Сказ пра Фядуту Скуратава


Кніга Алеся Пашкевіча “Сімъ Побѣдиши” — гэта (у ідэальным свеце) раман з дзвюма паралельнымі сюжэтнымі лініямі: у сучаснасці і ў старажытнасці. У нашым жа свеце пад вокладку трапілі яшчэ і эсэ аўтара. Раман, які займае тры чвэрці кнігі, — гэта такі сабе “Фядута Скуратаў”: нарэзка з альтэрнатыўнай сучаснасці Беларусі, дзе Фядута не філолаг, а гісторык, і рускай сярэднявечнай гісторыі, у якой чыніць сваю апрычніну Іван Жахлівы.
Здавалася б, што агульнага ў гэтых часах і гэтых людзях? Адказ нумар адзін: рэдкі спіс Евангелля ад Яна. Спісам спачатку валодаў Іван Жахлівы, а ва ўмоўным “цяпер” яго расшуквае адзін з галоўных герояў кнігі — наш “сучаснік”, няўлоўна падобны да Фядуты прафесар Заяц. Адказ нумар два: паралелі паміж часамі Івана Жахлівага і Аляксандра Лукашэнкі, якія праводзіць аўтар.

Сюжэт такі: да афонскага манаха-пустэльніка, змучанага малітоўнымі практыкамі, прыходзіць відзежа. Ён даведваецца, што Канстанцінопаль будзе зруйнаваны, а словы Хрыстовы ў фізічных абалонках-манускрыптах спаляць. Манах паведамляе пра гэта канстанцінопальскаму патрыярху, патрыярх робіць захады па ўратаванні кніг. Ствараецца манаскае брацтва янітаў, якія перапісваюць кнігі і развозяць іх па Сафіях (Кіеўскай і Полацкай). Адна з уратаваных кніг, рэдкі спіс Евангелля ад Яна, праз шэраг акалічнасцяў трапляе ў Маскву.



Тут на “сцэне” з’яўляецца Іван Жахлівы, які больш-менш адпавядае свайму гістарычнаму прататыпу, гэта значыць ваюе з Казанню, бярэ Полацк, напаўняючы Палату тысячамі забітых палачанаў, “сыходзіць” з пасада, садзіць баяраў на калы, і г.д., і г.д. Евангелле ад Яна знаходзіцца ў ягонай бібліятэцы і часам дапамагае цару пазбавіцца прыступаў “хваробы” — здымае параною і галаўны боль. Але гарматных справаў майстар пры двары Івана Жахлівага адчувае, што служба ў такога валадара — справа нізкая, таму, пакуль цар адсутнічае, выкрадае кнігу і звозіць яе ў кірунку Кіева. Іван Жахлівы памірае.

Асобна згадаю пра лініі кнігадрукавання (друкарню, якой кіруе наш суайчыннік, знішчае цемрашальскі натоўп маскавітаў) і кахання (ледзь не ўсе ваенныя паходы Іванавага войска на захад тлумачацца каханнем цара да Кацярыны з роду Ягелонаў).

“Сучасная” лінія пачынаецца з ускрыцця магілы Івана Жахлівага з удзелам будучага прафесара Зайца і не без удзелу “кампетэнтных таварышаў” з КДБ, якія таксама цікавяцца спісам Евангелля ад Яна і спадзяюцца, што ён знойдзецца ў магіле. Але марна, кнігі ў магіле няма. Прафесар Заяц распрацоўвае сабе свае гістарычныя тэмы, ездзіць на навуковыя канферэнцыі, у тым ліку на Балканы, раз-пораз натыкаючыся на звесткі пра кнігу, якая не дае яму спакою.

Надыходзіць перабудова. Былога вучня Зайца, а цяпер народнага дэпутата і дырэктара інстытута Мароза абвінавачваюць у карупцыі. Заяц тлумачыць Марозу, што найлепшая абарона — гэта напад, і дапамагае весці перадвыбарную кампанію. Спадар Мароз перамагае на выбарах і робіцца прэзідэнтам. Пакрысе ў яго “зрывае дах”. Тут аўтар не ідзе за рэальнай найноўшай гісторыяй Беларусі, а канструюе гісторыю альтэрнатыўную, у якой прэзідэнт пачынае вайну з сепаратыстамі (рыхтык як Ельцын у Чачні), амалоджваецца праз “бараплацэнту” і да т.п. Кіраўнік наш дэманізуецца, і там, дзе насамрэч арыштоўвалі дзесяць палітычных актывістаў, у рамане арыштоўваюць дзесяць тысячаў.

Як паралель да кнігадрукавальнай лініі з’яўляецца гісторыя журналіста, што “ліе ваду на млын дзяржаўнай прапаганды”, але не вытрымлівае і збягае ў Еўропу. Як паралель да лініі кахання — гісторыя студэнтачкі Кацярыны, нявесты амбасадара адной паўночнай дэмакратыі, якая не захацела класціся ў ложак да прэзідэнта, праз што кіраўнік дзяржавы ўчыняе разгром апазіцыі.

Тым часам прафесару Зайцу раптам тэлефануе стары знаёмы з Чарнагорыі, які знайшоў Евангелле ад Яна і хоча перадаць яго прафесару. Атрымаўшы кнігу, Заяц вяртаецца ў Мінск і… бярэ ў закладнікі пасажыраў цягніка ў метро. Замест мільёна гатоўкаю ў дробных купюрах і жоўтага верталёта ён просіць, каб у вагон спусціўся яго колішні вучань, а цяпер прэзідэнт. Мароз не спускаецца, але яны размаўляюць па тэлефоне. Заяц шмат маралізуе. Заканчваецца ўсё без ахвяраў (калі не лічыць Зайца, якога арыштоўваюць): прафесар блефаваў, ніякай выбухоўкі ў яго не было.

Што да ідэйна-эстэтычнай напоўненасці рамана, то гэты тэкст задуманы як панегірык словам, ідэям і ўзнёслым намерам, якія мусяць перамагчы неідэальнасць гэтага свету. Дарэчы, менавіта ад Евангелля ад Яна, якое пачынаецца са “Спачатку было Слова…”, цягнецца назва кнігі — “Сімъ Побѣдиши”. Маўляў, толькі словы, запісаныя ў кнігах, і могуць выратаваць. Івана Жахлівага не выратавалі, але нас яшчэ могуць.

Пераказаны вышэй сюжэт мог бы быць захапляльным, але ў ім даволі шмат хібаў.

Па-першае, дзве гістарычныя лініі нераўназначныя. Лінія Івана Жахлівага перацягвае на сябе аўтарскую ўвагу і “дыктуе” падзеі, якія адбываюцца ў “сучаснасці”. Пад факты біяграфіі рускага цара падганяюцца справы беларускага кіраўніка, а там, дзе сумясціць дзве рэальнасці немагчыма, прыдумваецца штосьці зусім ужо дзікае кшталту амалоджвання праз “бараплацэнту”, якое займае 9 месяцаў (Іван Жахлівы ў гэты час “адракаецца” ад пасада). Дробны аўтарытарызм Беларусі яўна не цягне на выразанне Казані, таму ў фабулу ўводзіцца “Горна-Косаўская” аўтаномія, крывавае “замірэнне” якой аўтар прыпісвае нашаму кіраўніку.

Па-другое, свае спецыфічныя хібы мае кожная лінія паасобку. Для сярэднявечча гэта стыль “пераказ Вікіпедыі”, у які раз-пораз правальваецца нарацыя. Для “сучаснасці” — нематываванасць, надуманасць учынкаў некаторых герояў, адсутнасць псіхалагічнага грунту ў іх дзеяннях. Напрыклад, гісторыя “закаханасці” кіраўніка ў студэнтачку, што прыводзіць да разгрому апазіцыі. Прэзідэнту адмаўляюць ва ўзаемнасці, і ён ладзіць начныя арышты, але дзеўку не чапаюць, прынамсі, пра гэта не згадваецца ў тэксце. Гісторыя нават для Беларусі фантасмагарычная, да таго ж прапісаная пункцірам: няясна, што такога было ў гэтай студэнтцы, што прымусіла кіраўніка выйсці на новы віток параноі. Ці гісторыя ўцёкаў “прыкарытнага” журналіста на Захад: Мароз, даведаўшыся пра гэта, задаецца пытаннем, чаму гэта прапагандысту надакучыў дыктатарскі хлеб. І ў чытача застаецца тое самае пытанне. Калі гісторыя з уцёкамі друкароў ад Івана добра матываваная, дык гэтая — не.

Дык нашто тады “сучаснасць” наогул патрэбная? Калі палова тэксту напісаная толькі для таго, каб чалавек, пазбаўлены аналітычных здольнасцяў, зразумеў паралелі паміж тыранамі, можа, яна залішняя, тым больш калі напісаная горш, без матывацыяў, са штрых-пункцірным сюжэтам? Лінія Івана Жахлівага, бывае, дае нырца ў даведачную інфармацыю, але характары герояў, іх дзеянні ўкладаюцца ў добра зразумелую схему: бачна, як прагрэсуе параноя ў галоўнага героя, як яго вар’яцтва штурхае яго да войнаў, рэпрэсіяў, катаванняў.

Падсумоўваючы, можна сказаць, што аўтар не з роўнай адказнасцю падышоў да дзвюх лініяў твора. Відавочна, што Іван Жахлівы займаў яго нашмат больш, чым беларускі кіраўнік, а сучаснасць з’явілася, відаць, для надання раману актуальнасці. Аднак пакінуты сам-насам са сваімі часамі рускі цар мог бы быць нашмат больш цікавым беларускаму чытачу, чым узяты ў рамку шаблонных “сучасных” персанажаў. А “дзіркі”, што засталіся б у кнізе пасля выкідання з яе горшай сюжэтнай лініі, акурат прыдаліся б, каб перапісаць гістарычна-даведачны матэрыял і зрабіць з яго тое, што на пісьменніцкім жаргоне завецца “мясам”.

Але гэта раман, у кнізе ж ёсць яшчэ тузін эсэ. Да рамана яны амаль не маюць дачынення, гэта штосьці кшталту апошняга тома з ліставаннем пісьменніка ў поўным зборы твораў. Пераказваць сюжэты эсэ — занятак бессэнсоўны, бо якасць гэтага жанру прозы мала залежыць ад падзеяў у іх, таму скажам проста, што агульная іх скіраванасць — біяграфічна-справаздачныя нататкі з развагамі пра лёс Еўропы і Беларусі ў ёй. Так, сітуацыя, калі ў адну кнігу змяшчаюць усё, на думку аўтара, вартае выдання, не новая для нашай літаратуры, але хацелася б большай абачлівасці ад рэдактараў: жанр гістарычнага рамана — больш-менш масавае чытво (ды яшчэ пад такой вокладкай!), і яго патэнцыйныя пакупнікі — далёка не заўсёды інтэлектуалы, якім хочацца разам з аўтарам разважаць пра тое-сёе.

Алесь Пашкевіч зрабіў добрую спробу напісаць папулярны гістарычны раман, але не даў рады таму, каб аддзяліць у тэксце патрэбнае ад непатрэбнага, пайшоў насустрач “актуалізацыі” гісторыі. Кніга можа трапіць у топ-3 улюбёных тэкстаў чытачоў “Хартыі” і “Партызана”, але яе наўрад ці можна назваць збалансаванай.

Андрэй Адамовіч, gedroyc.by

Крыніца: "Будзьма беларусамі!"