Пісьменнік
Ніл Гілевіч пра Янку Брыля:
“Шчодрасць ва ўсім – і душы, і мовы – галоўнае ў Брыля” (1964 год)
Уважлівае, зацікаўленае знаёмства з добра, з адборнага зерня складзенай анталогіяй паэзіі аднаго народа ці народаў некалькіх дае табе магчымасці і права сказаць, што ты тую паэзію пазнаў, няхай не поўнасцю колькасна, але па якасці дастаткова.
У кожнага з людзей свае даліны і ўзгоркі, свая хада па іх, а неба, зорнае неба – адно…
Святую наіўнасць маленства ў старасць не перанясеш.
Дыстанцыя ў часе дае пэўную аб’ектыўнасць у стаўленні да зробленага самім табою.
Будучы далёка ад дому, вельмі хораша бачыцца на планеце сваё роднае.
Жыццём напоўнены салдацкі кацялок.
І не ведаючы чужых моў можна здорава зразумець галоўнае.
Балюча пяе сваю тужлівую, няўмольную песню цар-голад.
Ёсць жа на гэтым шалёным свеце куток, дзе любяць і цябе.
Першыя ўспаміны расплываюцца ў ружовай, мілай імгле чалавечага досвітку, і памяць захоўвае толькі паасобныя малюнкі.
Мой свет – мая вера, надзея, любоў – са мною.
Свет, як кажа народная мудрасць, і сапраўды адзін дом. Вялізны дом, у якім ніяк не можа пакуль што дайсці да ладу чалавечая сям’я.
У адзіноце ты, аднак, не адзін.
Баяцца за другіх – не баязлівасць.
Прага шчасця настолькі вялікая ў нас, што нават самыя шчаслівыя моманты, дні, тыдні, гады – часцей за ўсё здаюцца … уступам да шчасця.
Ты пачынаешся тады, калі ты робіш выбар сам.
Даволі часта чалавечы дур праяўляе ўласцівасць захоўвацца ў свежым выглядзе да самага паважанага ўзросту.
Вы ведаеце, што такое мода? Вазьміце бочку і пакладзіце туды порткі – год, два, тры… А потым, калі яна ўжо будзе поўная, перавярніце бочку і даставайце порткі – год, два, тры…
Сам ад сябе ў бутэльку не ўцячэш.
Давай лепш без залішняга гонару – абодва будзем у пяхоце, побач. Бо на ліха мне тая кавалерыя, дзе я – найчасцей – за каня!
Добра і ў старасці быць маладым!