Баршчэўская Ніна

Беларускае культурна-асьветнае жыцьцё ў ІІ Рэчыпаспалітай

1.

Беларускія эміграцыйныя газэты вялікую ўвагу зьвярталі на ўмовы разьвіцьця беларускай культуры на цэлым сьвеце, між іншым, таксама ў Польшчы.

Трэба заўважыць, што такога роду публікацыяў не было многа. Вялікая частка гэтых артыкулаў закранала пытаньні ўзаемапраніканьня польскай і беларускай культур у пэрыяд XV-XVIII стагодзьдзяў. Нямала было таксама паведамленьняў пра разьвіцьцё беларускай культуры й асьветы ў Польскай Народнай Рэспубліцы. Пытаньні беларускага культурна-асьветнага жыцьця ў ІІ Рэчыпаспалітай закраналіся на старонках такіх газэтаў, як: ,,Іскры Скарыны”, ,,Бацькаўшчына” й ,,Запісы”. Прыгадаю, што ,,Іскры Скарыны” – гэта гісторыка-публіцыстычны часопіс, які выдаваўся ў 1931-1935 гадох у Празе Беларускім (Крывіцкім) культурным таварыствам імя Ф. Скарыны; ,,Бацькаўшчына” – гэта беларускі эміграцыйны тыднёвік палітыкі, культуры й грамадзкага жыцьця, які  выходзіў у Мюнхэне ў гадох 1947-1966; а ,,Запісы” – навуковы часопіс Беларускага інстытуту навукі й мастацтва пачаў выдавацца ў 1952годзе ў Нью-Ёрку й выходзіць па сёньняшні дзень. У гадох 1962-1970 друкаваўся ў Мюнхэне.
 
На старонках ,,Бацькаўшчыны” з 11 лютага 1956 году паявіўся ўспамін Пласкавіцкага пад назовам Да праблемы беларускіх школаў у перадваеннай Польшчы (у: ,,Бацькаўшчына”, № 6-7, Мюнхэн, 11 лютага 1956, с. 6). Аўтар публікацыі адзначае, што ,,калі ў 1921 годзе быў падпісаны ў Рызе мір паміж бальшавікамі й Польшчаю, то, згодна з польскай канстытуцыяй, усе нацыянальныя мяншыні мелі права вучыць сваіх дзяцей у роднай мове. Аднак гэтыя законы для Беларусаў былі толькі на паперы, бо ня толькі не адкрываліся беларускія школы, але паступова закрываліся ўжо існуючыя, што ўтрымоўваліся коштам саміх бацькоў”. (Тамсама)

Прычынай гэтакага стану рэчаў была дзяржаўная палітыка – уважае Андрэй Багровіч, аўтар рэцэнзіі публікацыі Чэслава Мадайчыка пра дакумэнты, датычныя нацыянальнай палітыкі польскіх уладаў пасьля травеньскага перавароту (Czesław Madajczyk. Dokumenty w sprawie polityki narodowościowej władz polskich po przewrocie majowym („Dzieje najnowsze”, Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, Instytutu Historii Polskiej Akademii Nauk, rocznik IV, № 3, 1972, 137-169), у: ,,Запісы”, № 13, Нью-Ёрк 1975, с. 125-130).

 Беларускі эміграцыйны дасьледнік зьвяртае ўвагу на асыміляцыйную палітыку ўрадаў Польшчы міжваеннае пары да жыхароў няпольскай нацыянальнасьці, якія складалі каля 40% усяго насельніцтва дзяржавы. Па словах А. Багровіча, зьмены палітыкі ў гэтай галіне паасобных урадаў былі зьменамі толькі спосабаў дэнацыяналізацыі.

Сярод разгляданых дакумэнтаў першы – гэта пратакол паседжаньня 1926 году першага санацыйнага ўраду, а другі – пратакол канфэрэнцыі ў 1929 годзе ў Луцку „крэсовых” ваяводаў.

На паседжаньні Рады Міністраў Польшчы 18 жніўня 1926 году былі прысутныя ўсе 12 міністраў, улучна зь Юзэфам Пілсудзкім, які ва ўрадзе займаў тады пасаду міністра вайсковых справаў. Нараду вёў прэм’ер Казімеж Бартэль, які выказаў агульны погляд на стан нацыянальнага пытаньня ў дзяржаве. Між іншым, сказаў ён, што справу трэба паставіць практычна: адкідаючы ідэю нацыянальнай асыміляцыі, трэба стварыць абставіны для асыміляцыі дзяржаўнай, якая станецца натуральным памостам да асыміляцыі культурнай, а затым і нацыянальнай.

Ю. Пілсудзкі раіў не перабольшваць праблемы нацыянальных меншасьцяў. Зьвярнуў увагу на неабходнасьць загарантаваньня належных правоў польскай мове: польская мова павінна вывучацца на тэрыторыі цэлае дзяржавы, павінна па-польску весьціся адміністрацыйна-судовая праца, польская мова павінна быць адзінай дзяржаўнай мовай.

Ю. Пілсудзкі падтрымаў міністра ўнутраных справаў Казімежа Младзяноўскага, які беларускую мову ахарактарызаваў як цяжкую й неразьвітую, і таму ня можа яна быць моваю школаў і ўрадаў (Тамсама, с. 126).

Па словах міністра веравызнаньняў і асьветы, утраквістычная (двухмоўная) школьная сыстэма прыносіць найгоршыя вынікі. Тым ня менш міністар выказаўся за стварэньне для беларускага грамадзтва ўласнага школьніцтва, у якім польская мова была б аднак моцна пастаўленая, каб такім чынам лягчэй можна было пашыраць польскую культуру.

Другі публікаваны Чэславам Мадайчыкам дакумэнт, на які зьвяртае ўвагу на старонках ,,Запісаў” А. Багровіч – гэта пратакол канфэрэнцыі ваяводаў з „Крэсаў Усходніх”, што адбылася ў Луцку на Валыні 23 сьнежня 1929 году, але пра гэта слухайце праз тыдзень.

2.

Дакумэнт, на які зьвяртае ўвагу на старонках нью-ёрскага часопіса ,,Запісы” А. Багровіч – гэта пратакол канфэрэнцыі ваяводаў з „Крэсаў Усходніх”, што адбылася ў Луцку на Валыні 23 сьнежня 1929 году. Прысутнымі былі ваяводы: віленскі Ўладыслаў Рачкевіч, наваградзкі Зыгмунт Бэчковіч, палескі Ян Крагельскі, валынскі Генрык Юзэфскі, дзевяць вышэйшых урадоўцаў ды начальнік аддзелу Міністэрства ўнутраных справаў з Варшавы. Ваяводы беластоцкага не было, бо гэтае ваяводзтва, хоць заселенае пераважна беларусім жыхарствам, польскі ўрад не залічаў да Крэсаў, але да Цэнтральнае Польшчы – заўважае А. Багровіч.

Пра палітыку ў дачыненьні да беларусаў выказаўся наваградзкі ваявода Зыгмунт Бэчковіч. Адзначыў ён, што беларускі рух на Наваградчыне, у сувязі з большай нацыянальнай сьвядомасьцю сярод масаў і блізкасьцю Менску, значна мацнейшы, чым на Віленшчыне. Таму трэба наладзіць кантакты зь цьвярозымі дзеячамі беларускага грамадзтва. Пачаткам арыентацыі беларусаў на Варшаву магло б быць Таварыства беларускае бурсы, што будавалася ў Наваградку. Утраквізацыя школаў была непапулярная і сярод беларусаў, і сярод палякаў. Таму, меркаваньнем міністра Бэчковіча, трэба пастарацца, каб школа польская  была лепшая за беларускую, што можа прывесьці да павольнага зьнікненьня беларускае школы.

Школьны візытатар Юльян Панятоўскі перасьцерагаў перад занадта павярхоўнымі мэтадамі асыміляцыі ды перад гвалтоўнай ліквідацыяй школаў украінскіх ці беларускіх, „пакуль выпрабаваны тып школы двукультурнай не загарантуе дзяржаўнай думцы ўдачу ў асьветнай палітыцы на «Крэсах Усходніх».” (А. Багровіч, Czesław Madajczyk. Dokumenty w sprawie polityki narodowościowej władz polskich po przewrocie majowym („Dzieje najnowsze”, Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, Instytutu Historii Polskiej Akademii Nauk, rocznik IV, № 3, 1972, 137-169), у: ,,Запісы”, № 13, Нью-Ёрк 1975, с. 126)

У 1926-27 гадох Таварыства беларускае школы ў Вільні з дапамогаю Беларускага пасольскага клюбу, дзеля ратунку беларускага школьніцтва, пачало акцыю складаньня дэклярацыяў. На працягу некалькіх месяцаў было складзена дзясяткі тысяч дэклярацыяў, што сьведчыць пра вялікую падтрымку гэтае справы беларускім насельніцтвам. Дэклярацыі прысылалі ў Галоўную ўправу Таварыства беларускае школы ў Вільню, а адтуль накіроўваліся яны ў Акруговы інспэктарыят. Аднак гэта не інспэктар разглядаў іх. Ішлі яны далей – да рэфэрэнта дзяржаўнае бясьпекі, які даручаў сваім урадаўцам заняцца пытаньнем беларускіх школаў.   – адзначае мюнхэнская ,,Бацькаўшчына”.

,,У вызначаны дзень усе бацькі-Беларусы, што злажылі дэклярацыі, павінны былі зьявіцца ў воласьць, дзе прысланы ўрадавец праводзіў розныя допыты: чаму хочаш беларускай школы? чаму не пасылаеш дзяцей у польскую? хто намовіў падпісаць? і г. д., і г. д. Некаторым бацьком давалі падпісваць, пад загрозаю паліцыйнае кары, гатовыя пратаколы, не знаёмячы навет з іхным зьместам. Даводзілася падпісваць хвальшывыя заявы й дадзеныя, і на гэтым канчалася ўся справа” . (Пласкавіцкі, Да праблемы беларускіх школаў у перадваеннай Польшчы, у: ,,Бацькаўшчына”, № 6-7, Мюнхэн, 11 лютага 1956, с. 6)

Галоўная ўправа Таварыства беларускае школы, спадзеючыся, што ўсё ж можна будзе адкрыць прынамсі некалькі беларускіх школаў, зарганізавала ў 1927 годзе ў Радашкавічах Настаўніцкія курсы, на якія зьехалася каля 200 настаўнікаў. Была гэта часткова моладзь, што кончыла сарэднюю асьвету, а пераважна – старэйшыя настаўнікі, якія былі пазбаўлены польскім урадам працы. Вялікая колькасьць настаўнікаў была з Гарадзеншчыны, дзе былі беларускія школы ўжо ў часе нямецкае акупацыі 1915-1918 гадоў, калі быў выдадзены галоўнакамандуючым нямецкімі войскамі фэльдмаршалам Гіндэнбургам загад аб праве карыстацца ў школах ды самакараваньнях і беларускаю моваю.

Настаўніцкія курсы ў Радашкавічах наведаў быў і польскі школьны інспэктар, які прызнаў удзельнікаў курсаў годнымі быць настаўнікамі. Аднак дазволу на адкрыцьцё беларускіх школаў не было.

,,Дзеля спараліжаваньня акцыі Т-ва Беларускае Школы польскія ўлады склікалі сваіх настаўнікаў з «крэсув» на адмысловыя курсы ў Кракаў, дзе вучылі іх беларускае мовы. Таксама дзеля гэтае мэты ў Вільні быў выдадзены «Лемантар Маеўскага», які насіў толькі назоў Беларускі Лемантар, а ў запраўднасьці – як піша Пласкавіцкі –  быў адным пасьмешышчам зь беларускае мовы. Гэткім-жа пасьмешышчам было й выкладаньне два разы на тыдзень беларускае мовы ў школах гэтак званых утраквістычных, якія былі адкрыты выключна для спыненьня акцыі змаганьня Беларусаў за свае родныя школы” (тамсама) – адзначае аўтар ,,Бацькаўшчыны”.

3.

Беларускі эміграцыйны дасьледнік А. Багровіч адзначыў на старонках нью-ёрскага часопіса ,,Запісы”, што завостраная санацыйным урадам палянізацыйная палітыка праявілася хутка ва ўсіх галінах жыцьця няпольскага жыхарства дзяржавы. Зь інфармацыі, пададзенай Ч. Мадайчыкам у публікацыі Dokumenty w sprawie polityki narodowościowej władz polskich po przewrocie majowym, вынікае, што лік беларускіх школаў, які з 514 у 1920/1921 годзе быў сагнаны да 22 ў годзе 1922/1923, у 1926/1927 быў зьведзены да 3. Аднак таму, што пачалі паўставаць беларускія тайныя школы, у 1927/1928 годзе ўрад быў змушаны лік беларускіх школаў ізноў павялічыць да 23. Толькі было адкрыта й школаў утраквістычных, польска-беларускіх. Некалькі гадоў пазьней гэтыя ўсе 46 школаў былі зноў зьліквідаваныя. Закрытыя паступова былі і ўсе сярэднія школы, што яшчэ існавалі – 4 гімназіі ды заснаваная ў першыя гады санацыйных урадаў дзяржаўная настаўніцкая сэмінарыя (А. Багровіч, Czesław Madajczyk. Dokumenty w sprawie polityki narodowościowej władz polskich po przewrocie majowym („Dzieje najnowsze”, Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, Instytutu Historii Polskiej Akademii Nauk, rocznik IV, № 3, 1972, 137-169), у: ,,Запісы”, № 13, Нью-Ёрк 1975, с. 128).

Падобны лёс сустрэў і беларускую бурсу ў Наваградку. Будынак быў пабудаваны. Заставалася толькі закончыць яго ў сярэдзіне. Аднак разам  з антыбеларускім курсам Масквы ды масавымі перасьледамі ў БССР, завастрылася палітыка й санацыйных уладаў да беларусаў пад Польшчай. У Наваградак на мейсца Зыгмунта Бэчковіча быў прызначаны ваяводам пазьнейшы арганізатар канцэнтрацыйнага лягеру ў Картуз-Бярозе Вацлаў Костэк-Бярнацкі. Будынак, а разам зь ім і ўкладзеную працу беларускіх бацькоў ды вучняў, перадалі пад польскую школу (Тамсама, с.129).

У артыкуле З палёў Заходняй Беларусі, зьмешчаным на старонках праскага часопіса ,,Іскры Скарыны”, паведамляецца, што засталася толькі адна беларуская філія польскае гімназіі ў Вільні ды некалькі польска-беларускіх утраквістычных школаў на вёсцы. Польскія ўлады тлумачылі сваё рашэньне тым, што беларускія школы былі захоплены бальшавікамі (З палёў Заходняй Беларусі, у: ,,Іскры Скарыны”, № 5, Прага 1935, с. 80-82).

Увосень 1934 году польскі філёляг прафэсар Эрвін Кашмідар пачаў выкладаць на аддзеле славянскае філялёгіі Віленскага ўнівэрсытэту гістарычную граматыку беларускае мовы. Лекцыі адбываліся раз на два тыдні. Апрача гэтага, раз на тыдзень праводзіліся сэмінарныя практыкаваньні (Тамсама, с. 81).

Крыху лепш, чым у адукацыі, выглядала сытуацыя зь беларускім друкам. Часопіс ,,Іскры Скарыны” зьвярнуў увагу на тое, што, незалежна ад цяжкіх абставінаў, культурнае жыцьцё не замірала. З 1 студзеня 1935 году ў Вільні пачаў выходзіць беларускі літаратурна-навуковы часопіс ,,Калосьсе”, выдаўцом якога быў Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры. Зьявіўся беларускі каталіцкі штомесячнік ,,Хрысьціянская Думка” і ворган айцоў езуітаў ,,Да злучэньня”, а іншыя рэлігійныя выданьні, такія як: ,,Сьветач Беларусі”, ,,Царква і Народ”, ,,Голас Праваслаўнага Беларуса” перасталі выходзіць. Сярод непэрыядычных выданьняў называецца ворган маладой беларускай сацыялістычнай думкі ,,Золак”. 7 гадоў праіснаваў штомесячнік ,,Шлях Моладзі”. У 1934 годзе пачаў выходзіць месячнік пчалярства й мядова-лякарскіх зёлак ,,Беларуская Борць”. Чацьверты год выдаваўся беларускі каапэрацыйна-гаспадарчы часопіс ,,Самапомач”, а трэці год – ворган Беларускіх нацыянал-сацыялістаў ,,Новы Шлях”. На шырокую дарогу ўсенароднае справы вырвалася з рамак касьцельна-царкоўнага клерыкалізму існуючая ўжо 19 гадоў у Вільні газэта ,,Беларуская Крыніца”, якая была ворганам Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Таксама ў Вільні выдаваўся ворган групы беларускіх палёнафілаў ,,Родны Край” (Тамсама, с. 80-81).

Польскія ўлады, каб даказаць, што ня маюць нічога супраць разьвіцьця беларускае культуры, падтрымлівалі фінансава беларускую выдавецкую справу. Пры іх грашовай дапамозе выйшлі: месячнік ,,Родная Мова”, прысьвечаны пытаньням беларускае (крывіцкае) мовы (Вільня 1930-1931), а таксама ,,Гадавік Беларускага Навуковага Таварыства ў Вільні” (Вільня 1933).

Дрэнна выглядала справа з тэатральнай дзейнасьцю. За адраджэньне беларускага тэатра ўзяўся Францішак Аляхновіч, які вярнуўся з Салавецкіх выспаў. Быў ён выменены, як савецкі палітзьняволены, на Браніслава Тарашкевіча, польскага палітвязьня (Тамсама, с. 81).

Ананімны аўтар публікацыі З палёў Заходняй Беларусі праявіў веру ў зьмену сытуацыі беларускага народу да лепшага.

4.

А. Багровіч са спасылкай на публікацыю Чэслава Мадайчыка Dokumenty w sprawie polityki narodowościowej władz polskich po przewrocie majowym апісаў на старонках нью-ёрскага часопіса ,,Запісы” ліквідацыю беларускіх школаў у ІІ Рэчы Паспалітай.

Да пачатку вайны санацыйныя ўлады зьліквідавалі татальна ня толькі ўсё беларускае пачатковае й сярэдняе школьніцтва, але адміністрацыйнымі загадамі пазакрывалі й усе масавыя культурна-асьветныя ды нацыянальна-грамадзкія беларускія арганізацыі. Забароненае было выдаваньне й важнейшых палітычна-грамадзкіх газэтаў й часапісаў, уключна з органамі Беларускае Хрысьціянскае Дэмакратыі. (...) Вынікам гэтае эканамічна-культурнае й нацыянальнае палітыкі было тое, што спадзяваньні беларускага жыхарства як на адзіны магчымы ратунак усё больш кіраваліса на ўсход, на беларускую там рэспубліку, на Саветы. (...) Нацыянальная палітыка польскіх уладаў міжваеннае пары дасягнула гэтага, што зь беларускага палітычнага жыцьця шчэзьлі зусім прапольскія кірункі й ар’ентацыі, якія існавалі ў часе Першае Сусьветнае вайны ды колькі гадоў яшчэ й пасьля. Сярод беларусаў былое Заходняе Беларусі польскае 20-гадовае панаваньне выкараніла дазваньня ўсе прапольскія сымпатыі.” (А. Багровіч, Czesław Madajczyk. Dokumenty w sprawie polityki narodowościowej władz polskich  po przewrocie majowym („Dzieje najnowsze”, Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, Instytutu Historii Polskiej Akademii Nauk, rocznik IV, № 3, 1972, 137-169), у: ,,Запісы”, № 13, Нью-Ёрк 1975, с. 130)

Тым часам у Савецкай Беларусі бальшавікі хваліліся зьліквідаваньнем непісьменнасьці й вялікай колькасьцю школаў. З 6962 школаў 6263 працавалі на беларускай мове. Апрача гэтага існавала 18 ВНУ, 81 тэхнікум, 36 навукова-дасьледчых установаў на чале з БАН. Было створана 10 тэатраў. Выходзіла 256 газэт і 8 часопісаў (З палёў Заходняй Беларусі, у: ,,Іскры Скарыны”, № 5, Прага 1935, с. 82).

Ананімны аўтар публікацыі З палёў Заходняй Беларусі, зьмешчанай на старонках праскага часопіса ,,Іскры Скарыны”, задумоўваецца аднак, што сталася зь беларускай інтэлігенцыяй, якая самаахвярна стварала падваліны дзеля магутнага ўздыму беларускага культурнага будаўніцтва? ,,Чаму Б. Тарашкевіч, славуты знаўца беларускае мовы, не займаецца навуковай дзейнасьцю, перакладчыцкай творчасьцю, а толькі сядзіць недзе ў калгасе пад Масквою?  Дзе тыя культурныя працаўнікі, якія закладалі беларускія школы, навуковыя ўстановы, заснавалі Белдзяржкіно?” (Тамсама )

Шмат увагі асобе Б. Тарашкевіча прысьвячаецца ў нью-ёрскім часопісе ,,Запісы”. А. Багровіч адзначае выхад кнігі Аляксандры Бэргман Rzecz o Bronisławie Taraszkiewiczu (А. Багровіч, Rzecz o Bronisławie Taraszkiewiczu. Warszawa, „Książka i Wiedza”, 1977? 244 б. +  ілюстрацыі 32 б., у: ,,Запісы”, № 15, Нью-Ёрк 1977, с. 136-143).

Пасьля заняцьця беларускае сталіцы бальшавікамі Б. Тарашкевіч пераехаў у Вільню, дзе ў 1918 годзе выдаў Беларускую граматыку для школ. Пасьля захопу Віленшчыны польскім генэралам Люцыянам Жэлігоўскім, у гадох 1920-1922 Б. Таршкевіч быў кіраўніком беларускага школьніцтва гэтак званае Сярэдняе Літвы, дзе ў той час было 200 беларускіх пачатковых школаў і 3 сярэднія. У верасьні 1922 году быў ён прызначаны дырэктарам Віленскае беларускае гімназіі. Браў адначасова ўдзел у працах Беларускага навуковага таварыства. Не згадзіўся стаць кіраўніком Беларускае катэдры ў Віленскім унівэрсытэце ў сувязі з патрабаваньнем весьці навучаньне па-польску (Тамсама, с. 137-138).
 
Пэдагагічна-навуковая праца Б. Тарашкевіча абарвалася з момантам выбару яго напрыканцы 1922 году паслом у польскі Сойм, дзе выступаў 34 разы з прамовамі ў абароне інтарэсаў беларускага жыхарства польскай дзяржавы. Пазьней заангажаваўся ў дзейнасьць Грамады. Разам зь іншымі правадырамі Грамады быў арыштаваны й прысуджаны да турэмнага зьняволеньня, а Грамада была разьвязаная як арганізацыя антыдзяржаўная (Тамсама, с. 139).

За час знаходжаньня ў вязьніцах Польшчы Тарашкевіч закончыў пераклад з грэцкае мовы на беларускую Гомэравае Іліяды. Пераклаў таксама Пана Тадэвуша Адама Міцкевіча. Апрацаваў і выдаў пашыраную рэдакцыю Беларускае граматыкі для школ. Намерваўся апрацаваць Гістарычную граматыку беларускае мовы й таму прасіў польскія ўлады пакінуць яго ў Віленскай вязьніцы, дзе была багатая бібліятэка. На гэтую просьбу аднак польскія ўлады не зьвярнулі ўвагі, паколькі дамаўляліся з Масквою аб перадачы яго ў Савецкі Саюз.

А. Багровіч выказаў шкадаваньне, што А. Бэргман, якая дэталёва апісала прабываньне Б. Тарашкевіча ў польскіх вязьніцах, не дала ніякай інфармацыі пра лягеры савецкія, дзе прабыў ён 4 гады й 6 месяцаў, значыць мала менш, чым у турмах Польшчы, дзе знаходзіўся 5 гадоў, 10 месяцаў і 12 дзён. Беларускі эміграцыйны дасьледнік адзначыў, што ўмовы прабываньня ў савецкіх турмах былі значна горшыя. Там ніхто не дазваляў чытаць кніжкі. У савецкім зьняволеньні прабываў карацей толькі таму, што гады катаржнае працы ў канцэнтрацыйных лягерах абарвала сьмерць (Тамсама, с.141).

На падставе гэтых некалькіх артыкулаў, зьмешчаных на старонках ,,Іскраў Скарыны”, ,,Бацькаўшчыны” і ,,Запісаў” відаць, што беларускія эміграцыйныя дасьледнікі сачылі за публікацыямі, якія паяўляліся ў Польшчы й якія датычылі беларускага пытаньня. На іх падставе рабілі свае высновы, стараючыся пазнаёміць з дадзенай праблемай як найбольшую колькасьць расьсеяных па сьвеце беларусаў, якім было наканавана жыць далёка ад свае радзімы. 

Ніна Баршчэўская