4.
Росквіт беларускае дзяржаўнасьці, культуры, літаратуры й асьветы назіраўся ў XVІ ст., які таму й называецца Залаты векам. Гэта быў век адраджэньня беларускага народу, адраджэньня вялікіх традыцыяў Полаччыны – калыскі беларушчыны ў дзяржаўна-палітычных і культурных яе праявах.
У 4 нумары „Пагоні” зьмешчаны артыкул Уладзімера Глыбіннага пад загалоўкам Залаты век. (у: „Пагоня”, № 4, лістапад 1946, Зальцбург, с. 48-52 )
Адным з слаўных сыноў Беларусі гэтага часу зьяўляцца Францішак Скарына з Полацка, які, атрымаўшы асьвету за межамі Беларусі, аддаў свае веды на карысьць свайго народу.
Першы беларускі друкар ужо ў 1517 годзе выдаў у Чэскай Празе першую друкаваную кніжку ў беларускай мове – Псалтыр. Каб зразумець вялікае асьветніцкае значэньне Псалтыра, трэба ўспомніць, што па ім вучыліся грамаце – адзначае У. Глыбінны на старонкацх зальцбургскай „Пагоні”.
„Пачынаючы друкаваць кнігі ў беларускай мове, Францішак Скарына перш за ўсё кіраваўся народнымі інтарэсамі, зацікаўленасьцяй наблізіць кніжную мову да народных масаў. (...) Каб наблізіць сваю асьветніцкую і друкарскую справу да свайго народу, Францішак Скарына пераяжджае ў Вільню і тут, заклаўшы пры дапамозе сына мястовага райцы Багдана Онькава і віленскаха бурмістра Якуба Бабіча ў доме апошняга друкарню, распачаў друкаваньне кніжок ужо на роднай зямлі. У сакавіку 1525 году ён выпусьціў у сьвет друкаваную кнігу „Апостол”, пасьля яшчэ „Малую падарожную кніжыцу”. Кнігі, выдрукаваныя Скарынаю, былі першымі друкаванымі кнігамі ва ўсёй Усходняй Эўропе; яны ішлі ў Маскоўшчыну, Украіну, Галіцыю, паўдзённым славянам і нават на заходня-эўрапэйскія рынкі, пашыраючы асьвету і культуру, праслаўляючы гэтым беларускую мову. У Маскве ў той час аб друкарскай справе ніхто ня дбаў” – заўважае У. Глыбінны (тамсама с. 49).
Таксама газэта „Раніца”, прызначаная ў асноўным для рабочых, рабіла вялікія намаганьні, каб пазнаёміць сваіх чытачоў зь беларускай культурнай спадчынай і гэтым самым разьвіць любоў да ўсяго роднага ды выклікаць пачуцьцё гонару за мінуўшчыну свае Бацькаўшчыны. Значэньне Ф. Скарыны ды іншых беларускіх друкароў закранаецца ў артыкуле Сыгналы нашае старое культуры (у: „Раніца”, 26 сакавіка 1944, Бэрлін).
Пісьменьніцкую й перакладчыцкую дзейнасьць Ф. Скарыны працягвалі такія беларускія пісьменьнікі XVІ ст., як: Сымон Будны, што выдаў пратэстанцкі Катэхізіс у 1562 годзе, або Васіль Цяпінскі-Амельяновіч з Полаччыны, які зрабіў пераклад на беларускую мову Евангельля. Васіль Цяпінскі горача жадаў, каб народ беларускі трымаўся свае прыроджанае мовы. Існаваньне гэтакіх пісьменьнікаў сьведчыць, што ў народзе моцная нацыянальная сьвядомасьць.
Друкарская справа пашыралася на беларускіх землях на працягу цэлых XVІ і XVІІ ст.ст.. Яна знаходзіла шмат прыхільнікаў і памагатых у асобах асьвечаных і багатых людзей таго часу, такіх як: Слуцкія, Радзівілы, Хадкевічы, Сапегі, у дварох якіх адчыняліся друкарні.
З 1574 году ў Вільні стала вядомай друкарня беларускіх культурных дзеячоў XVІ ст. – братоў Мамонічаў родам з Магілёва. Кузьма Мамоніч быў віленскім бурмістрам, а ягоны брат Лукаш – скарбнікам Беларуска-Літоўскай дзяржавы. Заснаваная імі друкарня ў Вільні дзейнічала да паловы XVІІ ст.
Друкары Іван Фёдараў і Пётра Мсьціславец, якія ўцяклі з Масквы пасьля разбурэньня маскоўскай чэрню першае расейскае друкарні, дзякуючы апецы Рыгора Хадкевіча заклалі друкарню ў Заблудаве Беластоцкага павету. У Заблудаве яны выдалі некалькі кніжак. У 1569 годзе Мсьціславец выехаў у Вільню, дзе распачаў сваю друкарскую дзейнасьць у Мамонічаў і з дапамогай братоў Зарэцкіх надрукаваў шмат кніжак, у прыватнасьці Четвероевангеліе.
Больш за 53 кнігі былі надрукаваныя ў братоў Мамонічаў, у тым ліку і Літоўскі Статут 1588 году. Канкурэнтамі Мамонічаў у той час былі: брацкая друкарня пры манастыры Сьвятога Духу, радзівілаўская друкарня ды іншыя, якія пачалі працу ў 1596 годзе. У мэтах пашырэньня свайго веравызнаньня друкарні заснавалі: Тышкевічы, Кішкі, Радзівілы, Валовічы, Сапегі ды іншыя. Гэтак Мікалай Радзівіл Чорны ў 1558 годзе ва ўласнай друкарні ў Берасьці выдаў Біблію, званую пасьля Радзівілаўскай ці Берасьцейскай. Узьніклі друкарні ў Супрасьлі, Гарадзеншчыне, у Еўі друкарня Багдана Агінскага, у Дзярэчыне, Крошыне, Слоніме, Гарадку ды іншых мясьцінах.
5.
Друкарства на Беларусі шырока асьвятляецца ў артыкуле пад назовам Пачатак друкарства на Беларусі і Францішак Скарына, зьмешчаным на старонках „Барацьбы” (у: „Барацьба”, № 40, 1961, Штутгарт, с. 8-9). Аўтар публікацыі, падпісаны ініцыяламі К-т., адзначае:
„Друкарская тэхніка выданьняў Скарыны была ўзорам для далейшага разьвіцьця друкарскае справы ня толькі на Беларусі, але і ў другіх краінах. У хуткім часе на Беларусі былі заложаны друкарні ня толькі ў Вільні (1525), але таксама ў Заблудаве (1568), Несьвіжы (1562), Магілёве (1616), Іўі (1674), Супрасьлі (1613), Кутэйне (1632), Чэрняеве (1642), Слуцку (1674), Клецку, Воршы, Лоску (1574), Берасьці, Цяпіне, Полацку, Менску, Любчы, Заслаўі, Пінску і па іншых гарадох і мястэчках, усяго каля 40 друкарняў.” (Тамсама, с. 9)
На канец XVІ і пачатак XVІІ ст.ст. прыпадае найбольш старадаўніх беларускіх кніжак. Сярод іх варта адзначыць школьныя падручнікі, лемантары, навуковую літаратуру, як, напрыклад, граматыкі Лаўрэна Зізанія й Мялеція Сматрыцкага, выдадзеныя адпаведна ў Вільні 1596 году і ў Еўі 1616 году, слоўнік Памвы Бярынды, вядомы ўжо ў 1627 годзе й перадрукаваны ў 1653 годзе ў Куцеінскай друкарні Собаля на Магілёўшчыне.
„Асабліва варта нагадаць і з нацыянальнай пашанаю ўспомніць тут – піша У. Глыбінны – помнік беларускай літаратурнай мовы 16-га стагодзьдзя і найстарэйшую спробу беларускае лексікаграфіі – слоўнік Лаўрэна Зізанія, які быў надрукаваны пад назовам „Лексіс”, як дадатак да ягонае „Граматыкі словенскай”, што выйшла з друку ў Вільні ў 1596 г. (у гэтым-жа годзе выйшла кніга таго-ж аўтара – „Навука до чытаньня”). Выдатны беларускі дзеяч тагачаснай Беларусі, які жыў у Вільні, Берасьці ды іншых мясцох свайго краю, ведамы разам са сваім братам С. (Стафанам - НБ) Зізаніем, як змагар супроць палянізацыі беларусаў, Лаўрэн Зізані дасканаа ведаў жывыя народныя гаворкі, народную мову. У сваім „Лексісе” ён сабраў больш тысячы стараславянскіх словаў і пераклаў іх у сучасную яму беларускую мову, вытлумачваючы часам адно стараславянскае слова колькімі беларускімі словамі, чэрпаючы са слоўнага сынанімнага багацьця беларускае мовы. Пераважная бальшыня пададзеных Лаўрэнам Зізаніем беларускіх словаў спатыкаецца і ў сучаснай беларускай мове, што сьведчыць пра навуковую вартасьць працы гэтага даўняга беларускага мовазнаўцы. (...) „Лексіс” Зізанія яшчэ раз гаворыць аб тым высокім узроўні, на які ў сваім безупынным удасканаленьні так рана ўзьнялася была беларуская мова ў тыя часы, які стаўляе яе ў шэраг культурных зьяваў, якімі народ мае падставы ганарыцца.” (У. Глыбінны, Залаты век, у: „Пагоня”, № 4, лістапад 1946, Зальцбург, с. 52)
Гісторыяй беларускай мовы заняўся Вацлаў Ластоўскі ў папулярным артыкуле Што трэба ведаць кожнаму беларусу?, які быў шмат гадоў пасьля сьмерці аўтара зьмешчаны на старонках „Незалежнай Беларусі” (№ 3, ліпень 1960, Лягенфэльд, с. 2). У гэтым артыкуле аўтар задумоўваецца над тым, што неабходна ведаць кожнаму беларусу пра сваю мову? Каб знайсьці адказ на гэтае шырокае пытаньне, В. Ластоўскі стараецца коратка адказаць на шэраг больш дэталёвых пытаньняў, а менавіта: што такое народная мова, па чым лягчэй пазнаць носьбітаў беларускае мовы, якая гэта мова, ці існуе беларуская літаратура (пісьменства), ці беларуская мова адна на ўсёй Беларусі, чаму іншыя беларусы стараюцца гаварыць чужой мовай заміж сваёй і што сталася б, каб забыліся свае роднае мовы?
6.
Родная мова – вялікае багацьце, якое народ павінен цаніць і шанаваць. Гэта мова злучае людзей у адзін народ. Як дарагая родная мова, кожны адчувае наймацней тады, калі апынецца на чужыне.
Толькі ворагі беларушчыны альбо зусім цёмныя людзі могуць казаць, што беларуска мова – гэта мешаніна маскоўскай і польскай моваў. Шмат вучоных людзей розных нацыянальнасьцяў вывучылі беларускую мову. Усе яны аднагалосна кажуць, што беларуская мова зусім самабытная, такая ж асобная славянская мова, як напр. польская ці маскоўская – напісаў Вацлаў Ластоўскі.
„Даўней нашая мова была аднэй з самых культурных усходнеславянскіх моваў, ёю гаварылі князі нашыя, князі і вяльможы Вялікага Княства Беларускага (Літоўскага), ды каралі польскія. Беларуская мова была мовай дыплёматычнай на ўсходзе Эўропы. У беларускай мове ў Вялікім Княстве Беларускім (Літоўскім) пісаліся ўсе законы, вяліся усе ўрады і суды, адбываліся соймы і інш. Ад тых часоў захавалася багата дакумэнтаў, кніг, граматаў і ўсе яны пісаліся чысьцюсенькай нашай беларускай мовай”. (В. Ластоўскі, Што трэба ведаць кожнаму беларусу?, у: „Незалежная Беларусь”, № 3, ліпень 1960, Лягенфэльд, с. 2)
Пазьней наступілі для Беларусі змрочныя часіны.
„Калі нашая бацькаўшчына падпала пад Расею (Маскоўшчыну), дык нават зусім было забаронена што-небудзь пісаць і друкаваць пабеларуску. Толькі ў 1905 годзе, у час расейскай рэвалюцыі, беларусы дамагліся права друкаваць кнігі ў сваёй мове. За кароткі час ад 1905 г. беларускія пісьменьнікі напісалі багата прыгожых і цікавых кніжак, стварылі новую беларускую літаратуру.” (Тамсама)
Беларуская мова, як і кожная іншая мова, мае свае дыялекты й гаворкі, напрыкад: віцебскія, смаленскія, палескія, цэнтральныя менска-слуцкія, і г.д.
Чаму некаторыя беларусы цураюцца свае мовы? – задумоўваецца В. Ластоўскі ды адказвае: – Адны зь іх адраклісіа ад роднае мовы дзеля свае асабістае карысьці, бо пайшлі ў найміты да чужынцаў і працуюць зусім сьведама на шкоду беларускаму народу, каб яго выгубіць. Другія не гавораць празь цемнату сваю, бо паверылі ворагам беларушчыны, што беларуская мова брыдкая й простая. „Абавязак кожнага сьведамага беларуса з першымі – ворагамі – змагацца, а другіх – цёмных – усьведамляць, выясьняючы ім праўду і навучаючы гісторыі нашай ды шырачы беларускае друкаванае слова. (...) Калі-б мы нашую родную мову закінулі, забыліся, а прынялі чужую, тады па нас і сьлед загінуў-бы на зямлі.” (Тамсама)
Ужо Францішак Багушэвіч пісаў: Не пакідайце-ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмерлі!
Пішучы пра мінуўшчыну Беларусі, рэдактары эміграцыйных беларускіх выданьняў у Нямеччыне часта зьвярталі ўвагу на блытаніну назоваў беларускага народу.
У артыкуле пад загалоўкам Не блытаць назову, зьмешчаным у часопісе „Вехі” (№ 25, ліпень 1972, Віндсбэрг), адзначаецца, што беларусаў у мінулым называлі крывічамі, дрыгавічамі, палешукамі і г. д., залежна ад таго, дзе хто жыў і як называлася тая частка краіны. З часам гэтыя назовы перасталі ўжывацца дзеля абазначэньня ўсяе нацыі й цэлае краіны.
У значэньні нацыі беларусаў называлі рускімі, літоўцамі й беларусамі. Гэтая блытаніна прычыніла беларускаму народу найбольш шкоды, таму што ўсё тое, што было зроблена ў пэрыяд ВКЛ зараз прыпісваецца летувісам, якія ў той гістарычны час не называліся ліцьвінамі, але жмудзінамі. У сваю чаргу дасягненьні з пэрыяду Русі стараюцца залічыць да сваіх дасягненьняў расейцы. У даўнія часы Беларусь і Украіна называлісіа Русьсю. Была Русь Кіеўская, была Чырвоная, была й Беларусь, а сёньняшняя Расея ў той пэрыяд называлася Масковіяй і ня мела нічога супольнага з Русьсю, бо 200 гадоў знаходзілася пад татарамі, а цяпер мае прэтэнзіі да цэлай Русі, г. зн. да Беларусі й Украіны. Калісь гаварылі, „не ў армію забралі, але – у маскалі забралі, г. зн. у маскоўскае войска.” (Тамсама)
Менавіта, пад уплывам расейскай мовы пайшла блытаніна з назовамі Беларусі й беларускага народу. Гэта яны сталі жмудзінаў называць літоўцамі, хаця самі жмудзіны называюць сябе летувісамі, бо назовы Літва й літоўцы (значыць – Беларусь і беларусы) паўсталі тады, калі беларуская мова была пануючай у ВКЛ.
„Пра гэтую блытаніну назоваў трэба часта прыгадваць, а гэта з той мэтай, каб чужыя народы не прыпісвалі сабе спадчыны беларускай культуры і гісторыі.” (Тамсама)
7.
Здаўна вядуцца спрэчкі пра гісторыю назову Беларусь. Таксама беларускія вучоныя ў замежжы цікавіліся гэтым пытаньнем.
Гісторыяй тэрміну Беларусь заняўся на старонках „Беларускай Праўды”, якая выдавалася з Віндсбэрзе, Віктар Астроўскі. (Назоў Беларусь, у: „Беларуская Праўда”, № 14, люты 1973, Віндсбэрг, с. 3-6; № 23, сакавік 1975, Віндсбэрг, с. 9)
У артыкуле аўтар сьцьвярджае: „Гістарычныя дакуманты паказваюць, што назоў Белая Русь паявіўся ў пэрыядзе паяўленьня назоваў Літва і Русь. Гэта быў пэрыяд паўставаньня арганізаваных людскіх згуртаваньняў у сэнсе дзяржаўным.” (Тамсама, № 14, с. 3)
В. Астроўскі заўважыў, што пытаньнем паходжаньня назову Белая Русь цікавіліся ангельскія вучоныя ўжо 200 гадоў таму. Гісторык і картограф Тамаш Кітчын стараўся выясьніць гэтае пытаньне ў сваёй працы Мадэрная частка агульнай гісторыі, (т. 35), выдадзенай у Лёндане ў 1762 годзе. Кітчын адзначыў, што выкарыстоўваньне эпітэтаў тыпу белы, чорны ляжыць у звычаях усходніх славянаў. „Яны называюць каралеўскія грунты і грунты знаці, непадлягаючыя ападаткаваньню – белымі грунтамі, ды наадварот, яны называюць сялян і людзей ніжэйшага стану – чорнымі людзьмі, бо чорны колер у іх не адзначаецца пашанай.” (Тамсама с. 4)
Вялікай папулярнасьцю карыстаецца тэорыя, што назоў Белая Русь зьвязаны з колішняй татарскай няволяй, калі толькі абшары Полацкага й Пінска-Тураўскага Княстваў ніколі не былі паняволеныя татарамі. Прыкладам можа быць праца вядомага польскага гісторыка Сымона Старавольскага Polonia, выдадзеная ў Кёльне ў 1632 годзе, у якой аўтар Маскоўшчыну называе Чорнай Русяй, а бальшыню беларускіх земляў, уключна з Смаленшчынай, Севершчынай і Чарнігаўшчынай залічвае да Белай Русі.
Сягаючы яшчэ далей у мінуўшчыну, мы бачым, што тэрмін Белая Русь у значэньні свабоды ўжо спатыкаўся ў 1135 годзе ў Раскольніцкім і Растоўскім рукапісах.
„Тэрмін Белая Русь даволі часта выступае ў заходнеэўрапэйскіх крыніцах 14-га стагодзьдзя ў вершаваных творах прысьвечаных паходам крыжакоў. Белая Русь гэтых крыніцаў – гэта Пскоўшчына і Ноўгарадчына. У ананімнай хроніцы польскага аўтара Янкі з Чарнкова пад 1382 годам Полацак названы горадам Белай Русі.” (Тамсама с. 5)
Тэрмін Белая Русь у сэнсе ‘свабодная Русь’ мае сваю аналёгію ў сёньняшніх суадносінах Захаду з Усходам. Захад часта называецца Вольным Сьветам.
У гісторыі бывала, што частка беларускай тэрыторыі называлася Чорнай Русяй, альбо напераменку – то Чорнай, то Белай Русяй называлася Маскоўшчына. Гэта залежала ад пункту погляду аўтара. Дзеля прыкладу: „на картах С. Мюнстэра, у лацінскім перакадзе Пталамея з 1540 году Белая Русь знаходзіцца паміж Дняпром, Дзясной і Псолай тады, калі гэтая самая тэрыторыя азначаная як Чорная Русь на карце: Дакаднае апісаньне цэлай Мадзяршчыны, Трансільваніі, часткі Польшчы, Падоліі... і т. д., нарысаванай ведамым Гастальлі ў 1546 г. і якая знаходзіцца ў ватыканскай калекцыі картаў. (...)
Яшчэ пару прыкадаў з галіны картаграфіі: на карце Івана Ляцкага, выкананай Антонам Ведам у 1542 г. ёсьць лацінскае паясьненьне наступнага зьместу: Маскоўшчына, як і ўся Белая Русь, не абмяжоўваецца эўрапэйскай часткай Сармаціі, але больш прасьціраецца ў Азіі. Тут тэрмін Белая Русь не ідэнтыфікуецца з тэрмінам Маскоўшчына.” (Тамсама с. 5)
Віктар Астроўскі заўважыў, што рознымі картаграфічнымі данымі трэба карыстацца вельмі асьцярожна, таму што часта яны дайшлі да нашых дзён у стане пераробленым, пры гэтым нярэдка малакампэтэнтнымі людзьмі.
„У 1507 г. была апублікаваная карта польскага картографа Б. Вапоўскага, на якой аўтар ужо азначыў маскоўскую тэрыторыю: Маскоўшчына або Белая Русь. Ад гэтага часу заходнія картографы і пачалі ідэнтыфікаваць Маскоўшчыну з Белай Русяй у геаграфічным сэнсе. Справа гэтая пачала выясьняцца з паяўленьнем картаў Боўплана у 1651 г., Ф. Віта ў 1680 і Гомана ў 1706 г. (...) Паступова, з разьвіцьцём навуковай картаграфіі, назоў Белая Русь замацоўваецца выключна ў адносінах да сяньняшняга этнаграфічнага абшару Беларусі, а зьнікае з картаў, азначаючых тэрыторыю, якая была пад мангола-татарскім панаваньнем.” (Тамсама с. 6)
У выніку аналізу аўтар прыйшоў да высновы, што назоў Беларусь этымалягічнага паходжаньньня замацаваўся адносна беларускай тэрыторыі ў выніку гістарычных падзеяў і перахаваўся, дзякуючы адвечнаму існаваньню беларускай этнічнай масы.
Да тэмы назову Беларусі В. Астроўскі вярнуўся ў 23 нумары „Беларускай Праўды”. (Тамсама, № 23, с. 9) Напісаў ён пра тыя памылкі дасьледнікаў, што вынікаюць зь існаваньня розных назоваў дзеля азначэньня беларускай тэрыторыі, як, напрыклад, Вялікага Княства Літоўскага, якое ў скароце называлася Літвой, але ж назоў гэта не адносіўся да тэрыторыі сёньняшняй Летувы, толькі ўключаў беларускія землі.
8.
Аўтары эміграцыйных газэтаў з болем пісалі пра нішчэньне помнікаў беларускай пісьмовасьці.
У 37 нумары тыднёвіка „Беларускі Работнік”, што выдаваўся ў 1940-х гадах у Бэрліне, зьмешчаная інфармацыя пра тое, як бальшавікі нішчылі беларускія кнігі. Аўтар публікацыі А. Ясенскі (Як бальшавікі нішчылі нашыя кнігі у: „Беларускі Работнік”, № 7, 10 верасьня 1944, Бэрлін) паклікаецца на г. зв. Зводны кантрольны сьпіс выданьняў ДВБ, якія сьпісаны ў макулятуру, 1935 год. У гэтым сьпісе на 125 старонках пералічана 1778 назоваў кніг і часопісаў з агульным тыражом кругла ў 12.000.000 экзэмпляраў, якія падлягалі зьнішчэньню. Былі гэта выданьні на беларускай мове ды мовах нацыянальных меншасьцяў.
„Сярод паказаных тут і зьнішчаных кніг мы знаходзім кнігі беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў, вучоных і публіцыстых. Вось некаторыя зь іх: М. Байкоў і М. Гарэцкі «Практычны расейска-беларускі слоўнік», праф. А. Барычэўскі «Паэтыка літаратурных жанраў», праф. Н. Бузук «Асноўныя пытаньні мовазнаўства», Ц. Гартны «Прысады» (апавяданьні), М. Гарэцкі «Гісторыя беларускае літаратуры», А. Гурло «Зорнасьць» (вершы), У. Дзяржынскі «Выпісы зь беларускае літаратуры ХІХ-ХХ ст.ст.», У. Дубоўка «Трысьцё», М. Зарэцкі «Падарожжа на Новую Зямлю» (раман), праф. Ігнатоўскі «Беларусь – Тэрыторыя, насельніцтва, эканоміка. Галоўныя мамэнты гісторыі», «Гісторыя Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ ст.ст.», Я. Лёсік «Беларускі правапіс», «Практычны курс граматыкі беларускае мовы», М. Лужанін «Новая ростань» (паэзія), М. Нікановіч «Вясновы праменья» (апавяданьні), «Золак» (апавяданьні), «Крык працы» (апавяданьні), праф. Пятуховіч «Нарыс гісторыі беларускае літаратуры», Я. Пушча «Дні вясны» (паэзія), «Крывавы плякат» і «Песьні на руінах» (вершы),Л. Радзевіч «Пакрыўджаныя» (драма ў 4-х дзеях), праф. А. Смоліч «Кароткі курс геаграфіі Беларусі», Б. Тарашкевіч «Беларуская граматыка», К. Чорны «Зямля» (раман), Ядвігін Ш. «Бярозка» (апавяданьні), часопісы «Маладняк», «Полымя рэвалюцыі» (за 1932 г.), «Чырвоная Беларусь», нат ноты зь беларускімі песьнямі кампазытараў А. Аладава («А ў бары, бары. З асеньніх напеваў. Лісты валяцца. Як прышла я на ток малаціці»), А. Грэчанінава («А ды ня пыл па дарожцы»), Іпалітава-Іванава («Ой, ты белая бяроза»), Нікольскага («Валачобная. А ў лесе»), Прохарава («У імгле») і інш., карты Беларусі 1924 і 1929 г.г., карта Савецкай і Заходняй Беларусі 1930 г., партрэт Ц. Гартнага і г. д і г. д.
Гэтая кніга-сьпіс – піша аўтар А. Ясенскі – зьяўляецца далёка не адзінай у сваім родзе. У нашы рукі трапіла яшчэ пяць гэткіх сьпісаў за адзін толкі 1936 год. У гэтых сьпісах, названых «Папка Нр 2 Актаў ізьятых кніг у 1936 г. па захаду Галоўліта», «Папка Нр 3 Актаў лішніх экзэмпляраў, зьнішчаных па загаду Галоўліта» і г. д., як і ў пярэднім сьпісе, пералічаныя тысячы кніг, якія бальшавікі зьнішчылі ў бібліятэках за адзін толькі 1936 год. (...)
Нішчачы гэткія горы кніг, барбары цывілізацыі – бальшавікі стараліся схаваць сьляды свае бруднае працы: яны, пасьля кажнае такое акцыі зьнішчэньня, адбіралі назад самыя сьпісы зьнішчаных імі кніг і таксама нішчылі іх. Сярод успомненых пяці «папак» актаў знаходзіцца «Сьпіс ізьятых сьпісаў па ізьяцьцю літаратуры для звароту Галоўліту». У гэтым сьпісе пералічаны 26 такіх аб’ёмных друкаваных кніг са сьпісамі зьнішчанае літаратуры.” (Тамсама)
Падобнага тыпу артыкул пад назовам Як бальшавікі зьнішчалі беларускія архівы быў таксама зьмешчаны на старонках „Раніцы”, што выдавалася ў Бэрліне ў гадах 1939-1945. Архіварыус – аўтар артыкулу – паклікаючыся на запіскі прэзыдэнта Акадэміі Навук БССР К. Горава, напісаў пра зьнішчэньне шматлікіх актаў у час перавозкі іх у Менск.
„З прычыны дрэннай арганізацыі транспартаваньня матар’ялаў архіву з Вільні, Акадэмія Навук прыняла гэты архіў у хаатычным стане: шмат зьвязак было паразьвязваных і парассыпаных, пры прыйме давялося зьвязваць іх сьпехам, без разбору. Частка матар’ялаў наагул ня трапіла да нас. Адзін вагон із матар’яламі трапіў (памылкова!) у Маскву. (...)
З Вільні ў Акадэмію Навук архіў прыбыў у вельмі дрэнным стане. Выгружаны, ён станавіў сабою гору мяшаных актаў; сотні фаліянтаў былі з сарванымі вокладкамі, ладная частка матар’ялаў, як гэта цяпер высьвятляецца, загінула, не стае ладнае часткі рукапісаў архіву старадаўных актаў, архіву Мураўёва, камісіі Радзівіла. Загінула бальшыня інвэнтароў і каталёгаў.
Акты былі зьмешчаныя ў будынку Акадэміі Навук у месцы найбольш небясьпечным у сэнсе пажару: пад харчовым інстытутам прамысловасьці, дзе праводзяцца досьледы пры дапамозе газу.
Актам ня толькі пагражала пажарная небясьпека, але шмат разоў на працягу даўжэйшага часу яны падліваліся вадой з вадаправодных кранаў, якія заўсёды псаваліся.” (Архіварыус, Як бальшавікі зьнішчалі беларускія архівы, у: „Раніца”, 9 студзеня 1944, Бэрлін)
9.
Аўтары эміграцыйных газэтаў, што выдаваліся ў Нямеччыне, з болем пісалі пра дрэнную сытуацыю беларускай мовы.
Рэдактары эміграцыйных газэтаў вельмі моцна турбаваліся становішчам роднае мовы. У 12 нумары часопіса нацыянальна-дзяржаўнае думкі „Беларуская Праўда”, што выдаваўся ў Віндсбэрзе, зьмешчаны занатоўкі пад агульным загалоўкам Беларуская мова (кастрычнік 1972, с. 10), у якіх параўноўваецца становішча беларускае мовы 70-х гадоў мінулага стагодзьдзя з колішнім, калі беларуская мова была мовай грамадзка-рэлігійнага жыцьця, мовай дзяржаўнай, на якой пісаліся дакумэнты, законы, летапісы, літаратура. Пасьля таго, як яна была забароненая, жыла аднак пад саламянай страхой. Беларускі народ складаў на ёй свае песьні, быліны, паданьні, легенды, сваю вусную народную мудрасьць.
А якая сытуацыя цяпер беларускай мовы? „Цяпер вядзецца наступ на беларускую мову з усіх бакоў. У першую чаргу яна падмяняецца мовай акупанта – маскоўскай мовай, падмяняецца польскай, летувіскай, латышскай і ўкраінскай на тых нашых землях, якія далучыла наўзнарок Масква да суседніх рэспублік, каб гэтак расьцярушыць, аслабіць беларускі народ. А беларуская мова ўсёж такі жыве! Яна выціснута з вышэйшых і сярэдніх школ, выціснута з адміністрацыі ў БССР, але яна жыве далей пад саламянай страхой.
Змаганьне за беларускую мову прадаўжаецца. Масква змушана крыху папусьціць свае крывавыя кіпцюры. Пра беларускую мову пішуць і падсавецкія моваведы, удасканальваюць яе, збагачаюць запасамі з народных гаворак, а яны без канца багатыя. (...) Каб беларуская мова мела сапраўды свабоду, мела дзяржаўнае значэньне, як калісь, дык беларуская мова стаяла-б на высокім узроўні. А так беларускую мову пакінулі маскалі толькі на завод – крыху, каб ім не закінулі, што, моў, маскалі вынішчаюць нацыянальныя мовы”. (Тамсама )
Пра ўзмоцненую русыфікацыю напісаў таксама цэнтральны ворган Беларускага вызвольнага фронту „Барацьба”, што выдаваўся ў Штутгарце.
„Народ у краі змагаецца за сваю родную мову і ня дасьць яе зьнішчыць. Нашым абавязкам ёсьць дапамагчы свайму народу ў гэтым сьвятым змаганьні. Мы маем усе магчымасьці вывучаць, разьвіваць і ўпрыгожваць сваю мову. Шануйма яе, навучайма сваіх дзяцей кахаць, гаварыць, вывучаць сваю мову. Узгадоўваем у сэрцох сваіх дзяцей пачуцьцё вернасьці ёй, бо мова нашая – душа нашая. (...) Захоўваючы вернасьць сваёй мове, раскрываючы маскоўскі тэрор супраць нашае мовы, мы дапаможам нашаму народу бараніць сваю мову.” (Узмоцненая русыфікацыя, у: „Барацьба”, №№ 87-88, студзень-жнівень 1979, Штутгарт, с. 17)
Вывучаць родную мову заклікаў таксама на старонках „Барацьбы” Ю. Папко.
„Калі беларускі народ на акупаванай Бацькаўшчыне змагаецца за тое, каб вучыць дзяцей у роднай мове, дык сорам нам, палітычным эмігрантам, каб нашыя дзеці ня ведалі роднае мовы тут, дзе гэта ня ёсьць ніякім праступкам.” (Ю. Папко, Бацькі, вучэце роднае мовы!, у: „Барацьба”, № 27, 1958, Штутгарт, с. 19)
На старонках эміграцыйных выданьняў праяўлялася вера ў тое, што веданьне роднае мовы прынясе ня толькі прыемнасьць, але й карысьць; гэтак для тых, хто, магчыма, вернецца на Бацькаўшчыну, як і для тых, хто назаўсёды застанецца ў эміграцыі, таму што родная мова будзе ня толькі доказам іх духовае й нацыянальнае сілы, але таксама будзе выконваць функцыі мовы сямейнай і адначасова мовы замежнай.
„Беларусь не заўсёды будзе калёніяй і забароненай зонай у межах расейскай імпэрыі, але вольнаю краінаю.” (Тамсама, с. 19)
Тады прадстаўнікі беларускай эміграцыі, ведаючы сваю родную мову, здолеюць заняць адказныя пасады ў дыпляматыі, а таксама ў галінах культурнай, гаспадарча-гандлёвай і турыстычнай лучнасьці.
„Беларусы павінны быць гордыя, таму што зьяўляюцца нашчадкамі Рагнеды, Скарыны, Сапегі, Каліноўскага ды іншых, дух якіх да сёньняшняга дня жыве ў Беларускім Народзе.” (Тамсама)
10.
Клапоцячыся пра чысьціню мовы, аўтары эміграцыйных часопісаў і газэтаў зьмяшчалі г. зв. Куткі мовы. („Шыпшына”, № 7, 1948, Міхельсдорф, с. 56-57; „Барацьба”, № 32, 1959, с. 19; № 39, 1960, с. 18; № 42, 1961, с. 9; № 43, 1961, с. 18-19; Штутгарт )
І так, у 7 нумары „Шыпшыны” крытыкавалася прапанова Яна Станкевіча, зьмешчаная ў Падручніку крывіцкай (беларускай) мовы, згодна зь якою такія словы як цесьць і чэсьць ва ўскосных склонах трацяць першы склад. („Шыпшына”, № 7, 1948 Міхельсдорф, с. 56)
Чарговая занатоўка датычыцца запазычаных словаў, якія выступаюць у кожнай мове. Часам аднак паяўляюцца наватворы. Напрыклад, калісьці казалі аэраплян. Потым, бадай ва ўсіх славянскіх народаў пашырылася слова самалёт. І ў беларускай мове яно адразу прышчапілася нароўні з такімі як самакат ці самаход. У артыкуле ізноў крытыкуецца Ян Станкевіч, які, ідучы ўсьлед за Вацлавам Ластоўскім, ствараў новыя словы, і атрымліваліся сказы тыпу: Лётала ўзьляцела з узьлецішча.
„Калі Ластоўскі назваў кнопку прысьцебкай, дык ягоны пасьлядоўнік дае іншы назоў – блышчык. Усякае пустазельле аднак тыпу: лётала, макацеліца, спакмень, снадзіва заглохне на нашай пладароднй ніве.” (Тамсама, с. 57)
Крытыкаваўся таксама на старонках гэтага часопіса празьмерны націскны разнабой. Нясталасьць у націску, напр.: промень-прамень, вобраз-абраз, паседжаньне-пасяджэньне, момант-мамэнт часта выкарыстоўваецца пісьменьнікамі, а асабліва паэтамі. Трэба аднак ведаць меры. Нельга праводзіць экспэрымэнты з мовай, так як – на думку аўтараў „Шыпшыны” – рабіў гэта Ян Станкевіч, які, змагаючыся з русыцызмамі й палянізмамі, мяняў месца націску ў шмат якіх словах. І так, у ягоным Падручніку крывіцкае мовы маем нямала словаў з націскам на канцавы склад: вузёл, памачнік, чырванец, драбны, лягкі. Гэта можа прывесьці да таго, што "рашчыняцца вараты" для розных экспэрымэнтаў. (Тамсама)
У чарговай занатоўцы адзначаецца гвалтоўны ціск на беларускую мову з боку расейцаў. У газэтах на Беларусі паяўляюцца такія русыцызмы, як: ізабіліе ці змагаючыхся за таржаство. У сваю чаргу газэты на эміграцыі, якія залішне змагаюцца за чысьціню мовы, перагінаюць палку ў адваротны бок. Беларускія пісьменьнікі аднак, як тыя на Бацькаўшчыне, гэтак і ў эміграцыі, не захапляюцца, на шчасьце, газэтным лексыконам. Яны маюць свой уласны голас і сваю манеру пісьма. (Тамсама)
У 43 нумары часопіса „Барацьба” зьмешчаная публікацыя аўтарства Жало пад назовам Што за мова? „Мова ёсьць вопраткай душы. Прыгожая і багатая мова ёсьць доказам высокай духовай культуры данага народу. Беларускі народ ёсьць у няволі стагодзьдзямі, але стварыў высокія духовыя багацьці. Наша мова ёсьць сачыстая, мілагучная. У ёй можна выказаць усе людзкія пачуцьці, хараство. Нашы ворагі ведаюць, што пакуль будзе беларуская мова, так доўга будзе жыць наш народ.” (Жало, Што за мова? у: „Барацьба”, № 43, 1961, Штутгарт, с. 18-19)
Па спосабе маўленьня можам пазнаць, з кім маем дачыненьне: зь селянінам ці інтэлігентам – адзначаецца на старонках „Беларускага Работніка”. (Наша мова, у: „Беларускі Работнік”, № 37, 10 верасьня 1944, Бэрлін)
Селянін у штодзённай мове карыстаецца невялікай колькасьцю словаў: ад 900 да 1000. Зразумела, ведае ён іх нашмат больш, аднак зрэдку імі карыстаецца, таму што такі ўжо характар сялянскае гаворкі. Інтэлігент з сярэдняй адукацыяй карыстаецца колькасьцю ад 3000 да 5000 словаў, а з вышэйшай – да 13000 словаў. Прычым людзі, якія займаюцца пісьменствам, маюць куды багацейшую лексыку ў параўнаньні з тымі, што пісьменствам не займаюцца. „Бойкія публіцыстыя карыстаюцца якімі 24000 слоў, а некаторыя сусьветнае славы пісьменьнікі, карысталіся аж 78000 слоў.” (Тамсама)
11.
Рэдактары эміграцыйных беларускіх выданьняў клапаціліся пра аднолькавы правапіс і з гэтай мэтай, а таксама дзеля азнаямленьня сваіх чытачоў, зьмяшчалі на старонках часопісаў прапановы беларускага правапісу. І так, „Беларускае Слова”, якое выдавалася ў Міхельсдорфе й Саўт-Рывэры, выдрукавала заўвагі да напісаньня і ды ў, апрацаваныя ў свой час Антонам Лёсікам („Беларускае Слова”, № 19, жнівень-верасень 1954, Міхельсдорф, с. 3).
А. Лёсік заяўляў, што Беларускі правапіс 1943 году зьяўляецца ў асноўным тым самым правапісам, які стварыў асновапаложнік нарматыўнае граматыкі беларускае мовы Браніслаў Тарашкевіч. Адрозьненьні датычацца пашырэньня фанэтычных прынцыпаў, такіх як пашырэньне аканьня на чужаземныя словы ці ўвядзеньне зьменаў у напісаньні нескладовых й ды ў. Гэтыя зьмены праведзеныя згодна з праектам правапісу 1930 году, прынятага Камісіяй, створанай у 1927 годзе. У склад яе ўвайшлі: старшыня Сьцяпан Некрашэвіч, сакратар Адам Багдановіч і сябры Язэп Лёсік, Вацлаў Ластоўскі, Пётар Бузук, Ян Бялькевіч, Іван Луцэвіч (Янка Купала) і Ўладзімер Чыржынскі. Правапісная камісія ў гэтакім складзе скончыла сваю працу ў 1929 годзе. Вынікам працы Камісіі зьявіўся праект Беларускага правапісу, выданы Акадэміяй навук у 1930 годзе.
У сваю чаргу „Голас Беларуса”, які выдаваўся ў Менхегофе, закранаў пытаньні паралельнага выкарыстаньня ў беларускай мове латыніцы й кірыліцы. Гальяш у двух артыкулах: За чысьціню беларускага друку (у: „Голас Беларуса”, № 2, люты 1949, Менхегоф, с. 8-9) і У кірыліцу – латыніцу (у: „Голас Беларуса”, № 2, люты 1949, Менхегоф, с. 9) выказаў свае адмоўныя адносіны да ўжываньня латыніцы ў беларускіх газэтах. Баяўся, што яна ня будзе добра ўспрынятая насельніцтвам Беларусі, хаця беларускай эміграцыі на ёй, несумненна, лягчэй друкаваць.
Эміграцыйныя газэты інфармавалі таксама сваіх чытачоў пра новыя выданьні на беларускай мове. Дзеля прыкладу: на старонках бэрлінскай „Раніцы” (9 студзеня 1944, Бэрлін) паведамлялася пра 6-е выданьне (на 104 балонках) Беларускай граматыкі Б. Тарашкевіча з 1943 году. Гэта перадрук 5-га выданьня, якое было падрыхтаванае аўтарам да друку ў часе ягонага знаходжаньня ў польскім астрозе. У 6-м выданьні назіраюцца толькі некаторыя зьмены ў правапісе. Дапаўненьні й зьмены былі зробленыя Антонам Лёсікам, Кастусём Шкуцькам ды Антонам Адамовічам.
Беларуская граматыка Б. Тарашкевіча захадам Генэральнага камісара Беларусі была зацьверджаная й дапушчаная да школьнага ўжытку, выдана ў колькасьці 100.000 экзэмпляраў.
Другое паведамленьне ў гэтым жа нумары газэты датычыцца кніжкі Яна Станкевіча. Кніжка Вучыцца чытаць і пісаць была выдадзеная на 48 балонках у Менску ў 1943 годзе Выдавецтвам школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі ў Менску. Аўтары занатоўкі прыводзяць зьмест кніжкі ды пішуць, што прыстасаваная яна да вучэньня дзяцей у пачатковых школах, у ІІ і ІІІ аддзелах.
Чарговая інфармацыя датычыць „Школы і Жыцьця”. Гэта вучнёўскі часопіс дла ІІ клясы народнае школы. Апрацаваны для ўжытку ў школах Аддзелам культуры Генэральнага камісарыяту ў Менску й выдадзены на 32 балонках Выдавецтвам падручнікаў і літаратуры для моладзі ў Менску. Асноўнае прызначэньне часопіса – заступіць недахоп падручнікаў і служыць у працы настаўнікам ды вучням. Часопіс быў багата ілюстраваны.
І яшчэ адно паведамленьне на старонках „Раніцы” пра чытанку Канстантына Езавітава Беларуская школа, выдадзеную ў 1943 годзе ў Рызе. Маецца тут на ўвазе 3-е выданьне. Чытанка прызначаная для беларускіх школ. Выйшла яна невялікім накладам, бо толькі ў колькасьці 3000 экзэмпляраў. Зразумела, што гэткага сьціплага накладу хапала толькі дзеля забесьпячэньня беларускіх школ у Латвіі. Тым часам на такую літаратуру існавала вялікае запатрабаваньне і ў іншых краінах.
З гэтага кароткага агляду гісторыі й сучаснага становішча нацыянальнае мовы на старонках беларускіх эміграцыйных выданьняў у Нямеччыне ясна вынікае, што беларуская эміграцыя праяўляла вялікі клопат пра сваю родную мову. Усьведамляла яна, якое агромністае значэньне мае родная мова для існаваньня й разьвіцьця цэлага народу. Жывучы ў цяжкіх матэрыяльных умовах, здалёк ад свае Бацькаўшчыны, беларускія эмігранты здолелі знайсьці сілы й сродкі на выданьне такой вялікай колькасьці часопісаў і газэтаў.
Зразумела, сёньня не з усімі поглядамі ці прапановамі вызначэньня напрамку разьвіцьця мовы мусім згаджацца. Нельга аднак не дацаніць таго факту, што ў час праграмнай русыфікацыі беларускае мовы на беларускіх землях знайшліся людзі, якія ня толькі здолелі расказаць пра гэты злачынны факт іншым народам, але таксама змаглі зрабіць свой унёсак у разьвіцьцё нацыянальнае мовы.
У сёньняшні дзень, калі ў Беларусі, у выніку актуальнай палітыкі ўладаў працягваецца зьдзек з роднае мовы, апрацоўкі беларускай эміграцыі становяцца ўсё больш істотнымі. Гэта прыклад зусім адваротнага падыходу да аднае з нацыянальных каштоўнасьцяў, якой, несумненна, зьяўляецца родная мова. Гэты прыклад у будучыні будзе пераняты сьвядомай часткай насельніцтва Беларусі. Такі працэс вяртаньня да крыніц беларускае мовы, да народных гаворак і адыход ад накінутых сілаю беларускай мове чужых узораў ужо пачаўся. І, несумненна, вялікая ў гэтым заслуга беларускай эміграцыі.
Ніна Баршчэўская