Агульнанацыянальная дыктоўка ў гонар паўстання Каліноўскага


Угодкам паўстання Каліноўскага прысвячаецца чарговая агульнанацыянальная дыктоўка. Сёлета спаўняецца 150 гадоў ад пачатку паўстання 1863 года. Ініцыятар дыктоўкі Уладзімір Падгол кажа, што гэтым разам далучыцца да напісання дыктоўкі можа кожны, нават не выходзячы з дома - он-лайн. Ён прапанаваў вядомым асобам выступіць з адпаведным відэазваротам і начытаць знакамітыя “Лісты з-пад шыбеніцы” Кастуся Каліноўскага.

Уладзімір Падгол мае таксама прапанову адносна далейшага лёсу напісаных дыктовак:

- Потым на гэтай дыктоўцы, на тэксце паставіць аўтограф Уладзімір Арлоў ці Някляеў, тыя хто дыктаваў. Зрабіўшы копію гэтага аркуша, адзін экзэмпляр пакінуць сабе, а другі тэкст дыктоўкі, дадаўшы некалькі цёплых словаў, пажаданняў, даслаць у турму Дашкевічу. Каліноўскі нам сваю дыктоўку ў “Лістах з-пад шыбеніцы” надыктаваў, нашыя вядомыя людзі агучылі яе, мы запісалі, і даслалі ў турму Дашкевічу.

Былы кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў адзначае, што для цяперашняй улады Кастусь Каліноўскі не з’ўляецца героем:

- Каліноўскі сёння з’яўляецца не толькі знакам беларускага змагання за волю, але ён таксама з’яўляецца знакам нашай духоўнасці, нашай культуры. Для гэтай улады ён ніякі не герой, а проста звер, які не любіў Беларусь і беларусаў. Чаму? Таму, што ён кіраваў тут антырасійскім паўстаннем. Нават іх любімы таварыш Ленін, якога цытавалі ва ўсіх кнігах, у тым ліку “вялікі гісторык” Лукашэнка, пісаў, што царская Расія – гэта турма народаў, дык вось і вырываліся з гэтай турмы. Што ж пра гэта пазабываліся?

Відэазвароты вядомых літаратараў, мастакоў, грамадскіх і палітычных дзеячоў з тэкстам для агульнанацыянальнай дыктоўкі ўжо з’явіліся на сайтах шэрагу незалежных СМІ. У бліжэйшым часе да іх далучацца таксама іншыя медыя.

“Лісты з-пад шыбеніцы” чытае Уладзімір Арлоў.

“Лісты з-пад шыбеніцы” чытае Зінаіда Бандарэнка.

“Лісты з-пад шыбеніцы” чытае Зянон Пазняк.

“Лісты з-пад шыбеніцы” чытаюць навукоўца, беларускі дзеяч, канструктар ракетнай тэхнікі Барыс Кіт, пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, пасол Чэхіі ў Беларусі Іржы Карас, гісторык, ветэран “Радыё Свабода”  Янка Запруднік, дырэктар Беларускага інстытута культуры і мастацтва Вітаўт Кіпель, музыка і журналіст Данчык.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Відэа nn.by

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя