Месца выхаду: Мінск-Вільня
Дата выхаду: 2013
Выдавец: ЕГУ
Кнігазбор: KAMUNIKAT — гэты сайт (электронны варыянт)
Рэдакцыйная калегія штогодніка «Цайтшрыфт» («Часопiс») рада прадставіць чытачу трэці том нашага выдання. Тры гады існавання часопіса – добрая нагода, каб падвесці вынік нашай справы. З гэтай мэтай Цэнтрам яўрэйскіх даследаванняў Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта разам з нашымі партнёрамі з Цэнтра «Сэфер» на ХХ міжнароднай канферэнцыі па іудаіцы ў Маскве (3–5 лютага 2013 г.) быў арганізаваны «круглы стол» рэдактараў яўрэйскіх навуковых перыядычных выданняў. Гэтае мерапрыемства паказала запатрабаванасць акадэмічных выданняў па іудаіцы. Як выявілася, з усяго мноства навуковай перыёдыкі па яўрэйскай тэматыцы ў постсавецкіх дзяржавах з пэўным пастаянствам выходзяць толькі два выданнi: зборнік «Сходознавчi студiï» («Усходазнаўчыя даследаванні») Харкаўскай дзяржаўнай акадэміі дызайна і мастацтваў (пад рэдакцыяй Я. А. Катляра) і наш «Цайтшрыфт», які мы лічым найбольш паспяховым і перспектыўным праектам як Цэнтра, так і універсітэта.