|
|
Лена Глагоўская: Ксёндз Францішак Грынкевіч - дзеяч беларускага руху
Сто гадоў таму ў Гародні пабачыў свет літаратурны альманах беларускай школьнай моладзі «Колас нашай нівы». Выданне стала плёнам працы гарадзенскага гуртка беларускай моладзі, якую гуртаваў вакол сябе, пачынаючы ад 1909 года, беларускі ксёндз родам з Новага Двара на Сакольшчыне Францішак Грынкевіч. Дзякуючы ксяндзу Грынкевічу Гародня нароўні з іншымі буйнымі гарадамі Беларусі займела свой беларускі асяродак, кажа гісторык доктар Лена Глагоўская. - Тут у 1909 годзе паўстала беларуская арганізацыя моладзі, якая была арганізаваная ксяндзом Францішкам Грынкевічам. Нарадзіўся ён 5 кастрычніка 1884 года ў Новым Двары. Адукавася ў Пецярбургу ў Тэалагічнай акадэміі (з 1905 па 1907 год). Дзе прыйшла да яго беларуская нацыянальная сведамасць, дзе ён сустрэўся з Браніславам Эпімах-Шыпілам, з ксяндзом Адамам Лісоўскім, які таксама тады вучыўся ў Тэалагічнай акадэміі. Затым былі студыі ў Заходняй Еўропе. І вярнуўшыся ў 1909 годзе ў Гародню, быў назначаны прэфектам школ, гэта значыць, ксяндзом да навучання рэлігіі ў гарадзенскіх школах. Дзе ён пачаў гуртаваць вучняў гімназіі і залажыў менавіта тады гарадзенскі гурток беларускай моладзі. Гэты гурток гуртаваў моладзь пачынаючы з пятага класа гімназіі. Паводле расповедаў нашчадкаў сям'і Грынкевічаў, ксёндз, калі прыязджаў у роднае мястэчка Новы Двор, і ў самім мястэчку і ў наваколлі намаўляў сялянскіх дзяцей, каб ішлі вучыцца ў Гародню. Разумеў на той час патрэбу адукацыі для сялянскіх дзяцей. І ў гарадзенскіх школах навучалася шмат моладзі з таго ж Новага Двара і з наваколля Новага Двара. Таму ў Гародні, як асаблівым месцы, дзе існавалі сярэднія школы на той час, гімназіі, гуртавалася моладзь з усёй Беласточчыны і з усёй Гарадзеншчыны. У 1009-1014 гадах практычна ксёндз Францішак Грынкевіч быў адзінаў асобай, якая арганізавала беларускі рух і выгадавала ўсіх пазнейшых гарадзенскіх дзеячаў. У гурток гродзенскай беларускай моладзі прыходзіла не толькі каталіцкая моладзь, але таксама праваслаўная. Веравызнанне тут не мела ніякага значэння. РР: З гарадзенскім гуртком беларускай моладзі і з асобай ксяндза Францішка Грынкевіча ў асаблівы спосаб таксама звязана і яшчэ адна падзея ў жыцці каталіцкай царквы на беларускіх землях. - Нягледзячы на тое, што пасля выхаду альманаха «Колас нашай нівы» ў 1913 годзе фактычна ксёндз Грынкевіч быў вельмі асцярожны. Не было ўжо тых ініцытываў – з прадстаўленнямі, з раз'ездамі па Беласточчыне. Але ён падтрымліваў усе іншыя беларускія ініцыятывы. І напрыклад, калі выйшаў першы нумар каталіцкай газеты «Беларус» у 1913 годзе, то ксёндз Грынкевіч з Гародні пісаў у рэдакцыю «Беларуса»: «Чытаючы першы і другі нумар першай беларускай газеты, нязнаная радасць захапіла мяне. Цешуся я з усяго сэрца ды ажно не верыцца, што вось і мы, беларусы, урэшце можам мець газету – друкаванае слова аб нашых патрэбах, што можна ўрэшце і ў нашай роднай мове гаварыць аб Богу. Не тольку ў хаце маей, але і па хатах усім маіх суседаў будзе ваша газета жаданым госцем». Так напісаў ксёндз Францішак Грынкевіч, прачытаўшы два першыя нумары, якія з'явіліся ў 1913 годзе. Варта таксама сказаць, што гэтую газету ксёндз Францішак Грынкевіч падтрымліваў матэрыяльна, а значыць даваў на яе грошы. А таксама намаўляў, каб пісалі ў яе і каб працавалі на беларускай ніве іншыя ксяндзы, напрыклад, ксёндз Уладыслаў Талочка, які таксама быў родам з Сакольшчыны. (...) Пра дзейнасць гарадзенскага беларускага гуртка ды заангажаванасці святароў каталіцкай царквы ў развіцці беларускага руху ў пачатку 20 стагоддзя з гісторыкам доктарам Ленай Глагоўскай гутарыў Зміцер Косцін. Цалкам гутарка ў далучаных гукавым файле.
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя