А. Макоўская: 20 гадоў набліжаем да Беларусі яе дыяспару

Бібліятэкар

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя, 13.09.2010 г.


Ужо 20 гадоў існуе міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. З нагоды юбілею старшыня аб’яднання Алена Макоўская адказала на некалькі пытанняў Радыё Рацыя.

– Важных падзей было вельмі шмат, найперш хочацца адзначыць з’езды беларусаў свету, якія адбываюцца кожныя чатыры гады. Гэта, бадай што, цэнтральныя падзеі, да якіх мы рыхтуемся і якія адбываюцца перыядычна, у якіх удзельнічае беларуская дыяспара з больш чым 20 краін свету. Гэтыя падзеі важныя не толькі таму, што з’яўляюцца пляцоўкай для абмеркавання праблем дыяспары, але і таму, што яны паказваюць, ці знаходзіць сёння беларускае грамадства, беларуская дзяржава ўзаемадзеянне з беларускай дыяспарай.

Алена Макоўская адзначае, што акрамя гэтага, праходзіць вельмі шмат розных іншых падзей як у Беларусі, так і за мяжой. Таксама “Бацькаўшчына” атрымоўвае шмат зваротаў аб правядзенні тых ці іншых мерапрыемстваў.

Сярод найважнейшых падзей адзначае старшыня “Бацькаўшчыны” і кніжную серыю:

– Важныя падзеі – гэта, канешне, і кніжная серыя, якую мы выпускаем ужо з 2004 года, гэта кнігі, прысвечаныя беларускай дыяспары, гэта мастацкая літаратура і кнігі навукова-публіцыстычныя.

РР: Наколькі за гэтыя гады наладзіліся сувязі паміж беларусамі?

– Узаемадзеянне развіваецца. Калі браць 90-ыя гады, калі Беларусь стала незалежнай краінай, тады стаўленне да дыяспары яшчэ было крыху наіўна-рамантычным. Я памятаю, што тады распрацоўвалася і першая праграма беларусаў у свеце спецыяльна перад першым з’ездам беларусаў свету. Тады было яшчэ слабое разуменне: вось ёсць дыяспара і што з ёй рабіць, ці ёй дапамагаць, ці яна павінна нам дапамагаць? На сённяшні дзень ідзе ўжо паглыбленне гэтага разумення, і “Бацькаўшчына” ад простага падтрымлівання кантактаў і арганізацыі сумесных імпрэз перайшла на абсалютна новы ўзровень аналізу гэтай інфармацыі. На сёння мы ацэньваем вельмі пазітыўна тое, што і дзяржаўныя ворганы Рэспублікі Беларусь разумеюць важнасць і актуальнасць працы з беларускай дыяспарай, працуе рабочая група па падрыхтоўцы закона, прысвечанага беларускай дыяспары. Гэта ўсё кажа пра вельмі сур’ёзныя зрухі. Прыняццё гэтага закона – гэта таксама адзін з цэнтральных момантаў, на які накіравана дзейнасць "Бацькаўшчыны" вось ужо восем гадоў, калі мы паднялі пытанне, каб праца з беларускай дыяспарай ішла ў сістэмным рэчышчы, каб беларусы замежжа адчувалі, што радзіма пра іх дбае, што яна гатова ім спрыяць у вырашэнні арганізацыйных пытанняў, падтрымцы іх культурнага жыцця.

РР: Ці ёсць нейкі праект для падляшскага згуртавання беларусаў?

– 29 верасня ў нас будуць адбывацца прэзентацыі інтэрнэт-бібліятэкі “Камунікат”. Гэта найбліжэйшая падзея.

Святкаваць свой юбілей больш шырока ЗБС “Бацькаўшчына” плануе ў кастрычніку, паколькі на святкаванні запрашаюцца таксама і прадстаўнікі беларусаў замежжа.

Фота: news.date.bs

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя