|
|

Воля Чайкоўская – паэтка, журналістка. Аўтарка кнігі вершаў “Л У П Ы” (2007). Друкуецца ў перыядычных выданнях. З 2007 года разам з Юрам Круглікавым удзельнічае ў музычным дуэце MЯTNA. Нарадзілася ў Віцебску. Жыве ў Менску.
“Мы – маладыя”
Я МУЗЫКАЙ ВЕТРУ СТАНУ...
* * *
Халодныя рукі ў чорных пальчатках,
Навязлівыя радкі.
Ля сценкі стаю на пятках
І чую худыя гудкі.
Я б так хацела на мора –
Жанчына ў пясках –
Схаваць у каралах і вапне
Свой страх.
Я б так хацела паслухаць
Спевы чароўных палёў.
А ты мяне ў нейкае поле
Глухое завёў…
* * *
Я паглядзела на гэты горад
Другімі вачыма.
Няўмыты. Няродны.
Не той, што цягаю я за плячыма.
Адчужаны горад
Пульсуе і б’ецца.
Адчужаны горад
Сталіцай завецца.
Адчужаны горад
Збірае пялёсткі ў кветку.
А што я раблю тут? –
У цемры пытаюся зрэдку.
* * *
такія цьмяныя ў горада
такія цьмяныя ночы
твой позірк з поўні на поўныя
ногі мае пераскочыў
твой позірк доўга вандруе
па вуліцах цела майго
бягом
хачу
каб заблукаў
* * *
Я спынілася
І тапчуся на месцы.
Пратаптала пад нагамі
Дарэшты.
Можа, святло
Ліхтарнае на мяне
Пральеш ты?
СПРЭС ГУЛО
Вось і скончыўся жнівень,
Быццам і не было.
Самагубцы рамонкі
Выпраменьваюць тонкі
Пах. Спрэс гуло.
І святлом ледзь улоўным
Закругляецца лета.
І старая кабета
Восень.
Неўтаймоўна
Скрозь неба просінь…
* * *
Час – самы бязлітасны ваяка.ЗЯЗЮЛЯ
Што ты мне села на плечы,
Загадкавая Зязюля?
Я з кожным днём імпэтную
Бойку вяду. Ваюю.
Што ты псуеш мне вечар?
Што так глядзіш упарта?
Вецер прагоніш прэч?
Калі паляціш? – Заўтра.
* * *
воля колам па полі
коціцца так ляніва
сёння волі санліва
быць вастрыём касы
пахнуць травой валасы
* * *
Замучаная зімой прырода
Хаваецца за туманам.
Няма праз адлігу броду.
Я музыкай ветру стану...
* * *
Ю.К.
Вясна.
Рака.
Адліга.
Вясна.
Адліга.
Вочы.
Ішоў
Востры,
Як крыга.
Вясна.
Да мяне
Збочыў.
* * *
Ю. К.
Са мной здзяйсняюцца ўсе мары –