Народнаму паэту Беларусі, заслужанаму дзеячу навукі, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я.Купалы і Міжнароднай прэміі імя Х.Боцева 30 верасня спаўняецца 80 гадоў.
Ніл Гілевіч чалавек рознабаковага таленту - паэт, празаік, драматург, публіцыст, вучоны-даследчык, фалькларыст, перакладчык са славянскіх моў, педагог, дзяржаўны і грамадскі дзеяч, асветнік. Ён кандыдыт філалагічных навук, прафесар. Скончыў Мінскае педагагічнае вучылішча імя Крупскай, Беларускі дзяржуніверсітэт, аспірантуру. Працаваў літаратурным кансультантам у газеце “Звязда”, выкладчыкам на кафедры беларускай літаратуры ў БДУ, першым сакратаром праўлення Саюза Пісьменнікаў БССР , старшынёй пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета БССР па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны; выконваў грамадскія абавязкі старшыні рэспубліканскага ТБМ імя Ф.Скарыны, галоўнага рэдактара газеты-бюлетэня ТБМ “Наша слова”, дэпутата Вярхоўнага Савета БССР.
За плённую працу і грамадскую дзейнасць Ніл Сымонавіч Гілевіч узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Дружбы народаў, медалём Ф.Скарыны. У 1980 годзе яму прысвоілі званне заслужанага дзеяча навукі. У тым жа годзе Ніл Гілевіч стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы, у 1986 - лаўрэатам Міжнароднай прэміі імя Х.Боцева, а ў 1991 - народным паэтам Беларусі. За перакладчыцкую дзейнасць і прапаганду балгарскай літаратуры Ніл Сымонавіч атрымаў ордэн Кірылы і Мефодзія 1-й ступені, югаслаўскай - ордэн Югаслаўскай зоркі і стужку, украінскай - ордэн князя Яраслава Мудрага.
Нарадзіўся народны паэт Беларусі ў вёсцы Слабада, што на Лагойшчыне, у вялікай дружнай сям’і, дзе было дзесяць дзяцей, Ніл чацвёрты. Хлопчык цягнуўся да ведаў, любіў чытаць. У адным з артыкулаў ён піша: “… кніг тады, у першую пасляваенную пару, амаль зусім не было, а голад на чытанне быў страшэнны, і спаталяўся ён пераважна газетамі і часопісамі, якія прыходзілі ў нашу вясковую хату-чытальню (ЛіМ, “Звязда”, “Чырвоная змена”, “Калгасная праўда”, “Полымя”, “Беларусь”, “Вожык”, “Работніца і сялянка”). Усе гэтыя выданні я чытаў і перачытваў не па гадах пільна…“
Дзякуючы Тарасу Шаўчэнку і яго “Садку вішнёваму каля хаты” будучы паэт напісаў свой першы верш, а ў 1946 годзе, пятнаццацігадовым юнаком, ён дэбютаваў у друку. У 1957г. была выдадзена першая кніга паэзіі “Песня ў дарогу”, якую адкрываў верш “Песню бярыце з сабою”.
Калі не жадаеце знацца ў жыцці З назойлівай скрухай-журбою - Куды б ні прыйшлося паехаць, пайсці, - Песню бярыце з сабою!
Верш стаў вядомым не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Яго назва “Песню бярыце з сабою” стала брэндам, як сказалі б сёння, многіх музычных праектаў, радыё- і тэлеперадач.
За 65 гадоў творчай працы напісана і выдадзена кніг нямала. Гэта і мастацкія творы, і па літаратуразнаўству, і фальклорныя зборнікі, укладальнікам і навуковым рэдактарам якіх ён выступаў сам. Усё напісанае Ніл Гілевіч сістэматызуе і ўключае ў збор твораў у 23 тамах. 15 тамоў ужо выдадзена. На жаль, у невялікім артыкуле мы не можам разгледзець шматгранную дзейнасць народнага паэта.
Спынімся на адным аспекце.
Пры знаёмстве з творчасцю народнага паэта перш за ўсё звяртаеш увагу на вялікую любоў да роднага краю, на “лірычнае, амаль малітоўнае ўслаўленне малой радзімы і вялікай Бацькаўшчыны” (Ул. Конан):
Край мой беларускі, край! Дай мне прыгарнуцца, дай! Да твайго ляснога Вераснога долу, Дзе так шчасця многа Выпала на долю, - Дай жа прыгарнуцца, дай!
Да гэтага верша звярталіся кампазітары Я.Глебаў, М.Пятрэнка. А.Багатыроў напісаў песню для хора. Любоў да песні, народнай песні, ідзе з дзяцінства. Гучала яна ў родным доме - бацька, Сымон Пятровіч, любіў спяваць разам з дзецьмі. Даносілася песня і з хаты дзядзіны Барбары, з якою сям’я жыла на адным двары. Чулася яна і летнім адвячоркам на жніве. Можа, па гэтай прычыне Ніл Сымонавіч пачаў грунтоўна вывучаць, глыбока ўнікаць у творчасць народа. Ён добра разумее значнасць фальклора ў жыцці кожнага чалавека, асабліва творцы, - гэта падмурак, на якім стаіць прафесійная літаратура, і гэта наша пупавіна, якой мы звязаны з мінулым. Паэзія Ніла Гілевіча вельмі песенная, музыка закладзена ў саміх вершах, у іх рытмічнай і моўнай арганізацыі.
Я хаджу закаханы У твае краявіды, І шапчу як прызнанне: О, мой край дарагі! Зноў нясу табе ў споведзь: І трывогі, і крыўды, І надзеі, і ўцехі, І любоў, і грахі…
Песеннасць паэта першым адчуў заснавальнік беларускай музычнай школы кампазітар Чуркін Мікалай Мікалаевіч. Вясной 1951 года ён напісаў музыку на адзін юнацкі верш Гілевіча. Яго Ніл Сымонавіч нідзе не друкаваў, лічыць недасканалым. Да паэзіі Ніла Гілевіча звярталіся, апрача названых ужо, кампазітары М.Аладаў, Л.Захлеўны, Э.Ханок, Э.Зарыцкі, І.Лучанок, У.Буднік, М.Марозава, М.Сацура, В.Сярых і наш магілёўскі кампазітар М.Яцкоў. Больш за 100 песен напісана на словы народнага паэта Беларусі. Іх выконвалі Тамара Раеўская (“Край мой, беларускі край“, “Песняры” (“У тым сяле“), “Сябры”( “Шлях да Беларусі”, “Вы шуміце, шуміце нада мною, бярозы”). Вельмі ж хораша гучаць: “Палыновая ростань” у выкананні Яраслава Еўдакімава і “Жаўраначка” у выкананні Алесі. Алеся і Дмітрый Смольскі цудоўна спяваюць “У бацькоўскім кутку “. Але ж самай любімай у народзе стала песня “Вы шуміце, шуміце нада мною, бярозы”. Простая на першы погляд, ды глыбока народная зместам і моваю. Верш напісаны амаль 50 гадоў назад. Песняй ён стаў у 1983 годзе. 28 гадоў прайшло, але й сёння яна выклікае цікаваць у новых выканаўцаў. Як жа хораша гучала песня ў апрацоўцы хора Турэцкага на Славянскім базары, як жа чуйна адгукалася зала! Каб зрабіць беларусам падарунак, Тото Кутуньо выбраў менавіта гэтую, любімую народам, “Вы шуміце, шуміце нада мною, бярозы” і выканаў яе на адным са сваіх канцэртаў у Мінску.
Паэзія Ніла Гілевіча мае цвёрды грунт, яе карані ў вуснай народнай творчасці і ў шчырай сыноўняй любві да роднага Краю.
Пасля доўгіх расстаняў І далёкіх вандровак Я вярнуся навекі Ў засень клёнаў тваіх. Толькі з роднага долу, Толькі ў роднай дуброве - Як не дрэвам, хоць кветкай Прарасту для жывых. “Я хаджу закаханы…” Тамара Аўсяннікава
Надрукаваны са скарачэннямі ў газеце “Прыдняпрўская ніва”, 21 верасня 2011, с.7.