|
|
Георгі Станкевіч – вядомы на Віцебшчыне паэт і бард. Таксама ён сябра ГА “БАЖ”, выдае на ўласныя сродкі рэгіянальную газеты "Крывінка" для сваіх землякоў з Бешанковіцкага раёну.
Вечарына з удзелам Георгія Станкевіча адбылася 24 студзеня ў віцебскім Еўрапейскім клубе, дзе часта ладзяцца творчыя сустрэчы. Георгія Станкевіча сюды запрасілі ўпершыню, але гэта быў далёка не першы яго выступ у Віцебску. Ен заўжды адгукаецца на прапановы сустрэцца з прыхільнікамі яго творчасці, хаця мае небагата вольнага часу.
У "звычайным жыцці" паэт і бард Георгі Станкевіч працуе вясковым настаўнікам у Пяцігарскай школе, выкладае нямецкую мову. І сам жыве непадалёк – у вёсцы Старыя Ранчыцы Бешанковіцкага раёну. Даглядае гаспадарку – некалькі кароў, прадае малако, каб утрымліваць сям'ю...
Але гэткая "непаэтычная" рэчаіснасць ніколі не была перашкодай для складання тонкіх лірычных вершаў, якія лёгка спяваюцца пад гітару…
На сустрэчу з паэтам і бардам у віцебскі Еўрапейскі клуб прыйшло не так шмат народу, як чакалася, але канцэрт атрымаўся паўнавартасны: Георгі Станкевіч спяваў і апавядаў пра сябе каля дзьвюх з паловай гадзін. Спадар Георгі адказаў на пытанні прысутных, праспяваў каля двух дзесяткаў песень на ўласныя вершы, а таксама на перакладзеныя ім жа вершы Уладзіміра Высоцкага – у гонар угодкаў рускага паэта і актора, якія адзначаюцца 25 студзеня.
"Я разумею, чаму людзей сабралася няшмат. Зімой вечары раннія, цёмныя і халодныя. Ды Еўрапейскі клуб месціцца далёка не ў цэнтры Віцебску – гэта, па вялікім рахунку, хата ў прыватным сектары. Таму дзесятак-паўтара чалавек у невялікай зале – гэта ўжо добра. І я спадзяюся, што тыя, хто прыйшоў мяне паслухаць, не пашкадавалі", – гаворыць спадар Станкевіч.