паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, кінасцэнарыст. Выяўляў асаблівую прыхільнасць да гістарычнай тэматыкі, плённа развіваў ідэі адраджэння.
Мне быць з людзьмі хочацца, а не падрабляцца пад іх.
- Хто лепшы ў мастацтве?
- Той, хто чалавечны. А як піша – яго справа.
/”Трошкі далей ад месяца”, 1960г./
Вечна тваім застаецца
Толькі тое, што ты аддаў.
19.08.1969
/“Разведчык”. З кнігі паэзіі “Быў. Ёсць. Буду.”/
О, як трэба шукаць на шляхах чалавека,
Як любіць, берагчы, не крыўдзіць яго,
Каб пабачыць славу наступнага века
Ў сэрцы сціплага сына суседа свайго!
/На паўстанках, засыпаных лісцем бярозавым… З кнігі паэзіі “Матчына душа”, 1958г./
Каханне не памірае.
Яно вечна застаецца ў грудзях лікуючай тугою слоў,
Безнадзейным болем і непатольнай пяшчотай,
Калі нічым не дапаможаш, хаця сэрца аб зоры разбі.
12.02.1962
/“Калі паміраюць…” З кнігі паэзіі “Мая Іліяда”/
Задумайся над сур’ёзным і ўсміхніся жарту. І ў жарце адшукай сур’ёзнае, а ў сур’ёзным – цень усмешкі.
- Што значыць любіць?
- Шкадаваць больш, чым сябе.
Першыя ў гонары, першыя і ў свінстве.
Душа чалавека, падобна як алень каля вод, шукае ісціну.
Простыя такія вялікія – дай мне быць простым. Дай быць чалавекам сярод людзей.
/“Легенда аб бедным д’ябле і аб адвакатах Сатаны”, 7 кастрычніка 1961г. Творы/
Варты жалю той, хто не ведае былога дня і таму не можа разабрацца ў сённяшнім і прадбачыць будучы. Абыякавы да мінулага не мае аніякай інтэлектуальнай перавагі над жывёлай, і таму ёсць першы кандыдат на маральную, а затым і фізічную смерць.
Зямлёй і людзьмі рухае дух змагання.
Оды – гэта толькі сцвярджэнне таго, што існуе, замацаванне яго на мёртвай кропцы, здрада руху чалавецтва.
Я ведаю, што пры словах “непарушны”, “непадзельны”, “адзіны”, калі іх гаворыць мацнейшы, сапраўдных людзей цягне разбіць непадзельнасць, разбурыць непарушнасць. Бо гэта замаскаваны ланцуг рабства.
Жыццё – даброта. Найвялікшая даброта, якая дадзена кожнаму, нягледзячы на ўвесь боль.
Уся паэзія – ад кахання.
Стома – смерць. Ідзі вышэй сіл свіх, і станеш жыць доўга.
Дзеці – усьмешка Божая.
/Каласы пад сярпом тваім 27 красавіка 1962г. - 18 мая 1964г./
Кожны чалавек хоча кахаць і быць каханым, народжаны для кахання, шукае яго ўсё жыццё, моліцца яму і памірае з думкамі аб ім...
Лепей няверныя перакананні, чым зусім без іх.
Лепей за ўсё смяяцца з сябе. Ніхто не крыўдуе.
У брахуна павінна быць выключная памяць.
Аптымізм беларускі ў тым, што калі мы, нягледзячы на ўвесь песімізм і безнадзейнасць мінулага, усё ж жывём, значыць, у нас ёсць падставы гаварыць аб лепшым будучым.
Самая вялікая ўзнагарода, калі цябе хваляць тыя людзі, якім табе неяк не здарылася ў жыцці выпадку дапамагчы і зрабіць дабро. І самая вялікая бяда, калі цябе лае і ганьбіць той, каму тое дабро ты ўсё жыццё рабіў.
Калі ў Свядомасьці адняць Свабоду Выбару, застанецца памяць, гісторыя, у якой мы ўсё, многае разумеем, але ўжо нічога не можам змяніць.
Нястойкая няўдача лепей за нястойкую ўдачу.
Прызнаю і ваюю ўсім жыцьцём за адзіную ў свеце нецярпімасць: нецярпімасць да нецярпімасці. Хай кожны думае па-свойму, і ўчыняе па-свойму, калі гэта не шкодзіць суседу гэтаксама думаць і ўчыняць. Калі пра гэта забываюць – нецярпімасць нават пакрыўджаных ператвараецца ў пякельную пачварнасць. І вось паляць, крыўдзяць, забіваюць. Ахвяра робіцца катам, прыгнечаны – прыгнятальнікам. Толькі найшырэйшая цярпімасць – вядома, не да ізуверства, людаедзтва і чалавеканенавісніцтва – уратуе сьвет і ня дасць яму загінуць. Хай востраць пёры і думкі ў спрэчках – абы не мачалі гэтыя пёры ў чужой крыві. Абы вастрыня думкі не пераходзіла ў падступную подласць і падтасоўванне. Нецярпімасць да нецярпімасці – адзінае, што павінна рухаць светам, калі мы прэтэндуем на права звацца людзьмі.
З запісных кніжак
Чалавек, які робіць крыўду другому, у рэшце рэшт крыўдзіць сябе.
1984 г.
У веліч душы ніхто не мае магчымасьці запусціць лапы.
Нішто не знікае з таго, чаму нельга знікнуць.
Галоўнае ўва ўсіх адно: любоў.
Мастацтва – не заказ і не гульня ў бірулькі, а сумленне зямлі.
Кожную кнігу трэба пісаць так, нібы гэта твая лепшая і апошняя.
Найлепшы з усіх пацалункаў той, якім нас цалуе Муза.
/З лістоў /
Самая страшная пасля прагнасці чалавечая загана – нецярпімасць.
13.03.1982 /З ліста /
Абяцаюць нам новы раскошны дом,
Але тут нам жыць і канаць,
Тут пад кожным навекі здабытым бугром
Нашы продкі забітыя спяць.
Яны аддалі нам меч і касу,
Слова з вуснаў, цяпер нямых...
І нам немагчыма пайсці адсюль
І пакінуць са смерцю іх.
1979г.
/З кнігі паэзіі “Быў. Ёсць. Буду.”/
Нашы свечы ў капальнях продкаў палаюць.
Мы для ўнукаў павінны дарогу прабіць.
Хто забыў сваіх продкаў - сябе губляе,
Хто забыў сваю мову - усё згубіў.
/Паэма “Слова пра чалавечнасць”. З кнігі паэзіі “Вячэрнія ветразі”, 1960г./
Неба адкрыта кожнаму.
Тады дзяржава моцная, калі моцны ўвесь люд, да апошняга чалавека. Іначай, калі моцны адзін цар ды купка ягоных дарадцаў, тады рана ці позна дзяржава грыміць дагары глінянымі нагамі.
Мудрых слухаюць толькі ў няшчасці, калі нехта залье сала за скуру.
Не царства, а радзіма, родная зямля, калыска. Усе не падданыя, не рабы, а браты, настаўнікі, сёстры.
/ “Вялікі Шан Ян”, 28 сакавіка 1970г./
Калі чалавецтва – лес, то лес гэты ёсць сукупная непаўторнасць дрэў, а не сукупнасць тэлеграфных слупоў (хаця ніхто і не адмаўляе ім у пэўнай карысці).
Па словах вашых мяркуюць пра вас, а вось уздасца вам – па дзеях вашых. А на іх яшчэ трэба будзе паглядзець.
Ёсць адзіна годны шлях: служыць айчыне да крывавага поту, не чакаючы ўзнагароды ад людзей і лёсу, проста таму, што іначай нельга.
Наконт таго, ці шмат здолее адзін. Нават адзін здолее, калі да канца.
Калі чалавецтва ідзе да спрошчанасці казарменнай – тады адна мова, калі да складанасці – мноства.
Існуе няпісаны (і неабвержны) закон, які цудоўна ведаюць усе па-сапраўднаму адукаваныя і культурныя людзі: чым лепей ведаеш нейкую мову (і гэта можна сказаць не толькі пра мову, але і пра краіну, навуку, сяброў, многіх жанчын, мастацтва і г.д.) – тым больш яна прыгожая і значная.
Сярод тых, каго хвалю, могуць апынуцца асабістыя мае ворагі (значыць, абставіны не дазволілі нам зведаць цану адно аднаму), а сярод тых, каго лаю, - сябры (значыць прыкідваліся са мною або ненарокам, пад настрой, ляпнулі нечуваную дурасць). Але я тут хвалю не іх, а правільную думку, лаю не іх, а думку, ад якой на хвіліну не хочацца належаць да чалавечай грамады. І я раблю гэта не ананімна, так што хай ведаюць.
Выбірай: быць пасрэднасцю на мове суседа або нечым значным на сваёй.
Абапірайся на цвёрдых, сумленных, хай непакорліва-самастойных, але непадкупных.
Адзінка толькі тады “нічога не можа”, калі яна – амёба (ды й тое можа; скажам. Можа, каб горад вымер ад дызентэрыі, калі ты амёба – носьбіт гэтай заразы). Або проста носьбіт рэптыльнай баязлівасці.
/ “Мова (што я думаю пра цябе)”, 27 студзеня 1980 г. Творы/
Тыя, што варты стакрот кахання, -
Тыя не маюць яго на зямлі.
Потым, як пойдуць ў зямлю сырую,
Сотні прыгожых дзяўчат і дам
Статуям іхнім рукі цалуюць,
Быццам лягчэй ад таго касцям.
/”Фантазія”. З кнігі паэзіі “Мая Іліяда”, 1964 г./
Ёсць і ў вас, як і ў іншых, святыня.
Не давайце святыні псам!
/“Багдановічу”, З кнігі паэзіі “Мая Іліяда”, 09.12.1966/
Пра тое кожны пяе салавей
Росным кветкам у роднай траве:
"На Беларусі Бог жыве", -
І няхай давеку жыве.
/"На Беларусі Бог жыве". З кнігі паэзіі “Быў. Ёсць. Буду.”, 05.07.1980/
Гіене - баяцца, сабаку - вішчаць,
Свінні - рыцца ў гноі сваім,
А льву патрэбны калючы гушчар,
Родны край і свабода ў ім.
П'ю за тое, каб нам сярод родных лясоў
Не вішчаць, не дрыжаць, не крывіць,
Бо ўсе мы тут не з гіен і не з псоў,
Бо мы - сапраўднай крыві.
/“Амаль хрысціянскі тост за ворагаў”.З кнігі паэзіі “Быў. Ёсць. Буду.”, 18.03.1968/
Душа твая належыць толькі Богу і гэтым палям, шабля – ваяводзе справядлівай вайны, жыццё – усім добрым людзям, сэрца – каханай. Але гонар і чэсць – яны належаць толькі табе і больш нікому.
Лепей недаесці, як ястраб, чым пераесці, як свіння.
Не будзь гарматным мясам для чужых капрызаў.
/Раман “Каласы пад сярпом тваім”/
Нязносны гонар тым, што робім сёння. Дулю!
Вазьмі у звычай, сын герояў і багоў,
Не пагарджаць святым сваім мінулым,
А заслужыць яшчэ, і вартым быць яго.
/“Беларускае мінулае”.З кнігі паэзіі “Быў. Ёсць. Буду.”, 21.11.1981/
З амбона хтось крычаў пра шлях да раю.
Адзін маўчаў, паказваючы згоду.
Другі маўчаў - на знак сваёй нязгоды...
Маўчанне адназначным не бывае.
/З кнігі паэзіі “Быў. Ёсць. Буду.”, 21.11.1981/
Каханне робіць цёплым існаванне на зямлі.
/“Маці ветру” сакавік 1956 г. Творы/
Чалавек носіць сваё неба з сабою.
Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, - і тады пераможаш. Нават калі ты слабы, як камар пасярод варожага мора. Таму што толькі дурні разважаюць заўсёды па правілах здаровага сэнсу. Таму што чалавек толькі тады чалавек, калі ён дзёрзка рве панылае наканаванне і плюе на “спрадвечны” закон.
Карэнні маўчаць, разрастаюцца ў зямлі і чакаюць свайго дня.
Прайграць не прыніжэнне. Прыніжэнне – кпіць з таго, хто мужна прайграў.
Чалавек – быдла непаслядоўнае. Таму ён і не быдла.
Нават пчала, у якой няма свайго слова, не шкадуе джала і жыцця, баронячы свепет.
/Ладддзя Роспачы, упершыню надрукавана ў 1968 годзе Т. 2/
Няма такога гною, які не лічыў бы, што ён – вышэйшая субстанцыя, і не лічыў бы з’яўленне на ім зялёных парасткаў з’явай ніжэйшага парадку.
/Раман “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, 7 красавіка 1965 г. - 29 красавіка 1966 г., с. 23 Т.6/
Старайся (але, вядома, не кaту)
Сказаць адзіна верныя словы:
Замест:
- О Божа, ды будзьце вы клятыя!
Сказаць:
- О Божа, ды ўстаньце здаровы!
/З кнігі паэзіі “Быў. Ёсць. Буду.”, 24.09.1979/
Архітэктура – душа чалавечая і таму не можа быць мёртвай.
Нельга давацца ў рукі хлусні.
/“Госць прыходзіць на золкім світанні”, 29 красавіка 1959 г., Творы/
Дзе праца, там і перспектывы.
Людзі нараджаюцца роўнымі перад сваім сумленнем.
Права на праўду заўсёды жыве.
/”Трошкі далей ад месяца”, 1960 г./
Адбітая у зрэнках, бы ў палонцы,
Зямля мая ўстае перада мной,
Высокая і чыстая, як сонца.
Чысцейшая, бо плям няма на ёй.
/“Корчмы”. З кнігі паэзіі “Мая Іліяда”, 1964 г./