Мартыненка Вітаўт

«Folk-Modern» – ці народныя песьні forever?



«Фольк-мадэрн Беларусі» – «The Best», Мн., 2009, «Budzma».

Да шматлікай калекцыі беларускіх складанак за апошні час далучыліся ажно дзьве, базаваныя на фальклёры, якія пры ўсім падабенстве маюць істотныя адрозьненьні: «Post-Folk» (разнастайныя сучасныя песьні ў фальклёрнай стылістыцы), «The Best: Фольк-мадэрн Беларусі» (розныя віды апрацовак аўтэнтычнай песеннай спадчыны). Апошні дыск мы й прааналізуем, адразу зьвярнуўшы ўвагу на тое, што пры ўсіх сваіх вартасьцях і хібах выданьне захавала надзвычай высокі папытовы рэйтынґ. Дый ці ж слухачу насамрэч да галавы праблемы абмежаванай стылістычнай прасторы гэтай песеннай калекцыі (вылучыўшы разьдзелы «Пост-Фольк», «Фольк-Рэміксы», «Фольк-Рок», выдаўцы неяк абыйшлі ўвагай «Паган-Мэтал», «Псэўда-Фольк», «Поп-Фольк», «Фольк-Аванґард»), галоўнае – атрымаць вабны аудыёпрадукт. І хоць адсутнасць навуковага прынцыпу ў адборы матэрыялу бянтэжыць дасьведчаных адмыслоўцаў (калі «Палаца» ў альбоме густа, дык «Znich», «P.L.A.N.», «Ветах&Верас», «Guda», «ЯR» etc. зноўку ў капусьце), мы ня будзем аспрэчваць пэрспэктывы аматарскага выдавецкага досьведу. Тым больш, калі ён мае фінансы й дае слушны плён.

Да вартасьцяў, пэўна, можна залучыць настраёвае адзінства й стабільнасць альбому. Гэта той выпадак, калі можна казаць пра ідэальны вытвор пазітыўнага характару, дзе няма ні жарсьцяў, ні расчараваньняў; няма нейкіх загрузных асэнсаваньняў або пустой весялухі. Ёсць толькі глыбокія мэлёдыі, якія вытрымалі стагодзьдзі народных пераасэнсаваньняў, ды мудрыя словы абстрактнай народнай філязофіі пра царкоўку на гары, пра пахаваньне стралы, пра іншыя спрадвечныя традыцыі, якія паўплывалі на кансалідацыю адметнага крывіцкага этнасу на мапе Эўропы.

Аўтарытэт клясычных адэптаў гэтай плыні ў Беларусі накшталт гуртоў «Палац», «Osimira», збольшага «Стары Вольса», безумоўна, не выклікае сумненьняў у іхнім майстэрстве ды плённасьці творчых шуканьняў, але правакуе пэўную перасьцярогу, прымушае больш пільна прыглядацца да вынікаў. А яны, аказваецца, не такія бездакорныя, каб з альбома ў альбом піхаць іх у выглядзе пэўнага эталёну.

Няўжо апрацоўкі беларускага фальклёру «Палаца» настолькі ўзорныя, каб іх было ажно чвэрць праґрамы, а «Troitsa» настолькі кволая, што на яе зусім не зьвярнулі ўвагі ? Ці справа проста ў асабістых ґустах выдаўцоў, якія на што падселі, тое й піхаюць народу замест пэўнай аб’ектыўнай карціны беларускага фольк-мадэрну.

Ці возьмем пад увагу цікавы разьдзел «Фольк-Рэміксы». Калі верыць выдаўцам, дык адно гурт «Стары Вольса» ў нас гэтым займаецца, бо ў разьдзеле толькі дзьве песьні, і абедзьве «вольсаўскія». Але, па-першае, ці правамоцна залучаць да фольку гурт, які базуе сваю творчасць на апрацоўках пераважна аўтарскай сярэднявечнай музыкі? Гэта канцэптуальная памылка. А што да праіґнараваных: мо пра ды-джэя Рэя Хвісевіча забыць прымусіла й без таго залішняя ўвага да «Палаца», дык чаму абыйшлі ўвагай віртуозныя напрацоўкі Вячаслава Калацэя з ды-джэем Сяргеем Цімонавым? А гурт «Logica Metro» хіба так ужо бясплённа апрацаваў песьні дуэта «ЯR»?

Пра гэта можна было б не казаць, калі б альбом быў нашпігаваны пад завязку, але ж гэта ня так. «Фольк-мадэрн Беларусі» апынуўся акурат той надзіва кароткай складанкай (крыху болей за сорак хвілінаў), забітай шэдэўрамі не такімі ўжо й узорнымі. Ня верыце? Ну каго, як не цалкам непісьменны ў роднай мове народ прадстаўляе такі беларускі фольк-мадэрн: «захлябнецца той, хто чуе гэты словы»? Гэтак і да разьдзелу «Фольк-трасянка можна дайсьці». І думай пасьля такога «фольку», што тут бліжэй: або «захлебнётся тот, кто слышіт эті речі», або ўжо «захлынецца той, хто чуе нашы словы».

Дый нельга абыйсьці ўвагай факту, што нашы музыкі любяць павучаць у прэсе крытыкаў, як правільна пісаць пра музыку, асабліва грашаць гэтым «старавольсаўцы», дзе сабраліся «надзвычайныя адмыслоўцы, якім толькі й належыць правільнае асэнсаваньне таго ж знакамітага "Полацкага сшытку", куды яны вечна падмешваюць нешта чужынскае як не з Усходу, дык хоць з Захаду», а вось альбом свой апошні (як і рэміксаваны трэк адтуль) назвалі запазычаным мянвом «ДрЫгула», хоць продкі называлі гэты танец проста, па-свойску «ДрыгУля». Дык што, ужо й фольк-прапаґандысты загаварылі на роднай мове з акцэнтам? А гэта шлях да татальнага неўразуменьня роднай мовы ў фольку.

Праўда, пры адсутнасьці навуковага падыходу ў адборы ўзораў кампэтэнтнаму слухачу нядзіўна будзе адчуць чыёсьці жаданьне паставіць свой ґуст вышэй за навуковы досьвед. І падобны прынцып так і прэ з дадзенага выданьня. Праўда, гэта не пазбаўляе яго цікавых адкрыцьцяў. Такіх, напрыклад, як гурт «Грамніцы» зь іх пяшчотнымі й глыбокімі песьнямі «Пералёўцы» і «Ляцеў голуб».

Небезпадстаўным, але надта выпадковым падаецца й выбар пэрсаналіяў у дзялянку «Фольк-Рок». Тут мо «LitvinTroll» насамрэч трапіў у пік актуальнасьці моманту, калі ягоны нэа-фолькавы альбом «Rock-&-troll» біў усе рэкорды продажу на першых прэзэнтацыйных канцэртах, дык посьпехі «Уніі» дазволілі ўжо прыкмеціць і пэўныя парадоксы іхняга таленту, калі ў прэсе зьявіліся згадкі, зь якой прычыны дзявочы голас лямантуе пра дзяўчыначку з-пад крынічанькі, што «возьмуць яе людзі, а мне не будзе»? Мо нехта новы гімн лесбіянак у беларускім фальклёры знайшаў і цяпер вось узмоцнена прапаґандуе…

Ну а анґламоўная песьня «Theodores song» гурта «Vicious Crusade» была б да месца і ў складанцы беларускай мэтал-музыкі, і ў асабістых альбомах гурта, а як ілюстрацыя нашага мадэрнага фольк-жыцьця выглядае нонсэнсам. Ці выдаўцы чакаюць сьветлага дня, калі нават фальклор беларускі будзе анґламоўным, а народ беларускі вапшчэ заткне свой паганы рот і будзе здатны толькі на брудную фізычную працу?

Гэта тым больш дзіўна, калі ў складанку ня трапілі песьні сапраўднага караля нацыянальнага рок-экстрыма «Znich», фраґмэнтарныя спробы вялікага гомельскага «Gods Tower» вярнуцца да роднай мовы (песьня «Ўхвала Сонца») дый ці мала іншых.

А так вапшчэ, калі ня быць занадта прыдзірлівым, дык нічаво сібе дзісочэк скляпала кампанія «Budzma». Яго з поўным правам можна было б назваць «Шэдэўры паміраючага народу». Дык што: будзьма такім народам?

Вітаўт МАРТЫНЕНКА