У прытчах затоена мудрасць: калекцыя афарызмаў Зьмітра Цехановіча

Скарына Францыск (~1490 — ~1551)



Усходне-славянскі першадрукар, асветнік-гуманіст, вучоны-медык

Адам Станкевіч пра Францыска Скарыну:
“Ф.Скарына быў вялікім беларусам – хрысціянінам і гуманістам агулам, каторы даў Біблію, як аснову тады ўсякай веды, беларускаму народу ў яго роднай беларускай мове і заклаў асновы да ўводзін гэтага народу ў агульную людзкую сям’ю”. (1925 год)

Звер, што снуецца ў пушчы,
з самага дня нараджэння
ведае яму сваю;
Птушка, куды б ні ляцела,
знойдзе гняздо сваё;
Рыба і ў моры, і ў рэчцы
не згубіць ніколі свой вір;
Кожная пчолка аддана
вулей ахоўвае свой.
Так чалавек –
тое месца,
дзе ён пабачыў свет,
з Божае ласкі і шчасце,
і долю сваю знайшоў –
ў сэрцы сваім беражэ!

Кожны чалавек разумее сваё шчасце па-свойму.

У прытчах затоена мудрасць, як моц у каштоўным камені, як золата ў зямлі і ядро ў арэху.

Любіце кнігу, бо яна – крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы.

Найдаражэйшыя скарбы – чалавечыя словы, натхнёныя Богам і выслаўленыя да Бога.

Чалавекалюбству чужая ліслівасць і незнаёмае запабязанне.

Гэтая кніга (Біблія) дзецям і простым людзям – навука, а мудрацам і вучоным – дык дзіваванне. Яна, як рака цудадзейная, адначасова плыткая – можна па ёй і дзіцяці брысці, і незвычайна глыбокая – слон плысці мусіць.

Філасофія падымае пытанне і на пытанне шукае адказу.

Усе справы і ўсе навукі, якімі багаты свет, немінуча мінаюць разам з уявай свету.

Жыццё, якім жывуць людзі на гэтым свеце, ад іх спаўна не залежыць, канец жа чакае і добрых людзей, і благіх, і праведнікаў, і ліхадзеяў.

Кніга (Біблія) – люстэрка людскога жыцця і душэўныя лекі, уцеха- самотным, знявераным – помач, і асабліва тым, каго немач точыць і верад рушыць.

Найвышэйшая мудрасць у разважанні пра смерць, у спазнанні сябе самога і ў памятанні наступнасці.

У самыя розныя рэчы, заняткі і справы на гэтым свеце людзі ўкладаюць і думкі свае, і душу сваю і ў іх маюць сялібу сваёй любові.

Кожны думае пра сваё і разважае па свойму.

У добрых справах і ў любасці да айчыны упадабняйцеся.

Ніякай працы і скарбаў ніякіх не шкадуйце для паспалітай карысці для айчыны сваёй.