У Міжнародны дзень паэзіі, 21 сакавіка ў Полацку адбылося ўручэнне штогадовай літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес”. Прэмію за лепшую кнігу мінулага году “Жыць ня страшна” атрымаў Барыс Пятровіч. Урачыстасць адбылася ў Полацку ў Музеі беларускага кнігадрукавання.
Як распавёў галоўны каардынатар прэміі літаратар Алесь Аркуш, «Гліняны Вялес» быў заснаваны Таварыствам вольных літаратараў на пачатку 90-х як процівага занадта традыцыяналісцкім густам адбору на прэміі дзяржаўныя. Ён паведаміў, што лаўрэата году за найлепшую кнігу абірае кола крытыкаў з некалькіх кандыдатур.У мінулыя гады гэтай прэміяй былі адзначаныя як вядомыя творцы - Алег Мінкін, Людка Сільнова, Алесь Разанаў, Уладзімер Арлоў, Ігар Бабкоў, так і нечаканыя аўтары з малых вёсак і гарадкоў, як пчаляр Мікола Папека.
У традыцыйнай прамове лаўрэат “Глінянага Вялеса” Барыс Пятровіч зрабіў акцэнт на літаратурнае пакаленьне 80-х гадоў, менавіта пра той час, на які прыпадае і ягоны прыход у літаратуру:
“Хочаш ня хочаш прыходжу да горкай высновы – маё пакаленьне ў беларускай літаратуры страчанае… Не – дакладней сказаць – загубленае… Пакаленьне загубленых талентаў… Талентаў, якія ярка пра сябе заявілі напачатку, але так і не рэалізаваліся напоўніцу. Падкрэсьлю: гэта асабіста маё адчуваньне і яно можа быць спрэчным… Што такое для пісьменьніка, якому напачатку 90-х было трыццаць – 15-20 гадоў бяз выхаду кніг… Гэта, даруйце, прысуд, сьмерць… Пісаць у стол у лепшыя гады… Без надзеі, што твае творы трапяць да чытачоў… Бо што такое напісаныя, але нявыдадзеныя творы – пісьменьнікі ведаюць: пакуль яны ня трапілі да чытача, яны трымаюць цябе, зьвязваюць па руках і нагах і прыходзіць момант, калі цябе ахоплівае роспач і новае – ня пішацца… Лёс майго пакаленьня можна параўнаць з “маладнякоўскім” і “ўзвышаўскім”. Так, бо творцаў можна зьнішчаць ня толькі фізічна, але і – замоўчваньнем…” Такімі рэалістычнымі тэзісамі пісьменнік скіраваў думку прысутных на цырымоніі ў першапрычыны гэтага замоўчвання і перакінуў лагічны масток у час сённяшні:
“Дзяржава падзяліла пісьменьнікаў на “сваіх” і “чужых”, спонсараў і мецэнатаў у нас няма, самім грошы на выданьне не сабраць – вось таму і мы маем мы тое, што маем…
Даруйце, але дзяржава павінна думаць не толькі пра хакей і футбол, не толькі пра спартсменаў, але і пра творцаў (ня толькі пісьменьнікаў), ствараць ім належныя ўмовы для працы і разьвіцьця…
Усюды ў сьвеце сёньня, падчас крызісу, сітуацыя ня дужа спрыяльная для творчасьці. Для большасьці пісьменьнікаў літаратурная праца даўно ператварылася ў хобі, а зарабляць на жыцьцё яны вымушаныя іншым… Але ў любой краіне, нават самай маленькай, ёсьць два-тры, пяць-сем аўтараў, якія жывуць з літаратуры на роднай мове… У нас такіх няма нават сярод самых прызнаных… І толькі тады, калі яны зьявяцца, можна будзе казаць пра тое, што беларусы ёсьць. Не літаратары ёсьць, а нацыя… Нацыя, якая можа падтрымаць (банальна – пракарміць) сваіх геніяў – новых Купалу, Багдановіча, Караткевіча… “.
Пасьля афіцыйнай часткі і віншаванняў лаўрэата Міжнародны дзень паэзіі быў адзначаны паэтычным марафонам, да якога далучыліся ўсе жадаючыя У сувязі з Днём паэзіі ўсе чыталі вершы: Уладзімер Арлоў, Сяржук Сыс, Алесь Пашкевіч, Алесь Аркуш Лера Сом, Ірына Бельская, Юры Ўсьціновіч ды іншыя.
У той жа дзень старшыня СБП Алесь Пашкевіч, лаўрэат Барыс Пятровіч, Уладзімер Арлоў, Алесь Аркуш і паэт Сяржук Сыс наведалі Наваполацк. Тут, дзякуючы падтрымцы Наваполацкай гарадской арганізацыі ТБМ, адбылася творчая вечарына.
Пад час сустрэчы быў прэзентаваны сайт Саюза беларускіх пісьменнікаў www.litbel.org, адбылася шчырая размова пра сучасны стан літаратуры, пра цырымонію ўручэньня прэміі Барысу Пятровічу. Алесь Аркуш, заснавальнік прэміі «Гліняны Вялес», прызваў усіх прысутных занатоўваць найноўшую гісторыю сваіх мясцінаў, каб не скрасці мінулае ў сваіх дзяцей і ўнукаў. Уладзімер Арлоў выказаў спадзяванне, што калі-небудзь такія прэміі як «Гліняны Вялес» набудуць сусветную вагу, будуць паважацца беларускай дзяржавай. Барыс Пятровіч распавёў пра планы часопіса «Дзеяслоў», абяцаў разам з Алесем Пашкевічам яшчэ прыехаць у Наваполацк. Сяржук Сыс энергічна мадэраваў сустрэчу, прэзентацыю літаратурнага сайта, выступы літаратараў.
На заканчэнне сустрэчы з нагоды Міжнароднага дня паэзіі кожны з гасцей і прысутных у залі землякоў, прачытаў свае паэтычныя творы.
Стэфанія Сож, www.litbel.org