Падборка вершаў Волі Чайкоўскай, якая выйшла ў зборніку "Ад ніў прыдзвінскіх" Віцебскага абласнога аддзялення ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" у выдавецтве "Логвінаў" у 2009 годзе.
Неба
Запаленае.
Узрушанае.
Мною квітнець
прымушанае.
З аблокамі
і без.
Нібыта жыве ў ім
бес.
Ссівелае і жоўтае.
Аблокі ў промнях
коўтае.
Ружовае.
Фіялетавае.
Мажорна-мінорна-куплетавае.
І непрабіўны граніт!
І сіняе наўзрыд!
* * *
Страх – цікавая фішка.
Я цудадзейка-мнішка –
Страхам
на ўсё адказваю,
Большага не паказваю.
У фужэр з кампотам
Апусціла мары –
Во! Боўтаюцца вішні,
Паказваючы
косткі-фары!
Зорам аддала
Думак сала –
наляцелі, як вараннё,
як зялёнае насланнё!
І ўсё мала!
Я – як бяздонная крыніца,
як знішчаная ўшчэнт капліца,
Знайсці апірышча спрабую –
Ваюю.
* * *
я лепш ТУТ
прападаць
застануся
ва ўлюбёным месцы
з сябрамі
й каханымі,
чым ТАМ –
кожны дзень –
па лесцы –
наросхрыст з адкрытымі
ранамі
Знакі прыпынку
Пуста без знакаў прыпынку
Проста зашмат прасторы
Думкі разгуляліся
і ўнікнулі задуманага сэнсу
Паміж бязродных і адзінокіх
словаў
радкоў
гуляюць твая і мая
думкі
і ніяк на агульны
клічнік ці кропку
натыкнуцца
не могуць
* * *
Ю.К.
Парушынкі тваёй усьмешкі
Зачпіліся за мой нос.
Ты – мой лёс.
* * *
Ішла ў госьці да ружовай мары.
Усе – у шоку.
Я – ў сваім рэпертуары.