У прытчах затоена мудрасць: калекцыя афарызмаў Зьмітра Цехановіча

Станкевіч Адам (24.12.1891 – 29.11.1949)



Каталіцкі святар, грамадска-палітычны дзеяч, гісторык, літаратуразнавец

Спадчына Адама Станкевіча

Атлет фізічны і духоўны – так характарызавалі сучаснікі ў 30-ых гадах мінулага стагоддзя Адама Станкевіча – сапраўднага хрысціяніна, ксяндза, вялікага мысляра, пастыра добрага, які “на расшалелых хвалях людской заўзятасці кіраваў паверанай яму лодкай у прыстань супакою, развагі, парадку, справядлівасці, працуючы вытрывала для роднай культуры”.

Прыйшоўшы ў свет на Куццю 1891 года, Адам Станкевіч пражыў надзвычай годнае жыццё, якое завяршылася пакутніцкай смерцю 29 лістапада 1949 года.

Але, дзякаваць Богу, напісанае – застаецца. Адам Станкевіч - аўтар каля дзвюх тысяч кніг, брашур, эсэ, артыкулаў і нататкаў, многія з якіх сёння даступныя люду паспалітаму ў перавыданнях.

З адлегласці сённяшняга часу мы можам ацаніць, што больш за сто гадоў таму Бог паслаў Беларусі сапраўды духоўнага атлета, спадчына якога (надзвычай афарыстычная!) знаходзіла і знаходзіць жывы водгук у хрысціянскіх сэрцах.

Прапаную Вашай увазе афарызмы Адама Станкевіча, якім належыць адно з найпачэснейшых месцаў у збіраемай мною калекцыі.

Зміцер Цехановіч

Нічога мы не павінны рабіць проціў Бога і нічога без Бога.

Свае высілкі мусім падпіраць малітвай. Вера праз малітву набірае больш сілы, красы і цвёрдасці.

Маліцца па-хрысціянску – гэта значыць зысці аж на дно сваёй душы, сваёй сведамасці, успомніць і прызнаць сваю грэшнасць, перапрасіць Бога за свае віны, тады ўзнясціся да Божай ласкі і міласці, напоўніцца Божым святлом і сілай, каб, ізноў апынуўшыся ў віры жыцця, дарыць сваіх бліжніх цяплом сардэчнасці і ўслужнай міласці.

Не дзеля таго маем думаць мы аб смерці, каб сумаваць і вянуць, але каб жыццю прыспорыць красы і радасці, каб набрацца сілы і зацвісці. Да гэтага вядзе дарога дабра, дарога добрага, багабойнага жыцця, дарога добрых чынаў.

Верма непарушна, што Бог з намі, што ў лодцы нашай жыццёвай, якую заліваюць варожыя хвалі зла, знаходзіцца з намі Хрыстус.

Хрысціянства ёсць вечнае ў часе і ў прасторы, яно ніколі і нідзе не замыкаецца, не агранічаецца і не вычэрпваецца.

Час – гэта тое, што хвалі рачныя, што выпушчаная страла, што віхор заўзяты. Час бяжыць, а мы мусім лавіць яго, мусім з яго карыстаць, мусім ткаць на ім узор добрага і прыгожага жыцця нашага, бо інакш – час праміне, а мы застанемся з пустымі рукамі або яшчэ горш – абцяжараны грахамі.

Чалавек так збудаваны, што ён вечна галодны праўды, вечна гэтай праўды шукае і ніяк знайсці яе не можа, бо поўнай праўды на гэтым відомым і агранічаным дачасным свеце няма, тут ёсць толькі частка праўды, а Праўда поўная – у жыцці духовым, у Богу.

Пакорны чалавек – праўдзівы чалавек не толькі прад сабой, але і прад людзьмі, і прад Богам. Сутнасць пакоры ў тым, што яна адчыняе вочы чалавеку, каб бачыў не толькі добрае ў сабе, але і благое, не толькі сваю сілу, але і слабасць, не толькі сваю вольнасць, але і залежнасць.

Душа людская – поле, на якім Бог сее добрае сваё зярнё. Трэба нам старанна і вытрывала працаваць дзеля ўраджайнасці нівы – душы нашай, дзеля яе праўдзівай культуры, бо ж яна наша і ў дачаснасці, і ў вечнасці. Трэба нам старацца, каб гэтая душа-ніва наша была для нас раем, а не пустыняй нядолі.

Сам Бог жыве ў нас. Жывема ж і мы ў ім!..

Хрыстус у спакушэнні – вечны ўзор для чалавека ў ягоных спакушэннях.

Кожнае збліжэнне да Бога ўзмацняе і паляпшае нас. Дык працуйма над палепшаннем душы нашай, занураючыся ў глыбі ласкі і думак Божых!..

Вера душу нашу не толькі будзіць, але і асвячае, і дарыць яе супакоем і радасцяй унутранай.

Шчасця і радасці ў Хрыстусе ніхто ад нас адняць не зможа.

Не вінавата праўда, што чалавеку сілай не накідаецца, але вінават чалавек, каторы праўды або ненавідзіць, або не хоча добра пазнаць, або не так, як трэба, яе шукае.

Найвышэйшы загад веры нашай – любіць Бога і бліжняга. Любоў жа гэта, нібы ў водах люстраных, найлепш адбіваецца ў добрых чынах нашых.

Малітва – гэта родная мова душы нашай. Мовы гэтай забывацца мы не павінны ніколі. Малітва – гэта той узгорак, з якога лёгка можам бачыць свайго ворага, гэта той ручай “вады жывой”, што служыць здароўю душы і цела нашага.

Добрыя ўчынкі і шчырая малітва, шчырая малітва і добрыя ўчынкі – вось непамыльныя спосабы і пэўнае аружжа чалавека ў барацьбе ягонай за шчасце сваё асабістае і за шчасце бліжняга яго.

Чалавек, калі рве тоненькія залатыя жыццёвыя ніці любові Бога і ягонай праўды, выключаецца ад цэнтралі жыцця свайго і перастае быць правадніком энергіі Божай, правадніком творчых ідэалаў – як у жыцці прыватным, так і грамадскім.

Як гаспадар згубленую авечку, як жанчына згубленую драхму – шукае заўсёды Бог чалавека і заўсёды асвячае і агравае яго сваёй любоўю, не перастаючы клікаць яго да сябе. Не будзьма ж глухімі на кліч ягоны!

Прыземныя справы, самалюбныя інтарэсы, забыццё аб патрэбах душы, аб цноце, аб малітве, аб святых сакрамантах не спрыяюць таму, каб чалавек трывалае што і сапраўды цэннае мог здабыць у жыцці сваім.

Чалавек не ёсць неагранічаным гаспадаром таго, што мае. Бог, што стварыў усё, усяго ёсць найвышэйшым Валадаром і Панам.

Хрысціянства ў факце існавання кожнага народу бачыць тварэнне Бога – і Богу як найвышэйшай, Волі і Мудрасці яго падпарадкоўвае. Хрысціянства, такім чынам, згодна і з нашым прыродным розумам і пачуццём, прызнае і нават загадвае любоў Бацькаўшчыны, але гэта мусіць быць у згодзе з агульным Божым загадам любові да Бога і бліжняга, а такжа ў згодзе з Найвышэйшай Божай Справядлівасцяй і мудрасцяй.

Чалавек, які сапраўды любіць свайго бліжняга, мае ўважнае вока на яго патрэбы.

Або не трэба дабрадзействаў прымаць і з іх карыстаць, або, калі іх хто прымае і імі карыстае, павінен разам з імі прымаць на сябе і абавязак удзячнасці.

Удзячнасць людзей абавязвае, бо яна іх робіць лепшымі, пакарнейшымі, будзіць прыязнь узаемную і стаецца крыніцай новых дабрадзействаў. І наадварот – няўдзячнасць, як ліхі віхор, засыпае пяском крыніцы людской дабраты.

Трэба памятаць, што ўдзячнасць наша павінна адносіцца не толькі да людзей, але такжа і да Бога.

Удзячнасць ёсць хрысціянскай добрасцяй. Няхай жа яна будзе пастаянным і неадлучным таварышам – анёлам душ нашых.

Чалавек не павінен гардзіць вонкавымі формамі жыцця, але прадусім павінен старацца аб вартасці сваёй духовай, каб жыццё яго было поўнае зместу і сілы. Цнота, дабрата душы, якой не відаць, чалавека вывышае, а заразумеласць, пышнасць, пратэнзіяльнасць, беспадстаўнае жаданне славы і прызнання ў людзей, якія так кожнаму кідаюцца ў вочы, чалавека звычайна абясцэньваюць і паніжаюць, бо выказваюць усю яго духоўную парожнасць і бязвартаснасць.

Хто не мае праўды, сілы духовай, той борацца хітрасцяй, нянавісцяй, гвалтам, сілай цялеснай.

Камуністы думаюць знішчыць рэлігію. Тым часам яна ў агні пераследу адсвежваецца і адраджаецца.

Прыроды гэтага свету мы змяніць не можам, але можам і павінны мы жыць на гэтым свеце як Божыя дзеці.

Хрыстусава Ўшэсце павінна выклікаць у нас міласць і тугу па небе. У небе наш Збаўца, наш Бог, жыццё наша. Неба – гэта наша Бацькаўшчына, адкуль мы выйшлі і куды мы варочаемся.

Дух Святы зімнае, акасцянелае, самалюбнае сэрца наша разагравае, паляпшае, робіць мілым сабе самому, людзям і Богу такжа.

Дзіця слабое, простае, нявіннае. Яно кожнаму павера, кожнага паслухае. Дзіця лёгка ашукаць, лёгка ўгаварыць яму няпраўду, лёгка закінуць у сэрца зярнё грэху. Дык сапраўды вялікім нягоднікам ёсць той, хто карыстаючыся слабасцяй дзіцяці і нявіннасцяй, зводзе яго з добрай дарогі, зрывае з яго вопратку нявіннасці, якая ўпадабняе дзіця да анёлаў.

Адна няпраўда – касуе ўсе праўды.

Святое Пісанне – жарало нашага духовага жыцця.

Усё ўцісканае, крыўджанае, як заўсёды бывае, многа ў сабе мае маральнай сілы і красы.

Праўда і Дабро, як водблескі Бога самога заўсёды на свеце перамагаюць, даюць радасць сэрцам людскім і адкрываюць новы сэнс жыцця чалавечага.

Што я мог, тое зрабіў – няхай іншыя зробяць што лепшае.

Веру, што для адраджэння кожнага народу мучаніцтва ёсць патрэбным; але ведаю такжа, што і справядлівасць ёсць абавязковай.

Рэчы грамадскія не робяцца людзьмі, якія не маюць паняцця аб ідэалах грамадскіх.

Здрада паніжае чалавека, а вернасць вывышае.

Святы ідэал у руках нізкіх і грэшных – паніжаны.

Да прыгожых словаў трэба прыгожыя ўчынкі.

Культура – гэта патэнцыя душы нашай, гэта творчая яе магчымасць, а такжа гэта ўсе рэальныя плады духоўнай нашай творчасці.

Духоўнае сваё жыццё чалавек выяўляе пры помачы мовы.