Чайкоўская Воля

Маладосць 5/2008

Воля Чайкоўская – паэтка, журналістка. Аўтарка кнігі вершаў “Л У П Ы” (2007). Друкуецца ў перыядычных выданнях. З 2007 года разам з Юрам Круглікавым удзельнічае ў музычным дуэце MЯTNA. Нарадзілася ў Віцебску. Жыве ў Менску.

Новае

Шукаю форму, што
Па-за нормай.
У якой без словаў
Сэнсу хапае.
Нямодную, якую ніхто
Не купляе.
Каб уласную,
прыватную,
асабістую!
Ідэямі новымі
бруістую!
Каб каханнем
неўзаемным
натхнёную!
І нікім-нікім
не хвалёную!
Каб стварыць
ад канца
да пачатку
Па не складзеным шчэ
парадку —
Н О В А Е.


* * *

Страх — цікавая фішка.
Я цудадзейка-мнішка,
Страхам на ўсё адказваю,
Большага не паказваю.
У фужэр з кампотам
Апусціла мары —
Во! Боўтаюцца вішні,
Паказваючы косткі-фары!
Зорам аддала
Думак сала —
наляцелі, як вараннё,
як зялёнае насланнё!
І ўсё мала!
Я - як бяздонная крыніца,
як знішчаная ўшчэнт капліца,
Знайсці апірышча спрабую —
Ваюю.


* * *

Ю.К.

Ніхто мяне не кахае.
Ніхто не кахае, як ты.
Мяне ніхто не кахае.
Не кахае ніхто, як ты.
Не кахае ніхто мяне.
Як ты, ніхто не кахае.
Ніхто не мяне кахае.
Як ты не кахае ніхто.


* * *

Ю.К.

Я буду тваёй Самай.
Найпрыгажэйшай Дамай.
Я буду тваім Сонцам
Цыганскім і дзённым.
Я буду тваім сонным
Летам,
на каленях перад усім светам.
Ты толькі сваімі пальцамі прамяністымі
у мае валасы выстралі.


* * *

Ю.К.

І цябе чакаць трэба. Пастаянна.
Перманентнае паветра
вакол мяне задыхаецца.
Лісты восеньскія чыпсамі
рыфлёнымі пад нагамі крошацца.
Крок твой няўпэўнены
Блытаецца. Хістаецца. Вагаецца.
Ты спакой свой малаком п’еш
тОпленым.
Цішынёй упіваешся.
Я аб гаману вуліц разбіваюся
воплямі.
Ты галаўным болем перада мною
ламаешся.
Ты усмоктваеш, уцягваеш
мяне, маю душу бессаромную,
як каву са стала злізваеш.
Не прачытаеш потым — палянуешся —
Маю самоту шматтомную,
Нечытэльным почыркам няўмела напісаную.
Мне цалаваць цябе пастаянна хочацца,
Каб паветра затохлася ды
Час супакоіўся.
Спыніўся. Прыйшоў мне пальцы калоць ружамі
Ды дотыкамі раны лекаваць невылечныя.
Нашае каханне — песня адвечная.


* * *

На цягнік — і хутчэй.
Адсюль падалей.
Каб пазбегнуць страшнай кары.
Каб пазбавіцца ад мары.

Сесці ціха.
Да вакна прытуліцца
Й забыцца.

А прачнуцца —
Не варухнуцца —
Упасці.

Каб у свеце гэтым паскудным
Больш ні прыкрасці,
ні радасці,
ні “здрасці!”


* * *

Мае валасы — пастка.
Віцебскі вецер
трапіў у яе.
Я завязу частку
віцебскага ветру ў Менск.


* * *

Звесіў нехта лесвіцу з неба.
Дзяўчынка падумала: “О! Клэба!” І палезла.
На неба залезла.
Паблукала. Пашукала анёлаў там,
апосталаў, Бога.
Не знайшла нікога.
І назад знікла дарога.
Во нябога!