Трухановіч – чалавек і параход (Сяржук Трухановіч – Шлях да мора)


У іншых варунках яго маглі б насіць на руках, як Сантану, ці захапляцца, як Зінчуком. А ён падыгрывае Аляхну. Майстра блюз-рокавай гітары, удзельнік гуртоў “Крама” і “Палац” Сяржук Трухановіч выдаў свой трэці сольны альбом.

Трухановіч – чалавек-брэнд. Яго манера ігры – адна з самых пазнавальных у беларускай музыцы. Сяргея ведаюць найперш як сталага ўдзельніка гурта “Крама”. У прынцыпе, ён на роўных з Ігарам Варашкевічам можа прэтэндаваць на тое, каб заявіць, што ён і ёсьць “Крама”. У складзе гэтага гурта гітарыст грае ад пачатку і браў удзел у запісе ўсіх яго альбомаў. Ужо больш за 10 год Трухановіч грае яшчэ і ў “Палацы”. Малавядомы факт: Трухановіч пэўны час, праўда, нядоўга, быў і ў “Сябрах”. Да ўсяго, ён задзейнічаны ў жывым складзе хрысьціянскага сьпевака Дзьмітрыя Даўкша і Руслана Аляхны.

Гітары Трухановіч навучаўся ва Ўладзімера Ўгольніка, а за апошні час сам перадаў майстэрства многім маладым музыкам. Асабістыя творчыя амбіцыі ў яго зьявіліся яшчэ ў сярэдзіне 90-х. Тады 25-гадовы гітарыст заснаваў праект Sam Grey, зь якім узяў прэмію беларускага фонду Сораса. У 1999 годзе зьявіўся яго першы сольны альбом “Кропка невяртаньня”.

“Шлях да мора” ў пэўнай ступені стаў нечаканасьцю, бо думалася, што з сольнай творчасьцю Трухановіч завязаў: ад часоў яго папярэдняй працы “Нараджэньне таямніцы” мінула 10 год. У адрозьненьне ад таго дыску, сьвежы альбом выглядае нашмат больш разнастайным і жывым. Кожны трэк літаральна пульсуе, жыве і дыхае. У гэтым заслуга ня толькі майстра блюз-рокавай гітары, але і запрошаных музыкаў, сярод якіх – той жа Ігар Варашкевіч, Канстанцін Гарачы, Анатоль Горбач. П’есу “Сьвіслач у тумане” ўпрыгожвае акардэон Зьмітра Карабача, яе разам з трэкам “Аўтабугі” з саксафонам Паўла Аракеляна можна лічыць цэнтральнымі на альбоме. Паводле ўласнага вызначэньня Трухановіча, яго музыка найлепш пасуе для праслухоўваньня ў машыне. Калі б у Беларусі вызначалі найлепшы інструмэнтальны альбом, “Шлях да мора”, безумоўна, быў бы у фаварытах. Альбом адрасуецца тым, хто любіць якасную гітарную музыку, зробленую з душой, без мідзішных падкладаў, выключна з жывымі інструмэнтамі.

Крыніца: "Будзьма беларусамі!"