![]() |
![]() |
Дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага
Адам Станкевіч пра Льва Сапегу:
«Апошнім (у часы ВКЛ), сапраўды дастойным абаронцам астаткаў палітычнай і культурнай асобнасці нашага народа і ўсіх беларуска-літоўскіх зямель быў слаўны Канцлер Вял. Кн. Літ. вялікі Леў Сапега».
З’яўляемся нявольнікамі правоў дзеля таго, каб карыстацца свабодай.
Мудрыя людзі ўсіх стагоддзяў сыходзіліся на думцы, што ў кожным – калі б яно не ўтварылася – гаспадарстве дастойнаму чалавеку нічога не можа быць даражэй за вольнасць. Затое няволя яму настолькі агіднаю мае быць, што не толькі маёмасцю, але і смерцю яе адганяць ад сябе павінен.
Закон і ўсталёўваецца на тое, каб дужы-заможны не ўсё, што яму зажадаецца, чворыў.
Мэта і вынік усіх законаў, што існуюць на свеце,- каб кожны добрую славу сваю, здароўе і скарб-нажытак меў непашкоджанымі і страты ў гэтым ніколі не спадкаваў.
Наша вольнасць, якою мы ганарымся сярод хрысціянскіх народаў, найперш у тым палягае, што пана, які б панаваў не паводле законаў, але паводле жадання свайго, над сабой не маем, а самі валодаем сваёй славай, нажыткам сваім і сваім жыццём.
Усякі жыхар, што сваёю вольнасцю ганарыцца, але не хоча ні ўведаць, ні зразумець закону, якім абаронена вольнасць яго, заслугоўвае ганьбавання.
Пільнуйцеся, каб абіраліся і ў суды, і ў трыбуналы людзі, якія не толькі добра дасведчаныя ў законах, але і сумленне маюць, і Бога баяцца; якія б дзеля спажытку свайго, ласункаў ды падарункаў, на шкоду бліжнім законаў не перакручвалі, але, простай дарогаю ідучы, трымаліся праўды святой і людской справядлівасці і захавалі вольнасць, якою мы цешымся, у цэласнасці непарушнай.