|
|
Беларусы Іркуцка далучаюцца да адзначэння ўгодкаў паўстання 1863 года
Беларусы Іркуцка далучацца да адзначэння 150-годдзя нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863 года. З гэтай нагоды 26-га студзеня Таварыства Беларускай культуры імя Яна Чэрскага ладзіць круглы стол, прысвечаны тэме паўстання, аднаму з ягоных лідараў Кастусю Каліноўскаму і першай беларускай газетцы “Мужыцкая праўда”.
Як кажа старшыня таварыства Алег Рудакоў, на жаль, на Іркуччыне паўстанне стэрэатыпна называюць “польскім”. Таму падчас Круглага стала плануецца “ламанне” такіх стэрэатыпных поглядаў:
- Гэта пакуль што цяжкая справа, таму што шмат якія навукоўцы ў Іркуцку з вялікімі імёнамі, прафесары, напісалі шмат працаў, прысвечаных палякам у Іркуцку. А так як глядзіш – той і той маюць беларускае паходжанне. Мы гэта даследуем, працуем з архівамі, працуем з дакументамі, лістуемся з беларускімі навукоўцамі, вядзем пошукі. І пачынаем па-троху адукоўваць мясцовых жыхароў і кажам, што давайце ўжо будзем больш справядлівымі і будзем называць людзей па іх сапраўдным паходжанні, а не па нейкіх такіх стэрэатыпах.
Алег Рудакоў падкрэслівае, што Іркуцкае Таварыства культуры якраз носіць імя аднаго з удзельнікаў паўстання 1863 года – Яна Чэрскага. Пасля паўстання ён быў сасланы ў Сібір, а пазней стаў вядомым геолагам і географам, напісаў больш за 90 навуковых працаў, прысвечаных Байкалу і ваколіцам.
Круглы стол, прысвечаны паўстанню, меўся адбыцца ў памяшканні Грамадскай палаты вобласці, аднак у гэтым памяшканні было адмоўлена. Таварыства рыхтуе мерапрыемства ў іншым месцы.
Цалкам гутарка з Алегам Рудаковым у далучаным файле.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя