Арцюх Зміцер

Зміцер (Дзмітрый Уладзіміравіч) Арцюх нарадзіўся 2 сакавіка 1978 года ў вёсцы Рутка Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці ў шматдзетнай сялянскай сям’і.

У 1995 годзе скончыў Ваўкавіцкую сярэднюю школу. Падчас вучобы працаваў над школьнай насценгазетай “Жыве Беларусь!”, якую арганізаваў настаўнік матэматыкі і самадзейны кампазітар Гродзеншчыны Мікалай Балай. Таксама Зміцер удзельнічаў ва ўсіх школьных і раённых конкурсах мастацкай самадзейнасці, атрымаў ганаровую грамату Навагрудскага раённага аддзела культуры на раённым конкурсе чытальнікаў, з 1990 года пачаў друкавацца ў раёнцы з літаратурнымі і журналісцкімі матэрыяламі.

Першы верш “У лесе” быў напісаны з дапамогай Мікалая Балая. Адразу ж пасля заканчэння школы ў 1995 годзе паступіў у Мінскі педагагічны каледж імя Максіма Танка, дзе пад уплывам выкладчыкаў мовы і літаратуры сцвердзіўся як творчы чалавек. У 1998-ым атрымаў спецыяльнасць настаўніка беларускай мовы і літаратуры. Быў рэдактарам газеты навучэнцаў педкаледжа “Крылы”, якая друкавалася на старонках “Настаўніцкай газеты” і насценнай газеты “Наша слова”. Пачаў супрацоўнічаць з кампазітарам Уладзімірам Сарокіным і ансамблем “Сябры”, Алесяй, Ірынай Дарафеевай.

У 2003 годзе скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта (кафедра радыё і тэлебачання). Працаваў карэспандэнтам Беларускага радыё, рэдакцыі грамадскіх і сацыяльна-эканамічных праграм, на БТ рэдактарам аддзела рэпарцёраў, выпускаючым рэдактарам АТН. Друкаваўся ў часопісах “Першацвет”, “Алеся”, “Маладосць”, “Полымя”, газетах “ЛіМ”, “Голас Радзімы”, перыядычным друку, калектыўных зборніках “Літаратурны квартал”, “Дзень паэзіі”, “Свет на дваіх”. Быў аўтарам рубрык “Моладзь ідзе” (газета “ЛіМ”), “Паэтычны чацвер” (газета “Голас Радзімы”) (разам з Аксанай Спрынчан), “Максіма маладых” (газета “Культура”) (разам з Дар’яй Амяльковіч), “Паэтычны букет” (часопіс “Промышленная безопасность”).

З 2002 па 2006 год Зміцер Арцюх з’яўляўся сябрам суполкі маладых творцаў “Літаратурнае прадмесце”. З 2005 года пачаў праводзіць штогадовую літаратурна-музычную імпрэзу “Творчыя сустрэчы на Радзіме” (Наваградак).

Аўтар кнігі вершаў “Вясна ў кароткім паліто...” (2006 год, “Мастацкая літаратура”). З ліпеня 2005-га па кастрычнік 2009-га працуе старшым карэспандэнтам у часопісе “Промышленная безопасность”. Некалькі вершаў перакладзены на балгарскую і рускую мовы. Друкуецца ў перыядычных выданнях, выступае на літаратурных імпрэзах. Адзін з дырэктароў Паэтычнага тэатра “Арт.С” (www.art-s.by). З 2009 года ў якасці аўтара (вядучага) тэлевізійных дакументальна-публіцыстычных фільмаў пачынае супрацоўнічаць з дабрачынным фондам “Спас” (Нью-Йорк) і Інфармацыйным Агенцтвам Беларускай Праываслаўнай Царквы. Адзін з аўтараў сцэнара дакументальнага фільма “Навагрудская Галгофа” (2009 год). Праяўляе сябе і ў драматургіі.

З лістапада 2009 года жыве ў гістарычнай сталіцы – Новагрудку, працуе ў Навагрудскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.

 

Арцюх Зміцер :: Выданьні

pdf
mobi
fb2
epub
Арцюх Зміцер, Вясна ў кароткім паліто...

Вясна ў кароткім паліто...

Вершы

Арцюх Зміцер

У сваёй першай кнізе “Вясна ў кароткім паліто...” аўтар параўноўвае каханне з порамі года. Гэта і вясна, калі нараджаецца пачуццё, і лета, калі яно развіваецца, і восень, калі згасае, і зіма, калі яго прыходзіцца чакаць. Але, як і ў прыродзе, у жыцці таксама бывае вясна зімой і зіма летам. Назіраючы за гэтым, паэт уступае ў барацьбу з лёсам за права штохвілінна жыць вясной. Болей »


pdf
Маладосць, 10 (695) 2011

Маладосць

Штомесячны літаратурна-мастацкі і грамадска-палітычны ілюстраваны часопіс

10 (695) 2011

АРЦЮХ Зміцер, Напамін. Вершы ВЯРОЎКІН Алесь, Кароткія апавяданні ГАПЕЕЎ Валерый, Трафік для паэта. Аповесць Дзянісава Святлана, «Чаму гэта здарылася са мной?..» Жвалеўскі Андрэй, Пастарнак Яўгенія, Гімназія № 13. Раман-казка. Працяг Караткевіч Уладзімір, Браслаўе КРЫВАШЭЙ Дзмітрый, МАЛЬДЗІС Адам, Краязнаўчы даведнік. Літаратурныя мясціны Беларусі. Працяг ЛЮБЯНСКАЯ Ірына, Дакрануцца душою Радван Ян... Болей »