Баршчэўская Ніна

Беларуская культурна-асьветніцкая дзейнасьць у паваеннай Польшчы

1.

Тыднёвік „Бацькаўшчына”, які выходзіў у Мюнхэне ў гадох 1947-1966, час ад часу зьмяшчаў публікацыі пра беларусаў у паваеннай Польшчы. Закраналіся такія тэмы, як: рэпатрыяцыя насельніцтва зь Беларусі ў Польшчу ды наогул колькасьць беларусаў у Польшчы, разьвіцьцё беларускае культуры, школьніцтва й беларускае мовы.

Закранаючы пытаньне беларусаў на тэрыторыі паваеннае Польшчы, аўтар „Бацькаўшчыны”, падпісаны ініцыяламі А. Б., адзначыў, што пасьля Другое сусьветнае вайны колькасьць беларускага карэннага насельніцтва ў Польшчы павялічылася дзясяткамі тысяч уцекачоў з БССР, якія ўцёкамі ў Польшчу спрабавалі ратавацца ад жорсткасьцяў савецкага рэжыму (А.Б., Беларускае пытаньне ў Польшчы, „Бацькаўшчына”, 25 сакавіка 1955, №№ 12-13 (242-243), Мюнхэн, с. 4).  У выніку гэтага, у Польшчы апынулася вялікая беларуская нацыянальная меншасьць з праявамі арганізацыйнага й нацыянальна-культурнага жыцьця.

Іншы публіцыст „Бацькаўшчыны”, схаваны за ініцыяламі А.Г. (крыптонім Аляксандра Марговіча), паставіўся крытычна да падлікаў, зьмешчаных у „Трыбуне Люду” (за „Бацькаўшчынай”: Е. Равіч, Беларусы ў Польшчы, „Трыбуна Люду”, 7-9 верасьня 1955), тым больш, што „Трыбуна” спаслалася толькі на вынікі, датычныя беларусаў на Беласточчыне, быццам бы ў іншых рэгіёнах Польшчы беларусаў увогуле не было. І так, згодна з дадзенымі „Трыбуны Люду”, на ўсходзе ў межах сучаснае Польшчы жыло каля 100 тысяч беларускага насельніцтва, якое найбольш кампактна пасяляла Бельскі, Гайнаўскі й Сакольскі паветы. Скрытыкаваў ён таксама тыднёвік беларусаў у Польшчы „Ніву” за пададзеную ёю колькасьць 143 тысяч беларусаў. Тым часам паводле перапісу насельніцтва з 14 лютага 1946 году, на самой Беласточчыне было 117 тысяч толькі праваслаўных беларусаў. Калі ўзяць пад увагу натуральны прырост, колькасьць беларусаў – жыхароў іншых рэгіёнаў Польшчы, у асноўным г. зв. зьвернутых заходніх земляў, ды беларусаў-каталікоў, дык агульная колькасьць беларусаў у Польшчы – па словах аўтара артыкулу – павінна быць значна большай. З гэтага публіцыст „Бацькаўшчыны” зрабіў сумную выснову, што ў Народнай Польшчы працягвалася практыка з часоў даваеннай Польшчы, калі беларусы-каталікі аўтаматычна залічаліся да польскае нацыі (А. Г., Да пытаньня Беларусаў у Польшчы, „Бацькаўшчына”, 8 красавіка 1956, № 15 (297), Мюнхэн, с. 1).

Канкрэтныя лічбы беларусаў у Польшчы прывёў на старонках мюнхэнскага тыднёвіка Алесь Крыга (псэўданім Станіслава Станкевіча). (Алесь Крыга, Лёс Беларусаў у Польшчы, „Бацькаўшчына”, 12 лютага 1961, № 7 (542), Мюнхэн, с. 1)  „Як паказваюць досьледы М. Волаціча, у межах сучаснае Польшчы пражывае наступная колькаьць беларускага насельніцтва: 1. у Беласточчыне – 691 000, 2. у заходніх акругах Польшчы – 350 000, 3. у Прусіі й Памор’і – 150 000, 4. у цэнтральнай Польшчы – 16 500; разам – 1 207 500 чалавек.” (За „Бацькаўшчынай”: Мікола Волаціч, Насельніцтва Заходняй Беларусі і яго перасяленьне між сучаснай Польшчай і БССР, у: Беларускі Зборнік Інстытуту Вывучэньня СССР, № 4, Мюнхэн 1956)

Несумненна, гэтыя дадзеныя значна перабольшваюць сапраўдную колькасьць беларускага насельніцтва ў Польшчы.

Публіцысты „Бацькаўшчыны” параўноўвалі сытуацыю беларусаў у даваеннай Польшчы ды ў паваеннай і адзначалі, што ў паваеннай, а асабліва ад 1956 году, яна значна зьмянілася на карысьць беларускага насельніцтва.

Аўтар, падпісаны ініцыяламі А. Г., спаслаўся на „Трыбуну Люду”, на старонках якой Е. Равіч, гаворачы аб даваенным становішчы беларусаў пад санацыйнай Польшчай, адзначыў варожае стаўленьне польскіх уладаў да ўсяго беларускага, перасьледы беларускае мовы, арышты за беларускую дзейнасьць і г. д. (За „Бацькаўшчынай” : Е. Равіч, Беларусы ў Польшчы, „Трыбуна Люду”, 7-9 верасьня 1955)

Алесь Крыга зьвярнуў увагу на тое, што й пры ПНР да 1955 году нават сярод карэннага беларускага насельніцтва Беласточчыны забаронена была нацыянальная праца. Толькі ў кастрычніку 1956 году было створана Беларускае грамадзка-культурнае таварыства, пачаў выходзіць тыднёвік „Ніва” ды паадкрываліся на беларускай тэрыторыі Беласточчыны беларускія пачатковыя й сярэднія школы. (Алесь Крыга, Лёс Беларусаў у Польшчы, „Бацькаўшчына”, 12 лютага 1961, № 7 (542), Мюнхэн, с. 1)

„Бацькаўшчына” пісала пра горшае становішча тых беларусаў, якія перасяліліся з БССР на землі заходніх ваяводзтваў, далучаныя да Польшчы пасьля апошняе вайны. Падавалі яны сябе за палякаў, хаця гэта былі – па словах Алеся Крыгі – „чыстакроўныя беларусы”: у асноўным каталікі, але не бракавала й праваслаўных. Уладам Беларусі гэта адпавядала, таму што аслабляўся беларускі нацыянальны патэнцыял, а на месца пераселеных жыхароў у Беларусі насаджваўся расейскі элемэнт. Аўтар публікацыі адзначыў, што па-за Беласточчынай аддзелы Беларускага грамадзка-культурнага таварыства былі толькі ў Варшаве й Шчэціне. (Тамсама)

2.

У публікацыі Лёс Беларусаў у Польшчы Алесь Крыга (псэўданім Станіслава Станкевіча) спаслаўся на дасьледаваньне Казіміра Жыгульскага (За „Бацькаўшчынай”: Казімір Жыгульскі, Культурная адаптацыя рэпатрыянтаў на Землях Заходніх, у: „Przegląd Socjologiczny”), зь якога вынікала, што ў сем’ях, аселеных пасьля 1955 году на землях заходніх ваяводзтваў Польшчы, бальшыня прыбылых карысталася дзвюма-трыма мовамі: беларускай і польскай, расейскай і польскай, украінскай і польскай, а нават казахскай і расейскай. У штодзённым жыцьці 57% перасяленцаў не карысталіся польскай мовай. У хуткім часе гэтая сытуацыя пачала зьмяняцца, таму што прыбылыя рабілі вялікія натугі, каб як найхутчэй добра авалодаць польскай мовай, і таму працэнт сем’яў, якія дома размаўлялі па-польску, пачаў хутка расьці – з 27% да 72%. Сярод перасяленцаў – па словах А. Крыгі – найдаўжэй сваю нацыянальнасьць захоўвалі беларусы, але ў аўтара артыкулу не было сумневаў, што пасьля заканчэньня польскіх школаў, уліўшыся ў вір польскага жыцьця, яны нічога не захаваюць ад свае беларускасьці. „А таму й гэты бальшавіцкі экспэрымэнт – стварэньне ўмоваў для перасяленьня Беларусаў у Польшчу трэба разглядаць, як адзін з многіх праступных спосабаў нацыянальнага нішчэньня беларускага народу.” (Алесь Крыга, Лёс Беларусаў у Польшчы, „Бацькаўшчына”, 12 лютага 1961, № 7 (542), Мюнхэн, с. 1)

„Бацькаўшчына”, інфармуючы сваіх чытачоў аб цяжкім лёсе беларусаў, раскіданых па цэлай Польшчы, працытавала публікацыю, зьмешчаную ў беластоцкай „Ніве”: „Людзі адарваныя ад свайго ўласнага асяродзьдзя зьяўляюцца чужымі, часта навет саромяцца сваёй нацыянальнасьці. Навет тыя, каторыя ў беларускім асяродзьдзі сьмела заяўляюць, што яны Беларусы, тут у новым грамадзкім згрупаваньні нясьмела разглядаюцца каля кіёска, калі хочуць купіць нумар „Нівы”. (...) Сьветчыць гэта аб тым, што прагнасьць беларускага друкаванага слова ёсьць даволі вялікая. (...) Справа дастатковага забесьпячэньня ў беларускае друкаванае слова – гэта вельмі важная справа. Абмяжоўвацца да культурна-грамадзкай дзейнасьці да межаў Беластоцкага ваяводзтва – гэта памылковая думка. Жыцьцё паказвае, як разьвіваецца культурная праца Беларусаў у некаторых асяродках даволі далёка аддаленых ад Беласточчыны (Варшава, Шчэцін). Можа яна разьвівацца й яшчэ ў іншых асяродзьдзях, калі Беларускае Грамадзка-Культурнае Таварыства паможа яму нарадзіцца.” (З жыцьця Беларусаў пад Польшчай, „Бацькаўшчына”, 9 лютага 1958, № 6 (392), Мюнхэн, с. 4) 

І таму перад другім сваім зьездам Беларускае грамадзка-культурнае таварыства вырашыла запрасіць: з аднаго боку – прадстаўнікоў павятовых аддзелаў, а з другога – прадстаўнікоў беларускага насельніцтва іншых ваяводзтваў, каб наладзіць зь імі сувязь і ўключыць да працы ў таварыстве.

Беларускі эміграцыйны тыднёвік уважліва сачыў за публікацыямі ў „Ніве” й заўважыў адсутнасьць некаторых тэмаў, на якія раней „Ніва” зьвяртала асаблівую ўвагу. І так, ананімны аўтар эміграцыйнай газэты адзначыў, што, нягледзячы на заяўленьні БГКТ аб пашырэньні свае дзейнасьці на беларусаў, пражываючых на заходніх землях Польшчы ды на тэрыторыі былое Ўсходняе Прусіі, ніякіх вестак аб такой дзейнасьці нельга было знайсьці на старонках „Нівы”, за выняткам гуртка БГКТ у Шчэціне. (А. Г. – крыптонім Аляксандра Марговіча, З жыцьця Беларусаў пад Польшчай, „Бацькаўшчына”, 22 лютага 1960, №№ 7-8 (443-444), Мюнхэн, с. 7)

У Польшчы з 30 верасьня па 9 кастрычніка 1955 году праводзіліся Дні беларускай культуры. Выклікалі яны шырэйшае зацікаўленьне беларусамі сярод польскай тагачаснай прэсы. „Бацькаўшчына” таксама дала справаздачу зь іх адкрыцьця. Урачыстасьць была наладжана 30 верасьня ў варшаўскім опэрным тэатры ў прысутнасьці поўнага складу ўраду ды прадстаўнікоў партыі. Адкрыў яе старшыня Саюзу польскіх пісьменьнікаў Леон Кручкоўскі. Потым выступілі польскі й беларускі міністры культуры: В. Сакорскі й Г. Кісялёў. Затым адбыўся вялікі канцэрт з удзелам беларускіх і польскіх артыстаў. Гэта быў толькі пачатак. Пазьней хваля падобных мерапрыемстваў пракацілася па іншых польскіх гарадох: Лодзі, Беластоку, Познані, Белавежы, Кракаве. Беларускія паэты, пісьменьнікі, мастакі пачалі свае гастролі па Польшчы, якія працягнуліся да 9 кастрычніка. (А. Г. – крыптонім Аляксандра Марговіча, Дні беларускай культуры ў Польшчы, „Бацькаўшчына”, 30 кастрычніка 1955, № 44 (274), Мюнхэн, с. 2-3)

У Польшчы беларускай культурнай дзейнасьцю ў асноўным займалася Беларускае грамадзка-культурнае таварыства. Беларускі эміграцыйны тыднёвік паведаміў, што гарадзкі аддзел БГКТ у Беластоку адзначыў першую гадавіну свайго існаваньня. Гэты аддзел за год свае працы здолеў згуртаваць вакол сябе больш за 400 дзейных сяброў, лік якіх пабольшваўся з кожным днём. Пры аддзеле была зарганізаваная бібліятэка з 2000 тамоў, якой карысталася больш за сотню сталых чытачоў. Эстрадная група, якая існавала пры аддзеле, была вядомая сваімі мастацкімі выступамі ня толькі жыхарам Беластоку, але й іншых мясцовасьцяў. (Нашыя суродзічы ў Польшчы, „Бацькаўшчына”, 27 верасьня 1959, № 36 (472), Мюнхэн, с. 4) 

3.

У 50-х гадох ХХ ст. у Польшчы існавала адна беларуская аргагізацыя – Беларускае грамадзка-культурнае таварыства. Адным з важных пунктаў ІІІ Зьезду БГКТ у 1960 годзе была дзейнасьць беларусаў у Польшчы ў галіне культуры. Былі прынятыя пастановы, якімі мела кіравацца новавыбраная Ўправа Таварыства з старшынём Уладзімерам Станкевічам. Вось важнейшыя з гэтых пастановаў:

- умацоўваць існуючыя гурткі мастацкай самадзейнасьці й арганізаваць новыя ды праяўляць клопат, каб мясцовыя калектывы свой рэпэртуар апіралі на мясцовы фальклёр;

- пастарацца стварыць пры Беластоцкім музэі беларускі аддзел, які пасьля мог бы служыць базай для самастойнага Беларускага музэя.

Такія асноўныя мэты паставіла перад сабой БГКТ у 1960 годзе. (ІІІ Зьезд БГКТ у Польшчы, „Бацькаўшчына”, 3 ліпеня 1960, № 26 (510), Мюнхэн, с. 3) У той час таварыства мела 7 павятовых аддзелаў, 2 гарадзкія (у Беластоку й Варшаве) і гурток у Шчэціне. Усяго разам Таварыства налічвала 119 гурткоў, да якіх належала 3395 сяброў.

Разьвіцьцё мясцовай беларускай культуры шырока асьвятляла „Ніва”, публікацыі якой перадрукоўвала мюнхэнская „Бацькаўшчына”. (Ніва й Беларусы ў Польшчы, „Бацькаўшчына”, 16 верасьня 1956, № 38 (320), Мюнхэн, с. 2-3)

Беларускае насельніцтва ў Польшчы атрымала шырокія магчымасьці культурнага разьвіцьця. Створаны шматлікія беларускія пачатковыя й сярэднія школы, у якіх беларуская моладзь вучыцца на сваёй роднай мове. Разьвіваюцца калектывы мастацкае самадзейнасьці, выдаецца штотыднёвік „Ніва”, праводзіцца культурная праца ў гарадох і вёсках Беласточчыны. Аднак гэтыя дасягненьні яўна недастатковыя, а ўзровень культурна-асьветнае працы шмат дзе застаецца яшчэ нізкім. Найвялікшым недахопам, які сур’ёзна стрымлівае далейшае разьвіцьцё культурнае працы сярод беларускага насельніцтва, зьяўлаецца войстры недахоп кадраў з добрымі ведамі беларускае мовы й літаратуры, свае гісторыі, культуры й народных традыцыяў.” (За „Бацькаўшчынай”: „Ніва”, 12 жніўня 1956 г.; А. Г. (крыптонім Аляксандра Марговіча), З жыцьця Беларусаў пад Польшчай, „Бацькаўшчына”, 22 лютага 1960, №№ 7-8 (443-444), Мюнхэн, с. 7)

„Бацькаўшчына” адзначала, што за двухгадовы пэрыяд дзейнасьці БГКТ заснававала 30 мастацкіх калектываў, якія далі звыш 300 выступленьняў. (З жыцьця Беларусаў пад Польшчай, „Бацькаўшчына”, 9 лютага 1958, № 6 (392), Мюнхэн, с. 4)

Мюнхэнскі тыднёвік зьвярнуў увагу на канфэрэнцыю кіраўнікоў мастацкіх аддзелаў, якая адбылася 19 чэрвеня ў Гайнаўцы зь ініцыятывы Ўправы аддзелу БГКТ у гэтым горадзе. З дыскусіяў вынікала, што калі драматычныя гурткі забясьпечаныя рэпэртуарным матэрыялам, дык горш справа прадстаўлялася з хорамі й танцавальнымі гурткамі. Яны адчувалі вялікі недахоп рэпэртуару. (З жыцьця Беларусаў пад Польшчай, „Бацькаўшчына”, 31 ліпеня 1960, № 30 (514), Мюнхэн, с. 4)
 
Крыху раней, 10 чэрвеня ў памяшканьні Варшаўскага аддзелу БГКТ Дыскусійны клюб сарганізаваў сустрэчу, на якой на падставе артыкулу І. Палуяна абмяркоўвалася тэма ўзьнікненьня й дзейнасьці Беларускай сялянска-работніцкай Грамады ў Заходняй Беларусі ў гадох 1925-1926. (Тамсама)
 
Чарговае паведамленьне беларускага эміграцыйнага тыднёвіка датычыла ўзьнікненьня пры Беластоцкім аддзеле Польскага этнаграфічнага таварыства Беларускай этнаграфічнай сэкцыі. Навуковым сакратаром сэкцыі быў выбраны Мікалай Гайдук. Мэтай сэкцыі было зьбіраньне фальклёру й інфармацыі аб беларускай народнай культуры на Беласточчыне, пашырэньне сярод польскіх вучоных зацікаўленьня гэтай культурай, ладжаньне выставаў беларускага народнага мастацтва. Сэкцыя хутка прыступіла да працы й пачала рыхтаваць у Беластоку выставу беларускага народнага мастацтва, якая потым павінна была экспанавацца ў павятовых мястэчках. Плянавалася на базе гэтай выставы стварыць у Бельску пачаткі Беларускага музэя. Беларуская этнаграфічная сэкцыя занялася таксама арганізацыяй па мясцох гурткоў фальклярыстаў-аматараў. У хуткім часе паўсталі 2 гурткі ў асяродзьдзі настаўнікаў, у якіх згуртавалася 58 асоб. Больш каштоўныя запісы й дасьледаваньні зь беларускага фальклёру апрацоўваліся да публікацыі ў „Ніве”, а таксама ў зборніку навуковых дасьледаваньняў, які рыхтаваўсся да выданьня Беларускім грамадзка-культурным навуковым таварыствам. (Нашыя сродзічы ў Польшчы, „Бацькаўшчына”, 27 верасьня 1959, № 36 (472), Мюнхэн, с. 4)

Сярод іншых падзеяў „Бацькаўшчына” зьвяртала ўвагу на ўзнаўленьне 13 чэрвеня, пасьля некалькімесячнага перапынку, перадачаў на беларускай мове, трансьляваных бельскім павятовым радыёвузлом. Радыёперадачы рыхтаваліся павятовым аддзелам БГКТ у Бельску-Падляскім, які дзеля гэтага паклікаў адмысловую сэкцыю радыёперадачаў. Сэкцыя рэгулярна рыхтавала перадачы з жыцьця беларускага жыхарства Бельскага павету. (З жыцьця Беларусаў пад Польшчай, „Бацькаўшчына”, 31 ліпеня 1960, № 30 (514), Мюнхэн, с. 4) 

Усьлед за „Нівай”, „Бацькаўшчына” сачыла за зборам сродкаў на пабудову помніка Катусю Каліноўскаму. Між іншага, дзякуючы стараньням Камітэту пабудовы помніка, вуліца Новасасновая ў Беластоку была перайменаваная ў вуліцу Кастуся Каліноўскага. У памяць К. Каліноўскага 22 ліпеня 1959 году ў Мастаўлянах была адкрытая мэмарыяльная дошка, умураваная ў сьцяну мясцовае школы, якой адначасова было прысвоена імя К. Каліноўскага. (Нашыя суродзічы ў Польшчы, „Бацькаўшчына”, 27 верасьня 1959, № 36 (472), Мюнхэн, с. 4)

4.

Падобным чынам, як у выпадку разьвіцьця беларускай культуры ў Польшчы, гэтак і ў выпадку разьвіцьця беларускага школьніцтва, „Бацькаўшчына”, параўноўваючы сытуацыю ў даваеннай і паваеннай Польшчы, падкрэсьлівала зьмену ў лепшым напрамку, пачынаючы з 1956 году.

Калі ў 1921 годзе быў падпісаны ў Рызе мір паміж бальшавікамі й Польшчаю, то, згодна з польскай Канстытуцыяй, усе нацыянальныя мяншыні мелі права вучыць сваіх дзяцей у роднай мове. Аднак гэтыя законы для беларусаў былі толькі на паперы – заўважыў Пласкавіцкі – бо ня толькі не адкрываліся беларускія школы, але паступова закрываліся ўжо існуючыя, што ўтрымоўваліся коштам саміх бацькоў. (Пласкавіцкі, Да праблемы беларускіх школаў у перадваеннай Польшчы, „Бацькаўшчына”, 11 лютага 1956,№№ 6-7 (288-289), Мюнхэн, с. 6)

У 1926-1927 гадох Таварыства Беларускае Школы ў Вільні з дапамогаю Беларускага Пасольскага Клюбу, дзеля ратунку беларускага школьніцтва, пачало акцыю складаньня дэклярацыяў. Якую вялікую падтрымку гэтае справы выказала беларускае насельніцтва, сьветчыць факт, што на працягу некалькіх месяцаў было складзена дзесяткі тысяч дэклярацыяў. Іх прысылалі ў галоўную ўправу Таварыства Беларускае Школы ў Вільню, а адтуль ужо гэтыя дэклярацыі накіроўваліся да Акруговага Інспэктарыяту. Аднак ня інспэктар накладаў на іх рэзалюцыі, а яны чамусьці йшлі далей – да рэфэрэнта... дзяржаўнае бясьпекі, які даручаў сваім урадаўцам «заняцца» пытаньнем беларускіх школаў...

У вызначаны дзень усе бацькі-Беларусы, што злажылі дэклярацыі, павінны былі зьявіцца ў воласьць, дзе прысланы ўрадавец праводзіў розныя допыты: чаму хочаш беларускай школы? чаму не пасылаеш дзяцей у польскую? хто намовіў падпісаць? і г.д., і г.д. Некаторым бацьком давалі падпісваць, пад загрозаю паліцыйнае кары, гатовыя пратаколы, не знаёмячы навет з іхным зьместам. Даводзілася падпісваць хвальшывыя заявы й дадзеныя, і на гэтым канчалася ўся справа.” (Тамсама )

Незайздроснай была сытуацыя беларускага школьніцтва ў Польшчы й пасьля Другой сусьветнай вайны. На тэрыторыі Бельскага, Гайнаўскага й Сакольскага паветаў у жніўні 1946 году польскія ўлады перавялі ўсю адукацыю на польскую мову. (А. Г. - крыптонім Аляксандра Марговіча, Дні беларускай культуры ў Польшчы, „Бацькаўшчына”, 30 кастрычніка 1955, № 44 (274), Мюнхэн, с. 2-3)

Пазьней наступілі зьмены ў лепшым напраму. „Бацькаўшчына” спаслалася на „Советскую Белоруссию” з 2 кастрычніка 1955 году, якая апублікавала выказваньне міністра асьветы ПНР Ярасінскага, дзе міністар прывёў дадзеныя аб беларускім школьніцтве ў Польшчы. Па ягоных словах, у Польшчы беларускую (родную) мову й беларускую літаратуру як абавязковы прадмет у той час вывучала 5530 беларускіх дзяцей. У Польшчы былі адчынены 62 сяміклясавыя беларускія школы, у якіх вучылася 4500 дзяцей, дзьве сярэднія школы на 600 месцаў, дзьве пэдагагічныя школы на 250 месцаў. (Тамсама)

Колькасьць беларускіх школ хутка расла. Спасылаючыся на публікацыю ў „Трыбуне Люду”, „Бацькаўшчына” паведамляла, што на Беласточчыне паявіліся сярэднія школы зь беларускай мовай навучаньня, адна сярэдняя школа, дзе беларуская мова навучалася, як прадмет, а таксама 156 школаў пачатковых, дзе беларуская мова зьяўлялася або мовай навучаньня, або прадметам. Апрача гэтага ў Бельску быў заснаваны Агульнаадукацыйны беларускі ліцэй, які быў адкрыты ў 1949 годзе. Падобны ліцэй адчыніў свае дзьверы таксама ў Гайнаўцы. Даплыў вучняў у гэтыя дзьве школы быў даволі значны. (Тамсама) 

Як паведамлялася на ІІІ Зьезьдзе БГКТ, што адбыўся 29 траўня 1960 году, на Беласточчыне былі 43 пачатковыя школы зь беларускай мовай навучаньня й 127 школ зь беларускай мовай як прадметам, з агульнай колькасьцю каля 12 тысяч дзяцей. Існавалі таксама беларускія сярэднія школы: Беларускі ліцэй у Гайнаўцы й Беларускі ліцэй у Бельску-Падляскім ды беларускія клясы ў Пэдагагічным ліцэі ў Бельску. Беларускя мова як прадмет выкладалася ў ліцэі ў Міхалове й ліцэі ўзгадавальніц дзіцячых садкоў у Беластоку. (ІІІ Зьезд БГКТ у Польшчы, „Бацькаўшчына”, 3 ліпеня 1960, № 26 (510), Мюнхэн, с. 3)

5.

У Польшчы праводзіліся розныя канфэрэнцыі й сэмінары, прысьвечаныя стану адукацыі нацыянальных меншасьцяў.

Мюнхэнскі тыднёвік паведамляў пра павятовую канфэрэнцыю настаўнікаў беларускае мовы, што адбылася 14 сьнежня 1957 году ў Саколцы. На канфэрэнцыі было сьцьверджана, што беларуская асьвета на Сакольшчыне натыкаецца на розныя цяжкасьці й слаба разьвіваецца. Абмяркоўвалася таксама справа сарганізаваньня курсаў беларускай мовы для дарослых. (З жыцьця Беларусаў пад Польшчай, „Бацькаўшчына”, 9 лютага 1958, № 6 (392), Мюнхэн, с. 4)

Спасылаючыся на тыднёвік беларусаў у Польшчы – „Ніву”, „Бацькаўшчына” паведамляла, што напрыканцы 1957 году ў Міністэрстве асьветы адбылася канфэрэнцыя, прысьвечаная разгляду сытуацыі адукацыі нацыянальных меншасьцяў у Польшчы. У разгорнутых пасьля дакладу дыскусіях падкрэсьлівалася аб незадавальняючым стане беларускага школьніцтва. Асноўныя прычыны такога стану – гэта перадусім недахоп кваліфікаваных кадраў і адпаведных падручнікаў. (Тамсама)

 У сувязі з гэтым зьявілася неабходнасьць стварыць у Варшаўскім унівэрсытэце Катэдру беларускае мовы й літаратуры, пра што напісаў Е. Равіч на старонках „Трыбуны Люду”, інфармацыю зь якой перадрукавала „Бацькаўшчына”. (А. Г. – крыптонім Аляксандра Марговіча, Дні беларускай культуры ў Польшчы, „Бацькаўшчына”, 30 кастрычніка 1955, № 44 (274), Мюнхэн, с. 2-3)

Газэта прыдавала вельмі важнае значэньне пастанове Міністэрства вышэйшых школ у Варшаве аб пакліканьні да жыцьця Катэдры беларускае філялёгіі пры Філялягічным факультэце Варшаўскага ўнівэрсытэту, якая пачала працу з кастрычніка 1956 году пад кіраўніцтвам прафэсара Антаніны Абрэмбскай-Яблонскай. На першы курс плянавалася прыняць 20 студэнтаў. Катэдра атрымлівала дапамогу ад беларускіх навукоўцаў, якія прыязджалі ў Варшаву зь лекцыямі, і мела супрацоўнічаць з сэкцыяй беларускае мовы пры Завочнай настаўніцкай студыі, якая арганізавалася ў Беластоку.( Ніва й Беларусы ў Польшчы, „Бацькаўшчына”, 16 верасьня 1956, № 38 (320), Мюнхэн, с. 2) 

На канфэрэнцыі, наладжанай Міністэрствам асьветы, прапанавалася: сарганізаваць сыстэматычнае ўдасканальваньне пэдагагічных кадраў, узмоцніць рэкрутацыю на Катэдру беларускай філялёгіі пры Варшаўскім унівэрсытэце і на Настаўніцкую студыю ў Беластоку, якая пачала свой навучальны год 28 сьнежня 1957 году. Годам пазьней беларускую філялёгію вывучала там 44 настаўнікаў, сярод іх 23 на першым курсе. (З жыцьця Беларусаў пад Польшчай, „Бацькаўшчына”, 9 лютага 1958, № 6 (392), Мюнхэн, с. 4)

„Бацькаўшчына” паведамляла, што ў Польшчы вывучэньню беларускае мовы адводзілася значнае месца ў праграме падрыхтоўкі спэцыялістаў славянскае філялёгіі. У Варшаўскім унівэрсытэце чытаўся курс лекцыяў па сучаснай беларускай мове й праводзіліся практычныя заняткі. З гэтага відаць, што ў Польшчы закраналася беларускае пытаньне ды абмяркоўвалася даволі шырока, што зьяўлялася вынікам, з аднаго боку, актыўнай дзейнасьці саміх беларусаў, а з другога – сымпатыяў да беларусаў з боку палякаў. (А. Б., Беларускае пытаньне ў Польшчы, „Бацькаўшчына”, 25 сакавіка 1955, №№ 12-13 (242-243), Мюнхэн, с. 4)
 
Шмат было на старонках „Бацькаўшчыны” таксама й крытыкі, датычнай спосабу навучаньня, напр. спосабу правядзеньня ўступных экзаменаў на аддзел беларускай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту ў другой палове верасьня 1958 году, а менавіта таго, што кандыдаты маглі здаваць пісьмовы экзамен зь беларускае альбо расейскае мовы, а вусны – з польскае й беларускае літаратуры. П. Залужны зь іроніяй адзначыў, што ня толькі ў Беларусі хуткімі тэмпамі праводзіцца русыфікацыя й дэнацыяналізацыя беларускага народу, але нават у Польшчы беларуская мова так лёгка можа падмянаяцца расейскай. Аўтар заўважыў, што беларуская моладзь у Польшчы, несумненна, нядрэнна ведае польскую мову, а беларуская мова гэтак жа параднёная з польскай мовай, як і з расейскай. Да гэтага яшчэ даходзіць польская дзяржаўная прыналежнасьць беларускае моладзі ды факт, што гэтая моладзь паступае на аддзел беларускай філялёгіі польскага ўнівэрсытэту. У сувязі з гэтым лягічна было б на першы плян высунуць калі не беларускую, дык польскую мову, а расейшчыну адсунуць на задні плян. „Гэтае зьявішча замены беларускае мовы расейскай пры ўступных экзаменах на аддзел беларускай філялёгіі можа ўважацца такім чынам нічым іншым, як толькі сьведамым ціскам Масквы, ськіраваным на русыфікаваньне беларускае моладзі.” (П. Залужны, Расейшчына й беларускае грамадзтва ў Польшчы, „Бацькаўшчына”, 14 верасьня 1958, № 35 (421), Мюнхэн, с. 2)

Чарговае паведамленьне „Бацькаўшчыны” датычыць Завочнай настаўніцкай студыі ў Беластоку, якая 29 ліпеня 1959 году ўручыла дыплёмы 35 выпускніком, зь якіх 17 было з аддзяленьня беларускае філялёгіі. Гэта былі першыя выпускнікі беларускае філялёгіі. Побач з маладымі, дыплёмы атрымалі таксама старэйшыя векам настаўнікі. (Нашыя суродзічы ў Польшчы, „Бацькаўшчына”, 27 верасьня 1959, № 36 (392), Мюнхэн, с. 4)

6.

У часе ІІІ Зьезду БГКТ, што адбыўся 29 траўня 1960 году ў Беластоку, Беларускае грамадзка-культурнага таварыства  прыняло пастанову па пытаньнях беларускае асьветы ў Польшчы, у якой гаварылася, што:

- таварыства павінна кіраваць усе сілы на прапаганду беларускае асьветы;

- трэба стварыць Стыпэндыяльную раду, якая, зьбіраючы ахвяраваньні на стыпэндыяльны фонд, несла б матэрыяльную дапамогу школьнай моладзі;

- да працы таварыства трэба больш прыцягваць інтэлігенцыю, а асабліва настаўнікаў і спэцыялістаў розных галін навукі й тэхнікі;

- прыкласьці намаганьні, каб пры Катэдры беларускае філялёгіі ў Варшаве зарганізаваць завочную Студыю для настаўнікаў беларускае мовы, якія, ня маючы поўнай вышэйшай адукацыі, маглі б яе здабыць завочна;

- трэба таксама больш апекавацца студэнтамі й дапамагаць выпускніком вышэйшых навучальных установаў уладжвацца на працу. (ІІІ Зьезд БГКТ у Польшчы, „Бацькаўшчына”, 3 ліпеня 1960, № 26 (510), Мюнхэн, с. 3)

Пра тое, якімі павінны быць настаўнікі беларускае мовы, пісала таксама „Ніва”, на якую пазьней спасылалася „Бацькаўшчына”. І так: „Беларускі настаўнік павінен імкнуцца абудзіць зацікаўленьне да беларускай мовы, як да мовы роднай. Вучань пачатковай, сярэдняй школы павінен бачыць усю яе прыгажосьць, багацьце, гістарычную спадчыну. Настаўнік павінен навучаць ад сэрца.” (Ніва й Беларусы ў Польшчы, „Бацькаўшчына”, 16 верасьня 1956, № 38 (320), Мюнхэн, с. 2)

 Апрача гэтага, настаўнік павінен арганізаваць культурнае жыцьцё ў школе, забясьпечваць бібліятэкі беларускімі кніжкамі, павінен прапагаваць беларускую культуру, гісторыю, арганізаваць гурткі мастацкае самадзейнасьці й калектыўнага жыцьця сярод моладзі й старэйшых.

Усьлед за „Нівай”, „Бацькаўшчына” адзначала як добрую й карысную зьяву тое, што шматлікія беларускія настаўнікі Беласточчыны выкарыстоўвалі час летняга адпачынку на павышэньне сваіх пэдагагічных кваліфікацыяў і вучыліся ці то ў завочнай Настаўніцкай студыі ў Беластоку, ці ў іншых вышэйшых навучальных установах Варшавы, Кракава, Ольштына. На 1 курс беларускай філялёгіі ў 1960 г. здало экзамены 18 настаўнікаў. (З жыцьця Беларусаў пад Польшчай, „Бацькаўшчына”, 31 ліпеня 1960, № 30 (514), Мюнхэн, с. 4)

Істотныя праблемы ў дыдактычным працэсе выклікала адсутнасьць добрых падручнікаў. „Бацькаўшчына” зьвяртала ўвагу на інфармацыю, што ў Польшчы была выдадзена пэўная колькасьць падручнікаў, але аказалася, што яны, маўляў, маюць шмат моўных памылак. Меркаваньнем „Бацькаўшчыны”, згаданыя моўныя памылкі гэта вынаходзтва бальшавікоў, якія схамянуліся, што беларуская мова падручнікаў, выдадзеных у Польшчы, розьніцца ад афіцыйнага беларуска-расейскага жаргону, прынятага ў БССР. У выніку гэтага, бібліятэкі беларускіх школаў на Беласточчыне запоўніліся кніжкамі й падручнікамі, пераважна выдадзенымі ў Менску. (А. Г. – крыптонім Аляксандра Марговіча, Дні беларускай культуры ў Польшчы, „Бацькаўшчына”, 30 кастрычніка 1955, №№ 44 (274), Мюнхэн, с. 2-3) 

„Да гэтага даходзіць яшчэ й іншае адмоўнае зьявішча: беларускае грамадзтва ў Польшчы ня можа самастойна шырэй распрацоўваць пытаньні гісторыі й культуры собскага народу. «Распрацаваная» гісторыя й культура беларускага народу яму прыпадносіцца з БССР, якая й навадняе вучэбную праграму беларускіх дзяцей, юнакоў і студэнтаў у Польшчы, атручваючы адначасна й старэйшых. Сумная справа, але сумнеўнае пытаньне, хто выйдзе з такога юнака – Беларус ці Расеец паводля культуры, – калі ён толькі й будзе ўзгадоўвацца на такіх хвальшыўках і прарасейскіх панэгірыках, як прыкладам Гісторыя БССР выданьня Акадэміі Навук БССР ды падобных ёй іншых савецка-беларускіх «<грунтоўных» працах зь «беларусаведы»” (П. Залужны, Расейшчына й беларускае грамадзтва ў Польшчы, „Бацькаўшчына”, 14 верасьня 1958, № 35 (421), Мюнхэн, с. 2)

Ніна Баршчэўская