Арлоў Уладзімер

Так захочацца. Вершы.



ПОЛАЦАК
  
у даўкім віне
восеньскага паветра
іду па бруку
сярод старых камяніц
пад сьцягам адзіноты
 
ТАЛІНСКАЯ ГАЛУБКА
 
талінская галубка
жыве на царкве Олевістэ
зь якой у яснае надвор’е
пасьля пляшкі лікёру «Vana Tallinn»
добра відаць Беларусь
асабліва Полацак
ажно да кавярні «Даміян»
з мачанкаю на стале
праўда потым баліць галава
за ўсё трэба плаціць
 
гэта я размаўляю
з талінскай галубкаю
яна даведваецца што
іхняе сыбэр
па-нашаму будзе сябар
а як па-іхняму сяброўка
трэба ўдакладніць
зрэшты ня так істотна
жанчына можа быць
ня толькі сяброўкай
але і сябрам
 
а вось підар па-эстонску
значыць зусім іншае
аднак расейскія турысты
не гавораць па-эстонску
слушай пидар
кажа адзін свайму спадарожніку
ты едал голубей
сам ты пидар
вот и голубей
дасьціпна адказвае другі
 
талінская галубка
крыху разумее па-расейску
ў яе ў вачах
успыхвае трывога
я раблю знак
каб яна не баялася
разам нас таксама двое
галубка не зусім давярае і
прабачліва міргнуўшы
адлятае
гатэль Мэрытон 402
пасьпяваю я крыкнуць наўздагон
 
ты это кому?
пагрозьліва пытаецца аматар галубоў
у яго на вуснах круціцца пидар
ты что неместный?
галубка лётае над намі
але што яна можа зрабіць
хіба адно тое што робіць:
капае на галаву аматару галубоў
вот блядь
у них даже птицы русских не любят
я адступаю да вітых сходаў
на іх можна адбараніцца
ад цэлай зграі
турыстаў з братняй краіны
 
па дарозе ў гатэль
шанцуе вывучыць яшчэ адно
вельмі патрэбнае эстонскае слова
terviseks
як ні дзіўна
ніякі гэта ня сэкс а тое што па-нашаму
будзьма!
 
талінская галубка
чакае на падвоканьні
чысьціць пёркі
вострыць дзюбку
разводзіць крылы
я адчыняю вакно
у мяне ёсьць
хлеб сыр віно
дзьве шклянкі
яна адмаўляецца ад віна
пагаджаецца на сыр з хлебам
terviseks!
 
я маю
два ложкі
душ
shower тлумачу я па-ангельску
шэсьць ручнікоў
сушылку для валасоў
і пёраў
terviseks!
 
я маю
тэлевізар
пяцьдзясят каналаў
можам глядзець эстонскія
напрыклад гэты фільм
пра гарадзкіх катоў
пра катоў ёй не падабаецца
няўжо эстонскія каты
ядуць эстонскіх галубак?
terviseks!
 
эстонскі сыбэр казаў што
terviseks трэба вымаўляць хутка
безь пярэрваў
іначай атрымаецца нешта
сапраўды пра сэкс
а чаму б не паспрабаваць?
спачатку адажыё
tervi-seks
а цяпер алегра
terviseks!
 
пляшак таксама дзьве
яшчэ ў мяне ў нумары
ёсьць інтэрнэт
вось мой адрас
а як там у вас з галубінаю поштай?
terviseks!
 
ня трэба так дакорліва
хітаць шызай галоўкаю
з бэзавым каўнерыкам
давай лепей пагаворым
пра Эдгара Алана По
між іншага я адзначаю
ягоныя дні народзінаў
нядаўна мэтру споўнілася 200
да яго таксама прылятала птушка
толькі вялікая й чорная
карацей крумкач
змрачнюга й жахальнік
сядзеў на пагрудзьдзі Паляды
ды крумкаў зараза:
nevermore!
do you understand my darling?
terviseks!
 
ты магла б мне сказаць:
forever
ці прынамсі
sometimes
а ты дакорліва хітаеш
шызай галоўкаю
я ўбачу твае вочкі
на дне апошняе шклянкі
terviseks!
 
слухай а як цябе клічуць?
я — Уладзімер
лепей Уладзя
скарочана Ула
так мяне кліча адзін чалавек
там дзе ядуць мачанку
а цябе мне хочацца назваць
Таля
ад імя твайго гораду
ці яшчэ ад якога-небудзь імя
скарочана будзе
Та
 
аднекуль пачынае гучаць
Summertime
ў выкананьні Элы Фіцджэральд
заябацельская рэч
відаць ты ўмкнула MTV
а хто ўмкнуў расейскіх турыстаў?
открывай пидар
зараз я ім пакажу
хто тут підар
здаецца па-эстонску
прыкладна так вымаўляецца алень
часам мне маніцца
ператварыцца акурат у яго
але сёньня — толькі ў голуба
открывай пидар
зараз адчыню
нас жа двое праўда?
хаця б sometimes
terviseks!
 
БАРСЭЛЁНА
 
калі добра прыгледзецца
вакол сьпічакоў сабору Саграда Фамілія
як і над вежамі Полацкай Сафіі
амаль заўсёды ўбачыш анёлаў
бывае зьлятуцца дзясяткі тры
гэткі маленькі белы рой
адно што не гудзе
а можа проста не чуваць зьнізу
 
анёлы не карыстаюцца парасонамі
у дождж іхнія крылы намакаюць
анёлы апускаюцца на дол
таўсматыя хутчэй
тыя што трымаюцца гіпахалестэрынавай
або яшчэ якой-небудзь дыеты
мякка пляніруюць
 
крануўшыся зямлі
анёлы адразу перакідаюцца
ў мінакоў
будаўнікоў сабору
турыстаў
экскурсаводаў
гавораць па-каталёнску
а таксама на розных іншых мовах
зь імі можна пазнаёміцца
выпіць вінчыку
зьесьці ў кавярні паэлью
паразважаць
калі Каталёнія стане незалежнай
кім быў Антоніё Гаўдзі —
архітэктарам або скульптарам
калі дабудуюць Саграда Фамілію
ды прыбяруць пад’ёмныя краны
што пнуцца да Бога
навыперадкі зь вежамі
ужо задралі
 
адзін з анёлаў
ператвараецца ў чалавека
падобнага да недагледжанага анёла
амаль абадранца
з запаленымі вачыма
ў зьбітых чаравіках
зь дзірчастым парасонам
 
абадранец падазрона доўга
круціцца вакол сабору
пры гэтым не жабруе
не чапляецца да экскурсантаў
заводзіць размовы толькі з будаўнікамі
адмаўляецца гаварыць па-гішпанску
выходзіць на бульвар Рамбляс
абыякава глядзіць на кумпякі
ў вітрыне мясной крамы
купляе булку пакет малака
пару зялёных яблыкаў
панічна баіцца трамваяў
кіруе да парку Гуэль
 
у парку абадранец уладкоўваецца
на неабсяжнай лаве
над Заляю ста калёнаў
(насамрэч іх восемдзесят шэсьць,
але якая розьніца калі ты геній)
сушыць парасон
п’е малако з булкай
крышыць яе белым галубам
 
шкада што ня ведаеш каталёнскай
зрэшты анёлы павінны разумець па-нашаму
магчыма там у іх нават ёсьць
беларускія школы ці прынамсі курсы
але запытацца ты хочаш не пра гэта
ты хочаш запытацца
калі ўсё ж дабудуюць Саграда Фамілію
Бог мусіць ведаць
раптам недзе прагаварыўся
 
абадранец рагоча
прапануе табе малака
прамаўляе скрозь сьмех
ты раптам пачынаеш разумець па-каталёнску:
прычым тут Бог
будоўля завершыцца
калі анёлы развучацца лётаць
 
у ягонага малака смак абсэнту
цікава які смак у булкі
 
ДЗЕНЬ СЬВЯТОГА ВАЛЯНЦІНА Ў ВІЛЬНІ
 
у Вільні
на дзень сьвятога Валянціна
шукаю ў каго закахацца
 
у хударлявую вязаную котачку
з сувэнірнае крамы?
у юную манашку
што саромеецца галінкі мімозы
ў пасінелай руцэ?
(які сюжэт зьнікае
зь яе хуткімі крокамі!)
у італійскую турыстку
зь невераемна лазуркавымі вачыма і
антрацытавай каронаю валасоў?
(што яна фарбуе: вочы ці валасы?)
у пляшку медавухі-сукцінісу?
у Маці Божую Вастрабрамскую?
(даруй Госпадзе!)
 
палявыя дасьледаваньні
прыводзяць на мост церазь Вялейку
за касьцёлам сьвятой Ганны
на парэнчах сотні замкоў
кожны замкнёны
на сваю таямніцу
за ўсё жыцьцё столькі ня ўбачыш
 
замочак-лілея
замок-брама
(напэўна ў сад асалоды)
замок-фаляс з усім прычындальлем
(што безь яго рабіць у тым садзе?)
замок-тварык
з роцікам-адтулінай да ключа
замок-дупця
(памаўчым ужо пра іншыя адтуліны)
замок-сэрца
насамрэч яно не такое
прынамсі маё
падобнае да васьмінога з мацунамі
сам бачыў на маніторы
калі рабілі апэрацыю
 
на кожным замку па два імені
мужчынскае й жаночае
пераважае лацініца
раз-пораз вытыркаецца кірыліца
у тым ліку беларуская
ёсьць герогліфы
грузінская вязь
Божа колькі ў навакольлі закаханых!
гэта грэе лепей за сукцініс
 
калі ўчытацца ў замкі
сёе-тое даведаесься
вось два жаночыя імені
Яніна й Альдона
а вось Яцэк і Ярэк
побач тры імені
прычым толькі адно жаночае
а тут наадварот
адно мужчынскае затое тры жаночыя
(трымайся Алекс!)
страшна падумаць што там у герогліфах
і па-грузінску
o tempora o mores!
 
якія цнатлівыя замкі
з адным-аднюткім імем!
іх пачапілі
яшчэ адзін Алекс
(а мо той самы на адпачынку?)
мой аднайменьнік
зацяты апалягет лацінкі Vova
Нона (гэта ў яе замок-задніца)
Анджаліка (праз «д»)
вось і ўсе
 
на маёй валізцы
ажно два замочкі
ня богведама што
ні сэрцаў ні дупцяў
аднак можна надрапаць
колькі літар сьцізорыкам
 
але
каб напісаць сваё імя
трэба любіць прынамсі сябе
сёньня я не люблю сябе
мабыць за тое што
не люблю наогул нікога
дакладней не кахаю
яно страшней чым
калі ніхто не кахае цябе
няўжо дактары пашкодзілі судзінку
адказную за каханьне?
хірург-кардыёляг супакойваў:
цяпер рэнэсанс
потым будзе барока
(гэта я падараваў яму сваю кніжку)
 
адзін замочак
застанецца ў Вільні
грэцца паміж Янінаю й Альдонай
ды Яцэкам зь Ярэкам
другі прымкну
на мосьце цераз Палату
паміж святой Сафіяй
і ціхім Запалоцьцем
шырока раскіну я нерат —
пісаў калега які
даўно рыбаліць у нябесных азёрах
 
ці ёсьць у іх там дзень закаханых?
думаю ў Вільні
на дзень сьвятога Валянціна
на мосьце
паміж Ужупісам* і Запалоцьцем
паміж рэнэсансам і барока
паміж мной і табой
 
* Ужупіс - Зарэчча (літ.)
 
КАТ БАЛЬТАЗАР
 
зьбіраюся пісаць
раман пра сучаснае каханьне
а бяссоннымі начамі мрояцца
часы вялікага князя і караля
Яна Сабескага і
полацкі кат Бальтазар
 
у юнацтве кат Бальтазар
ратаваў Эўропу ад туркаў
у бітве пад Венай
цяпер ратуе Полацак ад злачынцаў
жыве каля Чорнай рэчкі
кожнага дня ходзіць на працу
катаваць
 
кат Бальтазар важная пэрсона
працуе з забойцамі
ведзьмамі блюзьнерамі
старымі маладзенькімі
прыгожымі страхалюднымі
Трэці Літоўскі статут
дазваляе катаваць чалавека
тройчы на дзень
вольнага часу няшмат
 
кат Бальтазар забівае
валачашчых сабак
раз-пораз людзей
людзі падабаюцца болей
зь імі цікава паразмаўляць
асобы пераважна неардынарныя
таму й прысуды розныя
адных трэба павесіць
другіх чвартаваць
трэціх пасадзіць на палю
калі зрабіць усё ўмела
з тым хто на палі
яшчэ доўга гаворыш
 
кат Бальтазар знаёмы з анатоміяй
таму мае дазвол
лекаваць палачанаў
ня толькі тых што ў вязьніцы
войт прыносіў яму кнігу
нейкага замежца Вэзалія
кат знайшоў там
адзінаццаць недакладнасьцяў
калегу яўна бракавала практыкі
 
кат Бальтазар другі тыдзень
катуе вядзьмарку Юсту
з Млынавага завулку
праз тры стагодзьдзі там
нойме дом з садам і гародчыкам
паэт Алег Мінкін
пэўна ў тым самым вядзьмарскім канцы
іначай не пісаў бы такіх вершаў
зьехаў і вершы скончыліся
 
кату Бальтазару даспадобы Юста
зялёныя вочы
чорная каса
белыя грудзі й крумянкі
голас якім сьпявала
«Зялёную вішню»
сьпявала падчас тартураў
быццам гуляла па-над Палатой
ведзьма яна і ёсьць ведзьма
 
кат Бальтазар мае права
ажаніцца з асуджанай на сьмерць
уратаваць ад плахі ці шыбеніцы
яе вочы валасы грудзі
засынаць зь імі і прачынацца
зьбіраесься на працу а яна пяе
але
 
кат Бальтазар жанаты
пяць гадоў таму пашкадаваў Адарку
удаву мечніка Няміры
сама й зрабіла сябе ўдавой
яе ж нікуды не падзенеш
хоць побач зь ёю сьняцца сны
пра гострую алебарду
якраз такой і разьвіталася
з каханым мужам
 
кат Бальтазар ведае ў Юсты
кожную костачку
кожную радзімую плямку
пах поткі
кудзеркі над ёю
кожны шнарык
што паробіш калі такая праца
 
кат Бальтазар пакутліва разважае
калі ён дапаможа Юсьце ўцячы
самога возьмуць на тартуры
калі Юсту апраўдаюць
яна зьедзе на Ўкраіну
калі Юста прызнаецца
яе засудзяць і ён
зробіць усё як належыць
а што калі жонка памрэ
хварэе ад самых Калядаў
і дзетак у іх няма
 
кат Бальтазар працірае інструмэнты
раскладвае іх па шуфлядках
старанна мые рукі
глядзіць на доўгія пальцы
маці вельмі хацела
каб ён стаў лекарам
можна лічыць мара зьдзейсьнілася
 
кат Бальтазар падыходзіць да вакна
сонца кранаецца Дзьвіны
яно такога ж колеру
як распаленыя абцугі
якімі ён зрэдзьчас кранаецца плоці
самых негаваркіх
здаецца зараз над Дзьвіной
таксама запахне паленым
 
кат Бальтазар глядзіць удалеч
сёлета высокая паводка
аднаго разу на крызе плыў кот
другога разу певень
а трэці раз плыла на крызе
чалавечая галава
глядзела на Полацак нібыта жывая
рукі паадсякаў бы гэтым жартаўнікам
 
кат Бальтазар хоча Юсту
трымціць ад жаданьня
вылівае на голаў карэц вады
вылівае ў гарляк кухаль мёду-трайняку
як жа катаваць яе Божа
у кожнай прафэсіі свае недахопы
 
гушкаюся на арэлях сну й бяссоньня
кат Бальтазар стаіць пры вакне
утульнага офісу з аргтэхнікай
глядзіць на высокую Дзьвіну
згадвае што даўно ня бачыў
паэта Алега Мінкіна
адказвае на званок зь Лёндану
думае ці не напісаць яму
раман пра сучаснае каханьне
 
ТАК ЗАХОЧАЦЦА
 
у Санкт-Пецярбурзе
на беразе лютаўскай Мойкі
закіданай пустымі пляшкамі
пакетамі з-пад соку і ўсяго на сьвеце —
быццам на лёд толькі што грымнуўся
сьмецьцевы гелікоптэр —
каля Меднага вершніка
дзе казанскі татарын прадае саколкі
СЪЕЛ БОБРА — СПАС ДЕРЕВО
у піцейнай установе
з такой утульнай расейскаю назвай
«Удачный выстрел»
так захочацца дадому!
 
у Празе
пры помніку Францішку Скарыну
дзе сьпіць тамтэйшы бомж
з кніжкаю пад галавой
(а раптам яна па-беларуску?)
у цёплай кампаніі палітуцекача
(па-чэску ўпырхліка)
які клянецца што
сэрца засталося ў Віцебску
як сэрца Пілсудзкага ў Вільні
у навакольлі Вацлаўскага пляцу
дзе ў грамадзкай прыбіральні
цьвёрдай рукой патрыёта накрэсьлена
ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!
так захочацца дадому!
 
у Парыжы
каля Джаконды
што пераглядаецца з палотнамі
Сальватора Розы
(у 1927-м ягоны «Сьвяты Стэфан»
яшчэ вісеў у нашай Сафіі)
на месцы гібелі прынцэсы Дыяны
(ляцелі трахацца
кампэтэнтна заўважае мінак)
у задрыпаным гатэлі
дзе трох зорак вартыя
толькі грудзі чорнае пакаёўкі
так захочацца дадому!
 
у Менску
на бясконцай вуліцы
Маркса-Энгельса-Леніна-
Кірава-Сьвярдлова-Валадарскага
(у турму на апошняй
насіў тром прыяцелям перадачы)
у прывакзальнай рэстарацыі
«Усходні экспрэс»
дзе ў купэ «Менск — Бэрлін»
парачка наведнікаў занялася
спачатку аральным а потым
усялякім астатнім сэксам
на паштамце
дзе ў тэлефонных кабінках
можна займацца чым заўгодна
так захочацца дадому!
 
так захочацца дадому
што прыйдзеш у Батанічны сад
(найлепей у ліпені
найлепей на поўню
найлепей з пляшачкай віскі)
залезеш употай на знаёмую ліпу
і
 
па-над Нацыянальнай бібліятэкай
у якую чамусьці страшна запісвацца
па-над Лепельскім возерам
дзе ў ХVІ стагодзьдзі
здох кузэн лахнэскага цмока
(усе пачвары некалі адкінуцца)
па-над Альгердавым шляхам
які памятаюць адно птушкі
па-над рэчкай Вушачай
у якой не зьвяліся яршы й вершы
па-над радзімаю Быкава
і ваўкалакаў
паплывеш у духмяным воблаку
нібы сьвяты Мікола
з бабуліных абразоў
 
у Полацак
 

 
Уладзімер Арлоў нарадзіўся 25 жніўня 1953 г. у Полацку. Майстар гістарычнае прозы, іранічны эсэіст. Філіграннае валоданьне стылем і сакавіта-грубаваты гумар зрабілі яго адным з самых папулярных пісьменьнікаў краіны. У 2007 г. у сэрыі "Бібліятэка Свабоды" выйшла ягоная кніга "Імёны Свабоды".
22 жніўня 2009
ARCHE