У прытчах затоена мудрасць: калекцыя афарызмаў Зьмітра Цехановіча

Дунін-Марцінкевіч Вінцэнт (04.02.1808 – 29.12.1884)



Класік беларускай літаратуры і драматургіі

Што чуе сэрца, тое без страху гавораць нашы вусны.

Ці ж знаходзіць рэч цяжкая?
Латва знойдзе, хто шукае.

Чакаць – мужыцка прывычка.

Людзей трэба слухаць.
Не прыстоіць проціў усіх дмухаць.

Юрыста абдзярэ ўсіх дачыста.

Той кахання не дастане,
Хто адно глядзіць нажывы.

Звяртайце ўвагу не на багацце, але на сэрца, навуку і славу ў людзей.

Услужыць нялёгка справядлівай славе!

З адукацыяй і веру спалучайце!

На чужыне так добра! Люд шчасны і дужы –
Апельсіны ён мае, і топча ён ружы.

Прысягу ламаць грэх вялікі, не гожа.

На шляху здрады хіба вам Бог дапаможа?

Не, да скнары, каб смерць пагражала, нябога,
Не ідзі за парадай і за дапамогай.

Між церня цвіце і прыгожая ружа.

Дык і ў тых, пра каго кажуць: душы іх з лёду –
Растае лёд у танцы жыцця і свабоды.

Бараніць родны край – гэта рыцараў справа!

Асцярожна, каб веліч былога не сцерці!

У людскай натуры здаўна зло такое,
Што ляпей смакуе, дзетачкі, чужое.

Хто з Богам, з тым і Бог.

Кабета просіць, вось ангел, здаецца!

Што зрабіў дабро, душа мая рада.

Эх, міла ж чалавеку з прошласці ўспамінам
Змагацца, зручна ўсеўшыся перад камінам.

Калі бяседа будзіць мілыя ўспаміны,
Дык момантам здадуцца вечара гадзіны.

Хоць касцёлак невялічкі,
Ды ў ім стройна, гарманічна.

Ды гэта ўжо, відаць, прысуджана спрадвеку,
Што дух пярэчання існуе ў чалавеку.

Каб ты, адважны Гектар, мог прадбачыць,
Што згінеш у баі, лёс мог бы перайначыць –
Сядзеў бы ў Троі. І Ахіл не йшоў бы ў схватку,
Каб знаў, што нехта там стралой прашые пятку.

Хто ў Бога верыць, той не ашуканы.

О Божа! Бясконцы дабра крыніцы,
Калі твой люд, што цябе абражае,
Заместа кары з тваёй жа дзясніцы
Такое багацце мае.

Ваш суд мне не страшны, хай злосна скавыча
У будцы сабака, увагі на пса не звярну я.
Як раіць пясняр Сыракомля, пішу я
Цяпер, як заўсёды, на мове мужычай.

Кожнае Божае стварэнне прывязваецца да роднага кута, у якім, выходзячы з мацярынскага лона, выдала першыя гукі, у якім, падтрыманае чулымі, клапатлівымі рукамі бацькоў ставіла першыя крокі.

Асвета ёсць першай прыступкай, як фізічнага, гэтак аднолькава і маральнага паляпшэння побыту.