З надпісу на старым доме ў Міры:
Для сябе будую дом,
табе, нашчадак, у добры дар.
Калі падабае – прымі з удзячнасьцю,
Калі дрэнны – збудуй новы.
/1609 год/
Са збору Максіма Танка:
Паміраць збірайся, а жыта сей.
Жыві так, каб і па смерці жыў.
Са збору Фёдара Янкоўскага:
Ад Глуска да Кракава скрозь бяда адзінакава.
Бедны той, хто душы не мае.
Хто чужога не шануе, свайго мець не будзе.
З людзьмі жыві, а з Богам памірай.
Адным вайна, другім – войначка.
Каб бачыць ворага спіну, бі яго ў лоб.
Да пекла вароты шырокія, а да неба вузкія.
Лепей смерць на полі, чым мукі ў няволі.
Бацькаўшчыны не купляюць і не прадаюць.
Няма смачнейшай вадзіцы, як з роднай крыніцы.
Родная зямелька – як зморанаму пасцелька.
Госць першы дзень – золата, другі – серабро, а трэці – медзь, хоць і дадому едзь.
Госцю гадзі, дый сябе глядзі.
На добрае пытанне добрае і адпавяданне.
Новых сяброў набывай, а старых не забывай.
Свой над вірам патрасе, але ў вір не панясе.
Трактуйце не так піўкам, як ласкавым слоўкам.
Трэба з людзьмі па-людску жыць.
Хто людзям не верыць, той сабе веры не дасць.
Шчаслівы той, каго і ў няшчасці помняць.
Дзе сілаю не зробіш, то спосабам.
Зямля без языка чалавеку дзякуе.
Кладучыся спаць, падумай, як устаць.
Круці жорны пільна, то і тут будзе Вільня.
На добрай зямлі добрая надзея.
Не гадуючы малога, не будзеш мець і вялікае.
Не сілаю, то розумам.
Не ўсякая мука хлебам стане.
Не ўсякія чатыры рукі лепей за дзве.
Не чыні другому таго, што табе не міла.
Паміраць збірайся, а жыта сей.
Пытайся не ў старога, а ў бывалага.
Ранняя птушка крылкі цярэбіць, а позняя вочкі трэ.
Словы – вецер, а пісьмо – грунт.
Ты бярэш зямлі жменю, а яна абдымае цябе ўсяго.
Хто дбае, той і мае.
Хто рана ўстае, таму Бог дае.
Хто сее, той мае надзею.
Адвага або мёд п’е, або кайданы трэ.
Не той прыслужнік, хто служыць, а той – хто прыслужвае.
Не чакай долі, а здабудзь волю.
Ад добрага кораня – добры і адростак.
Бацька і маці ад Бога у хаце, хто іх зневажае, дабра не знае.
Гадуй, маці, дзеці, будзеш шчасце меці.
Дзе двое, там рада, дзе трое, там здрада.
Добрае дзіця бацькоў думкі згадвае.
Добрае на людзі ідзе з добрай сям’і.
Згода дом будуе, а нязгода – руйнуе.
З дзеткамі гора, а без дзетак удвое.
Калі не ўмееш пабурчаць, то лепей памаўчаць.
Папраўляй і вучы Янучка, то і Янка будзе ўмець і другіх навучыць.
Пахваліся жонкаю не назаўтра пасля вяселля, а дзяцей маючы.
Пахваліць жоначку не грэх.
Самая балючая рана – ад свайго дзіцяці.
У добрай сям’і ніхто не лішні.
У каго дзеці, у таго шчасце.
Хай будзе люб твой шлюб і каб да смерці без браку.
Хто бацьку шануе, той і дзецям добрую долю гатуе.
Шчасліваму і ўва сне шчасце сніцца.
Якая птушка, такое і гняздзечка.
К старасці дзве радасці: здароўе і добрыя ўнукі.
Малады сілу паказвае, а стары спосабу шукае.
Пытае старасць, што прыгатавала маладосць.
Бачыць вока далёка, а розум яшчэ далей.
І вялізны дом з малой цэглы будуюць.
Мудры будзь, але не мудруйся.
Навука вочы адчыняе.
Пры пустой галаве – і смех пусты.
Умей сказаць – умей змаўчаць.
Ласкавае слова – што дзень ясны.
Людзей слухай, а свой розум май.
Тады слова – серабро, калі справы – золата.
Які розум, такая і гаворка.
Па заслугах плата.
Свая сіла кожнаму міла.
Верасок і ў цяньку зацвітае.
Добры тавар сам сябе хваліць.
З вялікага грому малы дождж бывае.
І пад белаю кашуляю бывае душа брудная.
Не чын чалавека падвышае, а чалавек чын.
Адна ластаўка вясны не робіць.
Вялікага дуба з малым карэннем не бывае.
Доля там, дзе воля.
Добрае доўга помніцца, а кепскае ніколі не забудзеш.
Добраму добрая памяць.
З малога дойдзе да вялікага.
І ціхая цішыня гром прыносіць.
Кожны стралец сваю стрэльбу хваліць.
Крыўдаю свет пройдзеш, ды назад не вернешся.
Лепш непрыяцель яўны, чым ціхі.
Лішняе мудраванее – дураванне.
Не рыба, што ў рацэ, а рыба, што ў руцэ.
Пытаючы – дапытаешся, а шукаючы – знойдзеш.
Усім не ўласціш.
Час – не конь: не падгоніш і не прыпыніш.
Чым больш нагаворыш, тым больш намыляешся.
Чыста лысая галава не сівее.
Вясёлыя людзі доўга жывуць.
Іншы горад – іншы гонар.
Лепш ссівець, як злысець.
Лес і вада – родныя брат і сястра.
На свеце толькі той шчасце мае, каму доля спрыяе, хто сваю долю ў руках трымае.
Не таго слава, што пачынае, а што канчае.
Не той наперадзе, што абагнаў, а той наперадзе, што за сабою цягне.
Не чалавек для грошай, а грошы для чалавека.
Памылка за фальш не ставіцца.
Разумны не скажа няўдаламу: ты неразумны.
Сабака – леў на сваёй вуліцы.
Седзячы, нічога не выседзіш.
Хто шануе сябе, таго і людзі шануюць.
Часам шэпчуць – далёка чуюць, а крычаць – не чуюць.
Шчасце ўсюды, дзе захочаш.
Як клічуць, так і адклікаюцца.
Як у суд ідуць – абодва хваляцца, а з суда – адзін.
Адзін добры вопыт важней за сем мудрых павучанняў.
Бойся быка спераду, каня – ззаду, а дурня – з усіх чатырох бакоў.
Дзе любяць – не часці, дзе не любяць – не ідзі.
Добра рызыка разумная.
Кепскае адразу відаць, а добрае ўбачыць трэба.
Не плюй у крыніцу: прыйдзеш па вадзіцу.
Па кветках яблыкаў не лічы.
Старое памятай, але жыві новым.
Трэба розумам надтачыць, дзе сіла не возьме.
Шануй людзей, то і цябе шанавацьмуць.
Гультаю ды няўмеку ўсё часу не хапае.
Кіем таго, хто не пільнуе свайго.
Кінуўшы жывое, шукаць мёртвае.
Не злуй: злых на прывязі трымаюць.
Тады дурань разумнейшы за разумнага, як маўчыць.
Дзе двое сварацца, там трэці карыстае.
Калі Бог злучыць, то ніхто не разлучыць.
У крывым воку ўсё крывое.
Баязліваму і страх здаецца.
Колас, што зярнят не мае, угару лоб задзірае.
Самы большы той шчупак, што з кручка сарваўся.
Круцельствам свет пройдзеш, да назад не вернешся.
На чужы лоб сягаючы, трэба і свой падставіць.
Пазычаеш чужое на час, а аддаеш сваё і назаўсёды.
Гадзіна раз са скуры лезе, а здраднік кожны дзень.
Здраду прымаюць, а здрадніка вешаюць.
Злодзею адна дарога, а хто даганяе, таму многа.
Дзе чарка, там і сварка.
Павіннай галавы меч не йме.
Нешчаслівы ад шчасця ўцякае.