Караткевіч Уладзімір. На Беларусі Бог жыве...
Вершы, паэмы / Уладзімір Караткевіч; уклад. В. Шніпа.— Мінск : Маст. літ., 2008.— 254 с.— (Беларуская паэзія ХХ стагоддзя).
ISBN: 978-985-02-0985-6
У кнігу лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа Уладзіміра Караткевіча (1930—1984) увайшлі паэтычныя творы, якія даўно сталі класікай беларускай літаратуры. Яны вызначаюцца рамантычнай узнёсласцю і грамадзянскай страснасцю, нечаканай вобразнасцю і глыбінёй зместу.
Кніга Караткевіч Уладзімір. На Беларусі Бог жыве... на prastora.by
Уладзімір Караткевіч
На Беларусі Бог жыве
"На Беларусі Бог жыве",-
Так кажа мой просты народ.
Тую праўду сцвярджае раса у траве
І адвечны зор карагод.
Тую праўду сцвярджае
Упартасць хваль,
І продкаў запавет,
І мовы залатая сталь,
І нашых дум сусвет.
Тую праўду сцвярджае
Усё зноў і зноў
Ўсім лёсам,-
Няхай спакваля,-
У хмарах дубоў,
У вясёлках агнёў
Купальская наша зямля.
І няхай давядзе мне
Іншая кроў,
Што брашу,
Як сабачы сын,-
А няма нідзе
Вярнейшых сяброў
І прыгажэйшых жанчын.
Гэта край раскрытых душ і дзвярэй,
Гэты край -
Твой дом і сабор...
У нас дваццаць з лішнім тысяч рэк,
Адзінаццаць тысяч азёр.
Нам ёсць што піть,
З падмосткаў ліць,
Чым палі свае акрапіць,
А як давядзе, то ёсць нам дзе
І ворага ўтапіць.
І тая памяць жыве не ў царкве,
А ў кожнай жыве галаве:
"На Беларусі Бог жыве..." -
І хай сабе жыве.
А калі Ён шле на нас кару і гнеў,-
Ну што ж,- мы з ім свае:
У вяршыні самых гонкіх дрэў
Маланка б'е.
І пра тое кожны пяе салавей
Росным кветкам у роднай траве:
"На Беларусі Бог жыве..." -
І няхай да веку жыве.