Баршчэўская Ніна

Роля дыяспары ў захаваньні й разьвіцьці беларускае мовы

1.

Найбольшая колькасьць беларускіх часопісаў і газэтаў выдавалася ў Нямеччыне, якая прыняла першую хвалю беларускай эміграцыі ваеннага й паваеннага пэрыяду. Аўтары публікацыяў займаліся значэньнем беларускай мовы ў гістарычны пэрыяд ды ейным становішчам у навейшы час, клапаціліся пра чысьціню беларускай мовы й выступалі ў ролі настаўнікаў, абавязкам якіх было адукаваньне беларускіх эмігрантаў і выхоўваньне ў роднай культуры.

Рэдактары эміграцыйных часопісаў, што выдаваліся ў Нямеччыне, турбаваліся становішчам роднае мовы. У газэце "Беларуская Праўда”, якая выдавалася ў Віндсбэрзе з 1965 году (да 1989 году выйшлі 44 нумары), зьмяшчаліся занатоўкі пад агульным назовам Беларуская мова (у: "Беларуская Праўда”, Віндсбэрг, кастрычнік 1972, № 12, с. 10), у якіх параўноўвалася сёньняшняе становішча беларускае мовы з колішнім, калі беларуская мова была мовай грамадзка-рэлігійнага жыцьця, дзяржаўнай мовай, на якой пісаліся дакумэнты, законы, летапісы, літаратура. Пасьля забароны працягвала яна сваё жыцьцё пад саламянай страхой. Беларускі народ складаў на ёй свае песьні, быліны, паданьні, легенды, сваю вусную народную мудрасьць. Цяпер беларуская мова апынулася ў цяжкім становішчы – напісала "Беларуская Праўда” ў 1972 годзе.

Цяпер вядзецца наступ на беларускую мову з усіх бакоў. У першую чаргу яна падмяняецца мовай акупанта – маскоўскай мовай, падмяняецца польскай, летувіскай, латышскай і ўкраінскай на тых нашых землях, якія далучыла наўзнарок Масква да суседніх рэспублік, каб гэтак расьцярушыць, аслабіць беларускі народ. А беларуская мова ўсё такі жыве! Яна выціснута з вышэйшых і сярэдніх школ, выціснута з адміністрацыі ў БССР, але яна жыве далей пад саламянай страхой.

Змаганьне за беларускую мову прадаўжаецца. Масква змушана крыху папусьціць свае крывавыя кіпцюры. Пра беларускую мову пішуць і падсавецкія моваведы, удасканальваюць яе, узбагачаюць запасамі з народных гаворак, а яны без канца багатыя. (...) Каб беларуская мова мела сапраўды свабоду, мела дзяржаўнае значэньне, як калісь, дык беларуская мова стаяла-б на высокім узроўні. А так беларускую мову пакінулі маскалі толькі на завод – крыху, каб ім не закінулі, што, моў, маскалі вынішчаюць нацыянальныя мовы.” (Тамсама )

Пра ўзмоцненую русыфікацыю напісала таксама газэта "Барацьба”, якая выходзіла ў Штутгарце з 1955 году па 1979? год. 

Народ у краі змагаецца за сваю родную мову і ня дасьць яе зьнішчыць. Нашым абавязкам ёсьць дапамагчы свайму народу ў гэтым сьвятым змаганьні. Мы маем усе магчымасьці вывучаць, разьвіваць і ўпрыгожваць сваю мову. Шануйма яе, навучайма сваіх дзяцей кахаць, гаварыць, вывучаць сваю мову. Узгадоўваем у сэрцох сваіх дзяцей пачуцьцё вернасьці ёй, бо мова нашая – душа нашая. (...) 

Захоўваючы вернасьць сваёй мове, раскрываючы маскоўскі тэрор супраць нашае мовы, мы дапаможам нашаму народу бараніць сваю мову.” (Узмоцненая русыфікацыя, у: "Барацьба”, Штутгарт, студзень – жнівень 1979, № 87-88, с. 17)

Беларуская дыяспара разумела, што, каб пазьбегнуць асыміляцыі, трэба вывучаць родную мову. Паявіліся заклікі да суайчыньнікаў, якія апынулісяя ў лягеры Віндышбэргердорф, не адракацца ад роднае мовы. Перад лягернай адміністрацыяй паўстала заданьне ўзнавіць беларускае нацыянальнае й культурнае жыцьцё, адчыніць беларускую школу. І пачатковая школа пачала працаваць з 15 жніўня 1947 году – паведаміла "Бацькаўшчына”, якая выдавалася ў Мюнхэне з кастрычніка 1947 году па сьнежань 1966 году. (М. Л., Да роднае мовы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 17 лістапада 1947, № 2, с. 4)

З мэтай пашырэньня інфармацыі пра магчымасьць адукацыі на чужыне моладзі ў беларускай мове, "Бацькаўшчына” зьмясьціла рубрыку пра лектарат беларусаведы. У Таронта ўрачыстае адкрыцьцё лектарату адбылося 15 кастрычніка 1951 году. (Лектарат беларусаведы ў Торонто, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 4 лістапада 1951, № 74, с. 7)

Беларускія грамадзкія дзеячы, як і Ўправа беларускіх студэнцкіх арганізацыяў клапаціліся пра тое, каб пабольшыць шэрагі беларускіх студэнтаў на чужыне. Цэнтраля беларускіх акадэмічных арганізацыяў выбрала шлях згуртаваньня беларускае моладзі ў інтэрнат і стварэньня ёй магчымасьці здабыцьця сярэдняе асьветы ў школах на чужыне, зарганізаваўшы адначасова беларусаведу й нацыянальнае ўзгадаваньне. (А.С., Растуць рады нашай інтэлігенцыі, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 30 сакавіка 1952, № 13 (92), с. 3)

На пачатку лістапада 1951 году ў Лювэне зьявілася група 5 беларускіх дзяцей з Францыі. Інстытут беларусаведы існаваў таксама ў Мадрыдзе. (Інстытут Беларусаведы ў Мадрыдзе, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 27 красавіка 1952, № 17 (96), с. 12)

Беларускія эміграцыйныя публіцысты не пакідалі па-за ўвагай таксама жыцьця беларусаў у межах польскай дзяржавы. Гэтай тэме будзе аднак прысьвечана асобная гутарка.

2.

Цыкл артыкулаў розных аўтараў быў прысьвечаны рэфармаваньню беларускага правапісу.
 Станіслаў Станкевіч, пішучы пра рэформу 1933 году адзначыў, што "... уся гэтая «рэформа» мела на мэце штучнае збліжэньне нашае мовы да мовы расейскай шляхам узаконенага гвалту й ламаньня моўных асаблівасьцяў, іншымі словамі – русыфікацыю беларускае мовы.” (Др Ст. Ст., У вабароне роднае мовы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 29 чэрвеня 1952, № 25-26 (104-105), с. 6)

Станіслаў Крушыніч (С. Станкевіч) заўважыў, што русыфікацыя ў галіне мовы праводзілася плянава й сыстэматычна ў двух асноўных кірунках: па-першае, у напрамку безупыннай русыфікацыі самой беларускай літаратурнай мовы і, па-другое, у напрамку сыстэматычнага выцісканьня з ужываньня гэтай зрусыфікаванай мовы й замены яе расейскай мовай. Асноўная мэта гэтага працэсу – зьліцьцё беларускай і расейскай моваў у адным рэчышчы. Гэтае набліжэньне да расейшчыны афіцыйна ўспрымалася як прагрэс у разьвіцьці беларускае мовы.

Працэс русыфікацыі беларускае мовы, запачаткаваны ўрадавым дэкрэтам 1933 г., пасьлядоўна праводзіцца й далей. Паколькі Беларусы ня могуць змагацца з гэтым гвалтам над мовай на бацькаўшчыне, патолькі сыстэматычна й наважана з гэтым павінны змагацца мы ў нашай мове собскай. Руплівасьць аб чысьціні роднае мовы й абарона перад яе засьмечваньнем чужымі ўплывамі ёсьць адным з найважнейшых нашых заданьнаў, ёсьць справай ня толькі беларускай нацыянальнай культуры, але ў роўнай меры й праблемай палітычнай.” (Ст. Ст., Куток мовы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 11 лютага 1956, № 6-17 (288-289), с. 7)

Эміграцыйныя выданьні шмат увагі прысьвячалі гісторыі русыфікацыі беларускае мовы. Ян Станкевіч у публікацыі пад назовам Зь гісторыі русыфікацыі Беларусі  (у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 17 студзеня – 14 лютага 1960, № 3-7 (487-491) сьцьвердзіў, што формула Пушкіна „Славянскія ручаі выльюцца ў расейскім моры” сталася баявым лёзунгам рэакцыйных колаў расейскага грамадзтва ў славянскім пытаньні. Згодна з шматлікімі праектамі рэфарматараў Беларусі, трэба было зьмяніць у ёй народны дух. Дзеля гэтага мелі служыць рэформы асьветы, увядзеньне расейскае мовы, цывільнае й крымінальнае расейскае судовае працэдуры, скасаваньне царкоўнае вуніі, прыцягненьне шляхам ільготаў і прывілеяў у Беларусь чыноўнікаў з расейскіх губэрняў ды, наканец, калянізацыя беларускіх губэрняў расейцамі. (Тамсама, № 3 (487), с .2-3. )

Рэдактары эміграцыйных беларускіх выданьняў клапаціліся пра аднолькавы правапіс і з гэтай мэтай, а таксама дзеля азнаямленьня сваіх чытачоў, зьмяшчалі на старонках часопісаў прапановы беларускага правапісу. І так, "Беларускае Слова” (двухтыднёвая газэта, якая выдавалася ў Міхельсдорфе й Саўт-Рывэры – за гады 1948-1958 выйшла 39 нумароў) выдрукавала заўвагі да напісаньня і ды ў, апрацаваныя ў свой час Антонам Лёсікам ("Беларускае Слова”, Міхельсдорф, жнівень – верасень 1954, № 19, с. 3). У сваю чаргу "Голас Беларуса” (двухтыднёвік, які выдаваўся ў Менхегофе – пачаў выдавацца ў 1948 г., да лютага 1949 г. выйшла 7 нумароў), закранаў пытаньні паралельнага выкарыстаньня ў беларускай мове лацініцы ды кірыліцы. (Гальяш, За чысьціню беларыскага друку, у: "Голас Беларуса”, Менхегоф, люты 1949, № 2, с. 8-9; Гальяш, У кірыліцу - латыніцу, у: "Голас Беларуса”, Менхегоф, люты 1949, № 2, с. 9)

Вялікі клопат пра чысьціню беларускае мовы праяўляла мюнхэнская "Бацькаўшчына”, прысьвячаючы гэтаму пытаньню сталую рубрыку Куток мовы. Асноўнай мэтай Кутка мовы было падтрыманьне й захаваньне моўнае чысьціні беларусамі, якія апынуліся ў эміграцыі. Рэдактары газэты, імкнучыся да моўнае пасьлядоўнасьці, зьмяшчалі публікацыі, у якіх засяроджвалі ўвагу на тым, якія словы ці словазлучэньні найбольш характэрныя для беларускае мовы, а якіх трэба пазьбягаць. Шмат месца "Бацькаўшчына” адводзіла характарыстыцы русыцызмаў і палянізмаў у беларускай мове, пісала пра выкарыстаньне дыялектызмаў ды іхную ролю ў мове, а таксама засяроджвала ўвагу на сэмантычных адрозьненьнях блізказначных словаў.

Пачынаючы з 113 нумару, "Бацькаўшчына” пачала зьмяшчаць мовазнаўчыя артыкулы Яна Станкевіча, напісаныя пры ўдзеле Антона Адамовіча, пад назовам Некаторыя групы словаў беларускае мовы (у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 24 жніўня 1952, № 34 (113), с. 3-4; 31 жніўня 1952, № 35 (114), с. 3-4; 7-14 верасьня 1952, № 36-37 (115-116), с. 7-8; 21 верасьня 1952, № 38 (117), с. 3-4; 28 верасьня 1952, № 39 (118), с. 3-4).

Аўтары публікацыяў, прыводзячы прыклады тыповых для беларускае мовы словаў, адначасова падаюць кантэксты іх выкарыстаньня, спасылаючыся на прысутнасьць іх у народнай мове ды ў гістарычных дакумэнтах, м. ін. у Аль Кітабе, а таксама параўноўваюць з эквівалентамі ў польскай і расейскай мовах.

Некалькі гадоў пазьней паявілася на старонках "Бацькаўшчыны” чарговая цыклічная публікацыя Яна Станкевіча Аб некаторых словах і хормах нашае мовы (у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 15 траўня –18 верасьня 1955, № 20-38 (250-26). 

Я. Станкевіч напісаў, што ў нізцы сваіх артыкулаў на практычныя тэмы намерваецца, па-першае, адзначаць барбарызмы й заганы ў мове беларускага друку, па-другое, навукова разглядаць некаторыя ўставічныя барбарызмы й скрыўленьні, па-трэцяе, адзначаць тое, што добрае ў мове пішучых па-беларуску і, па-чацьвертае, зьвяртаць увагу на некторыя добрыя словы, нясустраканыя ў беларускім друку, таму  што трэба папаўняць лексыку літаратурнай мовы, шукаючы патрэбных словаў у народнай мове, а чаго няма ў народнай мове, таго трэба глядзець у багатым жарале старое літаратурнае й народнае мовы. Калі й там няма, то трэба ствараць згодна з нормамі й духам народнае мовы. (Я. Станкевіч, Аб некаторых словах і хормах нашае мовы, у: „Бацькаўшчына”, 26 чэрвеня 1955, № 26 (256), с. 3)

У выніку русыфікатарскай палітыкі ў БССР насаджваецца, як ведама, у беларускую літаратурную мову цэлае мноства чужых нашай мове тыпова расейскіх асаблівасьцяў ува ўсіх галінах моўнага працэсу: у сінтаксе, марфалёгіі, словатворстве, фанэтыцы й слоўніцтве. Бальшыня з гэтых русыцызмаў, хоць і ня прадугледжаных славутай «рэформай» беларскага правапісу й нарматыўнае граматыкі з 1933 году, а ўведзеная пазьней і нядэкратаваная ніякімі ўрадавымі пастановамі, зьяўляецца сяньня ўсанкцыянаваная, як адзіна дапушчаныя формы й словы, як «чыста беларускія», а іхнія ўзапраўды беларускія адпаведнікі старанна выціскаюцца, як шкодныя «правінцыяналізмы», «архаізмы» або «штучныя нэалягізмы».” (Ст. Станкевіч, Трэба ачышчаць беларускую мову ад русыцызмаў, у: „Бацькаўшчына”, 11 лютага 1956, № 6-7 (288-289), с. 7)

3.


Эміграцыйныя выданьні падкрэсьлівалі, што веданьне роднае мовы прыносіць ня толькі прыемнасьць, але й карысьць; гэтак для тых, хто, магчыма, вернецца на Бацькаўшчыну, як і для тых, хто назаўсёды застанецца ў эміграцыі, таму што родная мова будзе ня толькі доказам іх духовае й нацыянальнае сілы, але таксама будзе выконваць функцыі мовы сямейнай і адначасова мовы замежнай.

Беларусь не заўсёды будзе калёніяй і забароненай зонай у межах расейскай імпэрыі, але вольнаю краінаю”. (Ю. Папко, Бацькі, вучэце роднае мовы!, у: "Барацьба”, Штутгарт, 1958, № 27, с. 19)

Тады прадстаўнікі беларускай эміграцыі, ведаючы сваю родную мову, здолеюць заняць адказныя пасады ў дыпляматыі, а таксама ў галінах культурнай, гаспадарча-гандлёвай і турыстычнай лучнасьці.

"Беларусы павінны быць гордыя, таму што зьяўляюцца нашчадкамі Рагнеды, Скарыны, Сапегі, Каліноўскага і іншых, дух якіх да сёньняшняга дня жыве ў Беларускім Народзе.” (Тамсама)

Эміграцыйныя публіцысты, разумеючы, якую важную ролю выконвае адукацыя ў роднай мове, нямала ўвагі прысьвячалі школьнай сыстэме.

На моўны аспэкт апрацоўкі падручнікаў зьвярнуў увагу аўтар, падпісаны ініцыяламі Я. З. (крыптонім Янкі Запрудніка, Аб савецкіх падручніках беларускае мовы, у: "Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 3 чэрвеня 1956, № 23 (305), с. 1)

Адзначыў ён той факт, што ў свабодным сьвеце мовазнаўства заўсёды адмежаванае ад палітыкі ці прапаганды.

Да гэтага часу ў цывілізаваным сьвеце заўсёды было так, што калі складаўся падручнік якое-небудзь мовы, дык усе граматычныя правілы ілюстраваліся прыкладамі, узятымі з нацыянальнае літаратурнае скарбніцы. Пры гэтым найчасьцей выбіраюцца найвыдатнейшыя пісьменьнікі, якія для моваведаў зьяўляюцца найбольшым аўтарытэтам у галіне літаратурнае мовы.” (Тамсама)

Тым часам у Беларусі ўсё па-другому. І тут аўтар спасыляецца на Падручнік беларускае мовы для пэдагагічных вучылішч і дапаможнік для пэдагагічных інстытутаў, выдадзены Міністэрствам Асьветы БССР у 1955 г. Ягоная своеасаблівасьць праяўляецца ў падборцы цытатаў. У Падручніку ўжываньне часьціцы ні ў беларускай мове падмацоўваецца аўтарытэтам Крылова й Гогаля. У справе злучнікаў экспэртам аказаўся сам Уладзімір Ільіч. Як карыстацца дзеяпрыслоўямі ў беларускай мове, навучае Горкі. Да дзеясловаў аўтары Падручніка змабілізавалі нябожчыка Някрасава й г. д., аж да краю бязглузьдзя (тамсама) – падкрэсьлівае аўтар Бацькаўшчыны ды пытае:

"Няўжо беларуская мова такая нязграбная, што разабрацца ў ёй павінны дапамагаць расейскія пісьменьнікі? Няўжо не хапае беларускіх пісьменьнікаў, якія зьяўляюцца адзіным аўтарытэтам у пытаньні беларускае літаратурнае мовы? Гэта прыклад дэнацыяналізацыйнае акцыі ў Беларусі, дзе нічога ня можа абыйсьціся бязь ідалапаклонства перад вялікім старэйшым братам”. (Тамсама)

Выкладаньне беларускай мовы ў школах БССР выклікала трывогу ў выкладчыкаў. Рэч датычыць ня толькі якасьці выкладаньня беларускае мовы, але перад усім адсутнасьці добрых, навукова апрацаваных падручнікаў беларускай мовы. Аўтар публікацыі Аб падручніках і дапаможніках беларускай мовы адзначае, што адзінай мэтай зьяўляецца гэтак званае «набліжэньне» беларускай мовы да мовы расейскай. (С. М., Аб падручніках і дапаможніках беларускай мовы, у: "Бацькаўшчына”, Мюнхэн 1958, № 8 (394), с. 4)

Дзеля замены беларускай мовы мовай расейскай былі створаны такія спэцыфічныя ўмовы, якія робяць неабходным пераход у грамадзкім жыцьці на расейскую мову. Перш за ўсё, выкладаньне ў вышэйшых навучальных установах цалкам пераведзена на расейскую мову, з выключэньнем беларусістык. 90 працэнтаў вучэбных дапаможнікаў, якімі павінны карыстацца студэнты на працягу 5 гадоў, таксама ў расейскай мове. Зразумела, што выпускнікі такіх школ, самі стаўшы настаўнікамі, пераходзілі на навучаньне па-расейску і ў пачатковых школах, бо яны цалкам развучылі беларускую мову. (Ст. Крушыніч – псэўданім Станіслава Станкевіча, Жахлівы білянс русыфікацыі, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 16 лютага 1958, № 7 (393), с. 1-2)

Гэта, з аднаго боку, выклікана практычным чыньнікам – вучні й бацькі выбіраюць школы з расейскай мовай навучаньня, каб у будучыні не давучвацца расейскай мовы, якая авалодала ўсімі галінамі жыцьця. З другога ж боку, толькі фармальна існуе свабода нацыянальнага жыцьця, а фунцыю дзяржаўнае мовы цалкам пераняла мова расейская. (П. Залужны, Да русыфікатарскай палітыкі Масквы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 3 траўня 1959, № 18 (454), с. 2)

4.

Немалая ўвага ўдзялялася беларускай дыяспарай пытаньням беларусізацыі Царквы. Прыгадвалася гісторыя перакладаў Божага слова (Д. Ясько, „Новы Запавет” у беларускай мове, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 30 студзеня 1949, № 4 (48), с. 3; Ст. Ст., Сьвятая Эвангэлія і Апостальскія Дзеі, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 19 чэрвеня 1955, с. 3), ствараньня беларускіх царкоўных расьпеваў на розныя Божыя службы (Мікола Куліковіч, Да пытаньня беларускага царкоўнага пяяньня, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 21 верасьня 1958, с. 1; А. Будзіч – псэўданім Янкі Запрудніка, Да беларусізацыі ...БАПЦ, у: "Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 7 лютага 1960,№ 6 (490), с. 1), адзначалася, што пропаведзі й навучаньне ў беларускай мове працярэбліваюць дарогу роднай мове як у Божы дом, гэтак і ў Родны дом, якім ёсьць незалежная Бацькаўшчына (А. К., Да пытаньня беларусізацыі БАПЦарквы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 6 сакавіка 1960, № 10 (494), с. 3).

Ідэя царкоўнай і рэлігійнай незалежнасьці вяжацца непадзельна з нацыянальнай незалежнасьцяй кажнага народу, а паняволенага ў васаблівасьці. Змагацца толькі за палітычную й гаспадарчую незалежнасьць свайго народу, а аставацца ў царкоўнай, духовай залежнасьці ад сваіх палітычных і нацыянальных ворагаў – гэта ніякае змаганьне. (...) Незалежнасьць палітычная й нацыянальная мусіць вырастаць з душы народу, з духовай, псыхічнай, культурнай, моўнай, абрадавай, звычаёвай і г. д. незалежнасьці чалавека, зь ягонага маральнага складу, да якога ворагу дабрацца ня так лёгка. І вось царква, як запраўдная выхавальніца чалавека, мае вытварыць гэткі маральны склад чалавека пры дапамозе сваіх выхаваўчых сродкаў”. (І. Бутрымовіч, У справе беларусізацыі нашых цэркваў, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 8 траўня 1960, № 19 (503), с. 3)

Беларуская мова ўгрунтоўвалася таксама ў сьведамасьці людзей дзякуючы падкрэсьліваньню ейнага гістарычнага значэньня й значэньня беларускай дзяржаўнасьці. Мала які народ здолее пражыць без свае мовы, а бяз мовы ды мінуўшчыны – гістарычнае традыцыі – няздольны да гэтага ніводзін народ. І таму мова й гістарычная традыцыя – найбольш патрэбныя ды найдаражэйшыя скарбы народу. (Я. Станкевіч, Вячаслаў Ластоўскі, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 6 сьнежня 1954, № 48 (179), с. 3-4)

Беларуская мова, як асобная, пачала складацца яшчэ ў даўнія, пакрытыя сівізной часу, эпохі. Ужо выразна адчуваецца беларуская мова ў такіх юрыдычных старадаўніх помніках, як: гандлёвая ўмова 1229 году паміж полацкімі й смаленскімі князямі з аднаго боку ды немцамі – з другога (Смаленская тарговая праўда). Пра старадаўнасьць ужываньня беларускае мовы гаворыць і дыпляматычны ліст (скарга) Рыскае рады канца ХІІІ ст., пісаны Віцебскаму князю Міхалу Канстантынавічу. Самастойнае беларускае пісьменства існавала ўжо у ХІ ст., а ў ХІІ ст. зьявіліся выдатныя пісьменьнікі, як, дапусьцім, Клімент Смаляціч у Смаленскім Княстве з сваімі пасланьнямі, кніжнік Аўрам Смаленскі – красамоўца другой паловы ХІІ і пачатку ХІІІ ст. зь ягонымі летапіснымі зборнікамі, Кірыла Тураўскі ў Тураўскім Княстве зь ягонымі казаньнямі. (Глядзі: Аляксандар Надсан, Сьвяты Кірыла Тураўскі, „Божым Шляхам”, Лёндан 2001, 56 с.)

У часы княжаньня Альгерда ў гадох 1345-1377 беларускаа мова была афіцыйна прызнаная дзяржаўнай урадавай мовай. Выдатнымі помнікамі дзяржаўнасьці беларускае мовы зьяўляюцца: Літоўскі Статут і яшчэ старэйшы Статут Караля Казімера. (У. Гл., Беларуская мова ў гісторыі Беларусі, у: "Пагоня”, Зальцбург, чэрвень – ліпень 1946, № 3, с. 36-38)

Першы беларускі друкар ужо ў 1517 годзе выдаў у Чэскай Празе першую друкаваную кніжку ў беларускай мове – Псалтыр. Каб зразумець вялікае асьветніцкае значэньне Псалтыра, трэба ўспомніць, што па ім вучыліся грамаце. Кнігі, выдрукаваныя Скарынам, былі першымі друкаванымі кнігамі ва ўсёй Усходняй Эўропе. Яны ішлі ў Маскоўшчыну, Украіну, Галіцыю, паўдзённым славянам і нават на заходнеэўрапейскія рынкі, пашыраючы асьвету й культуру, праслаўляючы гэтым беларускую мову. Значэньне Францішка Скарыны ды іншых беларускіх друкароў закранаецца таксама ў артыкуле Сыгналы нашае старое культуры. (у: "Раніца” , Бэрлін , 26 сакавіка 1944)

Пісьменьніцкую й перакладчыцкую дзейнасьць Ф. Скарыны працягвалі такія беларускія пісьменьнікі XVI ст., як: Сымон Будны, што выдаў пратэстанцкі Катэхізіс у 1562 годзе, альбо Васіль Цяпінскі з Полаччыны, які зрабіў пераклад на беларускую мову Евангельля. Васіль Цяпінскі горача жадаў, каб народ беларускі трымаўся свае прыроджанае мовы. Існаваньне гэтакіх пісьменьнікаў сьведчыць пра тое, што ў народзе была моцная нацыянальная сьвядомасьць.

На працягу трох з паловай стагодзьдзяў, ад паловы XIV да канца XVII, калі дэкрэтам 1697 году беларуская мова была скасаваная як дзяржаўная мова й пісцам Вялікага Княства Літоўскага было загадана пісаць па-польску, у дзяржаве панавала беларуская мова ды афіцыйна прызнавалася ўсімі дзяржаўнымі дзеячамі за літаратурную, кніжную, дзяржаўную і ўрадавую мову. Фактычна, да канца XVIII ст. беларуская мова ўжывалася як літаратурная. Гэтыя традыцыі пазьней аднаўляліся цэлаю пляядаю беларускіх адраджэнцаў у ХІХ і ХХ ст.ст. (У. Гл., Беларуская мова ў гісторыі Беларусі, у: "Пагоня”, Зальцбург, чэрвень – ліпень 1946, № 3, с. 38)

5.


Пішучы пра мінуўшчыну Беларусі, аўтары эміграцыйных беларускіх выданьняў у Нямеччыне часта зьвярталі ўвагу на блытаніну назоваў беларускага народу, зьвяртаючы гэтым самым увагу чытычоў на багатую традыцыю беларускай нацыяняльнасьці.

У артыкуле пад загалоўкам Не блытаць назову (у: "Вехі”, Віндсбэрг , ліпень 1972, № 25) адзначаецца, што беларусаў у мінуўшчыне называлі крывічамі, дрыгавічамі, палешукамі й г.д., залежна ад таго, дзе хто жыў і як называлася тая частка краіны. З часам гэтыя назовы перасталі ўжывацца дзеля абазначэньня ўсяе нацыі й цэлае краіны.

У значэньні нацыі беларускі народ называлі рускімі, літоўцамі й беларусамі. Гэтая блытаніна прычыніла вялікую шкоду, таму што ўсё тое, што было зроблена ў пэрыяд Вялікага Княства Літоўскага, цяпер прыпісваецца летувісам, якія ў той гістарычны час не называліся ліцьвінамі, але жмудзінамі. У сваю чаргу дасягненьні з пэрыяду Русі стараюцца залічыць да сваіх дасягненьняў расейцы. У даўнія часы была Русь Кіеўская, была Чырвоная, была й Беларусь, а сёньняшняя Расея ў той пэрыяд называлася Масковіяй і ня мела нічога супольнага з Русьсю, бо 200 гадоў знаходзілася пад татарамі, а цяпер мае прэтэнзіі да цэлай Русі, г.зн. да Беларусі й Украіны. (Тамсама)

Менавіта, пад уплывам расейскай мовы пайшла блытаніна з назовамі Беларусі й беларускага народу. „Пра гэтую блытаніну назоваў трэба часта прыгадваць, а гэта з той мэтай, каб чужыя народы не прыпісвалі сабе спадчыны беларускай культуры і гісторыі.” (Тамсама)

З гэтага кароткага агляду ролі беларускае дыяспары ў захаваньні й разьвіцьці роднае мовы выразна праяўляецца разуменьне тае праўды, што нельга будаваць дзяржаўную незалежнасьць без адпаведнага стаўленьня да нацыянальнае мовы; разуменьне таго, што толькі дзяржаўны статус і шырокае выкарыстаньне беларускае мовы ва ўсіх галінах грамадзкага жыцьця можа загарантаваць мове адпаведны прэстыж. Таму публікацыям пра беларускую мову адводзілася істотнае месца на старонках газэтаў.

Праяўляўся клопат, з аднаго боку, пра становішча роднае мовы ў Беларусі, а з другога боку, імкненьне да разьвіцьця яе і ўзбагачэньня ў эміграцыі. Боязь, што беларуская мова на Бацькаўшчыне будзе зрусыфікаваная, альбо нават цалкам выціснута з жыцьця расейшчынай, прычынялася да захаваньня яе ў як найчысьцейшай форме ў эміграцыі. Чысьціня беларускае мовы, гэтак як і незалежнасьць беларускае дзяржавы, былі асноўнымі каштоўнасьцямі й мэтамі, якімі кіраваліся публіцысты беларускіх эміграцыйных газэтаў.

З прыведзеных прыкладаў выразна відаць, што беларуская дыяспара вельмі ўважліва сачыла за зьменамі ў школьнай сыстэме Беларусі. Вялікую ўвагу зьвяртала на тое, на якой мове праходзіць навучальны працэс, з жалем адзначаючы, што беларуская мова адыгрывае ў ім апошняе месца. Знаёмячы чытачоў з артыкуламі ў беларускай савецкай прэсе, выконвала гэтым самым ролю лучніка паміж беларусамі на Радзіме, якія змагаліся за беларусізацыю адукацыйнага працэсу, і беларусамі ў эміграцыі, якія праяўлялі вялікі клопат пра захаваньне беларускае мовы ў як найчысьцейшым варыянце. Сёньня з сумам можам канстатаваць, што, нягледзячы на такі вялікі высілак, ня толькі не назіраем зьменаў у лепшы бок, але наадварот, русыфікацыйны працэс у Беларусі яшчэ больш паглыбіўся.

Беларуская дыяспара разумела, якое агромністае значэньне мае родная мова для існаваньня й разьвіцьця цэлага народу. Жывучы ў цяжкіх матэрыяльных умовах, здалёк ад свае Бацькаўшчыны, здолела знайсьці сілы й сродкі на выданьне такой вялікай колькасьці часопісаў і газэтаў. Трэба сёньня дацаніць яе высілак, дацаніць тое, што ў час праграмнай русыфікацыі беларускае мовы на беларускіх землях знайшліся людзі, якія ня толькі здолелі расказаць пра гэты злачынны факт іншым народам, але таксама змаглі зрабіць свой унёсак у разьвіцьцё нацыянальнае мовы.

У сёньняшні дзень, калі ў Беларусі, у выніку актуальнай палітыкі ўладаў працягваецца зьдзек з роднае мовы, апрацоўкі беларускай эміграцыі становяцца ўсё больш істотнымі. Гэта прыклад зусім адваротнага падыходу да аднае з найбольшых нацыянальных каштоўнасьцяў, якой, несумненна, зьяўляецца родная мова. Гэты прыклад у будучыні будзе пераняты сьвядомай часткай насельніцтва Беларусі. Такі працэс вяртаньня да крыніц беларускае мовы, да народных гаворак і адыход ад накінутых сілаю беларускай мове чужых узораў ужо пачаўся. І, несумненна, вялікая ў гэтым заслуга беларускай эміграцыі.

Ніна Баршчэўская