Сяргей Чыгрын прысвяціў сваю новую кнігу Зэльвеншчыне

Сяргей Чыгрын прысвяціў сваю новую кнігу Зэльвеншчыне


Сяргей Чыгрын выдаў кнігу, прысвечаную Зэльвенскаму краю. Новая кніга слонімскага краязнаўцы “Краязнаўчымі сцежкамі Зэльвеншчыны” пабачыла свет у выдавецтве “Кнігазбор”. Гэта збор нарысаў як пра вядомых людзей рэгіёну – паэтку Ларысу Геніюш, прэзідэнта БНР Васіля Захарку, літаратараў Міхася Скоблу і Юрку Голуба ды іншых, такі і пра гісторыю Зэльвеншчыны, з якой кніга фактычна і пачынаецца. Кажа аўтар:

- Ад гісторыі Зэльвы, найперш ад гісторыі Ганнінскага кірмашу, які праводзіўся ў 18-19 стагоддзях. Далей ідзе расповед пра вёску Дабрасельцы, дзе нарадзіўся прэзідэнт БНР Васіль Захарка. Гэта артыкул пра самога Васіля Захарку, а таксама пра гэтую вёску і яе жыхароў. Я пабываў нядаўна там. Вельмі шмат людзей там знайшлося з прозвішчамі Захарка. Вельмі шмат радкоў адведзена ў кнізе Ларысе Генюш.

У кнізе “Краязнаўчымі сцежкамі Зэльвеншчыны” змешчаны і фотаздымкі, некаторыя з іх друкуюцца ўпершыню. Кнігу ўжо можна набыць у кнігарнях Менска. Сяргей Чыгрын кажа, што плануе зладзіць прэзентацыі ў Зэльве, бо хача, каб менавіта зэльвенцы сталі першымі гасцьмі такой прэзентацыі.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя