Воля Чайкоўская – паэтка, журналістка. Аўтарка кнігі вершаў “Л У П Ы” (2007). Друкуецца ў перыядычных выданнях. З 2007 года разам з Юрам Круглікавым удзельнічае ў музычным дуэце MЯTNA. Нарадзілася ў Віцебску. Жыве ў Менску.
* * *
ДЫПЦІХ
1.
Сакавітае паветра.
Фрукты Сезана.
Жнівень.
Цямнее рана.
2.
Неба, як цырата,
Нацягнулася зверху
І сонцу свяціць замінае.
Восень.
Сонца трывае.
* * *
Крохкім шарошам
па хлюпкай вадзе
цягнем-пацягнем
пачуцці.
Смелыя вобразы
новых ідэй
ёсць на якой
валюце?
Смелыя вобразы
новых ідэй
ёсць на якой
валюце?
Крохкім шарошам
па хлюпкай вадзе
цягнем-пацягнем
пачуцці…
* * *
Ю. К.
Я выходжу з метро на аўтамаце.
Зіма крочыць за мною след у след.
Мне бы ўзімку толькі спаць і
Гатаваць табе духмяны абед.
Мне бы ў спячку ў тваіх абдымках –
Не працаваць, не думаць, не перажываць.
З ненатуральным выразам твару,
Як на старых палароідных здымках,
Горкую шакаладку часу жаваць.
Мне бы ўзімку манікюр старанна рабіць,
Каб начыста памыць чужую падлогу.
А потым падлогу памыць забыць.
Ну, і няхай сядзяць у брудзе! Ну, і Слава Богу!
Мне бы ўзімку каб натхнення
Ты з нябёсаў прыносіў вёдрамі.
Я магу быць тваім збавеннем –
Саграваць цябе ад зімовага холаду
Сваімі дзявочымі сцёгнамі.
* * *
Віцебск стаў ёй аддушынай.
Стаў адтулінай.
Напамінам – адкуль яна.
* * *
ПАЭМА ГОРАДА
Да цябе то не даехаць, то не дазваніцца,
Горад, на які нельга забыцца.
Горад, якога нельга пазбыцца.
Нельга даехаць. Не дазваніцца…
Побач ляжыць, хоць рукой падаць –
Нельга пабачыць, нельга ўзяць.
Побач ляжыць, а ні даць ні ўзяць.
Горад, дзе можна проста стаяць.
Горад, дзе можна стаяць і слухаць.
Дзе ваканіцамі ляскае скруха.
Горад з адным вухам…
* * *
На вуліцах так пуста…
Самотна без людзей і смецця.
Танюсенькая луста
Хлеба на газеце.
Дзяўчынка без прытулку
Як цяжар за сабой
Запыленым завулкам
Цягне смутак свой.
* * *
Доўгія мяккія валасы
Згубіліся ў жоўтых калоссях пшаніцы.
Адзінокія галасы.
Навальніца.
Дай мне халоднай вады напіцца,
Што была
З другога боку круглага стала,
Засцеленага белым.
Чужая котка малака хацела,
І таньчыла зіма.
Я калі штосьці і магла –
Спусціла ўгору па прыступках.
Схаваліся сабакі ў будках.
І таньчыла зіма...
* * *
Звесіў нехта лесвіцу з неба.
Дзяўчынка падумала: “О! Клэба!” – І палезла.
На неба залезла.
Паблукала. Пашукала анёлаў там, апосталаў, Бога.
Не знайшла нікога.
І назад знікла дарога.
Во нябога!
* * *
Сяджу ў роспачы на кухні,
Узор чытаю на фіранках.
Усе мае агні патухлі
У ненадзейных абяцанках.
Я прамарную гэта лета
У марных пошуках надзеі.
Тужлівае маё лібрэта
Пра тое, як любоў радзее.
А што наперадзе разгледзець
Насупраць дом перашкаджае…
Каб хто мяне мог папярэдзіць,
Калі я раптам тут чужая…
* * *
Ішла ў госьці да ружовай мары.
Усе – у шоку.
Я – ў сваім рэпертуары.
* * *
Ю.К.
рэкі, якімі мы будзем плаваць
вышыні, з якіх мы будзем падаць…
гэта не больш, чым цені альбо міражы
па якіх дарогах мяне павядзеш, раскажы
рукі, якімі мы будзем мацаць
пачуцці, у якія нам апранацца…
гэта не больш, чым дрэвы ў квецені
бездапаможныя дзеці мы
* * *
I’m old fashioned,
But I don’t mind it.
Ella Fitzgerald
Ёсць толькі сэрца,
Якое шторанку на ровары
Выпраўляецца ў доўгі шлях.
На ім – ні каштоўных пацеркаў,
Ні дарагіх апранах.
Ёсць толькі простыя словы
Роднай мовы –
Ніякай прышпільнай лексіскі.
Навокал адны мабільныя ды анарэксікі.
Ёсць толькі сэрца
І тыя,
Хто яму родныя.
Сваё неба нашу з сабою.
Я – старамодная.