Менскі блёгер і журналіст Глеб Лабадзенка выдаў кнігу “Дзіцячая заМова”

Менскі блёгер і журналіст Глеб Лабадзенка выдаў кнігу малюнкаў пра моўныя тонкасьці беларускай мовы.


 
Менскі блёгер і журналіст Глеб Лабадзенка выдаў кнігу “Дзіцячая заМова”, у якой тумачыць некаторыя тонкасьці беларускай мовы. Выданьне пабачыла сьвет у выдавецтве “Паперус”, але яго роля мінімальная – кнігу можна сьмела назваць прадуктам handmade.

Глеб распавядае, што ідэя кнігі нарадзілася выпадкова. Пачалося ўсё з таго, што ён неяк тлумачыў жонцы розьніцу паміж словамі цяпер і зараз.

Г. Лабадзенка: “Зараз” – гэта ад цяперашняга пункту й далей, тое, што датычыць будучага, напрыклад: зараз я пайду ў краму. А “цяпер” – гэта тое, што было нядаўна й будзе празь нейкі час. Цяпер зіма. Я намаляваў гэтую схему ды выставіў на блёг. Думаю, магчыма, яшчэ камусьці спатрэбіцца. Людзі ў камэнтарах пакідалі замовы, прасілі патлумачыць розьніцу паміж сабе й сябе. Можа для людзей, якія кожны дзень жывуць у беларускай мове, гэта й сьмешныя пытаньні. Але для людзей, якія рэдка размаўляюць па-беларуску, для іх гэта важна.

Так малюнкі сталі рабіцца імгненна адзін за другім. Тады і ўзьнікла патрэба іх акрэсьліць, каб не маляваць бясконца. Так паўстала кніга. Яна зробленая ў выглядзе нататніка на спружыне, грубая папера, 2-мм кардонная вокладка, завязачка. Кожны асобнік сабраны й сшыты ўручную. Уручную зроблены й кожны малюнак. Больш за тое, аўтар малюнкаў -- сам Глеб. Выдаваць кнігу з малюнкамі прафэйсійных мастакоў няват ня думаў.

Г. Лабадзенка: Тут галоўная прычына -- мае мастацкія здольнасьці, таму што я малюю як трохгадовае дзіця. Рабіць мае няўмелыя малюнкі ў нейкім шыкоўным выданьні было б глупа. Па-другое, паколькі кніга зробленая рукамі, то й была задача, каб ня толькі па зьмесьце, але й паводле вонкавага аздабленьня, яна была зробленая ў стылі хэндмэйд.

Кнігу яшчэ перад прэм'ерай замовілі 240 чалавек. Яны падпісаліся больш чым на 720 асобнікаў. Пакуль наклад кнігі аддрукаваны напалову -- 1000 асобнікаў. Але ўжо цяпер прымаюцца замовы на другую тысячу, якая будзе надрукаваная ў хуткім часе. А тым часам Глеб Лабадзенка ўжо выношвае ў галаве ідэю на працяг кнігі.

Г. Лабадзенка: Ёсьць ідэя працягваць рабіць гэтыя малюнкі. Калі назьбіраецца шмат, то можна будзе рабіць другую частку альбо перавыданьне. Насамрэч, канца й краю няма. Пасьля таго, як я паставіў кропку й пачаў рабіць кніжку, то замовы працягвалі прыходзіць. Я ўжо сам сабе казаў: канец. Не хачу раскрываць усіх картаў, але гэта кніга будзе датычыць не асобных словаў, а цэлых выразаў і, магчыма, нават сытуацый.

У сераду ў Менску адбылася першая прэзэнтацыя кнігі. Сёньня, патэлефанаваўшы Глебу, мы злавілі яго па дарозе ў адну зь менскіх школ, дзе ён меўся прадставіць вучням «Дзіцячую заМову». Але непакояць аўтара й цікаўныя чытачы з па-за Беларусі.

Г. Лабадзенка: Літаральна сёньня ўначы прыйшла замова ажно з Бразыліі. Беларуска выйшла замуж у Бразылію, піша па-беларуску й хоча адзін асобнік.

Набыць «Дзіцячую заМову» Глеба Лабадзенкі можна ў «Кніжным салёне» на вуліцы Калініна,5, а таксама праз сайт Prastora.by. На сайце, дарэчы, кнігу можна набыць адразу з дастаўкай. Замаўляць кнігі можна і ў самога аўтара праз мэйл: labadzenka@gmail.com.

дг

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё