![]() |
![]() |
1.
Эміграцыйная беларуская газэта „Бацькаўшчына” на працягу 19-гадовага існаваньня (з 31 кастрычніка 1947 году да сьнежня 1966 году) закранала розныя аспэкты нацыянальнага жыцьця БССР. Нямала ўвагі прысьвяціла таксама школьнай сыстэме.
У 40 нумары тыднёвіка „Бацькаўшчына” за 11 кастрычніка 1953 году быў зьмешчаны артыкул пад назовам Аб г. зв. усеагульным навучаньні ў БССР, падпісаны ініцыяламі В. Б. (у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 11 кастрычніка 1953, № 40 (171), с. 1-2) Савецкая прапаганда шырока гаварыла пра народную асьвету – заўважае аўтар публікацыі. – У друку й выступленьнях заўсёды падкрэсьліваліся вялікія асыгнаваньні ў бюджэце на культурнае будаўніцтва, шмат пісалася й гаварылася аб суцэльнай пісьменнасьці ў Савецкім Саюзе, аб шырокай сетцы розных навучальных установаў, аб бібліятэках, клюбах і г. д. Аўтар артыкулу зьвяртае ўвагу на тое, што савецкая ўлада яшчэ ў 1918 годзе, зацьвярджаючы Статут аб адзінай працоўнай школе, узаконіла абавязковае, усеагульнае й бясплатнае навучаньне ўсіх дзяцей школьнага веку ад 6 да 17 гадоў з арганізацыяй харчаваньня вучняў у школе, забесьпячэньня абуткам, вопраткай і навучальнымі прыладамі. Тым часам і ў 50-х гадох не выконваліся гэтыя дэкрэтаваныя абяцаньні.
7 сакавіка 1926 году савецкі ўрад Беларусі вынес пастанову аб распрацоўцы пляну ўвядзеньня ўсеагульнага й абавязковага навучаньня ў БССР. Толькі 10 гадоў пасьля стабілізацыі савецкай улады ў Беларусі 25 ліпеня 1930 году ўрад прыняў пастанову аб неабходнасьці прыступіць да ўсеагульнага абавязковага навучаньня дзяцей ад 8 да 12 гадоў, а ў гарадох – да ўсеагульнага абавязковага навучаньня паводле праграмы сямігадовай школы. У 1939 годзе, 21 год пасьля дэклярацыі аб усеагульным абавязковым навучаньні, ХVІІІ зьезд КП адзначыў неабходнасьць завяршыць у вёсках ва ўсіх нацыянальных рэспубліках усеагульнае 7-гадовае навучаньне, што сьведчыць пра ня надта бліскучыя вынікі працы ў галіне народнае асьветы ( Тамcама, с. 1).
„Бацькаўшчына” спаслалася на беларускую газэту „Звязда” за 9 ліпеня 1953 году, у якой гаварылася пра неабходнасьць глыбокага аналізу працы школаў і настаўнікаў дзеля ўскрыцьця сапраўдных прычынаў нізкай пасьпяховасьці ў многіх школах. Ужо перад пачаткам навучальнага году, 8 жніўня 1953 году „Звязда” патрабавала ад партыйных, савецкіх, прафсаюзных і іншых арганізацыяў дабіцца поўнага выкананьня закону аб усеагульным навучаньні. Прапанавалася мясцовым саветам і загадчыкам школаў яшчэ раз удасканаліць сьпісы дзяцей, падлягаючых навучаньню.
„Бацькаўшчына” задумоўваецца, чым можна патлумачыць нежаданьне дзяцей вучыцца? На думку аўтара публікацыі, прычыны вельмі простыя. Пры савецкіх школах адсутнічалі спэцыяльныя фонды дзеля аказваньня матэрыяльнае дапамогі дзецям на набыцьцё адзежы й абутку, не адпускаліся сродкі на гарачыя сьнеданьні, а для вучняў, якія жылі на значнай адлегласьці, не былі створаныя інтэрнаты, не адбывалася таксама падвозка дзяцей у школу. „Савецкая ўлада, пры ўсёй срогасьці да выкананьня яе пастановаў і законаў, ня ў сілах босых, разьдзетых і галодных дзяцей калгасьнікаў забавязаць у дождж, холад і завею наведваць школу, адмовіўшыся ад дэкрэтаванай яшчэ ў 1918 годзе дзяржаўнай дапамогі вучням”. (Тамсама, с. 2)
Іншы аўтар „Бацькаўшчыны”, жыхар горада Мэльбурн у Аўстраліі, падпісаны ініцыяламі А. К-а, спасылаецца на „Учительскую Газету” – ворган Міністэрства асьветы Савецкага Саюзу – і прыводзіць некаторыя дадзеныя аб будаўніцтве школьных памяшчэньняў у Беларусі. (А. К-а, Жахлівы стан школьніцтва ў БССР, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 16 жніўня 1953, № 31-32 (162-163), с. 7
З гэтага вынікае, што ў Маладэчанскай акрузе да 1953 году будаўніцтва школаў было выкананае толькі на 3,7%. Лепш справа прадстаўлялася ў Гарадзенскай акрузе. У Горадні была пабудаваная сярэдняя школа, узьнікалі таксама школы па вёсках, напр. у Ласоснай ды ў Падліпках. Затое ў Бабруйскай акрузе плян быў выкананы толькі ў 5,3%.
З публікацыі „Бацькаўшчыны” вынікае, што ў 1953 годзе, нягледзячы на пастанову ХІХ Зьезду КПСС, ня толькі не было мовы аб пераходзе да 10-гадовага абавязковага навучаньня, але нават ня ўсе беларускія дзеці былі абнятыя пачатковым навучаньнем, напр. толькі ў адной вобласьці Гомельскага раёну 500 дзяцей увогуле не наведвала школы.
Узровень працы школы залежыць ад многіх прычынаў, і ў першую чаргу ад умоваў, створаных для навучаньня моладзі, але пра гэта слухайце праз тыдзень.
2.
Узровень працы школы залежыць ад многіх прычынаў, і ў першую чаргу ад умоваў, створаных для навучаньня моладзі, - напісаў аўтар артыкула Школьнае будаўніцтва ў БССР. (В. Б., Школьнае будаўніцтва ў БССР, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 8 лістапада 1953, № 44 (175), с. 2)
„Першачарговай умовай пасьпяховага навучаньня ды захаваньня здароўя вучняў і іх нармальнага фізычнага разьвіцьця зьяўляюцца сухія, цёплыя, сонечныя, з дастатковым сьвежым паветрам, з добраабсталяванай гігіенічнай школьнай мэбляю, школьныя памешканьні”. (Тамсама)
Яшчэ больш істотныя добрыя падручнікі. На моўны аспэкт апрацоўкі падручнікаў зьвярнуў увагу аўтар, падпісаны ініцыяламі Я. З. – гэта крыптонім Янкі Запрудніка. (Аб савецкіх падручніках беларускае мовы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 3 чэрвеня 1956, № 23 (305), с.1)
Адзначыў ён той факт, што ў свабодным сьвеце мовазнаўства заўсёды адмежаванае ад палітыкі ці прапаганды. „Да гэтага часу ў цывілізаваным сьвеце заўсёды было так, што калі складаўся падручнік якое-небудзь мовы, дык усе граматычныя правілы ілюстраваліся прыкладамі, узятымі з нацыянальнае літаратурнае скарбніцы. Пры гэтым найчасьцей выбіраюцца найвыдатнейшыя пісьменьнікі, якія для моваведаў зьяўляюцца найбольшым аўтарытэтам у галіне літаратурнае мовы. Так, прыкладам, ангельскія літаратары ілюструюць ангельскую граматыку, францускія – францускую, нямецкія – нямецкую і г. д.” ( Тамсама)
Тым часам у Беларусі ўсё па-другому. І тут аўтар спаслаўся на Падручнік беларускай мовы для педагагічных вучылішч і дапаможнік для педагагічных інстытутаў, выдадзены Міністэрствам Асьветы БССР у 1955 годзе. Ягоная своеасаблівасьць праявілася ў падборцы цытатаў. У Падручніку ўжываньне часьціцы ні ў беларускай мове падмацоўваецца аўтарытэтам Крылова й Гогаля. У справе злучнікаў экспэртам аказаўся сам Уладзімір Ільіч. Як карыстацца дзеяпрыслоўямі ў беларускай мове, навучае Горкі. Да дзеясловаў аўтары Падручніка змабілізавалі Някрасава, іг.д., аж да краю бязглузьдзя – заўважыў Янка Запруднік, які на канец паставіў пытаньне: „Няўжо беларуская мова такая нязграбная, што разабрацца ў ёй павінны дапамагаць расейскія пісьменьнікі? Няўжо не хапае беларускіх пісьменьнікаў, якія зьяўляюцца адзіным аўтарытэтам у пытаньні беларускае літаратурнае мовы? Гэта прыклад дэнацыяналізацыйнае акцыі ў Беларусі, дзе нічога ня можа абыйсьціся бязь ідалапаклонства перад вялікім старэйшым братам.” (Тамсама)
Выкладаньне беларускай мовы ў школах БССР выклікала трывогу ў выкладчыкаў. Рэч ня толькі ў якасьці выкладаньня беларускае мовы, але перад усім у адсутнасьці добрых, навукова апрацаваных падручнікаў беларускай мовы. Аўтар публікацыі, падпісаны ініцыялямі С. М. (Аб падручніках і дапаможніках беларускай мовы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн 1958, № 8 (394), с. 4), прывёў ліст загадчыка Катэдры беларускай мовы Магілёўскага пэдінстытута спадара Юргілевіча ў „Звязду”, у якім Юргілевіч заклікаў беларускіх мовазнаўцаў стварыць паўнацэнныя падручнікі па навучаньні роднае мовы. Аўтар „Бацькаўшчыны” адзначыў, што Юргілевіч, пішучы трывожны артыкул пра дрэнны стан навучаньня беларускае мовы, ня мог напісаць аб сапраўдных яго прычынах. „Вінаватыя тут не <<фармалізм і начытніцтва>>, а бальшавіцкая палітыка ў дачыненьні да мовы беларускага народу.” (Тамсама)
„Бацькаўшчына” ўважліва сачыла за публікацыямі ў беларускай прэсе. У 3 нумары з 17 студзеня 1958 году была зьмешчаная публікацыя пад назовам Зьдзекі зь беларускай мовы (у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 19 студзеня 1958, № 3 (389), с. 2). Беларуская эміграцыйная газэта, спасылаючыся на ЛіМ (№ 99 за 14 сьнежня 1957 году), пазнаёміла сваіх чытачоў з артыкулам тагачаснага студэнта аддзелу журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Барыса Сачанкі пад назовам Шанаваць родную мову. Артыкул Барыса Сачанкі – па словах „Бацькаўшчыны” – прынёс „бадай найболей дакумэнтальных дадзеных аб абнаглелай русыфікатарскай палітыцы бальшавікоў і аб ігнараваньні нацыянальных правоў беларускага народу.” (Тамсама)
Барыс Сачанка апісаў на старонках „Літаратуры і Мастацтва” сваю паездку ў адзін з рэгіёнаў Магілёўшчыны, дзе сустрэўся з такой сытуацыяй, што вучні вучыліся па беларускіх падручніках, а настаўнікі тлумачылі ім і апытвалі іх на мове расейскай, таму што дрэнна ведаюць сваю родную мову, якую, як аказалася ў размовах з настаўнікамі, развучылі ў вышэйшых навучальных установах.
Працяг гэтай тэмы знаходзім на старонках 5 нумару „Бацькаўшчыны” з 2 лютага 1958 году (Яшчэ аб зьдзеках зь беларускае мовы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 2 лютага 1958, № 5 (391), с. 2). Што факты, пададзеныя Сачанкам, не адзіночныя, і што ў Беларусі ёсьць многа людзей, якія клапоцяцца пра лёс беларускае мовы, прыкладам могуць служыць водклікі розных студэнтаў і настаўнікаў на артыкул Сачанкі, якія былі апублікаваныя на старонках 3 нумару „ЛіМ-у” за 8 студзеня 1958 году. Напрыклад, настаўнік Валейкаўскай школы Смаргоньскага раёну М. Прашковіч зьвярнуў увагу на парадаксальнасьць называньня вышэйшых навучальных установаў „кузьняй нацыянальных кадраў”, калі лекцыі на роднай мове чытаюцца толькі па беларускай літаратуры й мове.
3.
„Бацькаўшчына” поўнасьцю перадрукавала зь „ЛіМу” артыкул Алеся Праўдзіна пад назовам З дакладнасьцю лічыльнай машыны. (Ст. Крушыніч – псэўданім Станіслава Станкевіча, З дакладнасьцю лічыльнай машыны, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 27 верасьня 1959, № 36 (472), с. 1-2)
Праўдзін напісаў пра невялікі адсотак часу, прызначаны ў школах на азнаямленьне зь беларускай літаратурай – гэта 10, 7, а нават 5 ці 4%. Асноўнае месца займае літаратура расейская. У некаторых старэйшых клясах беларускіх школаў вучні не ўзялі да чытаньня з школьных бібліятэк ні аднаго твора беларускіх пісьменьнікаў на роднай мове. Несумненна, дзеецца гэтак у выніку ўплыву на вучняў, з аднаго боку, зрусыфікаваных настаўнікаў, а з другога – тых спэцыфічных умоваў, якія штучна ствараюцца ў Беларусі дзеля паглыбленьня й пашырэньня русыфікацыйнага працэсу – сьцьвердзіў Ст. Крушыніч.
У раней друкаваных у „Бацькаўшчыне” матэрыялах вельмі часта прыводзіліся выказваньні настаўнікаў, што ў школьных бібліятэках адсутнічаюць у арыгінале нават тыя творы беларускай літаратуры, якія, згодна з праграмай, належаць да абавязковай літаратуры, і вучні змушаныя чытаць гэтыя творы ў перакладзе на расейскую мову. Ст. Крушыніч адзначыў і той факт, што найчасьцей творы беларускай мастацкай літаратуры ў арыгінале выдаюцца невялікім накладам – 5-6 тысяч асобнікаў, калі, дзеля параўнаньня, Выдавецтва „Бацькаўшчына” ў Мюнхэне для патрэбаў невялічкае жменькі беларускае эміграцыі выдавала беларускія кніжкі 2-тысячным накладам.
Такія ўмовы спрыяюць, несумненна, хутчэйшаму асыміляцыйнаму працэсу. Беларуская эміграцыйная газэта адзначыла як жа цалкам іншую, значна карысьнейшую сытуацыю расейцаў у Беларусі, чым беларусаў. Расейцы, пападаючы ў Беларусь ці на тэрыторыю іншага нерасейскага народу, ні ў якім выпадку не падвяргаліся асыміляцыі. Іх сытуацыя была й ёсьць надалей прывілеяванай. Расейскія дзеці ў Беларусі не патрабавалі наведваць беларускіх школ, бо дастаткова мелі расейскіх, а нават школы намінальна беларускія зьяўляліся на практыцы напалову расейскімі – адзначыў Алесь Крыга на старонках „Бацькаўшчыны”. – У Беларусі расейская мова таксама зьяўляецца мовай прывілеяванай, падобным чынам як і ўсялякія іншыя дасягненьні расейскае культуры. Таму расьсяленьне расейцаў сярод іншых народаў ня толькі не аслабляе іхнага нацыянальнага патэнцыялу, але наадварот, узмацняе, бо ўсе пераселеныя расейцы выконваюць нацыянальную расейскую місію, імя якой русыфікацыя. (Алесь Крыга – псэўданім Станіслава Станкевіча, Падвойны працэс русыфікацыі, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 27 чэрвеня 1954, № 24-25 (206-207), с. 4)
Улетку 1956 году адбылася канфэрэнцыя ў Ташкенце. Напісаў пра гэта на старонках „Бацькаўшчыны” П. Залужны ў артыкуле Наступ на нацыянальныя мовы (у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 6 сьнежня 1959, № 45(481), с. 1-2). На канфэрэнцыі было сьцьверджана, што расейскай мове павінна ўдзяляцца больш увагі ў нацыянальных школах як мове міжнароднай. Дзеля гэтага было пастаноўлена ўзмоцніць больш практычнае навучаньне расейскае мовы ў школах нацыянальных рэспублік Савецкага Саюзу. Неўзабаве зьявіўся закон аб рэформе навучаньня ў сярэдніх і вышэйшых школах, у якім зазначалася, што паміж расейскай і нацыянальнай мовамі навучаньня грамадзянам даецца вольны выбар. Гэты закон адмаўляў нацыянальным мовам у пяршынстве, адкідаў іх на другі плян і прычыняўся да пашырэньня сфэры ўжываньня расейскае мовы.
На старонках 19 нумару „Бацькаўшчыны” з 10 траўня 1959 году М. Кручкоўскі ў публікацыі пад назовам Школьная рэформа й беларуская мова заняўся высьвятленьнем сутнасьці прынятага ў сьнежні 1958 году Вярхоўным Саветам БССР Закону аб умацаванні сувязі школы з жыццём і аб далейшым развіцці сістэмы народнай адукацыі ў Беларускай ССР. (М. Кручкоўскі, Школьная рэформа й беларуская мова, у: Мюнхэн, 10 траўня 1959, № 19 (455), с. 3)
Сярод іншых зьменаў, у сыстэме навучаньня ў Савецкім Саюзе зьмянялася ў законным парадку й пытаньне мовы навучаньня. Раней, як у Беларусі, гэтак і ў іншых савецкіх рэспубліках, законам было ўстаноўлена абавязковае навучаньне ва ўсіх школах дзьвюх моваў: нацыянальнае ды расейскае. Закон аб умацаванні сувязі школы з жыццём і аб далейшым развіцці сістэмы народнай адукацыі ў Беларускай ССР пастанаўляў, што вывучэньне расейскай мовы ў школах зь беларускай мовай навучаньня, а таксама вывучэньне беларускай мовы ў школах зь беларускай або іншай мовай навучаньня праводзіцца на жаданьне вучняў і іх бацькоў. (Тамсама)
Да прыняцьця гэтага закону ўсе школы ў БССР былі афіцыйна забавязаны выкладаць беларускую мову, прынамсі, як прадмет, але на практыцы было значна горш. М. Кручкоўскі спаслаўся на публікацыі ў „Літаратуры і Мастацтве” з 14 сьнежня 1957 году і 8 студзеня 1958 году, у якіх крытыкуецца спосаб навучаньня роднае мовы ва ўсіх навучальных установах Беларусі. Беларускія настаўнікі, студэнты й журналісты аднадушна сьцьвердзілі, што ў намінальна беларускіх сярэдніх і вышэйшых установах БССР выкладаньне ўсіх прадметаў вялося амаль выключна ў расейскай мове. Настаўнікі пачатковых школаў скардзіліся, што, канчаючы вучэльні, якія мелі быць „кузьняй нацыянальнай інтэлігенцыі”, яны ня толькі не паглыблялі сваіх ведаў у галіне беларускай мовы й літараатуры, але гублялі й ранейшыя веды. Гэта прычынялася да таго, што яны не маглі пазьней весьці дыдактычнага працэсу ў беларускай мове.
4.
У беларускіх сярэдніх палітэхнічных школах і ў вышэйшых навучальных установах мовай навучаньня зьяўляецца не беларуская мова, але расейская, - напісаў П. Залужны. (Да русыфікатарскай палітыкі Масквы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 3 траўня 1959, № 18 (454), с. 1-2
На яго думку, гэта, з аднаго боку, выклікана практычным чыньнікам – вучні й бацькі выбіраюць школы з расейскай мовай навучаньня, каб у будучыні не давучвацца расейскай мовы, якая авалодала ўсімі галінамі жыцьця. З другога ж боку, толькі фармальна існуе свабода нацыянальнага жыцьця, а функцыю дзяржаўнае мовы цалкам пераняла мова расейская. Таксама не сакрэт, што гэтая мова прапагуецца й насаджваецца ўсякімі магчымымі спосабамі.
„Гэта ня можа ня ўзьдзейнічаць на паводзіны, псыхіку й прытарнаваньне савецкага грамадзтва да тае ці іншае нацыянальнасьці – адзначае П. Залужны. – Ня трэба таксама забывацца на тыя варункі, у якіх жылі беларусы на працягу шматлікіх стагодзьдзяў: перш польшчына, пасьля расейшчына й прысутнае ім нацыянальнае прыгнечаньне, якое йснуе й да сёньняшняга дня. У такіх абставінах даволі цяжка вырабляецца нацыянальная сьведамасьць народу, але затое даволі лёгка ўпіваецца ў гэтым народзе комплекс ніжэйшасьці й так званая „гонка” за „вышэйшай” культурай.” (Тамсама, с. 2)
Узяўшы ўсё гэта пад увагу, прыходзіцца канстатаваць, што такія адносіны да выхаваньня народу ня толькі ўзаконьваюць стан русыфікацыі ў краіне, але й паглыбляюць яго. А зусім недапушчальнае тое, што ў школах на тэрыторыі Беларусі ўвогуле можа не вывучацца беларуская мова, ці што аб гэтым вырашаюць бацькі. У дзяржаўных школах зь іншай мовай навучаньня, чым мова карэннага народу, усюды павінна ў абавязковым парадку вывучацца беларуская мова. Гэта і лягічна, і законна. У іншым выпадку або будзе назірацца тварэньне дзяржавы ў дзяржаве, або вырашальны ўплыў вонкавае сілы.
Ул. Немановіч у артыкуле пад назовам Яшчэ адзін аспэкт русыфікацыі, зьвярнуў увагу на публікацыю студэнта БДУ Галайшы пад назовам За культуру роднай мовы, якая зьявілася на старонках „Літаратуры і Мастацтва” за 19 жніўня 1959 году. Апрача таго, што бацькі й дзеці, будучы пад ціскам цэлага шэрагу сьведама створаных бальшавікамі абставінаў, часта будуць выбіраць расейскую мову, Галайша напісаў пра яшчэ адзін аспэкт русыфікацыі. Ва ўмовах дыктатуры мець права выбіраць мову навучаньня – гэта адно, а карыстацца ў практыцы гэтым правам – гэта другое. Пасьля атрыманьня вышэйшае адукацыі ў расейскай мове, цяжка потым у прафэсійнай працы – настаўніцкай ці журналісцкай – перайсьці на беларускую мову. І таму, нягледзячы на права выбіраць мову навучаньня, беларуская моладзь ня можа фактычна скарыстаць з гэтага права, бо выкладчыкі, скончыўшы ВНУ ў Беларусі, ня могуць выкладаць па-беларуску! ((Ул. Немановіч – псэўданім Вадзіма Сурко, Яшчэ адзін аспэкт русыфікацыі, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 6 верасьня 1959, № 33 (469), с. 1-2)
У 16 нумары „Бацькаўшчыны” за 17 красавіка 1960 году ў рубрыцы Нататкі чытача была зьмешчана публікацыя пад назовам Паланянка расейшчыны. Чытач „Бацькаўшчыны” спаслаўся на зацемку навуковага супрацоўніка Карбекі Ці так мы гаворым, надрукаваную ў першай кнізе „Маладосці” за 1960 год. У зацемцы закраналася пякучае пытаньне чысьціні беларускае літаратурнае мовы. Дзеля прыкладу аўтар прывёў выказваньне настаўніцы беларускае мовы, якая да вучняў зьвярнулася наступным чынам: „Здраствуйце, рабяты... Дастаньце свае цятрадзі, і мы зараз праверым дамашнія ўпражненьні... Сядайце, пажалуста.” (Паланянка расейшчыны. Нататкі чытача, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 17 красавіка 1960, № 16 (500), с. 8)
Беларуская эміграцыйная газэта спаслалася на выказваньне студэнта 5-га курсу філялягічнага факультэту БДУ В. Чамярыцкага, які заўважыў, што беларуская мова зойме належнае ёй месца толькі тады, калі жывую мову можна будзе пачуць з вуснаў выкладчыка й прадаўца, сакратаркі ды інжынера, дырэктара заводу й міністра, калі можна будзе знайсьці яе ў заявах і ў пратаколах судовых працэсаў ды на старонках навуковых прац. Кожная нацыя можа разьвіваць сваю духовую й матэрыяльную культуру толькі на сваёй роднай мове. Ня ведаючы й не шануючы яе, нельга ведаць і любіць па-сапраўднаму іншыя мовы – адзначаецца на старонках „Бацькаўшчыны”. (Яшчэ аб зьдзеках зь беларускае мовы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 2 лютага 1958, № 5 (391), с. 2)
З прыведзеных прыкладаў выразна відаць, што беларуская эміграцыйная газэта „Бацькаўшчына” вельмі ўважліва сачыла за зьменамі ў школьнай сыстэме Беларусі. Вялікую ўвагу зьвяртала на тое, на якой мове праходзіць навучальны працэс, з жалем адзначаючы, што беларуская мова адыгрывае ў ім апошняе месца.
„Бацькаўшчына” знаёміла сваіх чытачоў з публікацыямі ў беларускай савецкай прэсе, выконваючы гэтым самым ролю лучніка паміж беларусамі на Радзіме, якія змагаліся за беларусізацыю адукацыйнага працэсу, і беларусамі ў эміграцыі, якія праяўлялі вялікі клопат пра захаваньне беларускае мовы ў як найчысьцейшым варыянце.
Сёньня з сумам можам канстатаваць, што, нягледзячы на такі вялікі высілак, ня толькі не назіраем зьменаў у лепшы бок, але наадварот, русыфікацыйны працэс у Беларусі яшчэ паглыбіўся.
Ніна Баршчэўская