1.
Навукова-літаратурны часопіс „Веда” выдаваўся на беларускай мове Крывіцкім (Беларускім) навуковым таварыствам. Выходзіў у гадох 1951-1954 у Нью-Ёрку. Галоўным рэдактарам быў Ян Станкевіч. На старонках „Веды” друкаваліся гістарычныя, этнаграфічныя, мовазнаўчыя ды іншыя навуковыя матэрыялы. У мовазнаўчых публікацыях зьмяшчаліся пастановы Зборак чысьціні беларускае мовы, абмяркоўваліся пытаньні культуры мовы, разглядалася праўніцкая тэрміналёгія, мова рукапісу Аль-Кітаб і розных беларускіх плямёнаў, параўноўваліся этнаграфічныя й гістарычныя тэрыторыі Беларусі зь сёньняшнімі межамі. Часопіс зьмяшчаў інфармацыю пра грамадзкае й культурнае жыцьцё беларускага асяродка ў Амэрыцы. На яго старонках друкаваліся таксама літаратурныя творы беларускіх эміграцыйных пісьменьнікаў.
Галоўным аўтарам мовазнаўчых публікацыяў быў Ян Станкевіч. Сытуацыяй беларускае мовы ў розныя гістарычныя пэрыяды аўтар заняўся ў публікацыі пад назовам Доля мовы беларускае (яе вонкашняя гісторыя) у розныя пэрыяды гісторыі Беларусі (у: „Веда”, № 1 (28), 1954 Нью-Ёрк, с.1-13).
Агляд становішча беларускае мовы аўтар публікацыі пачаў з царкоўна-славянскіх тэкстаў XІ-XІІ ст.ст. Адзначыў ён, што разам з прыняцьцем хрысьціянства ў канцы X ст. зьявілася ў Беларусі літаратура. Была яна ў царкоўна-славянскай мове, у якой толькі несьвядома прабіваліся некаторая беларуская лексыка ды фанэтычныя й граматычныя асаблівасьці. Гэткія памяткі ёсьць ужо з XІ і XІІ ст.ст., напрыклад, творы Хвядоса Пячэрскага (1074), апісаньне падарожжа да Палестыны ігумена Данілы (пачатак XІІ ст.), творы Кірылы Тураўскага, Аўраама Смаленскага ды іншых з XІІ ст., але яны захаваліся толькі ў копіях з XІІІ й пазьнейшыx стагодзьдзяў. З ранейшых арыгіналаў захаваліса толькі два эвангельлі: Астрамірава (1056) і Архангельскае (1092).
У першым зь іх назіраюцца выпадкі зацьвярдзеньня зычных р, ц, ч, а ў другім эвангельлі – апрача зацьвярдзеньня р, ц яшчэ пераход ераў перад й у ы, і ды некалькі прыкладаў е на месцы ненаціскнога яць. Даволі багаты, у параўнаньні з царкоўнымі творамі, народны элемэнт знаходзіцца ў Слове аб палку Ігаравым, што трэба выясьняць ягоным сьвецкім характарам. Па словах Станкевіча, спарадычна ў XІ ст. і сыстэматычна ў XІІ напісаныя альбо перапісаныя беларусамі царкоўна-славянскія памяткі мелі такія асаблівасьці, як: ж замест цсл. жд < дй, ж замест цсл. жд < здй і згй, -ъмь, -ьмь замест цсл. -омь, -емь у творным склоне адзіночнага ліку, канчатак -ть замест цсл. -тъ у 3 ас. адзіночнага й множнага ліку, формы займеньнікаў тобе, собе ў давальным і месным склонах ды некаторыя іншыя.
У творах практычнага характару XІІІ-XІV ст.ст. (рознага роду лістох-дакумэнтах: адміністрацыйных, дароўных, тэстамэнтах, гандлёвых умовах і да г.п.) ужывалася не царкоўна-славянская мова, але дыялекты беларускае народнае мовы. У бальшыні сваёй гэта малыя творы, але частка зь іх – вялікага памеру й багатага зьместу, як гандлёвая ўмова Смаленска зь немцамі 1229 году альбо ліст Рыжан да Віцебска каля 1280 году з пратэстам супраць дзеяньняў Віцебскага князя.
У час Вялікага Княства Літоўскага беларуская мова сталася моваю права, судоў, адміністрацыі. З часам вытварыліся ў ёй нормы, якія абавязвалі ўсіх пішучых, незалежна ад дыялекту мясцовасьці іхнага паходжаньня. У пачатку XV ст. – адзначае Ян Станкевіч – нормы гэтае мовы мелі ўжо закончаны характар. Сярод іх вызначыліся, між іншым, такія марфалягічныя рысы, як:
• канчатак -і давальнага склону адзіночнага ліку мяккіх асноваў на ’а: куплі;
• канчатак -у роданага склону адзіночнага ліку назоўнікаў: столу, лісту;
• канчатак -і назоўнага склону множнага ліку мяккіх асноваў на ’о: князі, гаі;
• форма дзеясловаў 3 асобы адзіночнага й множнага ліку цяперашняга часу на -ть: идеть, идуть;
• канчатак тэматычных дзеясловаў 1 асобы множнага ліку -м: чынім, гуляем;
• канчатак 1 асобы ммножнага ліку атэматычных дзеясловаў -мо: есмо, дамо;
• лексычныя зьявы – выступаюць такія словы, як: адказ, адзіночыць, гаспадар, гаспадарства, спадар, спадарыня, спадарства, год, маемасьць, родзіч, сябра.
Гэтыя рысы сьведчаць пра тое, што дзяржаўнай мовай Вялікага Княства Літоўскага была мова беларуская, асновай якой сталіся паўночна-ўсходнія гаворкі беларускага сярэдняга дыялекту – мова паўднёвае часткі асноўнага ядра даўнейшае Полаччыны.
2.
На старонках „Веды” друкаваліся гістарычныя, этнаграфічныя і мовазнаўчыя матэрыялы, між іншым, абмяркоўвалася пытаньне разьвіцьця друкарскай справы на беларускіх землях.
Ян Станкевіч прыгадаў, што першая беларуская друкарня была адчынена ў 80-х гадох XV ст. у Кракаве. Паўстала яна дзякуючы стараньням беларускіх магнатаў, што былі ў Кракаве пры сваім вялікім князю Казімеру Ягайлавічу, які быў адначасова польскім каралём. З гэтае друкарні ў 1483 годзе выйшаў першы беларускі друк Триодь Цветная (богаслужэбная кніга да багаслужбы на рухомыя дні ад Вялікадня да нядзелі Ўсіх Сьвятых), у 1491 годзе – Октоих (царкоўны песеньнік), Часословец, Псалтыр, Триодь Постная і (другі раз) Триодь Цветная. Гэтыя кнігі былі надрукаваныя ў царкоўна-славянскай мове беларускае рэдакцыі з мноствам беларускіх асаблівасьцяў (Я. Станкевіч, Доля мовы беларускае (яе вонкашняя гісторыя) у розныя пэрыяды гісторыі Беларусі, [у:] „Веда”, № 1 (28), Нью-Ёрк 1954, с. 9-10).
Пасьля гэтага чвэрць стагодзьдзя не было ніякіх вестак пра беларускі друк. Толькі ў 1517 ст. Францішак Скарына заснаваў беларускую друкарню ў чэскай Празе, у якой у 1517-1519 гадох надрукаваў зроблены ім пераклад на беларускую мову Бібліі. У 1520 годзе перавёз друкарню ў Вільню, дзе надрукаваў новае выданьне Бібліі. Друкарня Ф. Скарыны стаяла на высокім узроўні й мела вялікі ўплыў на разьвіцьцё друкарскае справы ў Беларусі ды ў суседніх краёх. Друкарні хутка пачалі пашырацца па цэлай краіне. Друкаваліся ў іх кнігі як у беларускай мове, гэтак і ў царкоўна-славянскай.
У 1564 годзе беларускі эмігрант-друкар Пётра Цімафееў з Мсьціслава разам зь Іванам Фёдаравым надрукавалі ў Маскве Апостола. Усе акалічнасьці паказваюць на тое, – заўважае Ян Станкевіч – што маскоўцы купілі друкарню ў беларусаў, а разам зь ёю ў Маскву прыехаў і друкар Пётра Мсьціславец. Іван Фёдараў паходзіў з Постуні Ліхвінскага павету, якая ў той час належала да Маскоўскай дзяржавы, а пазьней – да Арлоўскай губэрні (Тамсама).
З прычыны надрукаваньня першае кнігі ў Маскве друкары былі абвінавачаныя ў чараўніцтве й мусілі ўцякаць на беларускія землі, а друкарня была спаленая. Яны працягвалі сваю друкарскую працу ў Заблудаве каля Беластоку ў друкарні беларускага магната Рыгора Хадкевіча, вялікага гетмана ВКЛ, а друкарства ў Маскве пачалося толькі ў XVІІ ст. (Тамсама, с. 10-11).
У 1569 годзе Мсьціславец пакінуў Заблудаў. Ён стаўся арганізатарам вялікай друкарні братоў Мамонічаў у Вільні. Фёдараў жа пераехаў у Львоў і заснаваў там сваю друкарню, дзе ў 1574 годзе быў выдадзены Апостал, які быў першай кнігай, надрукаванай на Ўкраіне (Станкевіч 1954, №1: 11).
Стары царкоўна-славянскі альфабэт быў нявыгадны чытаць і пісаць. Дзеля таго ў беларускім пісьме пачаў выпрацоўвацца шрыфт, набліжаны формаю да лацінскага. Быў гэта беларускі скорапіс, які пачаў пранікаць і да друку. Вельмі падобным да скорапісу зьяўляецца друк Статуту Літоўскага 1588 году. Яшчэ больш набліжаныя літары да лацінскіх маем на тытульных бачынах віленскіх друкаў XVІІ ст., прыкладам, у кнізе Ефимериос (Тамсама, с. 12).
Беларускі эмігрант і дырэктар друкарні ў Амстэрдаме, Гальляш Капіевіч (часам званы Капіеўскім), у канцы XVІІ ст. поўнасьцю зрэфармаваў беларсукі альфабэт: спрасьціў літары й прыдаў ім акругленую форму. Рэформа Капіевіча была прынятая ўсімі народамі, якія карыстаюцца кірыліцай (Тамсама).
Побач з кірылічным альфабэтам у беларускай мове, праўда, у меншай ступені, ужываецца лацінскі альфабэт. Пачаткі яго сягаюць у Беларусі XVІІ ст. У XІX ст. бальшыня беларускіх друкаў, выдаваных па-за межамі Беларусі – найчасьцей, з прычыны забароны расейскімі ўладамі друкаваць па-беларуску – выходзіла лацінкаю. У 20-х гадох XX ст. сярод часткі беларусаў было імкненьне ўвесьці лацініцу як адзіны агульнабеларускі альфабэт (Тамсама, с. 13).
Гаворачы пра альфабэт на беларускіх землях, нельга забыць і пра арабскі, ужываны жменькаю беларускіх мусульманаў у рэлігійных творах, у якім арабскія значкі адлюстроўваюць беларускія галосныя й зычныя гукі. Менавіта гэтай праблематыцы быў прысьвечыны артыкул Яна Станкевіча Мова рукапісу „Аль Кітаб” Крывіцкага Музэю Івана Луцкевіча ў Вільні ([у:] „Веда”, №1, Нью-Ёрк 1952, с. 25-34), але пра гэта слухайце праз тыдзень.
3.
Аль-Кітаб мусіў быць напісаны на той прасторы, на якой жылі беларускія мусульмане, а гэтыя ў XV-XVІІ стагодзьдзях жылі сярод крывіцкага хрысьціянскага насельніцтва ў паветах: Віленска-Троцкім, Ашмянскім, крышку ў Валожынскім, у Наваградзкім, Слонімскім і Гарадзенскім, а таксама ў Клецку й Менску. Значыць, прастора шырокая, на якой выдзяляецца не адзін крывіцкі дыялект. У вызначэньні месца напісаньня Аль-Кітабу дапамагаюць моўныя асаблівасьці:
• ненаціскное о заўсёды пераходіць у а, з выняткам апошняга адкрытага складу ў родным склоне (кажнаго, суднаго);
• 1 асоба множнага ліку цяперашняга часу дзеясловаў выступае з канцавым -м (адпосьнікаемсе, убачымсе);
• дзеясловы ў 2 асобе множнага ліку загаднага ладу маюць канчатак -іце (сьцеражыцеся, разйдзіцеся, глядзіце).
У аканьні мова Аль-Кітабу збліжаецца з паўднёва-заходнім беларускім дыялектам, а гаворачы больш дакладна – з паўночна-ўсходняй часткай паўднёва-заходнега дыялекту ды зь віленска-ашмянскімі гаворкамі. Усе названыя моўныя асаблівасьці Аль-Кітабу супадаюць зь віленска-ашмянскімі гаворкамі, а гэта сьведчыць пра тое, што Аль-Кітаб паўстаў на тэрыторыі віленска-ашмянскіх гаворак.
Межы віленска-ашмянскіх гаворак наступныя: калі ад утоку ракі Іслач у Бярэзіну правядзём на захад ля мястэчка Вішнева на Валожыншчыне лінію да моўнай мяжы зь летувісамі ля Воранава, дык адзначым паўднёвую мяжу гэтых гаворак. На поўначы й захадзе мяжа віленска-ашмянскіх гаворак зыходзіцца з моўнай крывіцка-летувіскай мяжой. На ўсходзе мяжа праходзіць ад ракі Бярэзіны на поўнач да летувіскае мяжы блізка Гадуцішак, так што ў сярэднім беларускім дыялекце застаюцца Валожына, Забярэзьзе, Гародзькі, Пруды, Залесьсе, Смаргоні, Данюшава, Жойдзішкі, Вішнева (Вялейскае, ля Сьвіра), Сьвір, Мядзель, Постаўе, а да віленска-ашмянскіх гаворак адыходзяць: Багданава, Крэва, Гальшаны, Солы. Значыцца, прастора займаная віленска-ашмянскімі гаворкамі складаецца з такіх паветаў, як: Віленска-Троцкі, Ашмянскі (бяз воласьці Смаргонскай), ды невялікіх частак паветаў Лідзкага й Сьвянцянскага (Я. Станкевіч, Мова рукапісу „Аль Кітаб” Крывіцкага Музэю Івана Луцкевіча ў Вільні, [у:] „Веда”, № 1 (6), Нью-Ёрк 1952, с. 29-30).
Аналізуючы мову Аль-Кітабу, Ян Станкевіч разгледзеў такія асаблівасьці, як: пераход е ў я; э на месцы этымалягічнага а пасьля к, х, т; о на месцы ненаціскнога этымалягічнага е; зьмена самагуку а (Я. Станкевіч, Мова рукапісу „Аль Кітаб”, [у:] „Веда”, № 2 (7), Нью-Ёрк 1952, с. 55-62); зьмена самагуку о; зьмена самагуку э; зьмена самагуку яць ([у:] „Веда”, №3 (8), 1952, с. 89-95); замена ераў ([у:] „Веда” №5 (10), 1952, с. 146-152), еры перад j ([у:] „Веда” №8 (13), 1952, с. 236); еры ў прыназоўніках; мэтатэза ў групе *or, выступаньне галосных і, ы, у; націск ([у:] „Веда”, №11-12 (16-17), 1952, с. 354-369), прыстаўныя гукі ([у:] „Веда” №1-2 (18-19), 1953, с. 2-17), зычныя гукі (зьмякчэньне, зацьвярдзеньне асыміляцыя, распадабненьне, зьліцьцё, падваеньне, пераход в, л у ў) ([у:] „Веда”, №4-6 (21-23), 1953, с. 50-72).
У 2 нумары літаратурна-мастацкага часопіса „Веда” за люты 1952 году паявіўся артыкул Яна Станкевіча пад назовам Некаторыя праўніцкія тэрміны беларускія ([у:] „Веда”, №2 (7), 1952, с. 45-49). Працяг тэмы знаходзім у наступных нумарах часапісу: Я. Станкевіч, Праўніцкія тэрміны беларускія, ([у:] „Веда”, № 3 (8), сакавік 1952, с. 78-85; „Веда”, № 4 (9), красавік 1952, с. 118-121; „Веда”, № 5 (10), май 1952, с. 136-145; „Веда”, № 6 (11), чэрвень 1952, с. 186-190; „Веда”, № 7 (12), ліпень 1952, с. 220-223; „Веда”, № 8 (13), жнівень 1952, с. 228-235; „Веда”, №№ 9-10 (14-15), верасень – кастрычнік 1952, с. 292-308; „Веда”, № 11-12 (16-17), лістапад – сьнежань 1952, с. 370-379).
Асновай артыкулу паслужыла частка тэрмінаў Статуту Літоўскага 1588 году, якія аўтар параўнаў з праўніцкімі тэрмінамі, дасьледаванымі на падставе Аль-Кітабу. Гэткім парадкам побач сябе апынулася літаратурная беларуская мова Статуту ды народная беларуская мова Аль-Кітабу. Каб чытач меў шырэйшае ўяўленьне, Ян Станкевіч параўнаў гэтыя тэрміны з эквівалентамі ў сучаснай беларускай мове, карыстаючыся дзеля гэтага слоўнікамі: Насовіча, Краёвым слоўнікам Ігуменшчыны (Чэрвеншчыны) Шатэрніка ды Краёвым слоўнікам Віцебшчыны Касьпяровіча, а таксама сваімі запісамі. Разабрацца ў сумненьнях, выкліканых праўніцкай тэрміналёгіяй, дапамог аўтару публікацыі праф. права Леў Акіншэвіч. Разам з праўніцкай тэрміналёгіяй прыводзяцца таксама крыніцы паходжаньня дадзенага слова.
Ян Станкевіч захоплены Статутам Літоўсокім, гэтай „вялікай памяткай беларускага права”. Частка разгледжаных тэрмінаў павінна ўжывацца і ў цяперашняй беларускай літаратурнай мове – напісаў 1 траўня 1948 году ў Рэгенсбурзе Я. Станкевіч ([у:] „Веда”, №2 (7), 1952, с. 47). Якія гэта тэрміны, - слухайце праз тыдзень.
4.
Ян Станкевіч захоплены Статутам Літоўсокім, гэтай „вялікай памяткай беларускага права”. Частка разгледжаных тэрмінаў павінна ўжывацца і ў цяперашняй беларускай літаратурнай мове – напісаў 1 траўня 1948 году ў Рэгенсбурзе Я. Станкевіч ([у:] „Веда”, №2 (7), 1952, с. 47).
Дзеля прыкладу прывяду некаторыя словы: адвалакаць, адвалачы, адвалока, безадавалочны, неадвалочны; адзоў; апыт; выступак, выступнік, выступніца; галаўшчына; згуба, згубнік, згубніца, згубца; ісьцец; капа, каповішча, копнік, акопваць; ліст – упісны ‘заказное пісьмо’, атвароны ‘дакумэнт, у якім выступае публічнае аб’яўленьне ўлады’, хрышчоны ліст ‘выпіс народзінаў з мэтрыкі’, дарожны ліст ‘рас. путёвка’, дароўны ліст ‘рас. дарственная грамота’, вызнаны ліст ‘рас. вексель, распіска с потверждением долга’, запаведны ліст ‘дакумэнт, у якім знаходзіцца судовая забарона пад пагрозаю пакараньня’, запісны ліст ‘дакумэнт для запісу ў судовыя кнігі’, жалезны (у Ст. зялезны) ліст ‘дакумэнт аб мараторыі’, дзельчы ліст ‘рас. раздельная запісь’, пахоўны ліст ‘выпіс сьмерці з мэтрыкі’, падачкавы ліст ‘рас. окладной лист’, пазоўны ліст ‘рас. исковое заявление’, судовы ліст ‘рас. судебная бумага’, увяжчы ліст ‘рас. лист вводный’, урадовы ліст ‘рас. официальный документ’.
Ян Станкевіч падкрэсьлівае, што праўніцкая тэрміналёгія была распрацаваная ўжо ў старабеларускай мове. Аднак з часам старабеларуская літаратурная мова пачала падупадаць. Упадак яе стаўся фактам у канцы XVІІІ – пачатку XІX ст.ст, разам з прылучэньнем земляў ВКЛ да Расеі.
Новая беларуская літаратурная мова пачала разьвівацца ў XІX ст. Вырасла яна з сучасных дыялектаў беларускае народнае мовы й скрышталізавалася ў XX ст., калі паявілася ў ёй мастацкая літаратура, навуковая й рэлігійная. Асноваю новае беларускае мовы сталіся заходнія гаворкі сярэдняга беларускага дыялекту.
Часопіс „Веда” зьмяшчаў таксама публікацыі, прысьвечаныя гісторыі назоваў самога беларускага народу. У артыкуле Поды апрычонасьці беларускага народу (у: „Веда”, №4 (9), Нью-Ёрк 1952, с. 106-110) Давідовіч Горадзенскі (пад гэтым псэўдонімам, відаць, хаваецца Ян Станкевіч) напісаў, што беларускі народ у найстарэйшую пару свае гісторыі зваўся крывічамі. У XІІІ-XІV ст.ст. побач з назовам крывічы пачаў ужывацца назоў Літва, ліцьвіны, але першы пераважаў да паловы XІV ст. Ад пачатку XV ст. ужываўся ўжо толькі назоў Літва. Гэтак было наогул да паловы XІX ст., але з прылучэньнем крыўскіх земляў да Расеі памалу пачаў пашырацца накінуты Масквою назоў Беларусь, беларусы. У ацэнцы аўтара публікацыі, гэтым назовам карысталася частка інтэлігенцыі, якая была пад расейскім уплывам. Большая частка беларускай інтэлігенцыі аж да канца XІX ст. працягвала называць сябе й свой народ ліцьвінамі. Народныя ж масы, збаламучаныя разнароднасьцю тэрмінаў, пачалі называць сябе тутэйшымі. Назоў беларусы пашырыўся ад выхаду „Нашай Нівы”, а поўнасьцю запанаваў пасьля Першай сусьветнай вайны.
Сярод рысаў, якія сьведчаць пра апрычонасьць беларускае мовы, аўтар публікацыі адзначае ейнае месца сярод трох групаў славянскіх моваў, г.зн. заходняй, паўдзённай і ўсходняй. Паводле яго, трэба паставіць яе паміж групай усходняй і заходняй, падобным чынам як чэскую мову паміж групай заходняй і паўдзённай. Дзеля пацьвярджэньня сваёй тэзы аўтар артыкула прывёў некалькі важных рысаў беларускае мовы, якія адрозьніваюць яе ад моваў украінскае й расейскае:
• так, як у заходнеславянскіх мовах, у мове беларускай зьмякчаныя зычныя гукі д, т, н, с, з перайшлі ў сярэднеязычныя дзь, ць, нь, сь, зь;
• у мове беларускай, таксама як у іншых славянскіх мовах, з выняткам расейскай і ўкраінскай, яць перад і рэалізуецца як е, якое ў выніку яканьня перайшло ў я, напр. дзяціна, ён сядзіць (поль. siedzi), тады калі ў рас. сидит, ва ўкр. сидить;
• зацьвярдзелае р мае мова беларуская супольна з моваю сэрба-харвацкай і славенскімі гаворкамі;
• прыстаўное в перад о й у (вока, навука) выступае таксама ў мовах ніжне- і верхнелужыцкай, кашубскай і палабскай; украінская мова мае прыстаўное в у некаторых выпадках пры іншых умовах (у: „Веда”, №4 (9), Нью-Ёрк 1952, с. 107).
Другой, па словах Давідовіча Горадзенскага, шмат важнейшай прычынай сваеасаблівасьці беларускага народу зьяўляецца балцка-славянскае яго паходжаньне. Славяне, прыйшоўшы на тэрыторыю, заселеную балтамі, зьмяшаліся зь імі. Гэты балцкі элемэнт вельмі адрозьнівае беларусаў ад усіх іншых славянаў, а славянскі – ад балтаў. Значэньне балцка-славянскага паходжаньня беларусаў набірае значэньня ў параўнаньні з паходжаньнем іншых славянскіх народаў.
Прыведзеныя прыклады дасьледаваньня й апісаньня беларускае мовы на старонках часопіса „Веда”, рэдагаванага Янам Станкевічам, выразна сьведчаць пра імкненьне гэтага беларускага вучонага паказаць беларусам у эміграцыі слаўную гісторыю беларускае мовы й беларускага народу ды гэтым самым дабіцца пашаны для беларусаў як нацыі, каб у складаных эміграцыйных умовах як мага даўжэй утрымаць іх у русьле беларушчыны й запаволіць асыміляцыйны працэс.
Ніна Баршчэўская