Можа стварыцца ўражаньне, што я крыху спазьнілася з гэтым выступам. Бо Вінцэся Мудрова апісалі, здаецца, усе, хто мог і з усіх бакоў (гл. “Крыніцу” №4). Але, мяркую, што ёсьць яшчэ нейкія вымярэньні творчасьці гэтага сучаснага празаіка. Так, усё, што напісана аб ім – слушна, дарэчы. Але, на маю думку, трохі ня тое гаворыце, панове.
Апошняя кніжка Вінцэся Мудрова адлюстроўвае, як і ўся ягоная творчасьць, даволі кароткі, але ёмісты гістарычны пэрыяд – сутаргі канаючай сацыяльнай сыстэмы. Паказана гэта на зрэзе мэнтальным, дзе больш за ўсё праяўляецца заблытанасьць сьветаадчуваньня і сьветаўспрыманьня. Задача Мудрова – ахарактарызаваць сацыяльнае быцьцё, час, прастору, дзе галоўны “сыстэмастваральны элемэнт” – Зло. Так, Зло, што нарадзілася з асаблівасьцяў супольнага жыцьця, сталай недастачы яго сродкаў. Мудроў сочыць, як сацыяльнае Зло вызваляе нялюдзкія інстынкты “асобна ўзятага чалавека” ў “асобна ўзятай краіне”, у яе замкнёнай прасторы, са своеасаблівым часам, дзіўным быцьцём, скажонымі вартасьцямі…
Ёсьць такі мэтад у стасаванай сацыялёгіі – “уключанае назіраньне”. Гэта значыць, што аўтар як бы прысутнічае ў зьявах, але ня дзейнічае. Пазнаўшы рэчаіснасьць як Зло, Мудроў дыстанцыруецца ад асяродзьдзя, разглядаючы сваіх герояў нібы праз павелічальнае шкло. Зразумеўшы дзіўную спэцыфіку грамадзтва, аўтар адхінаецца ад гэтага замкнутага ў часе і прасторы абсурду*. Дыстанцыя невялікая: зь яе можна нават убачыць “чырвоны пісяг на носе бібліятэкаркі Забаронькі”**
Мудроў смуткуе, што так недарэчна, па-дурному жыве лепшае Боскае стварэньне – чалавек. Паслухайце, хто гэта сказаў, што ў Мудрова – “добры, мяккі гумар”? У яго тое, што яшчэ ў нашым 10”А” клясе называлася “тихий ужас – громкий смех». У ягонай “няўтульнай жоўтай яснасьці” ўсё раптам робіцца пачварным. Менш за ўсё хачу прыляпіць Мудрову нейкую “этыкетку”, але ягоная творчасьць – гэта экзыстэнцыяльны вокліч, усьвядомлены страх, што кашмарная рабінзанада грамадзтва можа доўжыцца… Мудроў занепакоены, што стыхійная псыха-фізыялягічная энэргія супольнасьці з перакуленай шкалой вартасьцяў – вельмі разбуральная. Што яе ўтаймаваньне без папярэдняга пазнаньня, без выхаваньня праз блізкія ўсім вартасьці – будзе патрабаваць “саркафага”, мацнейшага за чарнобыльскі. Дарэчы, забітыя нацыянальныя культуры – ці не “саркафаг” гэта, пад якім ідзе распад нацыянальнага рэчыва? Здаецца, жыцьцё ў такім сховішчы й паказвае Вінцэсь Мудроў.
З “добрым гумарам” аб гэтым цяжка пісаць. Усё адно атрымаецца гратэск як спалучэньне камічнага з жахлівым. У Мудрова – сапраўдны драматызм жыцьця – без традыцыйна-апісальных зваротаў, без знаёмых інтэрпрэтацыяў, без экскурсаў у гістарычнае мінулае, без ідэалу будучыні. У яго – непасрэдная праўда, часам натуралістычна жорсткая. І піша ён для сябе, свайго пакаленьня… Для гісторыі. Героі Вінцэся Мудрова часьцей за ўсё, як і аўтар, людзі маладыя. Непасрэдны позірк – прывілей маладосьці. Як і шчырасьць. Героі Мудрова павінны прагаварыць, праплакаць, прасьпяваць страшную праўду аб сабе. Яны ня могуць хлусіць, бо няздольныя прымірыцца з умовамі жыцьця, хаця й ня могуць (можа таму й ня лгуць) наблізіць сваё пазнаньне да рацыянальнага разуменьня. У душах гэтых герояў – рэшткі веры, што ёсьць нешта такое, дзеля чаго варта жыць. Але – як жыць? І пытае сябе Ванька Бянькоў: “Ну чаму, чаму я такі?”” *** Чаму ён ня можа радавацца, кахаць, мець асэнсаванае жыцьцё? Хто яму адкажа?
Героям Мудрова ўласьціва архаічнае, “рэліктавае” пазнаньне. Непасрэднае, суцэльнае, спантаннае. Асабістыя ўражаньні – толькі нейкая частка, нейкі працяг гэтых працэсаў****. Тут чалавек прыпадобнены да сацыяльнага асяродзьдзя, як у першабытнасьці -- да роду, племя, Сусьвету. Але пазнаньне чалавека першабытнага – багацейшае за пазнаньне герояў Мудрова, бо апошнія “замураваныя” ў вельмі спэцыфічнай сацыяльнасьці. Растопленыя ў ёй, яны ня маюць выйсьця да чалавецтва і да Сусьвету. Героі Мудрова: Ванька Бянькоў, Лёшка Мандрык, іх сваякі і знаёмыя (“Гісторыя аднага злачынства”), журналіст Сьцяпан і ягоны суразмоўца – стары дзядок (“Міша з прастрэленым вухам”), дзяўчынкі Люська ды Маша (“Дзень міру”) не набылі чалавечай “рэакцыі адмаўленьня” ад Зла і ад усяго таго, што не адпавядае культурніцкім стэрэатыпам, бо іх, гэтых стэрэатыпаў, у іх папросту няма*****. І пазнаньне сьвету ў гэтых людзей – выключна пазнаньне “злой праўды аб сьвеце”, пазнаньне здрады, прадажнасьці, хабарніцтва, абыякавасьці да ўсяго, апроч чыста фізыялягічных патрэбаў. А цяжкія, незразумелыя ў сваіх мэтах заняткі, якія нельга назваць працаю! Алькагалізм. Бруд. Грубыя, жывёльныя гульні моладзі. Заціраецца мяжа паміж дазволеным і недазволеным, сьмяротнаграхоўным. Абясцэньваецца ня толькі чалавечая годнасьць, але й само жыцьцё. “Фізыялягічныя нарысы” гэтага існаваньня цяжка цытаваць. Вінцэся Мудрова трэба ўважліва чытаць. Тое, што ён піша, -- яно ж з намі ўсімі было і, бадай, не загінула. Казаў жа некалі Ж.-П. Сартр: “Лёсу няма ў сучаснасьці. Лёс прыходзіць зь мінуўшчыны…”
Дзейнасьць герояў Мудрова – пераважна рэпрадуктыўная (у лепшым выпадку), альбо так званая “дзейнасьць нязгоднасьці”. Людзі працуюць абы затрымаць на нейкім больш-менш “нармальным” узроўні асабістае жыцьцё******. Падвойнае жыцьцё, падвойнае бачаньне, падвойная пэрспэктыва… Мудроў наўмысна сутыкае абодва бакі існаваньня сваіх герояў: пад салодкі магнітафонны тэнарок, каля стэнда “Новае ў жывёлагадоўлі”, п’яна лаецца былы “кароль аршанскай зоны”; у клюбе паказваюць кінакроніку аб візыце савецкай партыйна-ўрадавай дэлегацыі ў Баўгарыю; гледачы – п’яныя кабеты й мужыкі – занятыя тым часам спрэчкамі, дзе яшчэ дастаць гарэлкі.
Жыцьцё прымае амаль выключна фізыялягічныя формы. Гэта й акрэсьлівае сацыяльную прастору, у якой дзейнічаюць героі Вінцэся Мудрова. Якія ж падзеі й прадметы гэтую прастору арганізуюць?
Прыгадаю навэлю “Дзень міру” (з тае ж кнігі “Гісторыя аднаго злачынства”). Паміж акволеўшым дзедам, нудным голасам хворай настаўніцы, раздушанымі прусакамі і недакуркамі жывуць мілыя дзяўчаткі – што зь іх будзе? Мудроў глядзіць на ўсё нібы ўпершыню. Такім жа “сьвежым вокам” глядзіць часам на гэты сьвет журналіст Сьцяпан Жук (навэля “Міша з прастрэленым вухам”): “І як тут людзі жывуць?” Але пасьля чаркі… “хата дзедава ўжо не здаецца такой страшнаю”.
У апавяданьнях Мудрова прастору арганізуе шчыльнае быцьцё прадметаў, людзей, падзеяў. Аўтар вельмі дакладны ў сваіх апісаньнях-пераліках: “Усё было на месцы: столь, ходнік, чэзлая герань на падваконьні, кніжная шафа з поўным зборам твораў; адсутнічаў толькі сэйф, які стаяў у куце”.*******
У гэтай дзіўнай прасторы – свае войны, катастрофы, катаклізмы, свае важныя падзеі, свае героі: “Ля крамных дзьвярэй – цэлая вайна…******** Змакрэлыя, разьюшаныя людзі душацца ў чарзе па грэчку. “…Стогалосы лямант і звон разьбітага шкла. У ГУМе давалі нейкі тавар”. “Зноў у гарнізонным цюль давалі”…*********
У гэтай прасторы нават нараджэньне і сьмерць успрымаюцца як рэчы будзённыя.
Чалавечае жыцьцё ў творах Мудрова – цесна зьбітае: людзі сапуць, керхаюць, рагочуць, плачуць, п’юць, ядуць, задавальняюць фізыялягічныя патрэбы на нейкім малым лапіку, ненавідзячы адзін аднаго, зайздросьцячы, б’ючыся паміж сабой. І ўсё гэта – на тле зьнішчанай прыроды, пустазельля на палетках, сухіх зарасьнікаў атручанай алешыны… Усюды – і ў бруднай вёсцы, і ў смуродзе гарадоў – таўкуцца людзі са сваімі мізэрнымі патрэбамі, нікчэмнымі размовамі, звычнымі, будзённымі няшчасьцямі, кволай, нясьмелай радасьцю. Гэтая дзіўная прастора мае, бадай, толькі два вымярэньні: адно – сапраўднае жыцьцё, другое – фармальнае, зьнешняе, якое час ад часу праяўляецца голасам рэпрадуктара, стэндам, лёзунгамі, сустрэчамі з вэтэранамі, удзелам у “мерапрыемствах”. Магчымасьць пад’есьці й выпіць – радыкальна зьменьвае вартасныя ацэнкі, пункты гледжаньня людзей. Далучэньне да пэўных вагараў сыстэмы не ратуе: анэкдатычны, камічны выпадак падчас афіцыйнага сьвята абарочваецца жыцьцёвай трагедыяй, сьмерцю чыноўніка, які “перастараўся” (“Сьмерць Сьцяпана Кузьміча”). Сусьвет спакушае чалавека хараством і гармоніяй**********, але выхад за межы рэчаіснасьці – немагчымы. Герой Мудрова ад стану непрыкаянасьці можа перайсьці толькі да стану маральнага заняпаду, распачаўшы такім чынам новае кола нечалавечага жыцьця. Падзеі, якімі ў Мудрова вымяраецца сацыяльна-мастацкі час – нікчэмныя. Драбнюткія крокі, высілкі выжываньня выключаюць уласны выбар, ініцыятыву. Але ў гэтай замкнёнай прасторы кожная зьява патрабуе дакладнага ўліку: грэчку даюць, цюль давалі, бэнзын скончыўся… Таму – пільная ўвага да паказаньняў гадзіньніка: “Аўтобус на Бычкі зь білетамі на 17. 40…”, “Гадзіньнік паказваў палову адзінаццатай…”, “Заўтра, пасьля абеду…”, “На гадзіньніку – палова сёмай…”, “Дахаты ідуць прыцемкам…”, “Два дні – суботу і нядзелю -- … не адыходзіў ад тэлефона… І вось у панядзелак…”
-- Пасьпець уторкнуць нагу ў дзьверы, пакуль яны не зачыніліся перад носам! Амаль хранамэтраж цеснага, няўтульнага жыцьця! Замкнёная прастора жыве толькі цяперашнім часам. Мінулага – няма. Вайна, жыцьцё ў зямлянках, пасьляваенная галеча не прысутнічаюць у сучаснасьці, бо гэта, як і будучыня, ляжыць па-за жыцьцём герояў. Безнадзейны, трагічны “прэзэнтызм”, першабытнае мысьленьне! Але людзей “без карэньняў”, без уяўленьня аб вечнасьці гэта мала турбуе. Абы жыць!
І ўсплывае думка: ”Божухна, навошта ты даў нам розум, мысьленьне, мову? Няўжо дзеля таго, каб уціснуцца ў чаргу па крупы, біць тэпцямі прусакоў? Няўжо – дзеля мізэрнага едзіва, даху над галавой. Але ж кот Барыс*********** мае ўсё гэта без праблемаў! Ён бы зьдзівіўся з нас, калі б мог. А мы – можам, здольныя, але ня дзівімся. У процівагу рэчаіснасьці сьвядомасьць абавязкова будуе “раўналежны сьвет”, сфэру мараў, ідэалаў, спасьціжэньня сутнасьці чалавека і сьвету. Які ж ён убогі ў герояў кнігі! Аб рэчаіснасьці яны ведаюць толькі “злую праўду”, таму і вартасьці могуць існаваць для іх толькі як ілюзія; быцьцё гэтых вартасьцяў фіктыўнае, аснова іх – незнаёмасьць сьвету. Такія вартасьці ў рэчаіснасьці праяўляюцца толькі як гульня, як вонкавы жэст.
Нават зразумеўшы страшную праўду жыцьця, героі Мудрова могуць толькі здагадвацца аб свабодзе, плачучы, б’ючыся, апіваючыся танным “чарнілам”… Каб вырвацца з дурнаты, глупоты, хамства і ўадначас прымусіць сябе паважаць, героі на свой лад адмаўляюцца ад нялюдзкага жыцьця. Гэта і бедная Ларыса Пятроўна зь яе любоўю да “вусатых мужыкоў” і няўдалай спробай пачаць новае жыцьцё на цаліне, і яе сын Ванька, апанаваны “парашутызмам” і мараходнымі жарсьцямі. А белыя клёшы Лёшкі Мандрыка, былога “караля аршанскай зоны”! Гэтая свабода не абяцае будучыні. Амаль усе пэрсанажы твораў Мудрова ня дзейнічаюць у дакладным сэнсе гэтага слова, але толькі фармальна выконваюць нейкую ролю. Таму й свабода для іх ня мае тэмпаральнага вымярэньня. Суб’ектыўнасьць тут не азначае свабоды нешта рабіць – гэта, хутчэй, адмаўленьне і чыста псыхалягічны бунт. Такая суб’ектыўнасьць заўсёды, як паказвае Мудроў, шукае кагосьці мацнейшага, хто б даў ёй тлумачэньне.
Героі Вінцэся Мудрова нават не прыстасоўваюцца да абставінаў. Яны – супраць усяго, і ў той жа час веры ў годнасьць жыцьця яны цалкам не згубілі. Але, ня маючы будучыні, яны хочуць “усяго і адразу”. Таму і няздольныя гэтыя людзі да маральных ахвяраў, да сяброўства, каханьня. Усе гэтыя вартасьці – загадзя спаскуджаныя. Ванька Бянькоў, якога каханьне на момант ўзьнімае над гэтым няшчасным сьветам, набіраецца мудрасьці, якой хапае на… прасьцецкі крадзеж. Ды й ці магло б выжыць каханьне ў смуродзе побыту, бясконцых чэргах, у бойках, п’яных ванітах, у брудных жывёльных стасунках, у поўнай залежнасьці ад “законаў зоны”, пашыраных на ўсё грамадзтва? Героі Мудрова “перажываюць” рэчаіснасьць як вялікае расчараваньне, але нават ня могуць растлумачыць сабе, што зь імі робіцца.
Вінцэсь Мудроў у сваіх творах працягвае традыцыі эўрапейскай літаратуры аб лёсе “маленькага чалавека”. Ён паказвае жыцьцё ў грамадзтве аганізуючым ці нават памерлым. Але “жыцьцё пасьля сьмерці” – гэта жыцьцё бяспамяцьця, жыцьцё небясьпечнай, стыхійнай энэргіі “масаў”. Сапраўды, адсюль – гісторыя не аднаго злачынства.
---------------------------
* У літаратуразнаўстве (у В.Шклоўскага, М.Бахціна ды інш) гэта называецца “отстранением”, калі аўтар ці герой бачаць зьяву непрадузята, без уліку свайго мінулага досьведу, раптоўным, “сьвежым” поглядам. – А.Н.
** Гл.: Вінцэсь Мудроў “Гісторыя аднаго злачынства”. Мн., “Полымя”. С.48
*** Гл.2. С.79
**** Гл.: И.А.Бескова. «О природе трансперсонального опыта». «Вопросы философии». №2, 1994. С.40
***** Тамсама.
****** Калі чытала кніжку Мудрова, прыгадаўся мне дыялёг двух “рабацяг” на аўтобусным прыпынку. Адзін: -- Трэба штосьці з блёкам зрабіць. Як ты мяркуеш? Другі: -- Думаю, трэба зьмяніць хуткасьць. Будзе тады лябёдка падаваць зь іншай хуткасьцю.
І толькі я захапілася сваёю роляю сьведкі “рацпрапановы”, як ён, гэты другі, дадаў: --- Не пасьпееш выкурыць, як яно… ужо на рыштаваньні! – А.Н.
******* Гл.: 2. С.35
******** Тамсама С.8
********* Тамсама С.20
********** Гл. апісаньне летняй ночы ў аповесьці “Гісторыя аднаго злачынства”: “Надвор’е шаптала: пакінь свае турботы, упадзі ў капу маладой саломы, закінь за голаў рукі і глядзі, глядзі… на сьветлую вохру захаду, на Мілавіцу, на сярпок зялёнага маладзіка…”
*********** Кот Барыс – пэрсанаж некалькіх твораў Вінцэся Мудрова. Яго прататып жыў у Полацку ў 1981 – 1992 гг. – А.Н.
“Культура” №29 (190) 1995 г.