|
|
19 студзеня памёр гарадзенскі паэт і журналіст Юры Гумянюк (Вацлаў Галімскі). Нам ён найперш быў вядомы як журналіст. Цягам двух гадоў Юрка супрацоўнічаў зь Беларускай рэдакцыяй. Аднак яго сябры кажуць, што найперш ён быў паэтам.
Юры Гумянюк выдаў зборнікі вершаў “Водар цела” (1992), “Твар Тутанхамона” (1994), “Рытуал” (1999), “Лябірынты прывіднага замку” (2000, у суаўтарстве), “Вуліца тыгровых архідэяў” (2003). Ён аўтар няскончанага раману “Апосталы нірваны” (кн.першая 1995), пастаўленых у Гарадзенскім тэатры лялек п’есаў для дзяцей “Баль у барона Мюнхаўзэна” (1993), “Таямніца залатога пярсьцёнку” (1998), “Каляднае падарожжа” (1999), дакумэнтальнай сагі “Прывід даўніх Крэсаў” (2004-2005), шэрагу крытычных артыкулаў пра літаратуру, выяўленчае мастацтва й тэатар.
Юры Гумянюк працаваў журналістам - у газэтах “Пагоня” (1992, 1995-2001) і “День” (2004), быў публіцыстам беластоцкага месячніка “Czasopis”, працаваў на Радыё “Рацыя” й Польскім радыё.
Юры Гумянюк быў вядомы ў коле гарадзенскіх дзеячоў. Журналіст Андрэй Пачобут быў знаёмы зь ім з пачатку 90-х гадоў. У той час гэта быў малады таленавіты беларускі паэт – кажа журналіст.
А. Пачобут: Здавалася, што яго чакае вялікая кар’ера. Яго запрашалі на тэлебачаньне. Ён пісаў шмат вершаў. Гэта быў вельмі яскравы чалавек. Але ў 1994 годзе Беларусь абрала новы палітычны вэктар. Тое, што ён пісаў на беларускай мове, што ён пісаў, як гэта рабіў – не падыходзіла да постсавецкага кантэксту, які навязвала ўлада. Ён быў фактычна выпіхнуты зь літаратуры. Ён жыў у Горадні, а вядома, што літаратурны цэнтар быў у Менску. Гэта таксама мела свой уплыў. І Юрка пераключыўся на журналістыку. Яна стала яго прафэсіяй. Аднак ён найперш усё роўна застаўся паэтам.
Яшчэ са студэнцкіх часоў Юрку ведаў паэт Алесь Аркуш. Іх сяброўства абапіралася на любові да паэзіі. Алесь Аркуш расказвае, што разам з Гуменюком яны спрабавалі мадэрнізаваць беларускую літаратуру. Дзеля гэтага яны заснавалі Таварыства вольных літаратараў.
А. Аркуш: Мы разам рабілі часопіс “Калосьсе”, выдавалі кнігі ў Полацку. Я выдаў усе кнігі Юры Гуменюка, за выключэньнем адной. Ён рэалізаваўся як творца, як літаратар на пляцоўцы ТВЛ. Гэтыя кнігі разышліся імгненна. На той час яны выходзілі немалым накладам, каля тысячы асобнікаў.
З прыходам да ўлады Лукашэнкі пачаліся складанасьці. А пад канец 90-х гадоў паэты функцыянавалі амаль у падпольлі, будучы сапраўдным андэграўндам. Юрку Гуменюку цяжка было адаптавацца ў такіх умовах.
А. Аркуш: У гэтай сытуацыя Юра ўваходзіў усё больш у нейкі транс. Ён станавіўся журналістам. Гэта аднак ня значыць, што ён не пісаў. Час ад часу Юра пісаў. Летась у “Дзеяслове” была яго публікацыя. У наступным годзе будзе 20 гадоў ТВЛ і я ведаю, што Юра падрыхтаваў новы зборнік. Да гэтай кнігі ўжо рыхтаваліся ілюстрацыі. Юра зьвязваўся ўжо з выдаўцом. Нельга казаць, што ён не пісаў. Ён проста не знаходзіў месца ў літаратурных тусоўках, якія існуюць сёньня.
Алесь Аркуш да самага канца кантактаваўся зь Юркай Гуменюком. Яны будавалі супольныя пляны, між іншым, па сьвяткаваньню 20-гадовага юбілею Таварыства вольных літаратараў. Аднак 19 сьнежня прыйшла сумная вестка – паэт і журналіст загінуў. Юрка вываліўся з 9-га паверха інтэрната, які знаходзіцца блізу дома, дзе ён жыў. Прычыны й абставіны здарэньня пакуль высьвятляюцца.
Зборнік “Рытуал”, 1999 г.
Трапар
Трапар сучасных джэнтэльмэнаў
Гартаю моўчкі, быццам я
Жыву сярод абарыгенаў
Або мясцовага жлаб’я.
На крэйдаваныя старонкі
Кладу свой позірк. Уздоўж радкоў
Плыве наіўная гамонка
Пра баб ды іхных мужыкоў.
Нібы атручана прастора.
Дыягназ – мэдыкамэнтоз.
Адсюль і прывід Кергегора,
Хлусьлівы мэтэапрагноз.
Адсюль і трызьніцца каханьне,
Бы мяса на чужым стале,
Ды лытка згвалтаванай пані
Ляндрынкай у роце растае.
І я адчую неўзабаве,
Што ў голасе зьвініць мэтал,
А сэрца ў крывавай лаве
Апошні зьдзейсьніць рытуал.
19 верасьня 1996