі змагалася супраць СССР, то здолела б пазьбегнуць ваенных зьнішчэньняў, а пасьля вайны магла б разам з аліянтамі перамагчы Гітлера.

У намінацыі “Рэпартаж”лепшай стала кніга “Джон Ленан. Лісты”. Жыцьцё легендарнага музыкі й кампазытара паўстае ў яго лістах, упершыню сабраных у адной кнізе. Удава Ленана Ёка Она ўпершыню пагадзілася апублікаваць амаль 300 лістоў музыкі.

Найлепшым эсэ стала кніга Якуба Скібы "Itinerarium”. Гэта справаздача са шматлікіх падарожжай аўтара па сьвеце, дзе ён ня толькі паказвае архітэктуру й культуру розных народаў, але й іх унутранны сьвет.

Альбом “Вера” Адама Буяка перамог у намінацыі “Рэлігія”. У 400 здымках на 120 тэмаў аўтар паказвае каталіцкую Польшчу.

А. Буяк: У дадзены момант гэта галоўная ўзнагарода за кнігі на польскім рынку. Для нас гэта выключная прэмія, тым больш сымбалічна, што мы атрымалі яе за альбом пад назвай “Вера”.

Галоўны рэдактар часопісу "Magazyn Literacki Książki" Пётр Дабралэнцкі ў інтэрвію Польскаму радыё прызнаўся, што абраць найлепшую кнігу сярод дзясяткаў тысяч на польскім рынку – нялёгкая справа.

П. Дабралэнцкі: У Польшчы штогод выдаецца 30 тысяч новых кніг. Цяжка выбіраць з такой колькасьці. У нас штомесяц ёсьць такая праблема, але гэта, так бы мовіць, добрая праблема. Штомесяц мы выбіраем па чатыры. Напрыканцы году падсумоўваем і выбіраем 5 кніжак году.

Рэдакцыя абірае найлепшыя кнігі году ўжо 11 год. З 2006 году часопіс прызнае званьне “Выдавец году”. Сёлета яго атрымала выдавецтва Sonia Draga з Катавіцэ. Менавіта там выходзілі такія бэстсэлеры, як “Код да Вінчы” Дэна Браўна, а таксама іншыя трылеры, крымінальныя й гістарычныя аповесьці.

“Падзеяй году” паводле рэдакцыі стала праца выдавецтва “Sine Qua Non(SQN)”, якое за два гады здолела заняць моцную пазыцыю на польскім кніжным рынку дзякуючы публікацыі біяграфій вядомых футбалістаў.

Рэдакцыя прызнала таксама спэцыяльную ўзнагароду выдавецтву “Biały Kruk” за “наватарскае прадстаўленьне гісторыі Каталіцкага касьцёла ў Польшчы ў высокаякаснай сэрыі “Касьцёл у абароне польскай свабоды”.

дг

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё