Стаіць у Нарвегіі, непадалёк ад мяжы з Расеяй высокая сопка. Ці то насупраць Печангі, ці то Ліінахамары, а можа Нікеля. Гэта зараз ня вельмі важна. Важна тое, што на сопцы гэтай вельмі магутны тэлескоп усталяваны, і калі няма дажджу або сьнегападу праз гэты тэлескоп уся Кольская затока разам з Мотаўскай – як на далоні. А гэта ж амаль што ўвесь Паўночны флот. Бартавыя нумары караблёў, ды што там бартавыя – баявыя нумары на матроскіх галандках супастаты натаўскія чытаюць. Прынамсі так асабісты, то рэч “унукі” жалезнага Фэліка, земляка нашага з-пад Івенца, кажуць.
Прынесьлі неяк начальніку супастацкаму здымкі. На іх стратэгічны падводны крэйсер з Сайда-губы ў мора выходзіць. Дакладваюць, так і так – на баявую службу выходзіць падводны крэйсер тыпу “Кальмар”, праект 667 БДР, шаснаццаць балістычных ракет, камандзір Іваноў… Ну, усе зьвесткі далажылі начальніку, што з розных выведных крыніц атрымалі. Толькі, кажуць, ёсьць тут адна незвычайнасьць. Што б гэта магло значыць, не можам расшыфраваць. Зьбіралі ўсіх адмыслоўцаў, мазгавы штурм рабілі – не, ніякай прыстойнай версіі не выходзіць. Тут, сэр начальнік (бос па-іхняму), вось на чорнай сьпіне ракетна-ядзернага монстра расейскага, нешта белае. Гэта, ў чорных бушлатах і аранжавых выратавальных камізэльках – швартоўныя каманды. Гэтыя, на мосьціку, у скураных куртках з башлыкамі, група кіраваньня – камандзір, штурман, вахценны афіцэр. З гэтымі усё зразумела. Нават прозьвішчы ведаем. А вось, на ракетнай палубе, нешта вельмі сьвіньню нагадвае. Можа якія новыя сакрэтныя сродкі выратавальныя? Гідракасьцюм невядомы? Тады чаму не вертыкальна, а гарызантальна? Можа ў стане алкагольнага ап’яненьня? Яны часам злоўжываюць – традыцыя такая нацыянальная – і часам не пасьпяваюць да выхаду ў мора працьверазець… Ці сапраўды сьвіньня? Падобна – так. Але навошта на стратэгічным ракетна-ядзерным караблі – сьвіньня?
Прыгледзеўся бос да здымку, нават лупу ўзяў. Сапраўды – сьвіньня.
- Думаю, – кажа, – гэта нейкая новая зброя расейская. На Чарнаморскім флоце па маіх дадзеных яны баявых дэльфінаў рыхтуюць – сьмертнікаў – варожыя караблі падрываць. А тут, відаць – баявых сьвіней... Хоць… Ах, гэта таямнічая руская душа!... А выклічце мне майго асабістага сакрэтнага эксьперта!
І выклікалі. Ці то эмігрант з “першай хвалі”, ці то зьбеглы кэгэбульнік. Вельмі сакрэтны.
Паглядзеў эксьперт, адразу важны стаў:
- Паслугі мае, - цэдзіць праз губу, - эксклюзіўныя. Ніхто апроч мяне растлумачыць гэты факт ня здолее. Таму гэта каштаваць вам будзе… – і лічбу называе такую, што падводніку расейскаму каб столькі хоць бы ў рублях савецкіх атрымаць, трэба гадоў семдзесят з “жалеза” ня злазіць. – А эксьпертнае заключэньне, што я вам даць маю, вельмі сур’ёзнае для забясьпячэньня бясьпекі…
- Ноў проблем, – кажа бос. – Дзеля бясьпекі гэта дык зусім грошы невялікія… Ну, і што гэта за аб’ект на стратэгічным аб’екце (пшэпрашам за таўталогію, сэр эксьперт)?
- Гэта сьвіньня, сэр бос.
- І я думаю, што сьвіньня, сэр эксьперт. Але якую небясьпеку нясе гэтая сьвіньня нашай нацыянальнай бясьпецы? Мабыць – гэта баявая сьвіньня-сьмертніца, накшталт баявых дэльфінаў?
- Так, сэр бос, гэта сьвіньня-сьмертніца. А факт яе знаходжаньня на борце стратэгічнай падводнай адзінкі сьведчыць аб знаходжаньні на гэтым борце высокага начальніка, што ў сваю чаргу сьведчыць аб незвычайнай баявой службе гэтай адзінкі, можа нават аб баявой службе, сумешчанай з перадыслакацыяй гэтай адзінкі на іншы акіянскі тэатр… Так што чакайце ў хуткім часе гэты крэйсер на Ціхім акіяне…
Як у ваду глядзеў!
*
Камандуючы флатыліяй падводных лодак меў на кожным пагоне па дзьве зоркі-“павукі”, і вельмі хацеў яшчэ адну – на грудзі. Камандуючы, віцэ-адмірал, ня быў яшчэ Героем Савецкага Саюзу. А тут выпадала неблагая магчымасьць, сябры з Галоўнага штабу ВМФ шапнулі, што калі ўсё пройдзе “ціп-топ”, старшы на пераходзе атрымае зорку. Тую самую, залатую. Дык не аддаваць жа яе камандзіру лодкі! Хоць і рызыкоўна, але такога выпадку больш можа ня здарыцца. Гады, ведаеце…
…Кожнаму, хто цікавіцца, вядома – самыя стратэгічныя ў сьвеце падводныя лодкі будуюць карабелы з Северадзьвінску, што на Белым моры. І што з розных прычынаў гэтыя атамныя веліканы з ядзернай зброяй служаць толькі на Паўночным флоце і на Ціхаакіянскім. Зазвычай караблі зь Белага мора пераганялі на Камчатку амаль кругасьветным шляхам – вакол Эўропы-Афрыкі-Азіі. Памазгавалі ў Маскве людзі з дзяржаўнымі мазгамі і вырашылі паспрабаваць пераганяць іх кароткім шляхам – паўночным марскім, уздоўж эсэсэсэраўскага пабярэжжа. Здагадаліся – так больш выгадна. І выдзелілі на гэтую справу першаму камандзіру, які лодку з Поўначы на Ціхі акіян перагоніць, залатую зорку. Ну, і яшчэ там ордэнаў колькі, мэдалёў – тым, на каго ў выпадку пасьпяховага пераходу зампаліт, прадстаўнік кіруючай партыі ў флоцкім целе, пакажа.
Дык што гэта будзе? Камандзір – Герой, а Камандуючы – не? Таму і прапанаваў сябе адмірал з двума “павукамі” на пагонах ў старшыя на пераходзе.
У Карабельным Статуце Ваенна-марскога флоту СССР абавязкі расьпісаны ад камандзіра злучэньня і ніжэй, флатылія ж падводных лодак зьяўляецца аб’яднаньнем. Якія абавязкі ў Камандуючага аб’яднаньнем? А-а… Вось! Няма іх у Статуце. Апрача таго, артыкул 132 кажа так: ”Прысутнасьць на борце карабля старшых начальнікаў не здымае з камандзіра карабля адказнасьці за карабель і выкананьне сваіх абавязкаў”. Так што, калі пераход пройдзе ўдала – Камандуючы малойца і Герой, калі не – камандзір падлодкі чмо і праснак каровін.
Стратэгія, яцішкін бабай!..
…Пяць гадзінаў да выхаду. “Увага! На карабель прыбыў Камандуючы флатыліяй і афіцэры штаба!” Праз дзесяць хвілінаў:“Камандзірам падразьдзяленьняў сабрацца ў кают-кампаніі на даклад!” “Бычкі” – так для сьцісласьці клічуць падводнікі камандзіраў баявых частак – ціха мацюкаючыся пасунуліся ў пяты “біс”. Кают-кампанія забіта штабнымі. Пазаймалі ўсе крэслы. Стоўпіліся “бычкі” – хто дзе – ў праходах між сталамі.
- Таварышы афіцэры!! – Гэта каманда такая. Матросам гарлаюць “Сьмірна!”, а афіцэрам – вось так.
Усталі, хто сядзеў. Камандуючы зайшоў. Сеў у камандзірскае крэсла. Морда чырвоная, як бурак. У яго заўсёды чырвоная. Камандзір збоку прытуліўся.
- Таварышы афіцэры. – Таксама каманда. Толькі больш лагодная. Матросам кажуць “Вольна!”.
Селі.
- Камандзір БЧ-1, ваш даклад.
- Камандзір БЧ-1, капітан трэцяга рангу Смыкаў. У штурманскай баявой частцы асабовы склад на борце цалкам, навігацыйны комплекс запушчаны, курсаўказальнікі ў мерыдыяне, ЗІП укамплектаваны… Баявая частка да паходу гатовая.
- Камандзір БЧ-2…
- Командыр БЧ-2, капытан – з моцным украінскім акцэнтам - другого рангу Марцын. У ракэтноі боэвоі часты особовы склад… …готові.
- Камандзір БЧ-3…
- …
- …
- Памочнік камандзіра!
- Памочнік камандзіра капітан трэцяга рангу Рулькевіч. Асабовы склад службы забясьпячэньня на борце цалкам…
- Кок добры?
- На “гражданцы” быў шэф-поварам у рэстаране, таварыш Камандуючы (па статуце зьвяртацца трэба па званьню, “таварыш віцэ-адмірал”, але ўсе ведаюць, што ён вельмі любіць так – “таварыш Камандуючы…”. Амаль “таварыш Галоўнакамандуючы” Нават амаль “Вярхоўны Галоўнакамандуючы”!…)
- Добра… Далей…
- Прадавольчыя запасы загружаны, …
- Сьвініну загрузіў?
- Сьвініны бербаза не дала, толькі ялавічына і кенгураціна, таварыш Камандуючы.
- Ды ты што!? Як жа ж без сьвініны? Я ж без сьвініны… - Павярнуўся да камандзіра бербазы, “чырвонапёрага” палкоўніка (форма чорная, пагоны з чырвонымі “прасьветамі”) – Ты што, Іван Нікіфаравіч, я ж табе за гэта анус парву, я ж без сьвініны… І не рабіце тут твар дамінантнага бабуіна, палкоўнік!
- Ёсьць, таварыш Камандуючы! – (Аніякіх лішніх словаў, бо сапраўды парве). І шэптам да памочніка: - Дай паперку! Паперку дай! Запіску напішу – возьмеш на падсобнай гаспадарцы!
Чатыры гадзіны да выхаду. “Так, туша заважыць хай сто кілаграмаў. – “Маракуваў” Рулькевіч. – Не, можа нават сто пяцьдзесят. Будзем сыходзіць з горшага. Да падсобнай гаспадаркі два зь нечым кіламетры. Колькі трэба матросаў, каб перанесьці сьвіную тушу ў сто-сто пяцьдзесят кілаграмаў за два кіламетры? Задачка, туды-т яе ў цёціну пячорку! Хай па трыццаць кіль на рыла… Не, хілякі гэтыя па трыццаць доўга несьці будуць. Па дваццаць… Краіне патрэбны героі, а прысылаюць дыстрофікаў… Гэта значыць сто пяцьдзеся кіль на дваццаць – трэба сем з паловай матросаў… Цьфу, ты! Восем матросаў. А як несьці? Вяроўкамі абвяжам! ” - Боцмана ў цэнтральны!
- Боцман, тэрмінова мэтраў дваццаць-трыццаць якога ліня. Нятоўстага. Як няма? Што значыць – няма? Ты боцман, ці дзе? Ну, блін, выйдзем у мора, я табе адмасірую прастату! Давай пакуль два кідальных канцы. Не, тры! А-а! Чатыры давай!
*
Шмат анекдотаў складзена флоцкімі стваральнікамі фальклёру пра берагавую базу ўвогуле, і пра падсобную гаспадарку ў прыватнасьці. Падсобная гаспадарка – гэта папросту сьвінарнік, няштатнае ўтварэньне палітаддзельскай думкі і бербазаўскай дзеі. Каб аб’едкі з берагавога камбуза дарэмна не прападалі. Працаваць туды пасылаюць зазвычай сыноў Цэнтральнай Азіі, пасьлядоўнікаў вучэньня Прарока Магамеда, якія кепска ведаюць расейскую мову. Хоць якая ад іх карысьць. І заадно – барацьба з рэлігійным дурманам.
…Матрос у сьвінарніку пакруціў у руках запіску, выпісаную камандзірам бербазы і падвёў Рулькевіча да загародкі, дзе рохкаў вялізны, што гара парсюк. – “Забірай, начальнік”.
- Ты што! – Ажно захлынуўся Рулькевіч. – Што я зь ім рабіць буду! Ты мне тушу давай!
- Бяры туша, начальнік!
- Ангідрыт-тваю міндалевокую маму… Мяса! Мяса давай! Сьвініну!
- Бяры сьвініна, начальнік. Зробіш чык-чык, мяса будзе.
- Ты! Ты сам зрабі “чык-чык”!
- Не, начальнік! Суюнбай карміць – так, чык-чык – не!...
…Гадзіна да выхаду. Прыбралі канцы электрахарчаваньня зь берагу. Прыбралі дадатковыя швартовы. Шматтысячатонны падводны волат ля пірсу на двух нітках – насавым і кармавым швартовах. Камандзір на мосьціку, нервуецца:
- Ну дзе гэты ёлуп! Паслаў, даруй Госпадзе, Ты мне памочнічка! І матросаў зьвёў! Колькі зь ім пайшло? Старпом! Колькі чалавек з памочнікам пайшло? А хто павінен ведаць? Тэ-экс. А што гэта там? Сігнальшчык! Бінокль! О! Ідуць! А гэта што? Ну, вагіна кабылячая! Ён жывую сьвіньню сюды валачэ!
Прывязаўшы да ног кідальныя канцы, матросы перастаўлялі парсюку ногі. Парсюк упіраўся. Да мосьціка даносіўся ягоны асіплы віск. А вагі ў ім было, відаць за дзьвесьце.
- Мост – цэнтральнаму, – ажыў на мосьціку “Каштан”.
- Ёсьць мосьцік!
- Аператыўны перадаў – Камандуючы да нас выехаў. – На пірс упацелыя матросы зацягвалі парсюка. Той растапырваў ногі і адхіляўся ўсім тулавам назад. Рулькевіч піхаў яго ў круглыя кумпякі.
- Да кармы цягніце, ёхарны клітар! – Зароў у “мацюгальнік” старпом. – Камандуючы на пад’езьдзе! На ракетную палубу! Перакіньце пару латкоў ад электрахарчаваньня! Па латках!
…“Волга” Камандуючага ўзьехала на пірс. На ракетнай палубе шчыльным шыхтом стаяла кармавая швартоўная каманда. За сьпінамі швартоўшчыкаў, прысеўшы, Рулькевіч чухаў парсюку за вухам: “Дзюдзя. Дзюдзя. Ну дзюдзя, толькі не высоўвайся! Хай флатаводзец у “бітон” залезе.” Абвіты канцамі, парсюк спробаў выскачыць з-за сьпінаў на адміральскія вочы не рабіў. Стаяў сабе, раськірачаны.
- Сьмірна! Таварыш Камандуючы…
- Вольна! Аддаць кармавы! – Швартоўшчыкі рассыпаліся, пабеглі ў карму.
- Аддаць насавы! Тры гудкі тыфонам! Правая – назад малы! Руль – лева дзесяць!
Паехалі. На чорным целе, як яечка на патэльні сьвяцілася цела белае. Здраднае. От, які ён цяжкі – рэжым сакрэтнасьці!