Допыты ў «Чорным па белым»


Гэта не будзе мілая размова з творцамі, музыкамі, акторамі, да якой усе мы прызвычаіліся. Гэта будзе жорсткая дыскусія ды пляцоўка для дыскусіяў на сацыяльныя і культурніцкія тэмы розных паводле перакананняў людзей, якія не абмінаюць «нефарматных» філасофскіх і этычных праблемаў сучаснага грамадства.

Глядзець праграму раз на два тыдні а 20:30 можна на нашай старонцы ў он-лайн трансляцыі, як і ў архіве праграмаў.

Аўтаркі праграмы, журналістка Вольга Гардзейчык і вядомая паэтка Валярына Кустава, спрабуюць шукаць праўду, зыходзячы з пастулату: праўда часам можа быць не адна. А метады даследавання праўды вельмі хітры – яны будуць пяшчотна выцягваць яе з гасцей так, каб яны не адчувалі, што гэта ціск, аднак часам гасцям Валярыны ды Вольгі давядзецца паёрзаць на крэсле.

«Спадзяюся, што гасцям нашым будзе няўтульна. Утульна паўсюль, усе намагаюцца нікога не пакрыўдзіць у размове. Досыць! Давайце называць рэчы сваймі імёнамі, і хай нам будзе нязручна, няўтульна, некамфортна, але будзе вядома, што я сказала сваё «я», – распавядае Вольга Гардзейчык.

«Цьмянасць – як беларуская адметнасць. Хочацца канкрэтна пачуць адказ на пытанне. Хочацца падаваць тэму не так, як прынята, а выкруціць яе і паказаць унутранасці тэмы», – дзеліцца Валярына Кустава

Валярына Кустава і Вольга Гардзейчык запрашаюць на міні-прышчэпку ад апатыі раз на два тыдні ў аўторкі а 20:30. Прапановы наконт тых, каго варта «дапытаць», дасылайце на black@belsat.eu.

ШВ, belsat.eu

Крыніца: Белсат