|
|
Праблемы «Газеты Слонімскай» не зацікавілі Міністэрства інфарматызацыі
Зварот дэмакратычных сіл адмовіліся разглядаць і ў Адміністрацыі прэзідэнта, якая «спусціла» паперу ў галіновае міністэрства. Згуртаванне дэмакратычных сілаў накіроўвалі калектыўны зварот з просьбай «стварыць роўныя ўмовы існавання прыватнай «Газеты Слонімскай» з дзяржаўным выданнем “Слонімскі веснік”. Актывісты выступілі з прапановай уключэння незалежнага выдання ў сістэму распаўсюду праз «Белпошту» і рэалізацыю праз кіёскі «Белсаюздруку». Такой магчымасці «Газета Слонімская» не мае ўжо некалькі год, паведаміў яе галоўны рэдактар Віктар Валадашчук.
- У нашым горадзе прадаюцца дзве мясцовыя газеты - «Слонімскі веснік» і «Газета Слонімская». «Слонімскі веснік» спакойна прадаюць у кіёсках «Белсаюздруку», на яго можна падпісацца ў аддзяленні «Белпошты», а вось другая газета не прадаецца і на яе нельга падпісацца. Невядома хто і чаму пазбавіў нас магчымасці купляць гэтую газету, падпісацца на яе ў аддзяленні «Белпошты», якая з'яўляецца манапалістам у сферы згаданых паслуг. Мы гэтым вельмі не задаволены і лічым, што сродкі масавай інфармацыі мусяць быць прадстаўлены на роўных умовах дзейнасці.
Паводле адказу Міністэрства інфармацыі, які падпісаў наменік міністра Уладзімір Матусевіч, «яно не мае права ўмешвацца ў гаспадарчую дзейнасць камерцыйнай структуры». Акрамя таго, «арганізацыі «Саюздрук» і «Белпошта» - самастойныя суб'екты гаспадарання і ажыццяўляюць сваю дзейнасць у адпаведнасці з заканадаўствам», гаворыцца ў адказе. Галоўны рэдактар «Газеты Слонімскай» і 300 жыхароў Слонімшчыны, якія паставілі подпісы пад зваротам, разгублены. Крокаў выхаду з дадзенага становішча Віктар Валадашчук больш не ведае.
Вадзім Батура, Беларускае Радыё Рацыя