У Менску назвалі лаўрэатаў музычнай прэміі Ultra-Music Awards

У Менску назвалі лаўрэатаў музычнай прэміі Ultra-Music Awards


Журы вылучыла кандыдатаў у пяці намінацыях — «Гурт года», «Альбом года», «Песня года», «Кліп года», «Падзея» і «Адкрыццё года». Сярод прэтэндэнтаў на ўзнагароду - гурты “Ляпіс Трубецкой”, “Akute”, “Plum Bum”. Па словах аднаго з арганізатараў цырымоніі ўзнагароджання Вячаслава Радзівонава, прэмія Ultra-Music Awards ёсць канкурэнтам дзяржаўнай нацыянальнай музычнай прэміі:

- На самой справе, няма вялікіх грошай у музыцы ў нас і няма з чаго “раздзімаць” шматмільённае бюджэтнае мерапрыемства, якое робяць тэлеканал АНТ і Міністэрства культуры. Мы не супраць, мы не хочам прынізіць іх ролю, але, мне здаецца, што тая музыка, якая там выбіраецца па не зразумелым крытэрам, не вартая такога маштабу.

Сёлетняя цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі Ultra Music Awards адбудзецца 22-га лютага ў Менску.

* * *

Пра крытэры выбару лаўрэатаў распавядае адзін з арганізатараў фестывалю, рэдактар парталу Ultra-Music Аляксандр Чарнуха:

- Выбіралі мы з тых рэлізаў, якія выйшлі ў мінулым годзе. Гэта альбомы і мініальбомы. Усяго каля 200. Рэдкалегія ў складзе сямі чалавек складала свае дваццаткі, з якіх складаліся агульныя дваццаткі па кожнай з намінацый.

Прэмія Ultra-Music Awards ладзіцца ўжо чацвёрты год. Сярод лаўрэатаў прэміі былі “Ляпіс Трубецкой”, “IQ48”, “Pomidor/OFF”, “Троіца”.

* * *

Музыка – гэта сфера вельмі вялікага ўплыву на маладых людзей. Такое меркаванне выказаў член журы сёлетняй музычнай прэміі Ultra-Music Awards журналіст Еўрарадыё Павал Свярдлоў. Гэта цудоўна разумеюць дзяржаўныя ідэолагі, таму намагаюцца кантраляваць усё, што можна, падкрэсліў ён. Таму ні пра якую канкурэнцыю дзяржаўнай Нацыянальнай музычнай прэміі Беларусі гаворкі быць не можа, адзначыў Павал Свярдлоў.

- Гэта музыка застанецца ўсё ж такі на роўні клубаў. Дзякаваць Богу, пакуль што дзяржава церпіць яе хоць там. Мы добра ведаем пра “чорныя спісы”. Мой прагноз такі, што да ўзроўня такіх пляцовак як “Басовішча” у лепшыя часы свае, мы не дажывем бліжэйшым часам.

Сёлетняя цырымонія ўзнагароды прэміі Ultra-Music Awards пройдзе 22-га лютага ў сталічным клубе “Цэнтр”.

Вольга Чарных, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя