Зямля пад крыламі Балахонава


Гомельскі празаік і настаўнік Сяргей Балахонаў, быццам тая птушка фенікс, нарэшце паўстаў з попелу часопісных і газетных публікацый, у выглядзе якіх ягоныя тэксты выходзілі апошнія шэсць гадоў, і прыйшоў да чытача са свежавыдадзенай кнігай у руках. Прэзентацыя «Зямлі пад крыламі Фенікса» прайшла ў кнігарні «логвінаЎ».


Цяпер у трэндзе на літаратурных прэзентацыях не толькі чытаць вялікія празаічныя кавалкі, але і забаўляць публіку спевамі. Нядаўна пісьменніца Юлія Шарова ў сценах той жа кнігарні, прадстаўляючы раман «Don Giovanni, або Памілаваны свавольнік», уражвала чытачоў упэўненым сапрана. Балахонаў спяваў а капэла, пачаўшы з тужлівай песні «Там за сіняй гарой» і часам вельмі абаяльна забываючы словы, а ўжо ў канцы імпрэзы Аксана Бязлепкіна патрабавала «Уладзімірскі цэнтрал».

Вядоўца — пісьменнік і заснавальнік серыі «Галерэя Б», у якой выйшла кніга, — Ігар Бабкоў расказаў, што яны доўга не ведалі, да якой катэгорыі кнігу аднесці. Прапаноўвалі акрэсліць яе як дапаможнік, гістарычную манаграфію, краязнаўчыя нарысы. «Але Арыстоцель пісаў, што гісторыя займаецца тым, што было, а паэзія — тым што магло быць. Так што кніга трапляе ў рубрыку «паэзія», — нечакана падсумаваў вядоўца.

Сяргей Балахонаў згадаў, што ідэя пісаць містыфікацыі ўзнікла пасля таго, як ягоны сябар, бард Андрэй Мельнікаў, аднойчы на поўным сур’ёзе даводзіў некаму, што цмокі не вымерлі, а эвалюцыянавалі ў зуброў, і суразмоўца верыў. Цяпер ужо містыфікацыі Балахонава часам пераказваюцца як сапраўдныя факты. Аксана Бязлепкіна, выкладчыца літаратуры на журфаку, расказала, што яе студэнты лёгка прынялі за чыстую манету міфы Балахонава пра тое, што Амерыку насамрэч адкрыў беларус, а Францыск Скарына служыў у гомельскім спецназе і нават атрымаў крапавы берэт, у якім і выяўлены на гравюры. «Ёсць людзі, якія вераць кнігам! А можа, гэта і добра: міфы павышаюць нацыянальную самаацэнку», — сказала яна.

Містыфікацыі Балахонава сапраўды цалкам беларусацэнтрычныя: з ягонай лёгкай рукі ўся гісторыя закруцілася вакол нашай радзімы. Тут жылі аднарогі і птушкі фенікс, тут прыдумалі гульню «Супер-Марыё», дзеянне якой адбываецца пад Гомелем, адсюль родам насамрэч зусім не экзатычны плод ківі, беларушчына на гэтай зямлі перадаецца праз укусы асаблівых пчол, а на Месяц першымі паляцелі літвіны. Таму падманвацца гэтай паралельнай гісторыяй асабліва прыемна.

Падчас імпрэзы панаваў містыфікатарскі дух, тонкія жарты, інтэлектуальная дураслівасць, а чытачы разыходзіліся са шкадаваннем, што Сяргей Балахонаў рэдка выступае ў сталіцы. Зрэшты, пісьменнік абмовіўся, што выхаду наступнай кнігі давядзецца чакаць нядоўга.

Аляксандра Дорская

Крыніца: "Будзьма беларусамі!"