1.
Сярод моўных і мовазнаўчых праблемаў, а таксама тых пытаньняў, якія шчыльна зьвязаныя зь гісторыяй народу і ягонай мовай, варта назваць такія тэмы, як: найменьні й гісторыя розных плямёнаў, уласныя асабовыя й геаграфічныя ці астранамічныя назовы, суадносіны паміж мовай і народам, прысутнасьць беларускае мовы ў розных установах Беларусі, прычыны заняпаду беларускае мовы.
Разглядаліся розныя помнікі беларускага пісьменства, разьвіцьцё друкарскай справы на беларускіх землях, прычыны нішчэньня кніг. Аўтары “Крывіча” сачылі за выдавецкімі справамі. Зьмяшчалі ў “Крывічы” рэцэнзіі розных твораў, інфармацыю пра іх пераклады. У рубрыцы Кнігапіс і Крытыка паведамлялі сваіх чытачоў пра розныя кнігі й часопісы, якія выходзілі ня толькі ў Беларусі, але таксама і ў суседніх дзяржавах. Увагі заслугоўвае інфармацыя пра лексыкаграфічную працу. Дарэчы, у “Крывічы” апрача зьвестак пра розныя слоўнікі, якія паяўляліся ў той час, зьмяшчаліся й матэрыялы да слоўнікаў, сабраныя й апрацаваныя мовазнаўцамі, якія адначасова былі супрацоўнікамі гэтага часопіса.
Аўтары “Крывіча” вялікае значэньне надавалі чысьціні беларускае мовы, і таму паяўлялася шмат артыкулаў пра запазычаньні з другіх моваў. Вялікае месца адводзілася лексычнай сынаніміцы ў беларускай мове, сэмантыцы канкрэтных словаў, часам вельмі блізкіх па гучаньні, словаўтварэньню й фанэтыцы беларускае мовы.
Сярод артыкулаў, зьвязаных зь гісторыяй народу і ягонай мовай, трэба назваць публікацыі Ю. Верашчакі (псэўданім Вацлава Ластоўскага): Аб найменьнях “Гуды” – “Крывічы” – “Русь” ( “Крывіч”, № 1, Каўнас 1923, с. 17-25), А. Матача: Абшар займаны Крывічамі і крыўская колёнізація (“Крывіч”, № 10, Каўнас 1925, с. 27-36), Ю. Сулімірскага: Аб назовах “Крывія” і “Беларусь” (“Крывіч”, № 10, Каўнас 1925, с. 36-46). Разглядаюцца таксама назовы іншых плямёнаў.
Няма ніводнага народу, які б засяляў свой край сьпершапачатку, як і няма ніводнага народу, які б на працягу ўсяе свае гісторыі заўсёды насіў адно й тое самае імя. Найменьні народаў і дзяржаваў мяняліся пад уплывам перасяленьняў, унутраных асацыяцыяў, чужаземных заваёваў, зьмены пануючай дынастыі альбо веры, заснаваньня новага нацыянальнага цэнтра і г.п.
Усе гэтыя перамены перажывала й Беларусь, і гэтакім працэсам вытвараўся беларускі народ. Сьляды гэтага захаваліся ў назовах, якія ў дачыненьні да беларусаў выкарыстоўваюць суседзі: ліцьвіны называюць беларусаў Gudai, а латышы – Kreevu. Найменьне гуды не распрацаванае па той прычыне, што яно не захавалася ў пісаных гістарычных помніках, тым часам назову крывічы ня трэба шукаць у далёкіх крыніцах. На тэрыторыі, займанай калісь крывічамі, а цяпер іхнымі нашчадкамі беларусамі, слова крывіч ужываецца ў штодзённым жыцьці й азначае блізкіх па крыві, родных. Цікава заўважыць, што гэтунамі, гегунамі, гецікамі беларусаў называюць вялікарусы, адзначаючы такім чынам адменную вымову беларусамі слова гэты – адзначае Ю. Верашчака. Найменьне Русь – не славянскага паходжаньня. Прынесена яно норманамі ў ІХ ст. Ягонае пашырэньне між славянскіх плямёнаў адбывалася шляхам пашырэньня хрысьціянства.
А. Матач на падставе назоваў мясцовасьцяў з коранем крыў вызначыў тэрыторыю крывічоў паміж вытокамі рэк Дзьвіны, Дняпра, Волгі ды паўднёвай часткай Азёрнага Краю.
На старонках “Крывіча” вызначаліся назовы іншых плямёнаў. У артыкуле Што трэба разумець пад найменьнямі – “Паляне”, “Дрыгвічы”, “Дрэўляне” чытаем:
“З паміж плямён вылічаных ў Повесьці Временных лет, Лаўрэнціеўскага сьпіску (Паляне, Дрэўляне, Ноўгородцы, Палачане, Дрэговічы, Север, Бужане, Велыняне, Крывічы, Вяцічы, Радзімічы, Хорваты, Дулебы, Улічы і Тіверцы), толькі назовы – Крывічы, Вяцічы, Радзімічы, Хорваты, Дулебы можна назваць племяннымі, рэшта: Паляне, Дрэўляне, Палачане, Бужане – назовы топографічныя; Ноўгородцы, Велыняне, Улічы, Тіверцы – назовы ад галоўнага гораду; Север – назова азначаючая геаграфічнае палажэньня краю, ці групы насяленьня ў стасунку да другой, палуднёвай групы.” (Што трэба разумець пад найменьнямі - Паляне, Дрыгвічы, Дрэўляне, “Крывіч”, № 3, Каўнас 1923, с. 53)
Апрача назоваў плямёнаў і народаў, на старонках “Крывіча” разглядаліся найменьні рэк – Нёмана, Нямігі, Дняпра (Нёман і Няміга, “Крывіч”, № 9, Каўнас 1925, с. 99) і назовы найважнейшых сьвятаў крывічоў – красьнік, Вялікдзень, Купальле, Каляды й Дзяды (Пагашчанін - псэўданім Вацлава Ластоўскага, Крывічанскія Дзяды, “Крывіч”, № 12, Каўнас 1927, с. 66-69).
2.
У 6 нумары часопіса “Крывіч” зьмешчаны артыкул Власта (псэўданім Вацлава Ластоўскага) пра беларускія імёны. Загаловак артыкула – Крыўска-Беларускі іменьнік (Каўнас 1923, с. 34-43). Паведамляецца ў ім пра зьмены гучаньня імёнаў пры пераходзе з аднаго ўзросту ў іншы. Дзеля прыкладу: малы хлопчык Петрык, падрастаючы, атрымліваў імя Пятрук, становячыся кавалерам, пачынаў называцца Петрусём, пасьля жаніцьбы пераўтвараўся ў Пятра, а пастарэўшы й ажаніўшы сваіх дзяцей – у Петраша. Аднак гэтае багацьце беларускае мовы паддалося нівэлюючаму чужому ўплыву. Першымі прыкметамі зьменаў сталася ўжываньне жаночых канчаткаў у мужчынскіх дэмінутыўных імёнах, як Янка, Генька, Стаська. Гістарычная літаратура паказвае нам, – заўважае Власт – што раней гэтакіх жаночых формаў у мужчынскіх імёнах не ўжывалі. Там маем формы Янусь, Генюсь, Стасік альбо Янцісь, Генцісь. Часта выкарыстоўваліся таксама формы мужчынскіх імёнаў з націскным канчаткам -о: Янко, Станько, Грынько. У згаданым артыкуле Власт прывёў усе формы для 219 беларускіх мужчынскіх і жаночых імёнаў.
Праблемы гісторыі мовы закраналіся ў артыкулах, прысьвечаных суадносінам паміж мовай, народам і расай (А. Чыжыловіч, Мова, народ, раса, “Крывіч”, № 4, Каўнас 1923, с. 31-34), паміж літаратурнай мовай і дыялектамі (Аргус, Мова ці дыялект, народ ці племя?, “Крывіч”, № 5, Каўнас 1923, с. 45-48). Адным з самых важных прызнакаў, які аддзяляе паняцьці мовы й дыялекту, зьяўляецца існаваньне выдатных літаратурных помнікаў. Дзеля падняцьця дыялекту на ўзровень мовы неабходная й нацыянальная тоеснасьць жыхарства, якое карыстаецца гэтым дыялектам і якое супрацьстаўляе сябе іншым народам. Трэба таксама, каб гэтае насельніцтва пражывала кампактна на дастаткова вялікай тэрыторыі (Аргус, тамсама, с. 46-47).
Pholologus адзначае, што гутарка не зьяўляецца малодшым, але старэйшым братам літаратурнае мовы. Гутарка разьвіваецца разам з мовай. Яна ціхая, нязграбная, але здаровая жыхарка вёскі. “Слоўнік “гутаркі” вельмі багаты, але іншы, чым слоўнік літаратурнай мовы. У ім няма філязафічных тэрмінаў. Затое ён вельмі вялікае значэньне мае для разьвіцьця літаратурнай мовы. Як селянін корміць і поіць горад, так “гутарка” падтрымлівае істнаваньне літэратурнай мовы.” (Philologus, Мова і гутарка (дыялект), “Крывіч”, № 11, Каўнас 1926, с. 105)
На старонках “Крывіча” зьмяшчаліся таксама палемічныя артыкулы. У 2 нумары часопіса Ластоўскі прыводзіць меркаваньні расейскіх вучоных пра беларускую мову, якія потым аспрэчвае. У артыкуле пад загалоўкам Пагляд расійскіх вучоных на беларускую мову (Л-кі (крыптонім Вацлава Ластоўскага), Пагляд расійскіх вучоных на беларускую мову, “Крывіч”, № 2, Каўнас 1923, с. 24-27) аўтар паклікаецца на працу праф. Я. Карскага Обзор звуков и форм белорусской речи, дзе цытуюцца розныя выказваньні пра беларускую мову. Адны зь іх лічылі яе дыялектам вялікарускай мовы, другія – украінскай, і толькі некаторыя прызнавалі яе самастойнай мовай. Ластоўскі адзначае, што за апошнія сто гадоў гэта вялікаруская мова прыблізілася да беларускай і формамі, і слоўнікам, а не наадварот. Прыкладам можа быць слоўнік Насовіча (каля 30 000 словаў), цалкам уключаны ў Расійскі акадэмічны слоўнік, ня кажучы ўжо аб ранейшых запазычаньнях.
На старонках “Крывіча” паведамлялася таксама пра помнікі беларускага пісьменства: у 11 нумары гэтага часопіса знаходзіцца інфармацыя пра крывічанскія кнігазборы ХV ст. (Крывічанскія кнігазборы XV ст., “Крывіч”, № 11, Каўнас 1926, с. 112), у 5 нумары апісваюцца беларускія друкі часоў Студзеньскага паўстаньня (А. Ружанец-Ружанцоў, Беларускія друкі часоў другога паўстаньня, “Крывіч”, № 7, Каўнас 1924, с. 94), у 8 і 9 нумарох зьмешчаныя фрагмэнты Аль Кітабу, падрыхтаваныя да друку Янам Станкевічам (Адрывак з Ай Кітабу, “Крывіч”, № 8, Каўнас 1924, с. 46-50), у гэтым жа 8 нумары знаходзіцца таксама зацемка пра новую на той час знаходку – рукапіс опэры В. Дуніна-Марцінкевіча Розна Міласьць бывае (Рукапіс Дуніна-Марцінкевіча, “Крывіч”, № 8, Каўнас 1924, с. 108).
Вялікая колькасьць помнікаў беларускага пісьменства была зьнішчаная. У 7 нумары “Крывіча” зьмешчаны артыкул В. Ластоўскага пра паленьне кніг на Беларусі, якое адбывалася на працягу ХVІ, ХVІІ і ХVІІІ стагодзьдзяў і праводзілася рознымі веравызнаньнямі, а ў 8 нумары “Крывіча” тэму працягвае Алесь Смаленец, які апісвае зьнішчэньне вуніяцкіх кніг. Толькі за тры гады было спалена больш за 2000 кніг (В-ст. - крыптонім Вацлава Ластоўскага, Паленьне кніг на Беларусі, “Крывіч”, № 7, Каўнас 1924, с. 59-62; А. Смаленец, Да стацьці В-ста: “Аб паленьні кніг на Беларусі”, “Крывіч”, № 8, Каўнас 1924, с. 31-33).
Друкарская справа на беларускіх землях – гэта наступная тэма, шырока закранутая на старонках “Крывіча”. Паведамлялася пра Жыровіцкую друкарню (Г. Л., Жыровіцкая друкарня, “Крывіч”, № 5, Каўнас 1923, с. 53-54), пра Пачайнскую друкарню (Т. О., Пачайнская друкарня, “Крывіч”, № 8, Каўнас 1924, с. 105), пра рухомыя друкарні на Беларусі й Украіне (С. Т., Рухомыя друкарні на Беларусі і Украіне, “Крывіч”, № 7, Каўнас 1924, с. 94), пра дзейнасьць такіх друкароў, як: Пятро Мсьціславец (В. Л. - крыптонім Вацлава Ластоўскага, Хто быў першы друкар у Маскве, “Крывіч”, № 5, Каўнас 1923, с. 49-50), Марцін Янкус (В. Ластоўскі, Беларускія (крыўскія) друкі ў Тыльзіце, “Крывіч”, № 11, Каўнас 1926, с. 106) і, зразумела, Францішак Скарына (В. Ластоўскі, Доктар Франціш Скарына, “Крывіч”, № 8, Каўнас 1924, с. 3-12).
Немалая ўвага адводзілася аўтарамі “Крывіча” і беларусізацыйным дзеяньням пачатку 1920-х гадоў (Камісыя беларусазнаўства, Перагляд праграмы па беларускай мове й літэратуры ў Сав. Беларусі, Беларускі культурны рух на Гомельшчыне, Сэмінарыі па беларускай літэратуры ў Бел. Дзяр. Унівэрсытэце, “Крывіч”, № 2, Каўнас 1923, с. 54-55). Адкрываліся курсы беларусазнаўства, адчыняліся новыя школы, выпрацоўваліся новыя праграмы па беларускай мове й літаратуры, праводзіліся сэмінарскія працы: дасьледавалася творчасьць беларускіх пісьменьнікаў, а таксама фальклёр – казкі, легенды, абрадавая й бытавая паэзія.
3.
p>На старонках “Крывіча” паяўлялася падрабязная інфармацыя пра лексыкаграфічную працу беларусаў. Апрача паведамленьняў пра выдадзеныя друкам слоўнікі (Матэматычны слоўнік К. Душэўскага й В. Ластоўскага (№ 2, 1923, с. 62), Расійска-беларускі і беларуска-расійскі слоўнік геомэтрычных і трыгономэтрычных тэрмінаў К. Дуж-Душэўскага й В. Ластоўскага (№ 4, 1923, с. 56), Беларуска-расійскі слоўнік М. Байкова й С. Некрашэвіча (№ 12, 1927, с. 116-117), Віцябскі краёвы слоўнік М. І. Касьпяровіча (№ 12, 1927, с. 117-118), зьмяшчаліся таксама матэрыялы да беларускага слоўніка.У 11 нумары “Крывіча” прыводзіцца рачное імязоўніцтва, у асноўным зьвязанае з ракою Дзьвіной. Самае глыбокае цячэнне ракі – гэта ручво, шырокае й ціхае называецца плесам, а звужанае з хуткім цячэньнем вады акрэсьліваецца словам турэц (1926, с. 111).
У 12 нумары “Крывіча” Д. Чарняўскі прыводзіць вынікі савіх дасьледавньняў на тэму г. зв. “бабскай меры” (Д. Чарняўскі, Так званая “бабская мера”, 1927, с. 106). Мера палец раўняецца таўшчыні спаказчага пальца; корх – шырыня трох пальцаў распрастанай далоні; пяда – распрастаныя пальцы рукі – ад верху вялікага пальца пянтуха да канца сярэдняга пальца даўгача; локаць – рука ад локцявай косткі жбіцы да верху сьціснутай у кулак далоні = 36 см; наручка альбо стан – лічыцца ад канца вялікага пальца пянтуха да сярэдзіны грудзей = 108 см; сяжан заключае ў сабе шэсьць локцяў і выражае меру разьнятых раўналегла з плячамі рук = 216 см; сьцяна раўняецца тром сяжням, значыць = 648 см; пастаў раўняецца 54 локцям, значыць = 1744 см.
У 7 нумары “Крывіча” зьмешчаная таксама публікацыя М. Нікіфароўскага Напоўпрыслаўкі, напоўпрыказкі (1924, с. 13-23), у якой аўтар прыводзіць шматлікую колькасьць арыгінальных беларускіх устойлівых словазлучэньняў, тыпу: грэць шылам ваду ‘да вялікай справы рабіць малы высілак’, у сабакі вочы пазычыць ‘не стыдацца, не чырванець пасьля благога паступку’ ці просім на голы банкет, просім у голыя госьцікі ‘запросіны ў лазьню’.
4.
Аўтары “Крывіча” вельмі асьцярожна адносіліся да ўсялякага роду запазычаньняў у беларускай мове. На старонках гэтага часопіса паявілася вялікая колькасьць публікацыяў, прысьвечаных згаданай тэме.
Ю. Верашчака (псэўданім Вацлава Ластоўскага) задумаўся над тым, хто ў каго запазычвае? (Хто ў каго запазычвае?, “Крывіч”, № 6, Каўнас 1923, с. 24-31) Разглядаючы гістарычную мінуўшчыну й польска-беларускія ўзаемаўплывы, абапёрся на працы польскіх вучоных, м. ін. Б. Хлебоўскага.
“Трэба нам прыпомніць, што ад абраньня Ягайлы на караля польскага, у Кракаве пачала функцыянаваць яго прыбочная, літоўская канцалярыя, якая пісала ўсе дакуманты па беларуску, і, што, пераходзячы ад лаціны і нямеччыны да пісаньня ў сваей мове, палякі бралі жыўцом формы дакумантаў, юрыдычныя тэрміны і сказы з беларускай мовы. Урэшце прыпомнім пераклад Статуту Вял. Кн. Літоўскага з беларускай мовы на польскую, і тое, што тэрміналёгія беларуская была ўзята да польскага перакладу жыўцом у мову польскую.
Узяўшы ўсё гэта пад увагу мы зразумеем, які аграмадны запас лексычнага беларускага і украінскага матэрьялу быў прысвомлены палякамі ў працягу, ад ХІV да ХVІІ ст. Але польскія запазычаньні на ХVІІ ст. не спыніліся. І ў ХVІІІ ст. найбольшы культурны уклад ў польскую літэратуру зрабілі людзі ўзгадаваныя ў нашым краю.
Найбольшыя захваты беларускага лексычнага матэрьялу ў польскую мову прыпадаюць на ХІХ ст., калі палякі, утраціўшы палітычную незалежнасьць і будучы разьдзелены на тры часьці, паставілі сабе сьвядома заданьне, у мэтах збліжэньня ўсіх быўшых у межах Польшчы зямель, лучыць іх на грунце адзінай літэратуры. А дзеля гэтага пастаноўлена было дасканаліць польскую мову пры помачы ‘‘провінціяналізмаў’’. Як ведама найбольшы лік польскіх пісьменьнікаў ХІХ ст. былі родам з Беларусі... (...) Хоць за 500 летняе сужывецтва і ў нашу мову увашло шмат польскіх слоў.”( Тамсама, с. 30)
Немалая была колькасьць публікацыяў на старонках “Крывіча”, у якіх крытыкавалася празьмерная колькасьць русыцызмаў у беларускай мове (Ю.В. – крыптонім Вацлава Ластоўскага), Пляновая асыміляцыя, “Крывіч”, № 8, Каўнас 1924, с. 96-100; “Савецкая Беларусь” (1 лютага № 25 (1917) – 20 лютага № 42 (1934), “Крывіч”, № 12, Каўнас 1927, с. 118), такіх як: вопыт мінулага замест практыка мінуўшчыны, вучасткі зямлі замест дзялянкі зямлі, ці прыняты ўсе меры замест зроблены захады і г. д.
“З гістарычнай практыкі ведама нам, да чаго гэткая асыміляцыя давяла нашу мову ў ХVІ ст.: давяла яна да таго, што ужо ў XVІІ ст. крыўская кніжная мова сталася аднолькавай з польскай. У некаторых помніках рожніца між аднэй і другой была толькі ў літарах, дык урэшце-рэшт крыўская (беларуская) мова, як мова палітычна слабейшай націі, павінна была ўступіць мейсца польскай. Калі-ж у Радавай Беларусі (Крывіі) пойдзе далей такая асымілятарская работа, то ці ня станецца гэта самае і другі раз? Гісторыя, кажуць, паўтараецца...” (Ю. В., Пляновая асыміляцыя, “Крывіч”, № 8, Каўнас 1924, с. 99) Толькі на гэты раз пагрозу аказвае расійская мова.
У 11 нумары “Крывіча” В. Ластоўскі ў артыкуле пад загалоўкам Праграма зьбіраньня вуснае народнае творчасьці (“Крывіч”, № 11, Каўнас 1926, с. 113-115) праявіў задавальненьне з тае прычыны, што Інстытут беларускае культуры ў Менску перайшоў ад паверхнаснай трактоўкі крывічанскай мовы й культуры да больш грунтоўных досьледаў, а менавіта, зьвярнуўся да першакрыніцаў. Гэта важнае тым больш, – паводле аўтара – што Інстытут зрабіў вялікую шкоду беларускай мове выданьнем зборнікаў розных аўтараў пад загалоўкам Беларуская навуковая тэрміналёгія, у якой ёсьць шмат памылковых перакладаў з расійскай мовы.
На старонках “Крывіча” разглядаліся таксама пытаньні сынанімікі ў беларускай мове. У 5 і 6 нумарох часопіса В. Ластоўскі апублікаваў свае разважаньні пра беларускія аднасловы (Власт., Беларускія аднасловы, “Крывіч”, № 5, Каўнас 1923, с. 29-32; В-т, Аднасловы, “Крывіч”, № 6, Каўнас 1923, с. 43-46). Аднасловы прыносяць вялікую карысьць кожнай мове, таму што надаюць ёй гнуткасьць і вытанчанасьць. Але, з другога боку, патрабуюць вельмі ўважлівых адносінаў з увагі на розныя адценьні значэньняў, напр., дзеля адлюстраваньня працэсу маўленьня можна выкарыстоўваць словы: казаць ‘не ўзаемнае выказваньне, а ад першай, другой ці трэцяй асобы’, гаварыць ‘спакойна размаўляць’, гаманіць ‘гаварыць голасна, запальчыва, сварыцца’, галакаць ‘гаварыць крыкам, крычаць’, галёкаць ‘крычаць на ўвесь голас’, гутарыць ‘гаварыць спакойна, разважліва’, размаўляць ‘сярэдняе па значэньню – паміж гаварыць і гутарыць’, гукаць, дудукаць ‘весьці прыязную размову прыцішаным голасам, так аб усім’, зюкаць ‘гаварыць голасным сьвісьцячым шэптам’, зяпаць ‘бясьсільна крычаць, гаварыць крыкліва й бяз сэнсу’.
“Правільнае ўжываньне аднасловаў надае выразістасьці і хараства мове, але нажаль у нас гэта не заўсёды перасьцерагаецца. Стыльнасьць мовы залежыць асабліва ад лёгічнага ўжываньня тэхнічных слоў. Асабліва часта ў паточнай мове бывае зьмяшаньне слоў “рэзаць” і “кроіць”, калі гавораць аб кроеньні хлеба. “Рэзаць хлеб”, “нарэж хлеба” – брыдкі барбарызм, якога належыцца ўнікаць.” (І., Рэзаць, кроіць, стругаць, кружаць, “Крывіч”, № 10, Каўнас 1925, с. 110)
У 7 нумары “Крывіча” В. Ластоўскі прывёў таўталягічныя беларускія звароты, выбраныя з Раманава, Шэйна, Бязсонава й Крачкоўскага, тыпу: бераг-беражысты, дамоўка-труніца, крыніца-вадзіца, нівы-загоны, стукун-грукун, траўка-мураўка. (В. Л., Таўтолёгія, “Крывіч”, № 7, Каўнас 1924, с. 90-91)
5.
Аўтары “Крывіча” вялікае значэньне прыдавалі сэмантыцы (Л. А., Аб значэньні слова “бонда”, “Крывіч”, № 3, 1923, с. 51-52; У. С., Што такое “дунай”, “Крывіч”, № 5, 1923, с. 52; К. І., Слова “друя”, “Крывіч”, № 5, 1923, с. 53; І. Л., Навец, наўскі, “Крывіч”, № 6, 1923, с. 50; А. С., Палчанін, палачанін, “Крывіч”, № 6, 1923, с. 50; Т. О., Выцябкі і поцябкі, “Крывіч”, № 6, 1923, с. 50; У. С., Ярасьць і юрнасьць, “Крывіч”, № 6, 1923, с. 50-51; І. Л., Аб слове “кабета”, “Крывіч”, № 7, 1924, с. 96; О. У., Навязі і кудмяні, “Крывіч”, № 11, 1926, с. 107-108; А. С., Аб слове мурава, “Крывіч”, № 11, 1926, с. 110-111; У. Л., Карэнь “корс”, “корх”, выводныя ад яго словы і паняцьці ў крыўскай мове, Крывіч”, № 11, 1926, с. 110; О. І. (крыптонім Вацлава Ластоўскага), Аб слове “гаспадар”, “Крывіч”, № 12, 1927, с. 110-111; Л. А., Аб кораню “віт”, “вет” і выводных словах і паняцьцях, “Крывіч”, № 12, 1927, с. 108-109; С. Т., Словачын “рымзаць” і выводныя ад яго словы і паняцьці, “Крывіч”, № 12, 1927, с. 109-110).
Вельмі многа ўвагі адводзілася разгляду значэньня асобных словаў, напр. у ваколіцах Мёраў, Шаркаўшчыны ды на Віленшчыне ўжываецца слова навец. Наўцом называлі сьвежа памерлага нябошчыка, а таксама нябошчыка, які пасьля сьмерці ходзіць у сваім целе й сьсе кроў. У гэтых ваколіцах навец проціпастаўляўся мярсьню, даўно памерламу, які рассыпаўся й ня мае ўжо цела, а паказваецца толькі як дух (І. Л., Навец, наўскі, “Крывіч”, № 6, 1923, с. 50).
Прыводзіліся ў “Крывічы” цэлыя рады вытворных словаў, напр. ад кораня віт, вет, які ва ўсіх славянскіх мовах выражае паняцьце аб:
– мове, вымаўленьні, красамоўстве: вітаць ‘сустракаць словамі, жадаючы добрага жыцьця й здароўя’, вітальніца ‘пакой, сьвятліца, у якой прымаюць гасьцей’, вяшчаць ‘прапаведаваць, прарокаваць’, весьціць ‘паведамляць’, вяшчба ‘прароцтва’, вешчы ‘каму ўсё ведама і хто прадказвае будучыню‘, вяшчэль ‘адгадчык, прарок’, вешчыца – паводле Даля, ‘ведзьма, якая кладзе сваё цела на ступу, а сама вылятае сарокай праз комін’, вядун ‘знахар’, ветны ‘бывалы чалавек, які многа ведае’, ветлы ‘прыветлівы, які ведае абычаі, таварыскі этыкет’;
– а таксама аб старшынстве, старасьці, вечнасьці; пераможнасьці: ветхі ‘стары, даўны, аджываючы’, ветах ‘стары месяц’, вечнасьць ‘даўнасьць, як можна мысьлю сягнуць’; віцязь ‘храбры, удалы ваяр, пераможца’( Л. А., Аб кораню “віт”, “вет” і выводных словах і паняцьцях, “Крывіч”, № 12, 1927, с. 108-109).
Аўтары “Крывіча” заклікалі да большай сьцісласьці ў тэрміналёгіі, разглядаючы такія паняцьці, як: нацыя й народнасьць, касмапалітызм ды інтэрнацыяналізм (В. Ластоўскі, Больш сьцісласьці ў тэрміналёгіі, “Крывіч”, № 12, 1927, с. 69-78)
На старонках “Крывіча” было таксама нямала артыкулаў, прысьвечаных фанэтычна-граматычным пытаньням беларускае мовы.
Ян Станкевіч у 8 нумары часопіса заклікае ня блытаць словаў з суфіксамі -іня ды -іна. Аўтар публікацыі зьвяртае ўвагу на тое, што найменьні з суфіксам -іня (велічыня, глыбіня, шырыня) маюць абстрактнае значэньне, і толькі слова старшыня мае канкрэтнае значэньне, тады калі словы з суфіксам -іна азначаюць у асноўным канкрэтныя рэчы й асобы (дубіна, мякіна, дзяўчына). Факультатыўнае выкарыстаньне гэтых суфіксаў шкодзіць чысьціні беларускае мовы (Я. Станкевіч, Іменьні з сыфіксам -іня, “Крывіч”, № 8, 1924, с.102-103).
У 12 нумары часопіса ў артыкуле, прысьвечаным рэфармаваньню кірылаўскае азбукі, Вацлаў Ластоўскі зьвяртае ўвагу, што ўжо даўно насьпела неабходнасьць рэвізіі ўжываньня ў беларускай пісьменнасьці кірылаўскай азбукі. Забесьпячэньне літаратурнай мове ўмоваў здаровага разьвіцьця ў значнай ступені залежыць ад добрага дапасаваньня пісьмовых знакаў да гукаў жывой мовы ды ўстанаўленьня, згоднага з фанэтыкай і гісторыяй, правапісу. Рэформа – на думку аўтара – павінна ісьці ў напрамку скарачэньня колькасьці літар. На працягу свайго разьвіцця мова заўсёды спрашчалася. На пачатак сваю ўвагу засяроджвае ён на ятаваных галосных. Уважае, што можна было б з посьпехам заступіць іх спалучэньнямі літар а, е, о, у зь літарй і, што пазволіла б адлюстраваць і дыфтонгі, якія існуюць у жывой мове, а пры пісаньні адным знакам – заціраюцца. Непатрэбнае было б і э. Таксама можна было б зрэзыгнаваць з літар й ды ў. Неабавязкова здольнасьць гукаў скарачацца ці расшырацца трэба перадаваць на пісьме. На думку В. Ластоўскага, зрэфармаваная беларуская мова павінна складацца з 6 літар для азначэньня галосных замест 12 (а, о, у, е, і, ы), з 19 зычных замест 23 (б, в, г, д, ж, з, к, л, м, н, п, р, с, т, ф, х, ц, ч, ш) і з мяккага знаку (ь).( В. Ластоўскі, У справе рэформы кірылаўскае азбукі, “Крывіч”, № 12, 1927, с. 60-66)
Разглядаліся фанэтычныя пытаньні. Пра пашырэньне на тэрыторыі Крывіі (Беларусі) дыфтангічнага вымаўленьня пісалі А. Матач (Дыфтонгі уо (юю=іуо), ыэ (іе), “Крывіч”, № 8, 1924, с. 104-105; “Крывіч”, № 9, 1925, с. 103-105) і Я. Станкевіч (Аб “панэ” і г. п., “Крывіч”, № 9, 1925, с. 103).
На думку А. Матача, калі дыфтонг уо перадаецца як о, дык мэтазгодна было б дыфтонг іе перадавць праз е таксама ў канчатках слоў і пісаць зьвярэ, ваўке, а не зьвяры, ваўкі. Дарэчы, у вымаўленьні займеньнікаў мае, твае свае гэта ўжо зроблена, дык чаму ж не пашырыць гэтага правіла й на назоўнікі? – пытае А. Матач і адказвае, што найлепш было б дзеля адлюстраваньня дыфтонгаў знайсьці асобныя літары.
На старонках 10 нумара “Крывіча” Я. Станкевіч разглядаў апазыцыю пачатковых гукаў о-е ў славянскіх мовах і адзначае, што чаргаваньне о-е зьяўляецца асаблівасьцю праіндаэўрапейскае мовы (Пачатнае “о - е” ў славянскіх мовах, “Крывіч”, № 10, 1925, с. 82-85).
Апрача гэтага ў “Крывічы” абмяркоўвалася напісаньне пачатковага б і в у словах, узятых з грэцкае мовы (Пхілос, Аб напісаньні пачатбага грэцкага б і в ў крыўскай мове, “Крывіч”, № 11, 1926, с.105-106) ды пачатковых спалучэньняў ур (А.Цл., Аб напісаньні пачатнага ўр у крыўскай мове, “Крывіч”, № 11, 1926, с. 109) і ул (С.К., Аб напісаньні “ўл” у крыўскай пісьменнасьці, Крывіч № 12, , с. 111). Аўтары зьвяртаюць увагу на немэтазгоднасьць напісаньня в у словах тыпу варвар (па-беларуску павінна быць барбар) ды пачатковых ур і ул (вораг, валадар).
Я тут пералічыла толькі некаторыя тэмы, якія закараналіся на старонках “Крывіча”. Але ўжо з гэтай кароткай інфармацыі выразна відаць, якое значнае месца адводзілі рэдактары “Крывіча” пад пытаньні нацыянальнае мовы. Асабліва вялікая колькасьць артыкулаў была аўтарства Вацлава Ластоўскага. Гэты выдатны дзеяч беларускага народу, палітык і прэм’ер ураду Беларускай Народнай Рэспублікі, праяўляў вялікі клопат пра лёс беларускае мовы, стараўся паказаць яе залаты век і гэтым самым заяўляў, што беларуская мова здольная выконваць ролю мовы дзяржаўнай.
Каб ацаніць ролю беларускага асяродка ў Каўнасе ды ўсе заслугі Вацлава Ластоўскага на мовазнаўчай ніве, несумненна, трэба заняцца ягонымі дзьвюма грунтоўнымі працамі: Гісторыяй беларускай (крыўскай) кнігі і Расійска-Крыўскім (Беларускім) слоўнікам.
Ніна Баршчэўская