Лідарам пратэстаў супраць завода АКБ прысудзілі арышт

Лідарам пратэстаў супраць завода АКБ прысудзілі арышт


15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве на плошчы Леніна 12 красавіка ў Берасці прысудзілі актывістам супраціву заводу акумулятарных батарэй Аляксандру Кабанаву і Зміцеру Андрасюку.

Такое рашэнне прынялі суддзі Ленінскага раёна Берасця Аляксандр Семянчук і Дзмітрый Шурын.

Зміцер Бекалюк (суддзя Дзмітрый Куроўскі) запатрабаваў адваката, і суд перанесены на 22 красавіка на 15.30, кажа праваабаронца Раман Кісляк:

– Іх адразу ж адвезлі ў ІЧУ Ленінскага РАУС Берасця. Відавочна, што ўлады вырашылі такім чынам запалохаць актывістаў, не толькі саміх затрыманых, але і ўсіх тых, хто выступае супраць акумулятарнага завода.

Паводле праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, суд чарговы раз паказаў сваю залежнасць ад улады, а вышэй названыя суддзі не раз “засвяціліся” на жорсткіх пакараннях незалежных журналістаў і грамадскіх актывістаў:

– Пра нейкую прынцыповую пазіцыю гэтых суддзяў размаўляць не выпадае. Таму як яны прымяняюць нормы заканадаўства, якія супярэчаць Канстытуцыі і міжнароднаму заканадаўству.

Грамадскія актывісты Віталь Казак і Сяргей Пятрухін упэўнены, што супраціў будзе толькі нарастаць. І калі раней ён насіў толькі экалагічны характар, то цяпер перайшоў у палітычную плоскасць. Людзі патрабуюць сыходу Лукашэнкі і параўноўваюць лукашызм з фашызмам.

Час паседжання пакуль невядомы, — адзначыў праваабаронца Раман Кісляк:

– Усе трое былі затрыманы ў Берасці, таму суды будуць адбывацца ў суде Ленінскага раёна Берасця. Мы будзем глядзець па факту – адбудуцца яны ці не. Можа яны ў судзе заявяць адвакатаў. А можа суды і адбудуцца. Будзем глядзець непасрэдна ў судзе. Таксама мы не ведаем час. Будзем раніцай высвятляць, на якую гадзіну прызначаць судовыя паседжанні.

Паводле Рамана Кісляка, калі актывісты будуць прызнаныя вінаватымі, то яны хучэй атрымаюць буйныя штрафы, чымсьці суткі. Папярэдне можна меркаваць, што затрыманне адбылося на падставе парушэння адміністрацыйнага кодэкса, а менавіта — за несанкцыянаванае правядзенне мітынгаў і маніфестацый.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя